Кармушкін прайшоў на кухню, уключыў сьвятло, прыгатаваў гарбату. Тут жа цвынкнуў у суседнім пакоі тэлефон, цвынкнуў ціха, але гэтага хапіла, каб Кармушкін стрымгалоў кінуўся да апарату.
– Іван Мікалаевіч перакульваецца ў труне, – сказаў ясны, выразны, лялечны голас, хутчэй за ўсё, жаночы, і слухаўка хіхікнула.
– Алё! Алё! Гэта Нінэль Пятроўна? Гэта я, Сяргей!
– Перакульваецца ў труне, у труне, – на гэты раз слухаўка ледзьве ня пырснула сьмехам, і побач захіхікаў нехта яшчэ.
– Алё! Хто гэта?
– А чаму перакульваецца? Чаму перакульваецца?
Кармушкін ня ведаў, што сказаць. Цяпер яму стала па-сапраўднаму жудасна.
– Таму што ён заўсёды спаў на левым баку. На левым, на левым. А яны паклалі яго на сьпіну. На сьпіну, на сьпіну.
І слухаўка абрынулася на беднае вуха Кармушкіна тысячай хіхіканьняў, лялечных, гідкіх, бяззубых. Кармушкін выпусьціў слухаўку з рук, і яна пляснулася акурат на належнае месца. Ён падняў яе, але ці варта казаць, што цяпер у ёй зноў панавала цішыня.
Кармушкін ня стаў уключаць сьвятло – уключальнік знаходзіўся там, там, у страшным куце, пад змрочным нагрувашчаньнем цемры. Ён кінуўся на ратавальную кухню, якая перакідвала праз маленькі калідорчык у пакой хісткі сьветлы масток, прабег па гэтым мастку, прыклеіў сябе да кута каля тумбачак. Аддыхаўся, імкнучыся не глядзець у цёмны правал дзьвярэй, запаліў цыгарэту. І тут погляд ягоны, што шалёна рыскаў па прадметах, нібы яны, прадметы, былі ад пачатку хаўрусьнікамі Кармушкіна, – загнаны погляд ягоны ўпаў на кубак з гарбатай. Кармушкіна закалаціла – на чорнай паверхні напою, паволі тонучы, плаваў клок рэдкіх сівых валасоў.
60.
І зноў яму давялося заплюшчыць вочы, быццам ад гэтага нячыстая сіла, у існаваньні якой Кармушкін ужо не сумняваўся й ня будзе сумнявацца да канца сваіх дзён, перапыняецца на рэкляму; ён праімчаўся праз д’ябальскі пакой, навобмацак уключыў сьвятло і апынуўся перад партрэтам: Іван Хруль усьміхаўся яму, шчэрачы зубы, пальцы яго па адным адгіналіся, адрываючыся ад клявіятуры гармоніку. Кармушкін кінуўся ў калідор, да суседняга пакою, адкуль шлях вёў да замкнутых дзьвярэй, якія калісьці – як даўно! – вялі жывых людзей на лесьвічную пляцоўку. Аднак і наступны пакой не адпавядаў сваёй мірнай назьве. Ледзь Кармушкін ступіў туды, як піяніна, дыхнуўшы на яго пылам, выдала дзіўны, бразгатлівы гук, і ў паўзмроку, у водблісках ліхтарнага сьвятла Кармушкін заўважыў, як падымаецца накрыўка, і клявішы бязладна, сумбурна, быццам зьдзекуючыся, уціскаюцца й пругка вылятаюць на месца... Як яму ні было страшна, ён на нейкі момант разабраў у гэтым чортавым віхуры безнадзейна сапсаваны, скажоны нечай замагільнай воляй матыў песьні “Пастаю над ракою жыцьця”. Чуючы, як у бакавым пакоі адгукаюцца пачварным найгрышам барабанныя палачкі, як мяўкае клярнэт, распрацоўвае свае шатанскія лёгкія труба й рэжа кагосьці на жывую скрыпка, Кармушкін кінуўся назад, у кухню.
У тое імгненьне, калі нага Кармушкіна ў роспачы ступала на запаветны масток сьвятла, электрычнасьць, нібыта яе зьдзьмуў вецер, выключылася – адна за адной згасьлі лямпачкі ў пакоі з партрэтам і на кухні. Кармушкін апошнім намаганьнем зачыніў за сабой дзьверы й зараз жа прыпёр іх лёгкім, як пух, дубовым сталом, зь якога на падлогу абрынулася шкло, дзе захоўваліся сямейныя фота Хруля. Шоргат фатаздымкаў пад нагамі прымусіў Кармушкіна падскочыць і палезьці на падваконьне, адкуль не марудзячы зьляцелі слоік ды ваза.
Ён, аднак, здолеў неяк узяць сябе ў рукі, узгадаў, дзе ляжаць запалкі, і хутка па кутох кухні заскакалі цені – сіняе полымя асьвяціла надзейна прыпёртыя дзьверы; Кармушкін падняў з падлогі мокрыя цыгарэты, знайшоў адну яшчэ прыдатную, ды запаліць ня змог – трэсьліся рукі, як пасьля тыднёвага запою. Урэшце ён асьцярожна прысеў перад тумбачкамі бабулек-супрацоўніц: пераконваю-чы сябе, што шукае ліхтарык або паўбутэлькі гарэлкі (ну хаця б на дне!), насамрэч ён шукаў крыж.
Ліхтарык тут і праўда быў – мякка скочыў у руку, пальцы інстынктыўна моцна заціснулі яго, так што ажно хруснулі суставы; гэта насуперак усяму надало Кармушкіну моцы, і ён прадоўжыў агляд. Спачатку з тумбачкі дрыжачая рука Кармушкіна выцягнула доўгі маток тоўстай вяроўкі. Потым пальцы наткнуліся на нешта халоднае. Кармушкін узяўся лацьвей.
У ягонай руцэ ляжаў востры й доўгі нож з зазубрынамі на лязе, якое слаба блішчэла ў кухоннай паўзмрочнай мітусьні; потым Кармушкін выцягнуў з тумбачкі цэлы набор кайданкоў, сапраўдны гішпанскі боцік, яго часта паказвалі ў апошні час па тэлевізіі, – а потым, адкрываючы іншыя тумбачкі, Кармушкін узбагаціў гэты арсэнал сякерай, жалезнымі шчыпцамі, цяжкім ланцугом, прыладаю для таўраваньня жывёлаў, яшчэ двума нажамі рознай даўжыні, але аднолькава пагрозьлівых памераў, шлемам, які з дапамогаю адмысловых шрубоў мог памяншацца амаль удвая... Было яшчэ дзіўнае прыстасаваньне, мэталічнае, рупліва змазанае, навюткае – Кармушкін так і ня змог здагадацца пра ягонае прызначэньне, зразумеў толькі, што змайстраванае яно не дзеля прыемных справаў.
Тыцкаючы незапаленай цыгарэтай сябе то ў нос, то ў шчокі, Кармушкін прыціснуўся да сьцяны й быў гатовы ў любы момант схапіць з падваконьня самаробны крыж, утвораны з двух алюміневых лыжачак. За дзьвярыма ў гэты час рыпелі крокі, надрываўся гармонік, енчыў голасам чалавека, якога рэжуць без наркозу, і мярзотнае хіхіканьне начным матыльком білася па сьценах. У гадзіне стала шэсьцьдзесят сэкундаў, стагодзьдзе цягнулася не даўжэй за жыцьцё дажджавой кроплі. Кармушкін ня ведаў ніводнай малітвы, і шаптаў усё, што прыходзіла ў галаву – кінэматаграфічнае, галівудзкае, савецка-праваслаўнае, стараславянскае, гэта супакойвала, але ненадоўга – варта было шклу на дзьвярох афарбавацца раптам у пранізьліва-жоўты колер, і дубоваму сталу заварушыцца пад націскам невядомай, але жахлівай, нетутэйшай, вечнай як самое зло сілы, як Кармушкін кінуў у гэтае жоўтае пекла лыжачкі, рвануў на сябе ваконную шыбу, ускочыў на падваконьне й рушыў наперад. У ста мэтрах ад яго нехта парэзаўся, голячы спрасоньня неба, на дах ратушы ўпаў першы прамень, і гадзіньнік на яе вежы запілікаў песьню народнага кампазытара Івана Мікалаевіча Хруля.
61.
На заданьне карэспандэнтка “Газэты №1” паехала ўсё ж трамваем. Рэдакцыя мела цэлы парк мікрааўтобусаў, новых, сініх, бліскучых, зь цікаўнымі рэпарцёрскімі пысамі, аднак усе яны сёньня ўжо былі занятыя – набліжалася галоўнае дзяржаўнае сьвята, і з самага новага году журналісты працавалі як шахтары ў забоі. З ранку намесьнік загадчыка адзьдзелу толькі разьвёў рукамі – няма машыны, і невядома, калі вернуцца. Давялося набываць квіток на трамвай, трэсьціся паўгадзіны праз палову гораду, нібыта няма ў тваёй сумачцы салатавага лямінаванага пасьведчаньня супрацоўніцы самай уплывовай газэты краіны.
Што праўда, карэспандэнтка была яшчэ юнай, працавала ў рэдакцыі “Газэты №1” толькі тры месяцы, адказных справаў ёй яшчэ не даручалі, так, культурка там, карацісты, школьны конкурс на лепшы антысьнідавы плякат. Аднак карэспандэнтка была асобаю амбітнай, характар мела сапраўдны журналісцкі, на ўсіх вакол глядзела як на матэрыял для артыкулаў і разьлічвала ўжо ў наступным годзе скінуць намесьніка загадчыка зь ягонага крэсла. Зрабіць што-небудзь гучнае, хвосткае, каб яе запрасіў у кабінэт Сам, пачаставаў віскі – гэтак, як распавядаюць, ён адзначае найлепшых, каб праз пару дзён па тэлефоне млява паведаміць: “Зь сёньняшняга дня вы прызначаныя на пасаду...” – непатрэбнае закрэсьліць.
Ногі ў карэспандэнткі расьлі, пісала яна з памылкамі, у прыгожай яе галаве было шмат пілавіньня з курсу ідэалёгіі, чужых канспэктаў і модных кніжак і трохі менш мазгоў – роўна столькі, каб не пераходзіць вуліцу на чырвонае сьвятло, не займацца сэксам без прэзэрватыву й не апранаць зялёнае з ружовым. Карэспандэнтка ганарылася сабой, і таму паездка на трамваі была прыніжальнай. Калі яна выходзіла з трамвая, нейкі казёл пралетарскага выгляду падаў ёй руку – карэспандэнтка абражана ўзьняла галаву, выставіўшы наперад вострае падбародзьдзе, гідліва махнула доўгімі пальцамі й ледзь ня трапіла пад шальную машыну.
62.
Яна паглядзела па кампутарнай мапе яшчэ ў рэдакцыі: дом трэба было абагнуць, уваход знаходзіўся проста на першым паверсе, з двара. Насустрач ёй кульгаючы пратэпаў сьмярдзючы дзядок, спыніўся, заўважыўшы карэспандэнтку, прыклеіўся поглядам да каленяў – зямлёй пахне, а ўсё туды ж. У сквэрыку мацерна лаяліся дзеці; з адчыненага дарожнага люку густа лезла белая пара, якая абсалютна не пасавала лету. Паштовачна-сіняе неба рабіла сьцены дому яшчэ больш старымі ды ўбогімі. Карэспандэнтка прайшла міма зарасьнікаў шыпшыны да першага пад’езду, над якім вісела круглая шыльда “Тэатр “Мінус”, уздыхнула з палёгкай й тут жа зь непрыемным зьдзіўленьнем пабачыла каля ўваходу гэтую дзеўбанутую Агіеўскую, алігафрэнічку й наркаманку, хадзячы анэкдот сталічнай прэсы.
Агіеўская выглядала як заўсёды: нейкае парнаграфічнае ашмецьце, на шыі боўтаецца рознае гаўно, босая, з рысавым шалупіньнем на вуснах. Вочы закончанай наркаманкі. Брудныя пазногці, такой трэба ў мэтро міласьціну прасіць, як яе ў прэс-цэнтр пускаюць.
Карэспандэнтка асьцярожна, каб не дакрануцца да пляча дэбілкі, прайшла ў пад’езд і адразу ж апынулася перад замкнутымі дзьвярыма. Ну, адступаць карэспандэнтка не зьбіралася, нездарма ж яна перлася сюды на гэтым паскудным трамваі, у якім ня толькі цноту можна страціць, але й кашалёк. Яна выйшла, спыніла цяжарную з такой жа сумкай, ветліва, як вучылі, параспытвала.
– Ня ведаю, – паціснула плячыма цяжарная. – Прыязджаюць усялякія. Гэтая вось цыганка – яна махнула рукой у бок Агіеўскай – таксама туды, у тэатр, прыйшла. Яна іх нібыта ведае, вы ў яе спытайце...
Карэспандэнтка раздражнёна паглядзела на Агіеўскую, аднак вырашыла чакаць да апошняга, адыйшла ў сквэр, прысела на лавачку, у цень. Пад’езд быў блізка, як на далоні, у яе ўсё было як на далоні, у карэспандэнткі газэты нумар адзін – лёс, людзішкі, Лёшка, Лімасол, лахі, лішняе ў сьметніцу. Яна запаліла цыгарэту, набрала Лёшкаў нумар, пагаварыла ні пра што й падфарбавала вусны. Агіеўская ўсё тырчэла на сонцы перад пад’ездам, ня дзіва, што яна чорная як цыганка.
Гэта відавочна быў сам Мінус – сапраўдны мастацкі кіраўнік і рэжысэр, высокі, усклычаны, падобны да Пятра Першага, толькі бяз гэтых мярзотных вусікаў, досыць малады, – ён шырокімі крокамі набліжаўся да дому. Пад нагамі ў Мінуса круціўся нехта зморшчаны й непрыкметны. Карэспандэнтка шпарка паднялася й кінулася ім напярэймы, але крок у Мінуса быў сапраўды як у бамбізы. Яна дагнала іх толькі каля пад’езду.
– Добры дзень, – павіталася карэспандэнтка. – Добры дзень, спадар Мінус.
Аднак усклычаны не зьвярнуў на карэспандэнтку аніякае ўвагі і ў два крокі апынуўся ля дзьвярэй. “Ну і сноб”, – падумала злосна карэспандэнтка, нават мысьленна пішучы гэтае слова праз “п”.Там Мінус спыніўся й запытальна паглядзеў на свайго спадарожніка, які неахвотна запаволіў хаду. Агіеўская ўсьміхнулася гэтаму плюгаўцу такой хворай усьмешкай, што карэспандэнтку перасмыкнула.