Езавітава дзівіла, што Райніс ведаў не толькі пра беларускі нацыянальны супраціў бальшавікам, у прыватнасці — пра Слуцкі збройны чын, але і пра ўзаемаадносіны беларускіх дзеячоў.
― Ці праўда, што Антон Луцкевіч назваў Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — заклятымі ворагамі? Чым займаецца Народная рада БНР і ўрад Ластоўскага ў Каўнасе-Коўні? — некаторыя з ягоных пытанняў.
Езавітаў мусіў даверыцца:
― Рыжская дамова ад 18 сакавіка па жывому парэзала Беларусь на часткі… ― ён зірнуў на свайго фурмана — той нават паспеў задрамаць на мяккім фатэлі — і працягнуў смялей: — У абедзьвюх частках Беларусі пачалася падрыхтоўка паўстанняў. Аднак карныя органы арыштавалі эсэраўскае ЦК — а эсэры кіруюць уздымам — і ўвесь менскі камітэт партыі, сотні партыйных актывістаў… Пасля гэтага галоўная роля ў арганізацыі супраціву і перайшла да дзеячоў у Заходняй Беларусі і эміграцыі, перайшла да Ластоўскага…
Калі развітваліся, Райніс завёў гасцей у сад і натрос ім яблыкаў…
А 18 жніўня на адрас «Бацькаўшчыны» ад яго прыйшоў ліст, у якім паведамлялася аб першых кроках па ўтварэнні беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы. Райніс яшчэ раз запэўніваў:
«Вы ў мяне заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу».
Пра ўсе падрабязнасці распачатага нацыянальнага вызвольнага руху Езавітаў расказаць не мог нават Райнісу — і не таму, што не хацеў даверыцца, — не хацеў уводзіць і Райніса, і сваіх сяброў у непатрэбную рызыку. З месяц таму не без удзела ўрада эсэра Ластоўскага і яго, Езавітава, спрыяння быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з Уладзімерам Пракулевічам, былым старшынёй Рады Случчыны, пад кіраўніцтвам якой і выбухнуў летась антыбальшавіцкі чын. Пракулевіч быў сябрам прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта і сябрам замежнага ЦК партыі беларускіх эсэраў. У маі 1921 нават арыштоўваўся польскімі ўладамі.
Галоўны штаб беларускіх партызанаў узначаліў падпалкоўнік Успенскі, былы камандзір Ваўкавыскага беларускага батальёна. Партызанскія атрады пачалі фармавацца на Горадзеншчыне. А на верасень у Празе была запланавана канферэнцыя беларускіх палітычных арганізацый, якая і мусіла вызначыць адносіны беларускага руху да Рыжскай дамовы і далейшую палітыку ў стасунках з Масквой і Варшавай…
Чаканыя нечаканасці
У Дзвінску Езавітава чакаў прыемны сюрпрыз. Раніцай зайшоў на кватэру «Бацькаўшчыны», а Ян Харлап замест роспытаў выпаліў:
― Тут цябе ўжо колькі дзён твой таварыш дамагаецца… Жыць не мае дзе, дык я яго ў нас, у бібліятэцы «прапісаў», — і ўсміхнуўся. — Схадзі павітайся, а тады пра паездку раскажаш…
Толькі адкрыў шкляныя дзверы ў бібліятэку, а насустрач — Васіль Муха:
― Нарэшце ты адшукаўся, пан генерал!
…Год Муха правёў у атрадзе Сяменіка. Расказваў, што палякі выдавалі толькі харч, а ў зношанай вопратцы, казалі, у лесе ня сорамна… Нястачы прывялі да хваробаў. Восенню палову атрада — і самога камандзіра, і Муху — зрэзаў тыф. Хворых адвезлі ў мястэчка Смалявічы. Пасля гэтага атраду Сяменіка польскія ўлады выдалі абмундзіраванне, пенсію і, дазволіўшы пашыраць свой аддзел, даручылі самае пякельнае — выведку на фронце.
Муха паказаў нават фотакартку выведчыкаў: дзевяць партызанаў — у шынялях, світках, падперазаных дзягамі, у зімовых шапках-«стаўбурках», за плячыма — вінтоўкі. Паперадзе Лукаш Сяменік — невысокі, у доўгім шынялі з каўняром з чорнага футра, на дзязе — кабура з наганам і марскі корцік (падарунак Мухі), доўгая шабля ў похве, чорная шапка бокам насунута на макаўку галавы, высокі ў маршчынах лоб. За Сяменікам — сам Муха.
― Чакай, недзе я ўжо гэтую гвардыю бачыў… ― Езавітаў аддаў фотакартку. — Ну так, пад артыкулам пра Сяменіка ў Аляхновічавым «Беларускім Жыцьці»![38] Так што не думай, — і Езавітаў прыязна ўсміхнуўся, — ведаем мы сваіх герояў…
Так, часам можа падацца, што жыццё чалавечае сплятаецца з нечаканасцяў. Хто знае, хто з кім спаткаецца, што на што набяжыць?..
На асвечанай яшчэ не ашчадным вераснёвым сонцам Прывакзальнай вуліцы Коўна лёсіла сустрэцца Цішку Гартнаму і Паўліне Мядзёлцы.
― Дзядзька Цішка, ці ты гэта? — першай азвалася Мядзёлка. — Якім ветрам да нас?!
Гартны здзіўлена зморшчыўся — і прамовіў ціха, усміхаючыся:
― Ды не да вас, а цераз вас… — прымружыў адно вока і ўважліва агледзеў Мядзёлку: — А паненка ўсё харашэе…
― Я ўжо год як пані. — Мядзёлка адкінула з брыва завіты кудзярок (тут, на Прывакзальнай, яна нядаўна выйшла з цырульні).
― Ну?.. — Гартны зноў зморшчыўся. Насамрэч, ён ужо ведаў пра шлюб Мядзёлкі з Тамашом Грыбам, як і пра колішні арышт абодвух польскай дэфензівай, але чамусь яму хацелася пра гэта «забыцца».
― Так-так… А што там у вас у Менску новага? Як нашы? — зашчабятала Мядзёлка. — Я ж анічогаткі не чула. Давай пап'ём кавы ды пагаворым. Ці надоўга ў Коўну?
― Вечарам еду.
― То тым больш хадзем!
У кавярні на той жа Прывакзальнай было моцна накурана. Гартны хмурыўся, неахвотна адказваў на Мядзёльчыны пытанні, выціраў спацелы лоб, а потым цмокнуў і адкрыў вакно, правёў вачыма сялянскую фурманку, што нарабіла на вуліцы грукату, затым сеў і спытаў сам:
― А як пані Мядзёлцы жывецца?
― Пакуль, цьфу-цьфу, ад ліха ціха…
[38] Артыкул «Л. Сяменік», падпісаны скарочаным «Ст-іч», і згаданы фотаздымак беларускіх партызан былі змешчаны ў № 3 (25) «Беларускага Жыцьця» за 9 лютага 1920 года. Адным з першых «партызанку» Сяменіка і ўвесь беларускі вайсковы рух (дзейнасць Булак-Балаховіча, арганізацыі «Зялены Дуб» пад ачолам Дергача-Адамовіча) пачаў вывучаць беларускі гісторык і бібліяфіл Рамуальд Зямкевіч. Ён меў магчымасць працаваць з архівам Булак-Балаховіча і нататкамі-мемуарамі Ядвігіна Ш. пра генерала, якія перапісаў у сына Булак-Балаховіча. У лісце да Вацлава Ластоўскага 27 снежня 1922 года (глядзі публікацыю лістоў Язэпам Янушкевічам у «ЛіМе» (1999, 4 чэрвеня)) Рамуальд Зямкевіч прызнаваўся: