- Здавайся! - закрычалi тут жа наўздагон.
Яны ўпалi i папаўзлi. Ледзьве паспелi дапасцi да кустоў.
- Здавайся! - яшчэ раз закрычалi. - Паднiмайце рукi i сюды iдзiце!
- Трасцы! - цiха абазваўся Коля. У вачах яго ўсё кружылася.
- Здавайся! Здавайся! - крычалi.
А партызаны адпоўзвалi. Тыя пачалi страляць. Стукаў кулямёт. Кулi цераз iх галовы стабнавалi зямлю. Ужо скончыўся дзень. Ужо свяцiў месяц. Чутно стала: тыя пакiнулi страляць i шпараць следам. Крамарэвiч азiрнуўся, прыўзняўшыся. Нацэлiўся i стрэлiў.
- Гатоў, - сказаў ён.
Зноў адтуль пачалi страляць. Коля ўстрапянуўся i зашаптаў, моцна i заiкаючыся:
- Яны мне вiдны. Спераду страляюць, а з бакоў заходзяць. Абкружваюць нас! От каб аўтамат...
Шэпт яго сцiх. Ён пачаў азiрацца.
- Трымацца, сынку! Дай мне адну гранату.
Вельмi можа быць, што ў гэты момант якраз i працверазiўся Коля ад сваёй узбуджанасцi. Ён працягнуў Крамарэвiчу гранату i зiрнуў на яго, як на бацьку, ад якога чакае ратунку. Ад месяца было вiдно. Бой у старане зацiх. Навiсла цiшыня.
- Здавайся! - закрычалi з двух бакоў. I пачалi страляць.
Iншай рады не было. Крамарэвiч пачаў адстрэльвацца. Так i пайшло. Тых было многа. Крамарэвiч адстрэльваўся адзiн. Было цяжка, нудна i страшна. Душа ў Колi ныла i прасiла ратунку. Крамарэвiч здаваўся яму цяпер асiлкам, i хацелася схавацца за яго плечы. Страшны сум па матцы рвануў яму душу. Хацелася кiнуцца на шыю бацьку i заплакаць. Вось ужо з двух бакоў пачалi абсыпаць iх кулямi.
- Дай яшчэ гранату, - сказаў Крамарэвiч.
Коля паслухмяна даў яму гранату.
- Бяжы за мной, - сказаў Крамарэвiч. - нарыхтуй гранату. Прабiцца трэба.
Крамарэвiч пабег, i Коля за iм. Крамарэвiч упаў, i Коля за iм.
- Перачакаем момант, - шапнуў Крамарэвiч. - Пiльнуйся мяне.
- Iх тут мала! Можа ўсяго адзiн! - пачуўся крык. Калi гэта не быў кашмар, а сапраўды ўсё гэта так i было, як чуў Коля, то гэтаму меры няма ў чалавечым абыходку. Колю здалося, што гэта закрычаў яго бацька. У Колi твар пачаў дрыжаць i зубы стукалiся аб зубы. Ён як ляжаў тварам унiз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Ён падпоўз да Крамарэвiча i астаўся пры яго плячы. Крамарэвiч ускiнуў руку, i граната разарвалася там, адкуль крычалi. Крамарэвiч тузянуў Колю за вопратку, i ўдвух яны пабеглi ўбок. Ужо iм здалося, што яны адарвалiся ад тых, хто дамагаўся iх смерцi. Лес канчаўся, i пустая прастора вызначылася перад iмi. Колю стала спакайней i весялей. Ужо яму хацелася, каб тыя падбеглi сюды i каб шпурнуць у iх гранатай. Але не, лепш ратавацца, бо унь яны бягуць напярэсцiжкi. I зноў! З аўтаматаў б'юць адтуль. I вось ужо пеканула яму ў ногi, i калена левай нагi здрыганулася.
- Сынку, Мiкалайка, хутчэй, мы адрываемся ад iх.
- Я ранен у ногi, - абазваўся ён i кiнуўся на зямлю. Крамарэвiч чуў, як трэснула пад iм струхлелае вецце. I запанавала цiшыня. Крамарэвiч нагнуўся над Колем i пачуў, як недзе зусiм блiзка аддаляюцца нечыя крокi.
- Моцна табе балiць?
- Моцна.
- Ну, як ты сам чуеш? Многа крывi iдзе?
- У боце мокра.
- Толькi ў адным? - узрадаваўся Крамарэвiч.
- Здаецца, у адным.
- Дык можа ты толькi ў адну нагу?..
- Можа i ў адну. Балiць у абодвух.