– Ну што вы, – паморшчыўся кіраўнік Кінавідэапракату Гагулевіч. – Вы ж разумны чалавек прагрэсіўных поглядаў. Ну падумайце самі: каму ў новым стагодзьдзі трэба кінатэатр імя Жданава?
Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.
– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам... Цесната... І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому... Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е... Ды вось яшчэ... Грамадзкасьць піша...
Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.
– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно... а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.
25.
У той сонечны травеньскі дзень Мая Леанідаўна, як чалавек, якому ўжо няма чаго губляць, выйшла з трамвая на прыпынку “Кінатэатр імя Жданава” апоўдні, спазьняючыся на працу роўна на тры гадзіны. “Тонучы карабель”, – зь невясёлай усьмешкай падумала яна, затрымаўшыся крыху перад вэртыкальна прымацаванай да сьцяны чырвонай аблупленай шыльдаю, што адчайна хапалася за тынк жалезнымі лапамі. “Мой тонучы карабель. Капітан будзе на ім да апошняга. Толькі вось патануць мне не дадуць.Калі судна скрыецца пад вадой, капітан спакойна сядзе ў шлюпку й празь пяць хвілінаў апынецца на бліжэйшым беразе”. З вялікім чорным валуном на душы дырэктарка зайшла ўнутр, ля касы было звычна прахалодна й пуста; яна папіла кавы зь білетэркай, паўшчувала дружалюбна прыбіральшчыцу й пайшла ў свой кабінэт.
26.
Яна ўладкавалася за сталом, пад раскідзістымі вушамі мудрага кактуса, які сталеў на прываконьні, пашалясьцела крыху па звычцы паперамі; сядзела на самым ускрайку крэсла, бо ўжо даўно, з пачатку вясны, Мая Леанідаўна перастала прысланяцца да сьпінкі, па-гаспадарску адкідвацца ў ім і са зморанай упэўненасьцю класьці рукі на падлакотнікі, яе падсьвядомасьць на дзіва хутка зьмірылася з тым, што кінатэатр давядзецца аддаць. Натуральна, такая-сякая барацьба была: дырэктарка ўзяла з шуфляды пазатыднёвы нумар апазыцыйнай газэты, на апошняй паласе якой капціўся гнеўны загаловак “Кінатэатр імя Жданава: пахаваньне зажыва” – зварот да гарадзкіх уладаў падпісалі практычна ўсе, хто летась выступаў ва ўстанове на вуліцы Ўзорнай, і што? – у глыбіні душы кожны зь іх ведаў, што змаганьне скончыцца паразаю. Цяпер памяшканьні ўжо чакалі арандатараў – для “Кінавідэапракату” гэта была цудоўная магчымасьць зарабіць грошай. Мая Леанідаўна паднялася, падыйшла да вакна. Дзьве мамашы ля суседняга пад’езда прасавалі заліты трохкутным ценем асфальт аднолькавымі каляскамі й палілі адна адной у твар; трохі воддаль старэйшыя дзеці распачыналі гульню ў хованкі: пахілы няўклюда закрываў далонямі вочы, а ад яго гаманлівымі коламі разьбягалася зграйка дзяўчынак. “Толькі не падглядвай!” – звонка закрычала адна, нахабна кіруючыся ў той самы пад’езд, дзе месьціўся кабінэт. “Нават дзеці ўжо ведаюць”, – падумала Мая Леанідаўна – зрэшты, нязлосна. Яна адчыніла фортку, і тут у дзьверы пагрукалі.
– Калі ласка, – прамовіла Мая Леанідаўна, як заўсёды, на бумскай мове.
У кабінэт увайшоў малады яшчэ чалавек у шыкоўным касьцюме, усклычаны, відаць, па апошняй модзе, зь нейкімі невідушчымі вачыма й воранам на плячы. За сьпінай у наведніка сьціпла хаваўся нехта невысокі, маршчыністы й нязграбны. Мая Леанідаўна зьдзіўлена хітнула галавой у бок крэслаў, аднак незвычайнная пара засталася стаяць.
– Добры дзень, – павітаўся ўсклычаны, увесь час гледзячы кудысьці міма дырэктаркі, як сьляпы. – О, забытая мова дзядоў! Мілагучная і велічная, нібы сама гісторыя! Прабачце, што мы без папярэдняга тэлефанаваньня...
Незнаёмы пачаў доўга й прыгожа перапрашацца за візыт, асобна папрасіў дараваць яму за ворана, якога, як высьветлілася, завуць Нэвэрмор – “Ён зусім ручны, вось засуньце палец яму ў дзюбу!”, а той, другі, маршчыністы, усё ніяк не хацеў паказвацца, топчучыся за шырокай сьпінай усклычанага. Мая Леанідаўна паспрабавала спаймаць позірк гэтага балбатуна, але той загадкавым чынам спрытна ўварочваўся і працягваў глядзець убок. Аднак неўзабаве ўсё стала зразумела. Справа была не з прыемных. Візытанты апынуліся тымі самымі арандатарамі, якія задаволілі сваімі грашыма “Кінавідэапракат”. Дзень Х надыйшоў. Мая Леанідаўна для прыстойнасьці запатрабавала дакумэнты, хаця сэрца стомлена шаптала, што гэта лішняе. І праўда: усклычаны сунуў руку за сьпіну й тут жа працягнуў дырэктарцы бліскучы файлік, у якім усё было як мае быць – і пячаткі, і подпісы, і сумы пропісам. Неўзабаве тут мусілі зьявіцца рабочыя – руплівыя гномікі з малаточкамі й дрэлямі, ды перайначыць усё на свой капыл. Нядорага ж ты прадаешся, спадар Гагулевіч.
– Спакойна, Нэвэрмор. Мы хацелі б аглядзець памяшканьні, – вінавата прамовіў усклычаны, і Мая Леанідаўна цяжка ўздыхнула. У гэты момант яна нечакана пабачыла нос маршчыністага – той, абсалютна не цікавячыся размовай, з інтарэсам утаропіўся на вершніка зь мячом, які скакаў па сьцяне, імкнучыся да форткі і абмінаючы Маю Леанідаўну, як нейкую прыкрую перашкоду.
– Ну што ж, – дырэктарка дастала зь верхняй шуфляды зьвязак ключоў і марудна, па-старэчаму пачала падымацца зь месца. – Хадземце. А дазвольце пацікавіцца... Дазвольце пацікавіцца, што вы плянуеце разьмясьціць тут? Бар-рэстаран? Кампутарную краму? Ці інтым-шоп? Ну адкажыце ж, не адмоўце ў апошнім жаданьні асуджаным на сьмерць!
І тут усклычаны падняў вочы ўгору й хутка адступіў у бок. Воран прыглушана крыкнуў. Мая Леанідаўна апынулася перад нізкарослым, маршчыністым і вельмі нэрвовым маладзёнам, які зь незвычайнай хуткасьцю то засоўваў рукі ў кішэні, то высоўваў іх і цёр, цёр, цёр – нібы нарыхтоўваў папяровую муку.
– Што-што – дзед Пішто, – раздражнёна прамармытаў чалавек. Ён павярнуўся да дырэктаркі ў профіль, схаваў нарэшце беспакойныя далоні за сьпінай і ціхім, бясколерным голасам дадаў:
– Тут будзе тэатр.
Кацінае места
27.
Звычайна ў гэты час газонакасільшчык ужо пачынаў сваю працу; праклятая прылада ўмомант забівала нават самы моцны сон, Даражок нехаця падымаўся ды падыходзіў да вакна. Нядаўна траву стрыглі пад самым бальконам: малады чалавек, мружачыся, штурхаў перад сабой касілку, нібы плуг, якім аруць цішыню – Даражок зь нянавісьцю глядзеў хлопцу проста ў паголенае цемя, думаючы пра тое, што з гэтай узаранай цішыні, засеянай дробнымі клопатамі, нічога не прарасьце – ну хіба што яшчэ адзін дзень, банальны, як хлеб. Назаўтра віскат перамясьціўся кудысьці ўбок, потым накірунак, дзе працавала касілка, ужо немагчыма стала вызначыць – здавалася, касец шчыраваў на даху. А сёньня ён зусім зьнік, і Даражок, які звыкся прачынацца заўсёды ў пілавіньні ўласных сноў, вырашыў паваляцца ў ложку яшчэ трошкі.
Ён ляжаў, баючыся варухнуцца, бо так нядоўга й расплёскаць сябе, наталяўся цішынёй і думаў пра тое, што зусім неабавязкова прамаўляць услых: пра тое, што грошы сканчаюцца і трэба нарэшце знайсьці сабе хаця б нейкі заробак, пра тое, што ў гэтую хвіліну няблага было б адкінуць коўдру й пабачыць побач ружовае жаночае сьцягно, у радзімках і прышчыках, як на прыватных фота ў інтэрнэце, цёплае сьцягно, успацелае пругкае паўшар’е – наколькі б яно выратавала гэтую раніцу. Пра тое, што калі грошы скончацца, давядзецца вяртацца ў Неглыбокае да бацькоў. Некалькі месяцаў таму ён сказаў ім, што знайшоў у сталіцы працу, і бацькі, пераглянуўшыся, далі яму грошай на першы час: пакой, мэтро, толькі ня еш у макдональдсах, і ня пі, галоўнае, ня пі, сынок. А ён і ня піў, наколькі можна ня піць у гэтай краіне, спраўна дасылаў дахаты лісты, заўсёдны ляканізм якіх кампэнсаваўся амаль дзіцячым аптымізмам: Даражок кожнага разу імкнуўся аздобіць сваё кароткае пасланьне якой-небудзь яскравай дэталяй, кшталту памады на гальштуку шэфа, і з дапамогай гэтага няхітрага падману ўдала, як яму здавалася, падтрымліваў у бацькоў стан душэўнае раўнавагі. Ён нават тэлефанаваў у Неглыбокае раз-пораз з паштамту; па-першае, там, адлюстроўваючыся ў шматлікіх кабінках, сядзела за шкляной перагародкай вельмі прывабная дзяўчына, якая пазірала на Даражка з інтарэсам, а па-другое, самі гэтыя кабінкі... Паклаўшы слухаўку, Даражок звычайна не выходзіў, а заплюшчваў вочы й некалькі хвілінаў сядзеў у цудоўным задушлівым паўзмроку – вялізная лічба на плексыглясавай дзьверцы засланяла Даражка ад позіркаў звонку, захінала сваім фігурным ценем, ён пачуваўся як дома й сядзеў у кабінцы да першага грубага грукату.
Цішыня ў пакоі цудоўным чынам працягвалася. Даражок чуў адно пошум дрэваў за вакном ды клявішныя каляратуры птахаў. Ён асьцярожна перавярнуўся на бок і падумаў, што людзі яму відавочна супрацьпаказаныя. Ні ў Неглыбокім, ні тут, у сталіцы, здымаючы пакой у някепскіх па вялікім рахунку людзей, ён не адчуваў сябе так утульна, як у тэлефоннай кабінцы. У гэтай паўпразрыстай труне ніхто не вымушаў яго ні да чаго – і як прыемна было ўсьведамляць, што шчасьлівае таемства адзіноты адбываецца ўпрытык з тэлефонным апаратам, з тым самым прыстасаваньнем, пакрытым лакам сотняў тысяч дотыкаў, крывадушным, распухлым і чорным, як неглыбоцкі попік. З тэлефонам, які, нібы зводня, утварае чалавечыя калектывы. Ён падумаў, што няблага было б пайсьці ў газонакасільшчыкі – лепш штодзень адчуваць на сваім цемені нянавісьць, чым пяшчотную руку калектыва – на вуснах. Людзі, якіх мы не выбіралі сабе ў сябры, вымушаюць нас да неўласьцівых нам дзеяньняў і прымушаюць адказваць ім тым жа. Гэта й называюць ўзаемінамі.
28.
Іншая справа – людзі няісныя. Даражок любіў выдумваць людзей і гутарыць зь імі. Часта, зачыніўшыся ў сваім пакоі й з агідай слухаючы, як хорам рагоча гаспадарская сям’я ад казыткі чарговага кавээну, ён, дыхаючы часта-часта, як дварняк на сьпёцы, ня маючы моцы ў нагах дабрацца да ложку й выратавальнага супрацьгазу падушкі, прысланяўся ілбом да дзьвярэй і прыдумваў, прыдумваў, уяўляў: міліцыянтаў, сакратарак, бандытаў, мастакоў, прастытутак, дырэктарак кінатэатраў, прыбіральшчыцаў, прыдумляў сабе братоў і жонак, сыноў і дачок, выклікаў зь нябыту неімавернага асабістага лекара, або ўласнага ката, або фанабэрыстага шэфа, зь якім зараз жа давядзецца размаўляць, – прамінала хвіліна, і ў пакоі зьяўляліся іхныя дзіўныя постаці, якім было адведзена на жыцьцё роўна столькі часу, колькі зь імі жадаў гаварыць іхны стваральнік; Даражок пачуваўся ў гэтых гутарках надзвычай упэўнена, яго нават п’яніла тая нечаканая лёгкасьць, што нараджалася ў словах і гэстах; бадай, у гэтым сьвеце яго лічылі цынічным балбатуном. Але за сьцяной зноў ванітавала ад сьмеху ягоных гаспадароў, убогія, бляклыя галасы паўтаралі і абсмоктвалі нейкую пошласьць – вось хто быў напраўду жывы, вось хто быў рэальнасьцю. А здані зьнікалі – як не было.
29.
Між тым час ішоў, на думках Даражка, бы пячатка на афіцыйнай паперы, стаў усё мацней праступаць вобраз першай ранішняй цыгарэты. Трэба было падымацца, але ён не сьпяшаўся. Спачатку яму ў галаву прыйшла падказаная ўласным целам дурнаватая фантазія наконт дыктатара адной няшчаснай краіны, які найвышэйшым указам пад страхам сьмерці забараніў народу спраўляць натуральныя патрэбы: сам дыктатар, геніяльны параноік-герантафіл у пагонах, загадзя паклапаціўся пра адпаведныя “удобствы” ў сваім кабінэце й толькі пасьміхаецца з тэлеэкранаў, а людзі, жылая плошча якіх пашырылася такім неверагодным чынам, дзякуюць правадыру за мудрасьць: затое цяпер на вуліцах ніхто ня мочыцца, і ёсьць куды ставіць закаткі на зіму. Знаходзяцца незадаволеныя, ладзяць сядзячыя пікеты... Што ж, большасьць насельніцтва неўзабаве па-майстэрску авалодвае навукай патаемнай дэфэкацыі й раніцай у нядзельку, як сьлед аблягчыўшыся ў замаскаваны пад урну з прахам продкаў унітаз, ідзе граміць сраных адшчапенцаў. Даражок ускочыў з ложку й кінуўся ў прыбіральню. У кватэры ўжо нікога не было, гаспадары сышлі на працу. Гэтая пустая трохпакаёўка магла бы быць ягонай.
Ніхто б не назваў яго правінцыялам – ён шмат бываў у сталіцы яшчэ дзіцёнкам, далоні ягоныя памяталі сьлізкую шыю аблупленага атракцыённага каня ў гарадзкім парку адпачынку, у вачах яшчэ ня згас залаты бляск навюткіх, рудых пяцікапеечных манэтаў, на якія яны з бацькамі разьмянялі калісьці цэлы рубель, гэта было ў дзень адкрыцьця сталічнага мэтро. Потым ён некалькі год вучыўся тут, прагна, не разжоўваючы, заглынаў гарадзкія спакусы, ёй не было яшчэ сямнаццаці, хаця выглядала на ўсе дваццаць два, салаты з кніг пад гарэлачным соўсам, неахайна расфасаваная чалавечына, знаёмыя маці, у якіх ён жыў, выправаджвалі яго з дому, калі прыходзілі госьці. Клюбы, кавярні; неглыбоцкія білі яго кожнае лета. Даражок скончыў вучобу аброслы знаёмствамі, як ліхтарны слуп на прыпынку – аб’явамі. Раней кожны зь іх быў сябрам, потым інфляцыя часу, найвышэйшай, найкапрызьлівай інстанцыі, за некалькі нікчэмных год ператварала былую экзальтаванасьць у пыл. Ён выцер накрыўку ды выйшаў. У лазьніцы проста на падлозе стаяў пусты слоік, дзе спаў стары, зьняможаны павук. Побач на падлозе бялелі плямы пены для галеньня, у якіх варушыліся чорныя валаскі.
30.
На гэты раз ён прыехаў у сталіцу са спадзяваньнем, што былыя сувязі страчаныя і ніводныя з вачэй гэтага места не пазнаюць у ім колішняга Даражка... Як бы ня так! Ужо на вакзале ён спаткаў Драпковіча й прачнуўся праз тыдзень у таго дома перад тэлевізарам, з вывіхнутай рукой і талеркай халодных пяльменяў на каленях. Потым была кароткая перадышка, Даражок цьвёрда зарокся пазнаваць каго б ні было, і ўсё ж здараліся дні сапраўдных аблаваў, калі яму даводзілася даваць чужыя нумары тэлефонаў, уцякаць праз форткі ў прыбіральнях, шукаць чорныя хады ў гэтай шахматнай гульні, дзе ўсе фігуры белыя. Часам здавалася, што ўсё скончана, але спатрэбілася вясна, каб ён пачаў хадзіць па вуліцах спакойна. І аднак жа сталіца была раем у параўнаньні зь Неглыбокім, хаця яно й называлася райцэнтрам – там у іх дома, у двухпакаёвай кватэры, рабілася немавед што: у лядоўні жыў Канстанцін Цімафеевіч, а над ім у маразілцы – ягоная жонка Кацярына Андрэеўна, у духоўцы пліты – шматдзетная сям’я Арцыбашкіных, тэлевізар займаў вэтэран унутраных органаў, а таксама іх інвалід Засімчанка, а крыштальныя вазы зьмяшчалі братоў Рубіцкіх. Калтуноў сьціпла жыў у хлебніцы. Усе яны пісалі біяграфію Даражка, падрабязную, ілюстраваную, з багатым фактычным матэрыялам, аўтарскі калектыў у дзесяць тысяч душ. Ён задыхаўся там, ён знайшоў адмычкі да іхных пытальнікаў і зьбег туды, дзе былі патрэбныя іншыя героі. Туды – у сталіцу. Даражок выштурхнуў з роту на бруднае дно ванны сіне-белае месіва й раптам заўважыў прусака, які лез па сьцяне. Пальцы міжволі пстрыкнулі – і прусак як куля працяў друзлае павуціньне на дне слоіка. Даражок хмыкнуў і выключыў сьвятло.