MoreKnig.org

Навелы: читать книгу онлайн полностью и бесплатно

Автор: Ман Томас, Цвэйг Штэфан



Шрифт:

Веласіпеда і след астыў, і пыл улёгся, а Піпзам усё яшчэ калаціўся і сатанеў і ні з месца.

— Дзяржы яго, дзяржы халеру! Гэта што ж надумаў — ездзіць па дарозе на могілкі! Ах ты паскуднік, басота няўмытая! Кепку начапіў, малпа нячэсаная! Вачыма зыркае! Я табе пазыркаю, шчаня неданошанае! Распуста, выстаўляецца мне! Злазь, сучы выскрабак, злазь, каму я сказаў! Няўжо ніхто не скіне яго ў гразь, нахабу, блазна лупленага! Прагуляцца яму, бач, прыспічыла, маладому чалавеку, і мусова на дарозе на могілкі, га? Сцягніце яго з сядла, прахвоста гэтага! Пусціце мяне, дайце дабрацца да яго!.. Што? Што такое? Што гэта я?.. Пажджы-но, пажджы, каб на цябе воўка, дурнота дурная!

Тут Лёбгот Піпзам панёс увогуле нешта зусім бязглуздае. Закіпелым ротам, брынклівым голасам ён крычаў чортведама якія кленічы і сцепваўся ўсім целам, як шалёным духам апантаны. 3 шашы падбеглі дзеці з кошыкам і сабакам пінчэрам; яны пералезлі праз канаву, абступілі галаслівага чалавека, утаропіліся на яго скажоны твар. Пачулі Піпзама і на будоўлі, і муляры, адклаўшы хто абед, хто працу, разам з падзёншчыкамі рушылі да гурту людзей, што ўжо тоўпіўся на дарозе. А Піпзаму ні ўгамону, ні гамону! Яго сама разабрала! Раз’ятрана трасучы кулакамі, ён гразіў то небу, то ўяўным слухачам, то выдыгваў нагамі нейкія неверагодныя выкрунтасы, прысядаў і зноў як бы яго чорт падшпільваў, гарлаў на ўсю гардзёлку. Ён брыдка лаяўся без усякага аддыху, і адкуль тое бралася! Твар заплыў крывёю, цыліндр з’ехаў на патыліцу, манішка вылезла з камізэлькі: Папзам ужо забыўся, з чаго ўсё пачалося, і цяпер чытаў павучальныя мудраслоўі, якія наогул ужо справы не тычыліся. Ён ужо й сябе кляў за безгалоўе, і да Бога заклікаў — усё ў тым самым недапушчальным тоне, шчодра перасыпаючы сваю казань брыдкай непатрэбшчынай.

— Сюды, хутчэй-це сюды! — роў ён. — І не вы, не толькі вы, а і тыя вунь, кепачнікі, тыя вунь, лупатыя. Я вам такую праўду скажу, што пападаеце. Смеяцеся, плечкамі знізваеце, каб вас пананізвала! Што ж, што праўда, то праўда… слабы я да чаркі, не схлушу!.. Але хай я самы прапашчы п’янюга!.. Нас рассудзяць! Апошні дзень яшчэ не настаў… Ён прыйдзе, свалата паганая, Гасподзь усіх нас паважыць на шалях… от і пабачым, чыя пераважыць… Прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, вы, нявінныя ліхадзеі, Яго царства не ад свету гэтага… Ён укіне вас у цемру вонкавую, дзе крык і скрыгат зубоў…

Сабраўся ладны натоўп. Хто выскаляўся, хто супіў бровы. Падышло яшчэ некалькі муляраў і падзёншчыкаў з будоўлі. Нейкі вазак, пакінуўшы сваю фурманку на шашы і не выпускаючы з рукі пугі, таксама пералез канаву. Нехта схапіў Піпзама за плячук і давай трэсці, але той гэтага нават не заўважыў. Міма ішлі строем салдаты, яны цягнулі шыі, рагаталі. Нават пінчэр не стрываў: упёрся пярэднімі лапамі ў зямлю, падціснуў хвост і зайшоўся брэхам проста ў твар Піпзаму.

І тут Лёбгот Піпзам яшчэ раз крыкнуў з усяе сілы: «Злазь, каму я сказаў, малакасос кіслагубы!», апісаў у паветры рукою шырокую дугу і раптам — брык на зямлю. Быццам скамянелы, ляжаў ён чорнаю купінай сярод натоўпу, што абступіў яго. Памяты цыліндр зляцеў з галавы, пакаціўся, падскокнуў і таксама застыў на месцы. Двое муляраў схіліліся над нерухомым Піпзамам, паталкавалі пра здарэнне, разумна, дзелавіта, як яно і належыць рабочым людзям. Адзін з іх падняўся і некуды пабег. Астатнія яшчэ нейкі час кешкаліся з нячулым целам, спрабавалі адно, другое. Нехта плёхнуў на яго з вядра, нехта, наліўшы ў далоню спірту, працёр яму скроні. Але ўсе гэтыя намогі нічога не далі.

Прайшло з паўгадзіны. А потым загрукаталі колы, і карэта «хуткай дапамогі» з едкімі чорнымі крыжамі па баках, запрэжаная парай добрых коней, паявілася на шашы. Пад’ехаўшы да месца, яна спынілася, два санітары ў акуратнай уніформе саскочылі з козлаў, адзін пайшоў да задка карэты адчыніць дзверцы і выцягнуць дошку, другі цыгнуў цераз канаву, выбраўся на дарогу да могілак, расштурхаў разяваў і з дапамогаю аднаго з іх павалок пана Піпзама да карэты. Піпзама паклалі на дошку і сунулі ў карэту, як папеку хлеба ў напаленую печ, захлопнулі дзверцы, а потым абодва санітары зноў узбатаваліся на козлы. Усё гэта было зроблена спраўна, завучана дакладна, спрытна, гладка, як у цырку.

І Лёбгота Піпзама павезлі.

1901

Марыё і штукар

Успамінаць, як мы жылі ў Торэ-дзі-Вэнэрэ, і ўсю тамтэйшую атмасферу цяжка. З самага пачатку адчувалася раздражнёнасць, узбуджанасць, нервовасць, а пад канец яшчэ і тая гісторыя з жахлівым Чыполам, у якім фатальна і вельмі ўражліва нібыта ўвасобілася і пагрозліва загусла ўсё ліхое майго настрою. Тое, што пры страшэннай развязцы (а нам потым здавалася, што яна была наканаваная і па сутнасці заканамерная) былі нашыя дзеці, вядома, недапушчальна і варта жалю, але нас заблытала містыфікацыя, на якую адважыўся той дзіўны чалавек. Дзякуй богу, дзеці так і не зразумелі, калі закончылася гульня і пачалася драма, а мы не сталі ім тлумачыць, што гэта не быў тэатр.

Торэ — кіламетраў за пятнаццаць ад Портэклемэнтэ, вельмі моднага курорта на Тырэнскім моры, як сталіца, элегантнага, амаль круглы год перапоўненага, з шыкоўнай, забудаванай гатэлямі і крамамі эспланадай уздоўж мора, з стракацізнай будак, флажкамі пясчаных замкаў і загарэлымі целамі, шырокім пляжам і шумнымі «вясёлымі» ўстановамі. Пляж, акаймаваны гайком піній, на які ўглядаюцца зверху недалёкія горы, пакрыты ўздоўж усяго ўзбярэжжа тым самым дробным пяском, утульны і прасторны, таму не дзіва, што неўзабаве непадалёк узнік крыху меншы шумны канкурэнт. Торэ-дзі-Вэнэрэ, дзе дарма будзеш азірацца, шукаючы вежу, якой пасёлак абавязаны сваёй назвай, — гэта як бы філія суседняга вялікага курорта і колькі-колькі гадоў быў чыстым раем нямногім, прыстанішчам аматараў прыроды, яшчэ не падпошленай свецкім гамузам. Але як яно павялося з такімі закуткамі, цішыні давялося даўно адступіць далей на ўзбярэжжы у Мары-на-Петрыера і яшчэ больш ведае куды; свет, як вядома, шукае цішыні і, знайшоўшы, выганяе яе, са смешнай пажадай нападае на яе і думае сабе, быццам здольны з ёю яднацца і быццам там, дзе яна, можа быць і ён; смех падумаць — нават зладзіўшы кірмаш у яе жытлішчы, ён хоча верыць, што цішыня яшчэ засталася. Вось і Торэ, яшчэ, праўда, спакайнейшы і сціплейшы за Портэклемэнтэ, ужо ўвайшоў у моду ў італьянцаў і заязджанаў з іншых краін. У міжнародны курорт больш не едуць ці, бадай, не едуць, як бывала, але гэта яму не завада, каб заставацца шумным і перапоўненым міжнародным курортам; едуць крыху далей, у Торэ, гэта нават шыкарней, і апрача таго танней, прытым вабнасць гэтых дабротаў не мяняецца, хоць саміх дабротаў ужо няма. Торэ завёў сабе «Гранд-гатэль», распладзілася безліч пансіёнаў з прэтэнзіямі і без, так што гаспадары і наймальнікі вілаў і садкоў у хвойнічку над морам ужо не могуць пахваліцца спакоем на пляжы; у ліпені-жніўні там такая самая карціна, што і ў Портэклемэнтэ: увесь пляж аж кішыць — гоман, балбатня, вясёлы рогат купальнікаў, якім апантанае сонца лахманамі лупіць скуру з шыі і плячэй; на прамяністай сінечы пагойдваюцца ядавіта пафарбаваныя пласкадонкі з дзятвою, і знакаміта гучныя імёны, якімі аклікаюць сваіх чадаў матулі, баючыся іх упусціць з вачэй, напаўняюць паветра хрыплай трывогай, а яшчэ дадайце ўсіх тых, што разносяць вустрыц, напіткі, кветкі, пацеркі, cor netti al burre[7], што, пераступаючы цераз раскінутыя рукі і ногі загарэльцаў, таксама, як усе з поўдня, гартаннымі і настырнымі галасамі назаляюцца са сваім таварам.

Такі быў пляж у Торэ, калі мы прыехалі, — маляўніча, нічога не скажаш, але мы ўсё-такі рашылі, што прыехалі зарана. Стаяла сярэдзіна жніўня, італьянскі сезон сама-сама ў разгары — іншаземцам не найлепшая пара, каб ацаніць чароўнасць гэтай мясціны. Якая папалудні штурхатня ў адкрытых кавярнях на праменадзе ўздоўж мора, хоць сабе ў «Эсквізіта», куды мы час-парою завітвалі пасядзець і дзе слугаваў нам Марыё, той самы Марыё, пра якога я і меруся расказаць! Цяжка знайсці вольны столік, а аркестры — кожны грае, ніхто не лічыцца з суседам! Да таго ж якраз папалудні штодзень наязджае публіка з Портэклемэнтэ, бо, ясна ж, Торэ панадная мэта загародных прагулянак у няўседлівых гасцей вялікага курорта, і ад усіх гэтых фіятаў, што снуюць туды-сюды па дарозе, кусты лаўраў і алеандраў на абочынах шашы пакрытыя, як снегам, налётам белага пылу — нязвыклае, але агіднае відовішча.

На добры лад ехаць у Торэ-дзі-Вэнэрэ след у верасні, калі самая гарачая публіка раз’язджаецца і курорт пусцее, альбо ў траўні, пакуль мора яшчэ не нагрэецца настолькі, каб хто з тутэйшых рызыкнуў у ім апаласнуцца. Праўда, і ў міжсезонне там не пуста, але ж не дужа шумна і не так наітальянена. Англійская, нямецкая, французская гаворка пераважае пад тэнтамі будак на пляжы і ў сталовых пансіёнаў, тым часам як яшчэ ў жніўні, прынамсі, у «Гранд-гатэлі», дзе мы мусілі спыніцца, не маючы прыватных адрасоў, такая навалач фларэнтыйцаў і рымлян, што чужаземец адчувае сябе не толькі чужым, але як бы пастаяльцам другога гатунку. Гэта мы з некаторай прыкрасцю заўважылі першага ж вечара, калі спусціліся паабедаць у рэстаран і папрасілі мэтрдатэля паказаць нам вольны столік. Супроць прапанаванага нам століка запярэчыць, зрэшты, не было прычыны, але нас прывабіла зашклёная веранда на бок мора, што, як і зала, была запоўнена, але там яшчэ заставаліся вольныя месцы і на століках гарэлі лямпачкі пад чырвонымі абажурамі. Такая святочнасць вельмі спадабалася нашым дзецям, і мы з шчырым сэрцам заявілі, што хацелі б на веранду — і тым самым выявілі сваю поўную недасведчанасць, бо нам, крыху сумеўшыся, сказалі, што гэтая раскоша толькі «нашым кліентам», «ai nostri clienti». Нашым кліентам? Ну, тады гэта нам. Мы ж не якія там матылькі-пырхункі, мы пастаяльцы, якія прыехалі на тры тыдні, а можа, і на месяц, мы пенсіянеры. Зрэшты, мы не настойвалі, каб нам удакладнілі розніцу паміж намі і той кліентурай, што мае права акладацца пад чырвонымі лямпачкамі, мы з’eлі наш pranzo[8] за сталом, асветленым сціпла і будна, у агульнай зале — абед так сабе, сярэдненькі, безаблічны і нясмачны гатэльны стандарт; кухня пансіёна «Элеанора», што, можа, крокаў за дзесяць далей ад мора, здалася нам пазней куды смачнейшай.

Туды мы перабраліся дні праз тры-чатыры, яшчэ як след не асвойтаўшыся ў «Гранд-гатэлі» — і нават зусім не за тую веранду і чырвоныя лямпачкі: дзеці адразу здружыліся з афіцыянтамі і пасыльнымі, без памяці радаваліся мору і неўзабаве начыста забыліся на прыгожыя прынады. Але з некаторымі заўсёднікамі веранды ці, правільней, з дырэкцыяй гатэля, што плазам плазавала перад імі, адразу ўзнік адзін з тых канфліктаў, якія з самага пачатку псуюць жыццё на курорце. Сярод іх былі рымскія багацеі і нейкі princire[9] Ікс з сям’ёй, нумар гэтага панства быў суседні з нашым, і княгіня, велікасвецкая дама і разам з тым палкай любові маці, была напалохана рэшткамі ядухі, якою абое нашыя малыя незадоўга да таго перахварэлі і слабое водгулле якой яшчэ часам уначы парушала звычайна здаровы сон нашага меншанькага. Сутнасць гэтай хваробы не вельмі ясная, што дае прастору ўсялякім прымхам, а таму мы зусім не пакрыўдзіліся на нашу элегантную суседку за тое, што яна падзяляла дужа пашыраную думку, быццам ядухай заражаюцца акустычна, — інакш кажучы, проста баяліся благога прыкладу сваім дзецям. Па-жаночы гордая сваёй знакамітасцю, яна звярнулася ў дырэкцыю, пасля чаго апрануты ў сурдут службовец паспяшаўся з вялікім-вялікім жалем абвясціць нам, што пры такіх акалічнасцях наша перасяленне ў флігель гатэля проста мусовае. Дарма талкавалі мы яму, што гэтая дзіцячая хвароба на апошняй стадыі затухання, што яна фактычна пераадолена і не нясе ніякай небяспекі нікому. Адзінае, у чым ён саступіў нам, быў дазвол вынесці выпадак на суд медыцыны, гатэльны ўрач — і толькі ён, а не які-небудзь наш запрашэнец — можа быць пакліканы развязаць пытанне. Мы згадзіліся на гэтую ўмову, бо не сумняваліся, што такім чынам і княгіня ўгамоніцца, і нам не давядзецца перабірацца. Прыходзіць доктар, ён аказваецца сумленным і вартасным слугою навукі. Ён абследуе малога, выяўляе, што той зусім ужо здаровы, і выключае якую-колечы небяспеку. Мы ўжо лічым, што справа ўладжана, аж не — службовец заяўляе, што, нягледзячы на заключэнне ўрача, нам трэба вызваліць нумар і перабірацца ў флігель.

Такое халуйства абурыла нас. Сумняваюся, што вераломная ўпартасць ішла ад княгіні. Хутчэй за ўсё дагодлівы службовец проста не адважыўся давесці ёй заключэнне ўрача. Як бы там яно ні было, мы сказалі яму, што лепей ужо зусім з’едзем, без адкладу лішняга, — і пачалі пакавацца. Мы маглі так зрабіць без ніякіх дакораў сумлення, бо тым часам паспелі пабыць мімаходзь у пансіёне «Элеанора», які адразу ўпадабаўся нам сваім ветла-сямейным выглядам, мы пазнаёміліся з яго гаспадыняй, сіньёрай Анджальеры, якая зрабіла на нас самае добрае ўражанне. Мілавідная, чарнавокая дама, тасканскага тыпу, мабыць, крыху за трыццаць, з матавай, колеру слановай косці скурай, мадам Анджальеры і яе муж, заўсёды дбайна апрануты, ціхі і лысы спадарок, трымалі ў Фларэнцыі большы пансіён і толькі ўлетку і ранняй восенню ўзначальвалі філію ў Торэ. Раней, да замужжа, наша новая гаспадыня была кампаньёнкай, касцюмеркай, больш за тое — сяброўкай Дузе, — эпоха, якую яна, відаць, лічыла самай значнай і шчаслівай у сваім жыцці і пра якую ўжо ў першы наш прыход пачала жвавенька расказваць. Безліч здымкаў вялікай акторкі з сардэчнымі надпісамі і іншыя рэліквіі іх ранейшага жыцця ўпрыгожвалі сцены і этажэркі гасцёўні сіньёры Анджальеры, і хоць ясна было, што гэты культ яе цікавага мінулага ў нейкай меры таксама закліканы павялічыць панадную сілу яе сённяшняга занятку, мы, ідучы за ёю па доме, з прыемнасцю і нават крыху спагадліва слухалі яе расказ пра бясконцую дабрыню, сардэчную шчырасць і мілату яе нябожчыцы гаспадыні, які яна падавала на адрывістым і зычным тасканскім дыялекце.

Вось туды мы і сказалі перанесці нашыя рэчы на вялікі жаль слугоўцаў «Гранд-гатэля», якія ў добрай італьянскай завядзёнцы вельмі любілі дзяцей; памяшканне, якое нам далі, было ізаляванае і прыемнае, дарога да мора, сярод прысадаў маладога тапольніку, што аж выбягалі на прыморскі праменад, блізкая і зручная, сталовая, дзе сіньёра Анджальеры штодня аполудні сваімі рукамі налівала суп, зацішная і чысценькая, прыслуга далікатная і ласкавая, стол выдатны, мы нават спаткалі ў пансіёне знаёмых з Вены, з якімі пасля абеду можна перакінуцца словам-другім і якія, у сваю чаргу, звялі нас са сваімі сябрамі, так што ўсё магло быць цудоўна, мы толькі радаваліся перамене жытла, і нішто, здавалася, не замінала добра адпачываць.

Але душэўнага спакою не было. Магчыма, нас усё яшчэ даймала бязглуздая прычына пераезду — я павінен сказаць вам, што заўсёды цяжка даходжу да раўнавагі, калі сутыкаюся з такімі пашыранымі чалавечымі ўласцівасцямі, як прымітыўнае злоўжыванне ўладай, несправядлівасць, халуйская разбэшчанасць. Гэта ўжо даўно грызе мяне, змушае да роздуму, бясплённага і дражлівага, бо такія праявы зрабіліся занадта звычайнымі і буднымі. Да таго ж мы нават не адчувалі, што пасварыліся з «Гранд-гатэлем». Дзеці, як і раней, вадзіліся з персаналам, калідорны папраўляў ім цацкі, і час ад часу мы пілі чай у садзе гасцініцы, часам бачылі там княгіню, якая, з крыху падведзенымі каралавай шмінкай вуснамі, велічна-цвёрдым поступам выходзіла, каб зірнуць на сваіх, давераных англічанцы дарагіх дзетак, і не здагадвалася пра нашу небяспечную блізкасць, бо мы свайму малому строга-строга наказалі нават не сморкацца пры ёй.

Ці варта казаць, што стаяла страшэнная спёка? Спёка была проста афрыканская: жудасная тыранія сонца, варта было толькі адарвацца ад сіняй, колеру індыга прахалоды, была такая няўмольная, што нават адна подумка пра тое, каб прайсці некалькі крокаў ад пляжа да стала, прымушала ўздыхаць. Як вы пераносіце спёку? Скажам, калі яна стаіць тыднямі? Вядома, гэта поўдзень і класічнае паўднёвае надвор’е, клімат, які паслужыўся росквіту чалавечай культуры, сонца Гамера і так далей. Але праз нейкі час, мімаволі, я ўжо схільны лічыць, што гэты клімат атупляе. Дзень у дзень усё тая самая распаленая пустэча неба спакваля пачынае мяне гнясці, стракацізна фарбаў, залішне рэзкае і бясхітраснае святло хоць і абуджаюць святочны настрой, пасяляюць у душы бесклапотнасць і ўпэўненасць у сваёй незалежнасці ад капрызаў і зменлівасці надвор’я, аднак, хай спачатку сам таго не разумееш, высушваюць, не даюць задаволіць больш глыбокія і няпростыя вымогі нардычнай душы, а з часам навязваюць нават нешта падобнае на пагарду. Праўда ваша, не будзь гэтай дурной гісторыі з ядухай, я, мусіць, успрыняў бы ўсё інакш: я быў раздражнёны, можа, нават хацеў успрымаць усё менавіта так і амаль несвядома падхапіў гатовы штамп калі не дзеля таго, каб выклікаць у сабе такое ўспрыманне ўсяго, што вакол мяне, дык каб хоць бы неяк яго апраўдаць і падмацаваць. Але калі нават дапусціць нейкую нашую злую волю, — дык у тым, што да мора, што да ранішніх гадзін на пяску перад яго нязменнай велічнасцю, ні пра што такое і гаворкі быць не магло; і ўсё-такі, насуперак усяму нашаму мінуламу вопыту, мы і на пляжы не пачуваліся лёгка і радасна. Так, мы прыехалі занадта, занадта рана: як я ўжо сказаў, я ўсё яшчэ быў ва ўладзе мясцовага сярэдняга класа — несумненна, прыемная разнавіднасць людзей, вы маеце рацыю, сярод моладзі можна было сустрэць і высокую душэўнасць, і фізічную прыгажосць, але, як правіла, вакол нас была чалавечая пасрэднасць і мяшчанская безаблічнасць, якія, вы не будзеце пярэчыць, адштампаваныя ў тутэйшым поясе, нічым не лепшыя за тыя экземпляры, што пракідаюцца і пад нашым небам. Але ж бо і галасы ў тутэйшых кабет! Часам проста не верылася, што мы ў Італіі — калысцы ўсяго заходнееўрапейскага вакальнага мастацтва. «Fuggiero!» Дагэтуль у вушах стаіць гэты крык, нездарма ж цэлых дваццаць дзён ён грымеў амаль побач са мною, бессаромна хрыпаты, жахліва акцэнтаваны, з віскліва расцягнутым «е», быццам яго вырывала з яе нейкая ўжо прывычная роспач: «Fuggiero! Rispondi almeno!»[10]. Пры гэтым «sp» вымаўлялася вельмі вульгарна, як «шп», што ўжо само па сабе раздражняе, асабліва калі ты і без таго не ў гуморы. Крык гэты быў адрасаваны мярзотнаму хлапчаняці з агіднай язвай ад сонечнага апёку паміж лапаткамі, які не меў сабе роўні ў зацятасці, свавольстве і ліхой шкодлівасці, усё, з чым я калі сутыкаўся — тут нішто; да таго ж ён быў страшэнны баязлівец і не пасаромеўся ў сваёй абуральнай маладушнасці перапалошыць увесь пляж. Неяк аднаго разу яго ў вадзе ўшчыкнуў за нагу краб, а горасны енк, які быў вывергнуты ім з такой нікчэмнай прычыны на манер антычных герояў, проста душу раздзіраў, і ўсе падумалі, што сталася няшчасце. Мабыць, ён лічыў сябе цяжка параненым. Ён выпаўз на бераг і ў невыносных, здавалася, пакутах качаўся па пяску, лямантаваў «ohi!» i «oime!», біў рукамі і нагамі, не слухаў матчыных заклёнаў і ўгавораў блізкіх і знаёмых, што абступілі яго. З усіх бакоў збегліся людзі. Прывялі доктара, таго самага, які так добра разабраўся з нашай ядухай, і зноў пацвердзілася яго навуковая непрадузятасць. Дабрадушна суцяшаючы пакутніка, ён заявіў, што ўсё гэта дробязь, і проста параіў свайму пацыенту яшчэ пакупацца, каб ахаладзіць драпіну ад крабавых клюшняў. Замест гэтага Фуджэра, быццам ён сарваўся са скалы альбо ўтапіўся, паклалі на зымправізаваныя насілкі і праз натоўп пляжнікаў панеслі з пляжа, — але гэта не перашкодзіла яму на раніцу зноў там паявіцца і, як бы незнарок, таптаць пясчаныя крэпасці другіх дзяцей. Адным словам, кашмар адзін, а не дзіця!

У дадатак гэты дванаццацігадовы бэйбус быў адным з галоўных барометраў пэўных настрояў, якія амаль няўлоўна віселі ў паветры ды засмуцілі нас і сапсавалі нам прыемны адпачынак каля мора. Чамусьці тутэйшай атмасферы бракавала прастаты і нязмушанасці, мясцовая публіка «пільнавалася», спачатку нават цяжка было вызначыць, у якім сэнсе і духу, яна лічыла сваім абавязкам выпінацца, выстаўляла напаказ адзін перад адным і перад іншаземцамі сваю сур’ёзнасць і прыстойнасць, адмысловую патрабавальнасць у пытаннях гонару — што б гэта азначала? Але неўзабаве нам стала зразумелая палітычная дамешка — тут спрычынілася ідэя нацыі. І сапраўды пляж кішэў юнымі патрыётамі — маркотнае і агіднае прыродзе відовішча. Дзеці ж як бы складаюць асобы чалавечы род, так сказаць, адмысловую нацыю; усюды ў свеце яны лёгка і проста сыходзяцца дзякуючы аднолькаваму ладу жыцця, нават калі іх малы слоўны запас належыць да розных моваў. І нашыя малышы вельмі скора пачалі гуляць з тутэйшымі, як, зрэшты, і з дзецьмі іншаземцаў. Але іх спасцігала адно незразумелае расчараванне за другім. Сюд-туд паўставалі крыўды, заяўляла пра сябе самалюбства, надта хваравітае і нахрапістае, каб быць прынятым на поўным сур’ёзе; выбухалі разладзіцы паміж флангамі, спрэчкі за месца і першынства; дарослыя ўмешваліся не так прыміраючы іх, як спыняючы спрэчкі і ахоўваючы ўстоі, грымелі фразы пра веліч і гонар Італіі, фразы зусім не пацешныя і псотныя ў любой гульні; мы бачылі, што абодва нашы малыя адыходзяць заклапочаныя і разгубленыя, і стараліся, як маглі, растлумачыць ім стан рэчаў: гэтых людзей, казалі мы ім, ліхаманка трасе, яны перажываюць такі стан, ну, накшталт хваробы, не вельмі прыемны, але, відаць, непазбежны.

Нам толькі заставалася наракаць на сябе і сваю бестурботнасць, калі ў нас дайшло да канфлікту з гэтым, хоць зразуметым і прынятым намі ў разлік станам, — яшчэ аднаго канфлікту; выдае на тое, што ранейшыя таксама не былі выпадковыя. Карацей кажучы, мы зняважылі маральнасць. Наша дачушка — ёй восем гадоў, але па фізічным развіцці ёй і сямі не дасі, такая яна шчупленькая, — досыць накупаўшыся, перастала гуляць на пляжы ў мокрым касцюмчыку і атрымала ад нас дазвол папаласкаць у моры купальнік, на які наліп пясок, каб потым надзець яго і ўжо болей не пэцкаць. Голенькая, яна бяжыць нейкіх там некалькі метраў да вады, акунае касцюмчык і вяртаецца назад. Ці ж маглі мы прадбачыць тую хвалю зласлівасці, абурэння, пратэсту, якую выклікаў яе, а значыцца, наш учынак? Я не збіраюся чытаць вам лекцыю, але ўсюды ў свеце адносіны да чалавечага цела і да яго галізны за апошнія дзесяцігоддзі рэзка перамяніліся, зрабіўшы свае ўплывы і на нашыя пачуцці. Ёсць рэчы, на якія проста «не зважаюць», да іх належала і свабода, дадзеная гэтаму дзіцячаму цельцу, якое ніякіх эмоцый не выклікала. Але тут гэта было ўспрынята як выклік. Юныя патрыёты загалёкалі. Фуджэра, заклаўшы пальцы ў рот, свіснуў. Узбуджаныя гамонкі дарослых побач з намі рабіліся ўсё гучнейшыя і не наканавалі нічога добрага. Панок у фраку і ссунутым на патыліцу, вельмі не пляжным кацялку ледзь не божыцца сваёй скандальнай даме, што гэтага ён так не пакіне; ён вырастае перад намі, і на нас валіцца філіпіка, у якой увесь пафас тэмпераментнага поўдня пастаўлены на службу самым чапурыстым патрабаванням прыстойнасці.

Занядбанне сораму, у якім мы вінаватыя, — так было нам сказана, — тым болей вартае асуды, што яно з’яўляецца, па сутнасці, няўдзячнасцю і абразлівым злоўжываннем гасціннасцю Італіі. Мы злачынна здратавалі не толькі дух і літару правілаў грамадскага купання, але і гонар ягонай краіны і, абараняючы гэты гонар, ён, панок у фраку, ужо ж такі дасць сабе клопату патурбавацца, каб нам гэтага за так не прапусціць.

Слухаючы ягонае словаблуддзе, мы цярпелі і толькі глыбокадумна ківалі. Пярэчыць разгарачанаму панку азначала б толькі зрабіць новую прамашку. Доўга ў нас круцілася на языку, напрыклад, што не ўсё тут настолькі добра, каб лічыць слова «гасціннасць» у сапраўдным яго значэнні, і што мы, калі ўжо казаць без прыхарошвання, госці не так Італіі, як сіньёры Анджальеры, якая ў свой час змяніла род заняткаў — з даверанай Дузе яна зрабілася гаспадыняй пансіёна. Не цярпелася нам таксама запярэчыць, што мы не ўяўлялі сабе, як нізка ўпала маральнасць у гэтай цудоўнай краіне, калі спатрэбілася вярнуцца да такіх ханжаскіх строгасцяў. Аднак мы запэўнілі іх, што і ў галаве не мелі паводзіць сябе дзёрзка і непаважліва, і перапрашаліся спасылкамі на юны ўзрост і фізічную няразвітасць малалетняй парушальніцы закона. Усё марна. Нашыя довады былі адхілены як беспадстаўныя і непраўдзівыя, аб’яўлены нікчэмнымі, і, каб іншыя наперад нічога такога сабе наўме не мелі, рашылі даць нам навукі. Мусіць, па тэлефоне паведамілі ў паліцыю, бо на пляжы паявіўся прадстаўнік улады, назваў інцыдэнт даволі сур’ёзным, «molto grave», і прапанаваў нам ісці за ім на «пляцца». У муніцыпалітэт, дзе больш высокі ранг пацвердзіў папярэдні вердыкт «molto grave» і, ужываючы тыя самыя, што і панок у кацялку, відаць, узвычаеныя тут дыдактызмы, размазаўся даўжэзнай натацыяй з прычыны нашага злачынства і пакараў нас штрафам у пяцьдзесят лір. Мы палічылі нашую прыгоду вартай такога ахвяравання ў дзяржаўную скарбніцу, заплацілі і пайшлі. Магчыма, нам след было адразу ж і з’ехаць?

Чаму мы так не зрабілі? Мы ж бы пазбеглі тады сустрэчы з фатальным Чыполам; але, бачыце, многае збеглася так, каб змусіць нас зацягнуць ад’езд. Нехта з паэтаў сказаў, што адна лянота трымае нас у непрыемнай абстаноўцы — можна было б скарыстацца гэтым досціпам, каб патлумачыць нашую ўпартасць. Да таго ж пасля такіх сутычак мы не дужа любілі пакідаць поле бою; каму ахвота прызнавацца, што абсудобіўся, асабліва калі спагада збоку мацуе тваю баявітасць. У віле «Элеанора» не было дзвюх думак наконт учыненай нам несправядлівасці. Знаёмыя італьянцы, нашыя пасляабедзеныя субяседнікі, лічылі, што гісторыя гэтая аніяк не спрыяе добрай славе краіны, і мерыліся, на правах суайчыннікаў, зыскаць з панка ў фраку тлумачэнні. Але той ужо на другі дзень знік з пляжа. Разам з кампаніяй — не праз нас, зразумела, але ж не выключана, што менавіта скоры ад’езд якраз і дадаў яму адвагі і рызыкі, — так ці інакш, але ягонае знікненне дало нам палёгку. А калі ўжо гаварыць шчырую праўду, дык мы засталіся яшчэ і таму, што ў тутэйшай абстаноўцы было нешта нязвыклае, а нязвыклае само па сабе ўжо каштоўнае незалежна ад таго, прыемнае яно ці не. Ці варта капітуляваць і ўцякаць ад перажыванняў, калі яны не клічуць вас да радасці ці непрыемнасці? Ці трэба «з’язджаць», калі жыццё робіцца трывожным і не зусім бяспечным альбо ж нават крыху цяжкім і засмучальным? Не, трэба застацца, трэба ўсё пабачыць і ўсё зведаць, тут якраз і можна чагось навучыцца. І мы засталіся і, як страшэнную ўзнагароду за нашую выстаяласць, перажылі злашчаснае выступленне Чыполы.

Я не згадаў, што прыкладна падчас учыненага над намі адміністрацыйнага гвалту прыспеў канец сезону. Руплівец маральнасці ў кацялку, які данёс на нас, быў не адзіны, хто пакінуў курорт; італьянцы ад’язджалі гуртамі, і мноства ручных вазкоў і тачак рушыла да станцыі. Пляж страціў свой адмыслова нацыянальны характар, жыццё ў Торэ, у кавярнях, у прысадах сасновага гайку пачалося больш простае, больш еўрапейскае; мабыць, цяпер нас нават пусцілі б на зашклёную веранду «Гранд-гатэля», але мы туды не рваліся, мы пачуваліся добра і за сталом у сіньёры Анджальеры — калі ўвогуле можна было лічыць наша адчуванне добрым, з той папраўкаю, якую рабіў злы дух, які тут лунаў у паветры. Аднак з такой дабратворнай, як мы думалі, пераменай, рэзка змянілася надвор’е, так сказаць, у поўнай згодзе з графікам адпачынкаў. Неба завалаклося, нельга сказаць, што стала халадней, але недвухсэнсоўная спёка, што панавала тут тры тыдні (а бадай, яшчэ й задоўга да нашага прыезду), змянілася на млосную задуху сірока, і час ад часу слабенькі дожджык крапіў аксамітную арэну, на якой мы бавілі нашыя раніцы. Да таго ж трэба зазначыць, што дзве траціны тэрміну, выдзеленага намі на Торэ, ужо мінула; соннае мора з вялымі медузамі, што ледзь калыхаліся на яго пляскатай роўнядзі, было нам усё-такі новым, і смех было б сумаваць па сонцы, якое, калі яно валадарыла манапольна, выціскала з нас столькі ўздыхаў.

У гэтую якраз пару і з’явіўся Чыпола. Кавальерэ Чыпола, як ён фігураваў у афішах, што аднаго разу замільгалі ўсюды, таксама і ў сталовай пансіёна «Элеанора», — гастрольны віртуоз, артыст у жанры забаў, forzatore, illusionista, prestidigitatore[11], які меў намер пазнаёміць высокашаноўную публіку Торэ-дзі-Вэнэрэ з некаторымі экстравагантнымі з’явішчамі таямнічага і загадкавага характару. Фокуснік-штукар! Аб’явы было дастаткова, каб затлуміць галаву нашым малым. Яны зроду не бачылі нічога такога, канікулы падораць ім нязведаныя ўражанні. З таго часу яны даймалі нас просьбамі ўзяць білеты на штукара, і хоць нас адразу збянтэжыў позні час пачатку імпрэзы, — яна была назначана на дзевяць вечара, — мы саступілі, падумаўшы, што, збольшага пазнаёміўшыся з, відаць, досыць сціплымі талентамі Чыполы, выправімся дахаты, а дзеці на раніцу — ну што ж, тае бяды, — паспяць крыху больш, і купілі ў самой сіньёры Анджальеры, якая ўзяла на камісію дастаткова добрых месцаў на сваіх пастойнікаў, чатыры білеты. Паручыцца за якасць паказу яна не бралася, ды мы і не чакалі нічога незвычайнага; нам і самім не лішне было крыху рассеяцца, апрача ж таго нас заразіла цікаўнасць дзяцей.

У памяшканні, дзе кавальерэ меўся выступіць, у разгар сезону штотыдня давалі новую кінакарціну. Мы там ні разу не былі. Дарога туды ляжала міма palazzo — руінаў, у якіх захаваліся абрысы сярэдневяковага замка і, дарэчы, яны прадаваліся, — па галоўнай вуліцы, з аптэкай, цырульняй, крамамі, якая як бы вяла ад свету феадальнага праз буржуазны да свету працы, бо канчалася сярод гаротных рыбацкіх халупняжын, дзе старыя жанчыны, седзячы ў парозе, ладзілі мярэжы, і вось тут, ужо ў самай гушчыні народу, была sala, па сутнасці, ёмістая дашчаная стадола; падобны на браму ўваход у яе з двух бакоў аздаблялі каляровыя плакаты, наклееныя адзін над адным. І вось, у пазначаны дзень, паабедаўшы і без спеху сабраўшыся, мы выправіліся туды ўжо ў поўнай цемры, дзеці, святочна адзетыя, шчаслівыя, што ім столькі патураюць. Як і ўсе апошнія дні, было душна, час ад часу палыхалі заранкі і накрапваў дождж. Мы ішлі пад парасонамі. Ісці да залы было чвэрць гадзіны.

У дзвярах праверылі нашы білеты, але месцы свае мы ўжо шукалі самі. Яны былі ў трэцім радзе злева; сеўшы, мы ўстанавілі, што з даволі познім часам, на які было назначана прадстаўленне, не дужа тут лічацца: курортная публіка лянотна, быццам каб наўмысна прыйсці са спазненнем, запаўняла партэр, а як што — ніякіх ложаў тут не было, дык гэта і была глядзельная зала. Такая няспешнасць нас крыху затрывожыла. Ужо цяпер шчокі ў дзяцей ад чакання і стомы гарэлі ліхаманкавым румянцам. Толькі адведзеныя пад стаячыя месцы бакавыя праходы і канец залы пры нашым праходзе былі бітком, там стаялі, з голымі па локаць рукамі крыж-накрыж на паласатых цяльняшках, прадстаўнікі мужчынскай палавіны карэннага насельніцтва Торэ: рыбакі, маладыя хлопцы, якія задзірыста азіраліся па баках, і калі нас парадавала прысутнасць у зале мясцовага працоўнага люду, які адзін толькі і здольны надаць такога роду відовішчам маляўнічасць і гумар, дык дзеці былі проста ў захапленні. У іх былі сябры сярод мясцовых, яны знаёміліся падчас вечаровых шпацыровак на далёкія пляжы. Часта, калі сонца, змардаваўшыся ад тытанічнай працы, скочвалася ў мора, фарбуючы шумавінне прыбою залатым пунсом, мы па дарозе дамоў сустракалі арцелі босых рыбакоў; цугам, упіраючыся нагамі і напружваючы рукі, яны з доўгімі крыкамі выцягвалі сеткі і збіралі свой часцей за ўсё небагаты ўлоў frutti di mare[12], а нашыя малыя праглядзелі ўсе вочы, на іх гледзячы, пускалі ў абыход тыя некалькі італьянскіх слоў, якія ведалі, пасаблялі цягнуць сеткі, заводзілі сяброўства. І зараз дзеці абменьваліся вітаннямі з гледачамі стаячых месцаў; вунь там стаіць Гіскарда, вунь там Антоніё, дзеці ведалі іх паіменна, махалі рукой і напаўголасу аклікалі, у адказ атрымліваючы ківок ці ўсмешку, якая адкрывала рад моцных белых зубоў. А вунь прыйшоў нават Марыё з «Эсквізіта», той самы Марыё, які падае нам на стол шакалад! Яму таксама зарупіла падзівіцца на штукарствы, і, мабыць, ён прыйшоў загадзя, бо стаіць амаль наперадзе, але і выгляду не падае, што змеціў нас, такая ўжо мода ў яго, дарма што толькі малодшы афіцыянт. Затое мы махаем лодачніку, які выдае на пляжы лодкі напракат, і ён там стаіць, але ззаду, каля самай сцяны.

Чвэрць на дзесятую… амаль палова… Вы разумееце наша хваляванне? Калі ж мы пакладзем дзяцей спаць? Ясна, не варта было прыводзіць іх сюды, бо адарваць іх ад абяцанага прадстаўлення, ледзь толькі яно пачнецца, будзе проста жорстка. Спакваля партэр запоўніўся: можна сказаць, тут сабраўся ўвесь Торэ; пастойнікі з «Гранд-гатэля», пастойнікі з вілы «Элеанора» і іншых пансіёнаў, усе знаёмыя па пляжы твары. Навокал англійская і нямецкая мовы. І тая французская, на якой румыны звычайна размаўляюць з італьянцамі. За намі праз два рады сядзела сама сіньёра Анджальеры поплеч са сваім рахманым і лысым сужэнцам, які пагладжваў вусы ўказальным і сярэднім пальцамі правай рукі. Усе прыйшлі са спазненнем, але ніхто не спазніўся. Чыпола хацеў, каб яго чакалі.

І прымушаў у літаральным сэнсе. Зацягваючы выхад, ён наўмысна ўзмацняў напружанасць. Можна было зразумець гэты ягоны прыём, але ж усё мае свой край. Каля паловы дзесятай публіка пачала пляскаць — ветлівая форма законнай нецярплівасці, бо яна адначасова гаворыць і за гатоўнасць апладзіраваць. Нашыя малышы ўсе далонькі сабе паадплясквалі, гэта ўжо была ім як бы частка праграмы. Усе дзеці любяць ладкі. З бакавых праходаў і з глыбіні залы пачуліся рашучыя воклічы: «Pronti» i «Cоminciano!»[13]. І што ж, пачаць прадстаўленне, выяўляецца, можна, і ніхто гэтаму не замінае. Ударыў гонг, усе стаячыя павіталі гэты гук шматгалосым «Га-а-а!», і заслона раз’ехалася набакі. Адкрыўся памост, які сваім убранствам больш нагадваў класны пакой, чым сцэну; гэтае ўражанне рабіла чорная аспідная дошка, пастаўленая на падстаўцы на авансцэне злева. Акрамя таго, мы ўбачылі самую звычайную жоўтую вешалку, два сялянскія саламяныя крэслы і ў глыбіні круглы столік, на якім стаяў графін з вадою і шклянка, а на асобным падносіку графінчык меншы з нейкай светлажоўтай вадкасцю і лікёрная чарка. Нам былі дадзены дзве секунды, каб добра разгледзець гэты рэквізіт. Потым, пры незацененай зале, на эстрадзе паявіўся кавальерэ Чыпола.

[7] Ражкі ў алеі (іт.).

[8] Абед (іт.).

[9] Князь (іт.).

[10] Фуджэра! Азвіся! (іт.).

[11] Заклінач, ілюзіяніст, штукар (іт.).

[12] Плады мора (іт.).

[13] Хутчэй! Пачынай! (іт.).

Перейти на стр:
Шрифт:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code

Новые книги

Смотреть все
Тёмный артефактор. Книга 1
Тёмный артефактор. Книга 1
[Книги про волшебников / Попаданцы / РеалРПГ (RealRPG) / Боевое фэнтези / Самиздат]
Руины вместо дома. Каторжники вместо слуг. Монстры за порогом и Дети Змея, которые пришли за чужими жизнями. Тёмного мага Рейва Альтара отправили на край мира умирать вместе с прибывшим из другого
0
Лекарь может выжить
Лекарь может выжить
[Бояръ-Аниме / Книги про волшебников / Самиздат / Попаданцы]
Я, великий Архимаг и Лекарь, был в шаге от того, чтобы навсегда исцелить мир от безумия — но безумие нанесло удар первым. Вместо смерти я оказался в чужом теле и чужом мире, где магия скудна и
0
Империя искр
Империя искр
[Альтернативная история / Попаданцы / Книги про волшебников / Любовное фэнтези / Самиздат]
Как упоительны в России вечера! Начало ХХ века, Российская империя, бал дебютанток... На первый взгляд я удачно попала - в тело младшей дочери княгини Вяземской. Титул, юность, красота, и главное
0
Ты не должен был возвращаться
Ты не должен был возвращаться
[Детективы / Триллер / Проза / Современная проза]
— Мам. Где Алина? Она медленно ставит на плиту сковородку и садится. — Зачем тебе? — Я спросил, где она. — Андрей, шесть лет прошло. — Я умею считать. — Я с ней не здороваюсь с
0
Оригами из протоколов
Оригами из протоколов
[Детективы / Проза / Современная проза]
Убийство военврача в маленьком районном городке Акшинске по горячим следам не раскрылось. В уголовном деле, переданном следователю Анне Чернышовой, нет ни подозреваемых, ни мотивов, ни перспективных
0
Разум против чувств
Разум против чувств
[Современные любовные романы / Эротика, Секс / Роман]
Амелия Горячая привыкла жить правильно, быть послушной дочерью, прилежной студенткой и гордостью своей безупречной семьи. Но встреча с Константином — харизматичным преподавателем, старше её на
0
Токсы академии Акалим. Книга 3
Токсы академии Акалим. Книга 3
[Любовное фэнтези / Книги про волшебников / Самиздат]
Курсантка Вин Эрроч почти освоилась в магической академии Акалим, ведь здесь у нее появились друзья, работа и существо размером с теленочка, которое, как и она, все время влипает в неприятности. Вин
0
Бастард Великой Орды 3
Бастард Великой Орды 3
[Боевое фэнтези / Попаданцы / Книги про волшебников / Самиздат]
Копипаст с 1 тома: Умер человеком — и переродился в теле орка-полукровки. Только освоился — и оказался сослан в гниющую крепость на краю Пустошей. Здесь мне уготована роль жертвы. Вокруг —
0
Поступь гнева. Том 2
Поступь гнева. Том 2
[Боевое фэнтези / Книги про волшебников / Самиздат]
Я - Арден Эшфорд. Сын прекрасных магов, которые отдали свои жизни за наш родной город. Мы были обречены остаться в тени, но я с этим не согласился. Блестяще поступил в лучшую академию Империи и
0
Старый химик теперь алхимик
Старый химик теперь алхимик
[Боевое фэнтези / Попаданцы]
Я обычный учитель химии, которому посчастливилось получить вторую жизнь в теле могущественного алхимика. Но вместо бесконечных интриг мне куда интереснее изучать магические пилюли, проводить
0
Хозяйственник. Абсолютный ноль. Том 3
Хозяйственник. Абсолютный ноль. Том 3
[РеалРПГ (RealRPG) / Книги про волшебников / Самиздат]
Я был простым слугой, но теперь я свободен. У меня есть система и симбионт, который растёт с каждым днём и становится всё более самостоятельным. Я думал, что получив возможность поднять свой уровень,
0
Я лорд крепости. Том 4
Я лорд крепости. Том 4
[Боевое фэнтези / Книги про волшебников / Попаданцы / РеалРПГ (RealRPG) / Самиздат]
Крепость становится всё больше похожа на то, чем она и должна быть. Я нашёл надёжных товарищей и не планирую останавливаться на достигнутом. Впрочем, вместе с появлением новых людей возникают и новые
0

Самые популярные книги

Хорошая, плохая, грешная 3
Хорошая, плохая, грешная 3
[Попаданцы]
У Эвирейл Миардо нет ни единой свободной минутки на грусть и рефлексию! Да и когда? Столько дел, столько дел! Шахту выкопай, лавку открой, артефакты создай, эльфа за попу укуси... Ничего не
14
Замок над морем
Замок над морем
[Героическая фантастика / Любовное фэнтези]
Волны перемешивают гальку, жизнь перемешивает людские судьбы. Воины и рабы, дети Ардена и слуги Ириона, все равны перед вечностью. Казалось бы, все решено, расставлены фигуры и начата игра. Но
7
Граф поневоле. Книга вторая
Граф поневоле. Книга вторая
[Юмористическая фантастика / Альтернативная история / Попаданцы / Самиздат]
Умереть от пули киллера — обидно. Очнуться в 1827 году — странно. Обнаружить, что я теперь двадцатилетний граф, а моё имение разорено, — перебор. Хотя… Жив, молод, с титулом — уже хорошо. С
5
Двадцать два несчастья 16
Двадцать два несчастья 16
[Попаданцы]
Финал первого сезона! Теперь серьезно! Мы не шутим! В общем, «сказочке конец, а читатель — молодец». Дубль 2. Чтобы окончательно расставить все точки над «ё», Сереге нужно закрыть несколько важных
4
Наследник $$$ уровня Х
Наследник $$$ уровня Х
[Попаданцы / Книги про волшебников / Городское фэнтези / Самиздат]
Надо судить человека, прежде чем полюбил его, ибо, полюбив, уже не судят.
4
Тени сумрака
Тени сумрака
[Альтернативная история / Попаданцы / Боевая фантастика / Самиздат]
Один известный драматург сказал: вся жизнь – театр. А у Егора вся жизнь сплошное приключение. Вроде и не собирался ни с кем воевать, даже ссоры не искал, а неожиданно для себя вдруг нарвался на
4
Без страха и упрёка 7
Без страха и упрёка 7
[Альтернативная история / Попаданцы]
Алексей Штурмин достиг многого, но настоящее восхождение на вершины власти только начинается.
4
Лешие. Том 1
Лешие. Том 1
[Самиздат / Альтернативная история / Попаданцы]
Август 1914 года. Армия Самсонова идёт в Восточную Пруссию — прямо в немецкую ловушку. До катастрофы под Танненбергом десять дней. Подполковник Гордеев изучал её в военной академии. Теперь он
4
Второй шанс для Лекаря. Том 9
Второй шанс для Лекаря. Том 9
[Альтернативная история / Попаданцы]
Умереть после спасения чужой жизни — не самый плохой финал для врача. Всю свою жизнь я посвятил медицине. Последняя операция стала для меня одновременно победой и приговором — прямо у хирургического
4
Студент. Том 7
Студент. Том 7
[Книги про волшебников / Самиздат / Попаданцы]
Ну вот, наконец, я в Москве! Но, как оказалось, меня здесь совсем не ждут. Придется доказывать свое право учиться в медицинской академии и пользоваться способностями, дарованными свыше.
4
Повелитель Стихий. Том 5
Повелитель Стихий. Том 5
[Боевое фэнтези / Бояръ-Аниме / Книги про волшебников / Попаданцы / Самиздат]
Что общего у разведчика Легиона и белки-летяги? Оба они живут не более трёх лет. За это время средний разведчик успевает провести около пяти экспираций, после чего встречает свой конец. Я же
3
Мастер 16
Мастер 16
[Бояръ-Аниме / Попаданцы / Технофэнтези]
Приключения целителя Алекса Ан Бергена в Содружестве миров продолжаются. Очередной жизненный этап пройден и сейчас он по-прежнему занят становлением и развитием Рода и закреплением собственных
3

Самые комментируемые

Семья для брошенки. Вторая жизнь с нуля
Семья для брошенки. Вторая жизнь с нуля
[Любовная фантастика / Самиздат / Попаданцы]
Семь лет унижений, презрения и пустой постели. Герцог Дрейк Ашфорд объявил свою истинную жену бракованной и отправил в ссылку на Ольцег — умирать среди таких же «ненужных». Он думал, что сломал
23
Замок над морем
Замок над морем
[Героическая фантастика / Любовное фэнтези]
Волны перемешивают гальку, жизнь перемешивает людские судьбы. Воины и рабы, дети Ардена и слуги Ириона, все равны перед вечностью. Казалось бы, все решено, расставлены фигуры и начата игра. Но
7
Отбор невест, или Три орешка для темного
Отбор невест, или Три орешка для темного
[Любовная фантастика]
Каждая приличная драконица должна пройти отбор невест, иначе внукам у камина будет нечего рассказать. Так говорила моя маменька, а ей можно верить — за ее спиной аж четыре таких отбора! Так что я
14
Печать Забытой Эпохи
Печать Забытой Эпохи
[Любовная фантастика / Попаданцы]
— Скажи спасибо, что не оставил босой на улице, Верадель. Забирай свои проклятые северные руины и убирайся, — самодовольно бросил мне бывший муж, швырнув на стол бумаги о разводе. Он думал, что
26
Кодекс Магических Зверей XI
Кодекс Магических Зверей XI
[РеалРПГ (RealRPG) / Попаданцы / Городское фэнтези]
Десятки лет спасения жизней и смерть на полу собственной ветеринарной клиники. Только вместо небытия — пробуждение в теле юнца, чья лавка «целителя чудовищ» на грани полного развала. Вот только у
2
Хозяйка Тиховодья. Развод на краю болот
Хозяйка Тиховодья. Развод на краю болот
[Любовное фэнтези / Попаданцы]
- Двадцать четыре года, Веста. Наследника нет. Подпиши, и получишь Тиховодье. - А где это? - На краю Хляби. Тихо, сыро, никого. Утром я собирала клюкву в Мещёре и шагнула в болотное окно. Очнулась в
16
Шахматистка. Выжить на Арене Смерти
Шахматистка. Выжить на Арене Смерти
[Любовное фэнтези / Попаданцы / Книги про волшебников / Самиздат]
Кто-то попадает в имбовых персов: Избранных, Тёмных властелинов и прочих крутых ребят. А я попала в тело бездарной адептки магической академии. Как она сюда поступила-то, без грамма магии? Неважно,
14
Пулеметчик Федя
Пулеметчик Федя
[Альтернативная история / Юмористическая фантастика / Попаданцы / Самиздат]
Пулеметчик — это не звание, это диагноз. Тридцать пять лет, пулемёт «Печенег», рукавица прилипла к раскалённому кожуху — и здравствуйте: июнь сорок первого, чужие двадцать два года, чужие руки,
11
Диагноз
Диагноз
[Самиздат / Детективная фантастика / Городское фэнтези / Юмористическая фантастика]
Некромантия в нашем мире давно стала такой же частью жизни, как радио, кино, телефоны и аэропланы. Но разве могла я подумать, что однажды приду наниматься на службу к лучшему некроманту столицы! Он —
18
Будущее начинается с привычек. Ежедневные ритуалы, которые развивают мозг ребенка, самостоятельность и уверенность в себе
Будущее начинается с привычек. Ежедневные ритуалы, которые развивают мозг ребенка, самостоятельность и уверенность в себе
[Дом и семья / Психология / Секс и семейная психология / Саморазвитие]
Если ребенок не хочет самостоятельно одеваться, вовремя ложиться спать и правильно питаться, значит, ему нужно развить привычки, которые помогут стать более организованным и ответственным. Корейская
0
Ведьма и Экзорцист. Второй шанс на жизнь
Ведьма и Экзорцист. Второй шанс на жизнь
[Детективы / Триллер / Любовное фэнтези / Фэнтези]
Приказ ясен: отравить Дерека вель Гранна. Последствия – костёр и пепел. Белладонна уже прошла этот круг, сгорела и получила второй шанс. Теперь она знает, что приказ – лишь верхушка заговора, в
4
Последняя Гадина империи
Последняя Гадина империи
[Попаданцы / Бояръ-Аниме / Русское фэнтези / Самиздат]
Пятьсот лет назад я была прославленным зельеваром, матриархом и почтенной основательницей династии. А сегодня очнулась в теле изнеженной барышни на пепелище семейной усадьбы и обнаружила, что весь
13

Прямо сейчас читают

Агент Их Величеств, часть четвёртая
Агент Их Величеств, часть четвёртая
[Детективная фантастика / Самиздат / Мистика / Стимпанк]
Незаконное потребление наркотических средств, психотропных веществ, их аналогов причиняет вред здоровью, их незаконный оборот запрещён и влечет установленную законодательством ответственность.
4
Дважды нелюбимая жена. Найду счастье в северном лесу
Дважды нелюбимая жена. Найду счастье в северном лесу
[Эротика, Секс / Любовная фантастика / Самиздат / Попаданцы]
«Мой муж дракон» – звучит как начало хорошей сказки. Вот только сказка быстро превратилась в кошмар: меня, в новом теле, обвинили в измене и бросили умирать в лесу. Отличный старт, не правда ли? Я
0
Гора Небесной Девы
Гора Небесной Девы
[Научная фантастика]
Поход по Северному Уралу обернулся для Влада, горного проводника, борьбой с собственными нанимателями. *** *** Десять лет назад в этих местах пропал профессор Суханский, выдающийся геолог и
0
Замуж за Морозко. Без шапки не выходить
Замуж за Морозко. Без шапки не выходить
[Классическое фэнтези]
Злая мачеха отправила меня в зимний лес, где обитает ледяной монстр. Скажете, что глупо было туда идти? Но чего только не сделаешь ради зачета. А вот как выжить в замке у ледяного монстра — это
0
Путеводитель по Шекспиру. Греческие, Римские и Итальянские пьесы
Путеводитель по Шекспиру. Греческие, Римские и Итальянские пьесы
[Исторические приключения / Иностранные языки / Литературоведение]
Айзек Азимов приглашает вас в мир творчества великого драматурга. Анализируя содержание пьес, Азимов скрупулезно разбирает каждую цитату, каждый отрывок, имеющий привязку к реальным историческим
0
Про сочинительство
Про сочинительство
[Руководства / Иностранные языки]
ПРИВЕТ! Мы – Андрей Жвалевский и Евгения Пастернак. Больше двадцати лет пишем книги и около десяти – ведем литературные курсы. На этих курсах мы много говорим про сюжет, про драматургию и ее
1
Возвращение к «заводским настройкам»
Возвращение к «заводским настройкам»
[Психология]
В книге опровергаются несколько основных постулатов психологии и сексологии, отчего картина мира становится совершенно другой. Затрагивается различие между мужчиной и женщиной, а также то общее, что
0
Девять хвостов бессмертного мастера. Том 6
Девять хвостов бессмертного мастера. Том 6
[Героическая фантастика]
Царство Смертных принимает гостей в ожидании мирного договора. Бог войны Ли Цзэ, воссоединившись с возлюбленной, пытается наладить отношения с будущим пасынком – земным императором Мин Лу. Но все
0
Девушки судьбы и ярости
Девушки судьбы и ярости
[Современные любовные романы / Классическое фэнтези / Приключения: прочее]
Вновь попав в Сокрытый Дворец в плен к Королю Демонов, Леи понимает, что новый побег, даже успешный, ничего не решит. Автор бестселлера по версии "Нью-Йорк Таймс" Наташа Нган представляет
0
Танцор Ветра. Том 3
Танцор Ветра. Том 3
[Боевое фэнтези / Книги про волшебников]
В Облачном городе всё решают кровь, тени, монеты в кармане и репутация. И лучший путь, чтобы все это обрести — стать мастером гильдии воров. Вот только все идет не по плану. Теперь за мной
2
Очерки военной кулинарии
Очерки военной кулинарии
[Кулинария / Военная документалистика / Самиздат / Справочники]
В книге приводятся уникальные сведения по истории организации продовольственного обеспечения Военно-морского флота, Военно-воздушных сил, а также Сухопутных войск нашей страны. Кратко
0
Писать и издаваться. Пошаговое руководство по созданию нон-фикшен-бестселлера
Писать и издаваться. Пошаговое руководство по созданию нон-фикшен-бестселлера
[]
Как выделиться из множества конкурентов в своей сфере? Как превратиться из малоизвестного специалиста в человека, чье мнение имеет вес в своей отрасли? Что сделать, чтобы очередь из клиентов
0