Аляхновіч заўважыў перамены з сябрам:
― Гэта нашая будучая зорка! — усміхнуўся і схаваў люльку ў кішэню пінжака.
Наталля скончыла спяваць, а Езавітаў, як і не чуўшы Аляхновіча, спытаў:
― Хто гэта?
― Наша будучая зорка, — паўтарыў Аляхновіч. — Наталля Якота. Старэйшая дачка бацькоў-беднякоў. Скончыла семінарыю, беларускія настаўніцкія курсы. Настаўнічала ў Сакольскім павеце. А калі ў сілу ўвабраліся палякі — іхні інспектар хацеў прызначыць яе выкладчыцай польскай мовы. Яна адмовілася і з месяц галадала, пакуль вось да нас не патрапіла… — А потым яшчэ раз хітравата агледзеў Езавітава і спытаў: — Можа, пазнаёміць?
І Езавітаў нібыта прачнуўся:
— Зрабі ласку!
Вільня рыхтавалася да новых зменаў — у назвах сваіх прамянёў-вуліц. Магістрат прыняў адпаведнае рашэнне ў сярэдзіне ліпеня. Беларускі нацыянальны камітэт прасіў гарадскія ўлады пераназваць Малую Пагулянку ад Віленскай да Зактэтнага леса на праспект або вуліцу доктара Францішка Скарыны, а былую Андрэеўскую (Аўгусціянскую) на Мамонічаўскую[24] вуліцу, і — да ўсяго, — «каб на табліцах з найменнямі вуліц на другім мейсцы былі памешчаны назовы вуліц у беларускай мове рускімі літэрамі».
Больш месяца віленскі Магістрат апрацоўваў прапановы па пераназове вуліц і аддаў матэрыялы на зацвярджэнне камісару горада. Арэнбургская, Бухарская, Каўказская, Полацкая, Суздальская, Цараградская ператварыліся адпаведна ў Сміглава-Рыдза, Слізкую, Славацкага, тракт Баторага, Кракаўскую, Слуцкую; Віцебскі завулак стаў Свянцянскім, Сербская — Касцюшкі, Юрская — Міцкевіча, Булгарская — Сыракомлі, Гогаля — Крашэўскага, Радунская — Пілсудскага; Біскупская пераўтварылася ў Мокрую, Жыдоўская ў Школьную, Карная ў Пустую, Суздальскі завулак — у Сляпую, Пекла — у… Радасці. На былой Фабрычнай з'явілася шыльда «вул. Ф. Скарыны», а на былой Яснай — «вул. Мамонічаў»… Толькі віленчукі яшчэ доўга будуць блытаць новыя назовы са старымі, адчуваючы, што іхні горад нечакана ўдвая пабольшаў…
Беларускі нацыянальны камітэт пастанавіў прасіць у каталіцкага біскупа адкрыцця ў Віленскай духоўнай семінарыі катэдры беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама таго, каб у віленскіх касцёлах з казаннямі і чытаннем Евангелля па-польску былі зацверджаны казанні і чытанні і па-беларуску — асабліва ў час прыходу багамольцаў з Кальварыі і Вострай Брамы — бальшынёй беларусаў — у Вострабрамскім і Боніфратэрскім касцёлах.
8 жніўня менчукоў разбудзіла страшэнная кананада. А шостай раніцы на ўскрайку горада ўсчалася кулямётная страляніна, якая паступова перакацілася на гарадскія вуліцы. Пасыпаліся шрапнелі, цэнтр горада скаланулі гарматныя выбухі, затым да Віленскага вакзала прагізавала кавалерыя. І раптам усё аціхла — чырвонаармейцы выйшлі з Менска.
А чацвёртай дня гараджане пачалі выходзіць на вуліцы і з цікавасцю разглядаць польскіх жаўнераў…
Першыя дні Менск здаваўся пусткай — замкнутыя крамы, бітыя вітрыны. Перад адступленнем чырвонаармейцы вывозілі хто што хацеў і мог: крэслы, шафы, канапы… Чыгуначнікі зноў намагаліся не даць цягнікоў — іх «угаварылі» кулямётамі.
Ніхто не ведаў курсу грошай, і гандляры пачалі браць «на вока», канешне ж, не ў чужую карысць. Хлеб каштаваў у Менску 5 рублёў на царскія, а сала — 12-20. За 15 царскіх рублёў можна было паабедаць у таннай сталоўцы (праўда, калі мець з сабой хлеб). Махляры нажываліся на «бальшавіцкіх» грошах, абдурваючы рабочых. Падарожаў хлеб, і спекулянты намерыліся вывозіць муку з Вільні, ― кошт на хлеб узрос і там. Уладам давялося забараняць спекуляцыю, а на станцыях Ліды і Баранавічаў рыхтаваць два цягнікі з прадуктамі для Менска (балазе ўраджай на Беларусі быў добры).
Магілы на Камароўцы, Койданаўскім тракце, у Лошыцы…
Яшчэ пасля здачы палякам Маладэчна ў Менску ўзлюцілася гарадское ЧК, якое мела 1800 агентаў. Падзеленая на пяцёркі, «чрэзвычайка» магла зрабіць за ноч да тысячы вобыскаў. Некалькі дзён у горадзе «абшуквалі» тых, хто меў хоць нейкае дачыненне да «польскасці» ці «беларускасці». Менчукі, ратуючыся, пачалі ўцякаць у прыгарадныя мястэчкі — далей ад чыгункі, дзе не было ні камісараў, ні чырвоных атрадаў. Многіх арыштоўвалі. «Камітэт абароны» Менска, каб «узмацніць тыл», прыняў нават пастанову аб узмацненні тэрора.
…Праз месяц пасля заняцця горада польскім войскам з ініцыятывы амерыканскай місіі ў Варшаве была створана міжнародная камісія па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў у Менску. У ейны склад увайшлі кабета-палкоўнік амерыканскай арміі (яе прозвішча не дайшло да нашых дзён), доктар Рогаўскі, доктар Міраслаў Абэцэрскі[25], старшыня Польска-беларускага таварыства, і сябра польскага суда Мурзіч. За некалькі дзён камісіяй было выяўлена і эксгуміравана шэсцьдзесят магілаў — у кожнай па пяць-шэсць трупаў, траплялася і па трыццаць… У многіх ахвяраў — рукі звязаны дротам. На сямі целах не было ні знакаў ад куль, ні ад катаванняў: бедалаг закапалі жывымі… Астатніх расстрэльвалі. Большасць — цывільныя людзі, толькі ў адным паховішчы знайшлі трох польскіх уланаў.
Сведкі (дочкі лесніка, на чыёй тэрыторыі выявілі магілу) казалі, што месяц таму тыя ўланы прыязджалі да іх у леснічоўку, а затым былі схоплены чырвонаармейцамі.
У адной з магіл адкапалі труп менскага адваката Елеца, сваяка Антона Луцкевіча, — яго пахавалі жывым. Твар абгніў, і пазналі адваката па шлюбным пярсцёнку, на якім меўся надпіс… Каштоўнасцяў у ахвяр не забіралі: ці не было недахопу, ці не хапала часу…
Знаходзілі трупы, звязаныя па некалькі. Усіх закопвалі неглыбока, і некаторыя трупы выграбалі сабакі і надгрызалі… У магіле на Койданаўскім тракце адкапалі дваццаць шэсць трупаў — ва ўсіх паламаны рукі і ногі…
Падобныя магілы выявілі на Камароўцы ў лесе Ваньковіча і каля Лошыцы (маёнтак Любаньскага), — тры вярсты ад Менска[26].
Многія магілы дапамаглі адшукаць гараджане і сяляне, міжвольныя сведкі забойстваў. Жанчына з прылошыцкага хутара раніцай збірала грыбы. Раптам — гыркатанне самахода. Яна з дарогі — пад яліну, прыцішылася. А самаход, як на тое, тармазнуў побач. З кузава выскачылі тры вайскоўцы, паселі неўздалёк. Закурылі, загаварылі. А раніца ў ліпеньскім лесе росная, звонкая, рэха далёка коціцца!
— А я, — узгадвала жанчына, — і дыхаць перастала… А мужык адзін… зарыштаваныя на кузаве сядзелі… і кажа ім хрыпотна: «Не мучайце больш, забівайце!..»
А той, у хворме, што бліжэй сядзеў, усміхнуўся крыва й бухнуў: «Паспееце!»
Дакурылі яны, значыць, цыгаркі свае і мужыкоў тых — чацвёра было — па адным і пастралялі… Перад гэтым яшчэ рыдлёўкі далі, каб магілу сабе выкапалі. Як першы стрэл ляснуў, у мяне, здалося, штось і абарвалася ўнутры. Хацела наўцёкі кінуцца, ды ўсё ж стрымалася… І ногі як ватныя… А то і мяне б…
«Чрэзвычайнікі» забівалі сваіх ахвяраў не толькі ў прыгарадных урочышчах і лясах — некаторых стралялі ў лёху ЧК на Петрапаўлаўскай вуліцы, дзе і сядзелі арыштаваныя — і праз сценку чулі стрэлы і крыкі…
Пра ўсё гэта з беларусаў адным з першых даведаўся напрыканцы жніўня 1919-га Францішак Аляхновіч — на той час ён ужо быў у Менску: наладжваў дзейнасць сваёй тэатральнай трупы. У Менску пачала друкавацца і ягоная газэта «Беларускае Жыцьцё», у адзінаццатым нумары якой — за 31 жніўня — і будзе змешчаны матэрыял пра бальшавіцкія злачынствы. Засведчаць іх і два жудасныя фотаздымкі пад публікацыяй: на першым — раскапаная ў Камароўскім лесе магіла, каля трупаў ахвяр — сябры камісіі па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў (Рогаўскі, Абэцэрскі, Мурзіч і жанчына-палкоўнік), на другім — дзесяткі эксгумаваных трупаў з магілы каля Койданаўскага тракта. Яшчэ не абгніла вопратка, некаторыя ахвяры босыя, побач з магілай — тры танклявыя бярозкі, а за імі — раўнюткае поле з акуратна састаўленымі ланцугамі бабак — жыта 1919 года паспелі ўжо зжаць…[27]
У Менск пачынаюць з'язджацца беларускія дзеячы і сябры Рады. Першымі вярнуліся Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. Радных Забродскага і Карача бальшавікі арыштавалі і вывезлі ў Маскву — як беларускіх эсэраў. Іваноўскага і Трэпку ўтрымлівалі закладнікамі ў Смаленску…
Боль па ахвярах ліхалецця гучаў і ў публікацыях менскай беларускай газэты «Звон», якая пачала выдавацца напрыканцы лета, калі бальшавікі пакінулі горад («Звон» стаў спадкаемцам «Вольнай Беларусі», закрытай у лістападзе 1918-га бальшавікамі). У першым нумары «Звона» ад 25 жніўня 1919 года, рэдактарам якога быў Янка Купала, у рэдакцыйнай «перадавіцы» «Нашае заданьне» адназначна канстатавалася:
«Мы ані на момант не забудземся, што наша старонка-Беларусь — зруйнована вайною і крывавым панаваннеы маскоўскіх бальшавікоў. Мы ведаем, што калі што захавалася ад вайны, тое не ўтрымалася ад маскоўскіх бальшавіцкіх грабежнікаў».
[24] Браты Мамонічы заснавалі ў Вільні першую дзяржаўную друкарню Вялікага княства Літоўскага і ў 1588 годзе выдалі ў ёй першы Статут княства ― па-беларуску. Тая друкарня, як сцвярджалі віленчукі-беларусы, месцілася ў квартале паміж касцёлам Казіміра і царквой Святога Міколы.
[25] Прозвішча сустракалася і ў іншым напісанні: Абэзэрскі.
[26] Пра злачынствы бальшавікоў у Менску сведчыў Янка Купала (артыкул 1920 года «Справа незалежнасьці Беларусі за мінулы год»): «...Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску. Гэтыя ваенныя няўдачы прывялі бальшавікоў у дзікую злосьць. Яны пачалі шукаць вінаватых, разумеецца, як заўсёды не там, дзе трэба. Спачатку зрабілі «прылучэньнне» Літ.-Бел. Рэспублікі да Расіі (аб незалежнасьці ўжо не можна было і заікнуцца), пасьля зьвярнулі ўвагу на малую працу «чразвычайкі». І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта менчанам добра вядома. Курганы сотняў нявінна расстраляных аб гэтым і цяпер сьведчаць. Над Менскам павіс крывавы кашмар...»
[27] Менскія «першакурапаты» 1919 года вымагаюць больш скурпулёзнага вывучэння, найперш ― росшукаў архіўных матэрыялаў дзейнасці міжнароднай камісіі па вывучэнні бальшавіцкіх злачынстваў у Менску (балазе прозвішчы амаль усіх сябраў камісіі вядомы).