― Проходите…
Пачынала днець. На вуліцы сабралася з дваццаць коннікаў. Стаялі два браневікі з кулямётамі.
Па Падгорнай вуліцы дэлегаты накіраваліся за арыштаванымі да Камерцыйнай школы — цяпер там месціўся штаб Савета народных камісараў.
Кастусь Езавітаў зірнуў на гадзіннік — было пяць раніцы[16].
«Контррэвалюцыянеры» ішлі па вуліцы і спявалі рэвалюцыйныя песні…
Зямля пад лёдам
Яшчэ ўвечары была адліга, а ноччу падмарозіла, пасыпаў снег — і не сунімаўся й раніцай. Па сумётах шырокай Захараўскай ісці цяжка, а тут ― і студзеньскі вецер ледзь не збіваў з ног, мёў белае пухавінне да бліжэйшага валка-сумёта, пераскокваў віхурай праз яго — і зноў заграбаў снежную пацяруху.
На ўзгорку побач з Юбілейным домам сыйшла з рэек конка. Людзі неахвотна выходзілі з вагона, хтось спрабаваў лаяцца.
― Далей не паедзем! Замёты. — Стары вазніца пачаў рассыпоньваць коней. — Рэек нават не відно…
Езавітаў пакрочыў шпарчэй. Тры разы абганялі рамізнікі на санях — вось каму ў такі час заробак!
У «Беларускую Хатку» ён прыйшоў першым.
― Калі ласка, пане Кастусь, да печкі, грэйцеся, — запрасіла старэйшая Сівіцкая.
― Баіцёся, што мая барада не растане? — Езавітаў усміхнуўся, ацёпаў з шапкі і каўняра снег, распрануўся, каля люстэрка прыгладзіў бараду: — А што, нашых «калядоўшчыкаў» яшчэ няма?
― І ня дзіва. Так мяце, што і ўблукаць можна…
Праз хвілін дзесяць з'явіліся Раман Скірмунт, Язэп Варонка, Рак-Міхайлоўскі. Апошнімі прыйшлі Аркадзь Смоліч і Ядвігін Ш.
― Вы, браткі, не думайце, што гэта я заспаў, ― Ядвігін Ш. падштурхнуў Смоліча, усміхнуўся. — Я гэта во касалапу праз гурбы перацягваў…
У сталоўцы паставілі самавар, зачынілі дзверы — і ўраз усе пасур'ёзнелі. Паседжанне пачаў Скірмунт:
― Ну што ж, спадары, да справы. Перш-наперш, як і дамаўляліся, неабходна вызначыцца з усімі ранейшымі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі…
― Так, сфармуляваць іх адносіны да Рады. — Варонка расклаў паперы — зрыхтаваўся пісаць.
― А што тут думаць? Усе датулешнія арганізацыі трэба лічыць улітымі ў Раду, — прапанова Ядвігіна Ш. Яе ахвотна падтрымалі.
― Асобна мусім гаварыць пра фінансы, якіх… — Варонка ўздыхнуў, адклаў асадку: — Першае паступленне, праўда, маем. Пазаўчора Бабруйская павятовая ўправа дала камітэту тры тысячы рублёў, паставіўшы варункам, што грошы гэтыя павінны пайсці на скліканне другога ўсебеларускага кангрэса… А яшчэ сябры з украінскага генеральнага сакратарыяту пагадзіліся зрабіць дваццацітысячную пазыку[17].
― А як з Беларускай вайсковай радаю? — спытаў Езавітаў. ―Мэтазгодна было б надаць ёй асобны статус і акрэсліць яе непасрэдныя мэты. І акрэсліць найхутчэй…
― А мэты тут відочныя — падрыхтоўка да здабыцця ўлады ў краі. ― Рак-Міхайлоўскі выглядаў хоць і стомленым, але рашучым.
― Толькі так! Самі ж пераканаліся, што сіле супрацьстаяць можна толькі сілай. Таму найперш, маеце рацыю, трэба пачаць фармаванне свайго войска, а дзеля гэтага сцягваць у Менск вайсковыя адзінкі, скамплектаваныя з беларусаў. — Варонка агледзеў прысутных і штось пачаў спешка запісваць.
Абудзіўся Смоліч, прыгладзіў, раскладваючы ў прабор, непадатлівыя валасы, паслабіў гальштук — і прапанаваў:
― Бальшавікі збіраюць Чырвоную армію. Не сакрэт, што агітатараў у іх — не раўняць з намі. І каб выйграць час, чаму б не павесці з імі перамовы пра стварэнне… Беларускай нацыянальнай чырвонай арміі? Скажам, са штабам Заходняй арміі, з тым жа галоўным «вайскаводцам» Крыленкам[18].
― У нашым становішчы мы мусім распрацоўваць усё магчымае. — Рак-Міхайлоўскі задумаўся. — І хоць у поспех прапанаванага верыцца слаба, паспрабаваць трэба… Як і звязацца з прадстаўнікамі іншых вайсковых арганізацыяў: у Менску ж нелегальна дзейнічаюць Украінская вайсковая рада Заходняга фронту і Татарскі вайсковы камітэт. І яшчэ… Рада павінна мець у сваім падпарадкаванні мабільную адзінку — тут, у Менску. Па маіх звестках, можна дамагчыся пераводу ў горад 289-га рэзервовага пяхотнага палка, які на семдзесят працэнтаў складзены з беларусаў.
― А касцяк, як і планавалі — збіраць у Бабруйску? — голас Езавітава загучаў басавіта.
― Так.
― І не забыць паведаміць пра гэта ў Кіеў Алексюку. Хай і той пастараецца, — нагадаў Ядвігін Ш., і ўсе разам пачалі складаць тэкст адозвы, у якой Рада Усебеларускага кангрэса абвяшчала сябе адзіным паўнапраўным носьбітам улады на Беларусі.
[16] «Самым важным для нас было тое, ― напіша пазней Кастусь Езавітаў, ― што Першы Ўсебеларускі Кангрэс ясна і рашуча стануў на грунт стварэньня сваёй уласнай беларускай дзяржаўнасьці, што гэтую дзяржаўнасьць ён устанавіў на Беларусі ў форме народнай рэспублікі і што ўладу ў Краю ён перадаў сваёй краёвай уладзе, якую выдзяліў з свайго складу.
[17] Грошы былі перададзены з Кіева ў Менск праз аднаго дзяржаўнага «дзеяча» (сведчылі на Паўла Алексюка), але ў касу Выканкама не трапілі.
[18] Перамовы распачаліся, але па загадзе Мяснікова былі перарваны.