І тады самому выказацца ўсхацелася — толькі не вершам, паўтараючы маладога Алеся, а болем сваім, страхам сваім, жыццём — у прозе сказаць.
І трымаў — апошнім! — ён слова сваё:
— Людцы, сябры ў народзе пакутным, беларускім! — І зніякавеў, счакаў. Змуліў парэпаныя маршчынамі вусны, праяснёныя блакітныя зрэнкі зноў затуманіліся. Наляцеў вецер — і разбрындаў яго рэдкія сівыя валасы, на доўгія веі ўзбеглі пякучыя слязіны… Думкі раіліся ў галаве, пачуцці ўзвірылі, а прамаўляцца не хацелі… І тады зноў дапамагла адроджаная памяць: — Гляджу на вас, на зямельку нашу, а быццам з паднябесся голас Купалаў ліецца… І сам пясняр сёння гаворыць прамовай сваёй:
«Хай вас, Браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны час. Агнём і жалезам куецца моц гарт, доля й воля народная… Зямля, засеена касьцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх… Хай толькі асьвеціць вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыцьцё, калі яна вас да гэтага пакліча».
Я шмат пажыў, а нідзе мацнейшага не пачуў… ― Зрабіў пярэрву, агледзеў прысутных — і сустрэўся з засяроджана-замагнічаным Алесевым позіркам. — І яшчэ… Вось і век наш заканчваецца. А ў новы панесці вы павінны цвёрдае перакананне, што для Бацькаўшчыны найгалоўным будзе жыццё ваша, жыцці ўсіх свядомых сыноў і дачок яе… Вось згадка якраз пра тое ж… Слуцкія паўстанцы — пра гэта, пэўна, мала хто з вас ведае — для сваіх патрэбаў выкарыстоўвалі старыя запасы расейскіх марак, але рабілі на іх наддрукоўку — лацінкай: «Надзвычайная Рада Случчыны». А пазней ужо Задзіночанне беларускай моладзі ў Амэрыцы выдала да саракавых угодкаў чыну сваю марку: выява юнака з бел-чырвона-белым сцягам і светаччу. А тэкст да яе гучаў так:
«Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывіце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага паўстання… Пашырайце праўду аб Беларусі!» — Пад сэрцам здрадліва замуляла, голас пачаў дрыжэць. — А новае стагоддзе, тысячагоддзе павінны стацца часам памяці, памяці мірнай, плённай… Я, сведка ўсіх войнаў старога стагоддзя, мару перадаць вам адно: мір … Жывіце, каб Бацькаўшчына не памерла!
Гэтым ён сказаў усё. Выказаўся, і нарэшце адчуў заспакаенне, якога ніводны твор, ніводная кніга яму не давала. І, здалося, ён нават палегчаў, нават боль адступіў у мінулае, старое… І адно акрыленае пачуццё: ён зрабіў усё… Як «усё»?!
Люд паступова пачаў разыходзіцца. Частка пацягнулася да аўтобуса і ён нават спалохаўся, што не паспее дагнаць свайго земляка-цёзку. Ды не, стаіць той, задуменны, узрушаны.
― Унучак… Я й пачаць як ня ведаю… — Уздыхнуў, у вочы блакітныя зазірнуў. — Падарыць, словам, рэч табе адну хачу, на справу адну ўгаварыць… Прысядзем давай… — Адкрыў чамаданік, разгарнуў паперы. — Ты мне, будзь ласкаў, прозвішча сваё назаві…
― Ганаровіч.
Асцярожна ўпісаў яго ў нейкі тэкст на адной паперчыне, адклаў пад левую далонь — каб вецер не ўзняў. Затым яшчэ ў адной — меншай — распісаўся…
― Вось табе… Гэта ― тэстамант. — Перадаў спешка, зніякавела — А гэта чэк… — Не прамінуў заўважыць, як і хлопец напяўся, разгубіўся. — Я з-за акіяну ехаў сюды, а назад зямля наша слуцкая адпускаць ужо ня хоча… Там, у Сан'юку, штат Фларыда… дом мой застаўся, архіў багаты. Можна шмат яшчэ чаго дарабіць… Як ахвота табе, маладому, — паедзь, зірні. Музей беларускае культуры закласці ў доме можна ці выдавецтва якое… А грошай на пачатак хопіць… Мову ж ты, казаў, ведаеш, і сэрца ў цябе, бачу, нашае. Абы ахвота… Там і тэлефоны сяброў. Яны дапамогуць з афармленнямі… ― Бачыў, што хлопец штось яму мовіць хоча, але перапыніў, пальца да вуснаў паднёс. — Падумай, а я йшчэ з полем пагавару.
Яны былі акурат на ўскрайку вёскі. І ён, аберуч паціснуўшы хлопцаву руку, паволі, не зважаючы на папераджльны сігнал кіроўцы аўтобуса, паклэпаў за прысады, да неперааранага перад зімою іржышча. Горычна ўкленчыў, ахапіў рукамі намерзлую зямлю. І пачуў, як з паднябесся зусім нечакана пачала набліжацца-расці жывая салаўіная песня.
І яго ўзяло ў свае абдоймы роднае слуцкае поле — альфу і амегу слаўнай і трагічнай гісторыі тых даўніх уж, о вясновых гадоў, таго далёкага лістападаўскагамесяца.
Яе першага і апошняга сведку.
Яе пачатак і канец…
Не, Алесю Хведаравічу не пашчасціла вось так прыгожа памерці… «Хуткая» адвезла яго ў Слуцак. Алесь Ганаровіч датэлефанаваўся ў Менск у амбасаду ЗША. Адтуль звязаліся з еўрапейскім прадстаўніцтвам карпарацыі «Кантыненталь» (на якую дваццаць гадоў працаваў Алесь Хведаравіч), яна выправіла ў Слуцак верталёт — каб перавезці спадара Яцкевіча ў Варшаўскую клініку… Пасля інсульта Алесь Хведаравіч перастаў хадзіць. Ягоны сын Міхаіл, вядомы ў ЗША фізік, не пажадаў даглядаць бацьку — і накіраваў яго ў старэчы дом, дзе праз тыдзень Алесь Хведаравіч і сустрэў сваю смерць.
Жменьку слуцкай зямлі на ягоную магілу павёз Алесь Ганаровіч…
1995 - 1999
Кніга другая. ХТО ВОЛІ ПРАГНЕ
Гасцяванне тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага чэрвеня ад Раства Хрыстовага ў горадзе кожны заўважаў па-рознаму: пацішэлі, напяліся немцы, на рынку знікла малако, на цагляныя разваліны і крушні друзу бесклапотна ўзбеглі чубкі лебяды й асочышча, злосная талачэча загула на вакзале, у катэдральным касцёле змяніўся, святар…
Пляц Волі патанаў у сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцаю — і знікла, нібыта расталад Скразняк, слабы, няўпэўнены — ад рэчкі, праз прогу каля Святадухаўскай царквы…
…Езавітаў развітваўся з Радзімай не ўпяршынь. Напачатку былі расстанні ўзнёсла-юнацкія, калі пасля летніх вакацыяў мусіў ехаць у няветлы Дзвінск, дзе ў крэпасці служыў афіцэрам бацька. Затым — змушаны ад'езд у 1918-м разам з Радаю ў Вільню. І вось — адыход сённяшні…
Паволі перайшоў на другі бок пляца, у царкве запаліў тры свечкі, прачытаў «Войча наш» — і зусім не па-вайсковаму прашомкаў да выхаду. Прысеў на шурпаты валун (ці не з якога-кольвек падмурка?), запаліў горкую папяросіну, азірнуў на царкву — і ейны франтон з дзвюма вежамі-званіцамі ўявіліся нябеснай брамай, пракаветным уваходам з учора ў заўтра..
Частка I
Яраслаўскія сустрэчы
Вецер дзьмуў з рэчкі — вогкі, сіверны. У гарадскіх кварталах ён разбягаўся скразнякамі, гарэзіў абарванымі-абсыпанымі лістамі, гнаў-кружляў, змятаў іх у дворыкі й расцярушваў пад калёсы фурманак.
Такога шматлюдства Яраслаўль ужо даўно не бачыў. Напачатку ў горад штодня конна дабіраліся па некалькі сем'яў і незаўважна спыняліся ў пастаялых дварах. За лета ўсё было занятым, і гружаныя небагатым хатнім скарбам вазы грукацелі гарадскімі брукаванкамі далей на ўсход. Чым больш прасоўваўся фронт, тым больш люду пералівалася праз горад. Сотні паязджанаў абжывалі закінутыя ў тупіках вагоны, запаўнялі вакзалы.
Калі летам 1915 года запалыхала ў вайне Беларусь і штаб Заходняга фронта размесціўся ў Менску, у паязджанства падаліся і беларусы. Некалькі берасцейцаў Максім сустрэў пазаўчора на рынку — спрабавалі абмяняць вырабленыя аўчыны на штось з'естнае, а вось зараз — нечаканае знаёмства з менскім аднагодкам…
Напачатку на Стрэлцы, дзе месціўся Дзямідаўскі ліцэй, яго спыніла абвязаная ў цёплую хусту жанчына і боязна спытала: