Пакуль зразумела, здаецца, адно: супраціў па часе паходзіць з пострэальнасьці. Адсюль вынікае, што адносна рэальнасьці, супраціў, хоць і пакліканы рэальнасьцяй, ёсьць велічынёй ірэальнай, ён уяўляе сабой нешта падобнае да рэха рэальнасьці, сваеасаблівы скажоны водгук на ўжо прамоўлены гук.
Як гук ніколі ня ведае, якім і скуль ён вернецца рэхам, так і рэальнасьць ня ведае, у якіх формах супраціву адгукнецца на яе покліч пострэальнасьць.
Таму і ў гэтым сэнсе, у гэтым сэнсе непрадбачнасьці супраціў заўсёды ёсьць велічынёй ірэальнай.
Бадай, ірэальнасьць супраціву, што да рэальнасьці, зьвязана найперш з тым, што калі рэальнасць мае толькі адзін варыянт самой сябе, то пострэальнасьць, будучае віртуальна неабмежаванае, зрэшты, як і кажны ірэальны дыскурс.
Карацей, вэктарна супраціў у часе знаходзіцца наперадзе той падзеі, дзеля якой ён быў вымкнуты супраціўляцца. Зусім адваротнае мейсца займае супраціў у прасторы.
Вэктарна ў прасторы супраціў заўсёды займае мейсца ззаду таго, чаму ён быў вымкнуты супраціўляцца.Зьявіўшыся ў часе з будучыні, з пострэальнасьці і патрапіўшы ў рэальнасьць як прастору рэальнасьці ён становіцца не наперадзе-насупраць свайго супраціўніка, а яму за сьпіну. Чаму так атрымліваецца?
Рэч у тым, што супраціў заўсёды спазьняецца на сваё пакліканьне. Нейкая падзея выгукнула яго з будучыні і ён адгукнуўся на яе покліч, сьпяшаецца туды, а яе ўжо там няма, бо нішто ніколі не стаіць на мейсцы.
Каб патлумачыць гэта і сёе-тое іншае больш выразна, яшчэ раз згадаем апорыю Зянона “Ахіл і чарапаха”. Ахіл зьяўляецца з часу ў прастору пазьней за чарапаху, яна там ужо ёсьць і таму рухаецца наперадзе яго. Ахіл зьявіўся, каб дагнаць чарапаху, ён яе супраціў. Але Ахіл ніколі не дагоніць чарапаху, таму што з будучыні ён патрапляе не ў сучаснае рухомай чарапахі, а ў яе прамінулае, як часава, так і прасторава. І як бы Ахіл не вымагаўся, як бы не набліжаўся да чарапахі, ён ніколі не пераадолее нейкі апошні зазор між сабой і ёю, ён заўсёды будзе заставацца часавым і прасторавым прамінулым чарапахі. Уласна, Ахіл ня столькі даганяе чарапаху, колькі бяжыць навыперадкі сам з сабою, і будзе так бегчы, пакуль канчаткова не зьнясіліцца.
Гэтаксама і супраціў. Узьнікнуўшы, ён ніколі не пераадольвае зазор між сабой і тым, чаму ён вымкнуты супраціўляцца. Зьявіўшыся ў прасторы рэальнасьці, ён заўсёды супраціўляецца не таму, што яго выклікала, а нечаму іншаму, зрэшты, чаму заўгодна, толькі не таму, што абумовіла ягонае зьяўленьне. І найчасьцей гэтае іншае ён знаходзіць у самім сабе, у сваіх унутраных супярэчнасьцях. Пэўна адсюль, з гэтага, зь немагчымасьці супраціўленьня супраціву свайму супраціўніку і зьявілася вядомае палітычнае выслоўе, што “рэвалюцыя паглынае свае дзеці”, у якім азначэньне “свае дзеці” — гэта толькі мэлядраматычная гіпэрбала самой рэвалюцыі.
Рэвалюцыя (як і ўсялякая іншая форма супраціву) — гэта бег Ахіла навыперадкі з самім сабой. Бег да ўласнай зьнямогі.
Пакуль я не закранаў пытаньне, якое мусіла б стаяць наперадзе, калі б я пэўна ведаў на яго адказ, а менавіта: з чаго, чаму ўтвараецца фэномэн супраціву?
Усё цэлае, завершанае, поўнае ня мае патрэбы ў кантактах з будучым і таму яно ня можа ініцыяваць зьяўленьне супраціву. Відавочна, што супраціў паклікаецца з пострэальнасьці не паўнатой, а непаўнатой рэальнасьці.
Цяпершчына правакуе зьяўленьне супраціву з будучыні сваімі незапоўненымі мейсцамі, альбо мейсцамі дэфармаванымі, скажонымі, якія яна сама ня можа ні запоўніць, ні выправіць. Але ж зразумела, што непаўната выклікае ў будучыні не супраціў сабе, а неабходную ёй меру паўнаты. Чаму ж гэта пакліканая з пострэальнасьці мера паўнаты, патрапіўшы ў рэальнасьць, не займае сваё, раней нічым не запоўненае мейсца, а спрабуе стаць у супраціў таму, што яе паклікала?
Паўтаруся, у мяне няма пэўнага адказу на гэтае запытаньне, бо ў мяне іх некалькі, ад немудрагелістага сацыялягічнага, у якім фэномэн ператварэньня пакліканай з будучыні меры паўнаты ў супраціў тлумачыцца тым, што супраціў узьнікае ня там, дзе была паўната, а там, дзе паўната была скажоная, дэфармаваная. Гэта значыць, што супраціў — гэта дзея ператварэньня дэфармаванай, скажонай паўнаты ў паўнату якасную, ідэальную.
Вонкава падаецца, што гэта дастаткова лягічная вэрсія, але, падобна, тут лёгіка выступае адно ў ролі прэзэнтатара аптымістычнай школьнай дыдактыкі.
Згадаю яшчэ адну вэрсію, якая ўжо трохі бліжэйшая да зададзеных парамэтраў гаворкі. Запатрабаваная сучаснасьцю неабходная мера паўнаты трапляе з будучыні не ў сучаснасьць, якая яе запатрабавала, а, посьледам за сучаснасьцю, у прамінулае, дзе тая сучаснасьць ужо апынулася, гэта значыць, патрапляе не на сваё мейсца, не туды, куды яна была пакліканая.
Дык вось, з гэтай вэрсіі вынікае, што супраціў — гэта паўната, якая не патрапіла на сваё мейсца, якая ня мае сабе мейсца, і каб здабыць яго, спрабуе выштурхнуць тую паўнату, што тут ужо была да яе. Адным словам, Ахіл спрабуе апярэдзіць чарапаху, каб займець яе мейсца, бо свайго, акрамя як сам у сабе, ня мае.
Гэтая досыць пакручастая вэрсія пакідае столькі прасторы для новых пытаньняў, колькі іх можна сфармуляваць, але ўласна для мяне яна ўсё ж такі сёе-тое і тлумачыць, прынамсі адну зь якасных характарыстык супраціву — ягоную агрэсыўнасьць. (Натуральна, панятак “агрэсія” тут фігуруе ня ў якасьці этычнай катэгорыі.)
Агрэсія — гэтая якасьць, якая ўзьнікае і фармуецца з адсутнасьці свайго мейсца, сваёй якасьці, сваёй формы. Агрэсія — гэтая інтэрвэнцыя пошуку мейсца сваёй прысутнасьці.
Усе формы супраціву, а іх, зразумела, безьліч у самых розных праекцыях быцьця, абумоўлены мерай энэргіі агрэсіі, гэта значыць мерай аддаленасьці ад свайго мейсца прысутнасьці.
Без асаблівай тут патрэбы, хіба толькі ў зьвязку з агрэсіяй, як аднэй з асноўных якасных характарыстык супраціву, я згадаю адну з найцікаўшых формаў супраціву, адносна нядаўна сфармуляваную ў постмадэрнавым дыскурсе, а менавіта — дэканструкцыю.
Верагодна, дэканструкцыя — гэта самая неагрэсыўная форма супраціву. І вось чаму. Супраціў як агрэсія ўзьнікае з таго, што пакліканая непаўнатой сучаснасьці мера паўнаты патрапляе ў прамінулае, дзе шукае сабе мейсца, але ня проста шукае, а шукае мейсца тоеснага мейсцу свайго паходжаньня, гэта значыць — будучыні. І таму звычайны супраціў рэканструюе ў мінулым рэальнае як будучае, — адпаведна вобразу будучага.
Інакш дэканструкцыя. Дэканструкцыя — гэта канструяваньне рэальнасьці ня праз будучае, а празь мінулае. Адсюль вынікае, што ў гэтай формы супраціву ня так войстра стаіць праблема стасункаў зь мінулым, дзе, уласна, прасторава і рэалізуецца супраціў як фэномэн неадпаведнасьці нейкай часткі паўнаты быцьця свайму мейсцу.
І апошняе, пра што хацелася б сказаць колькі словаў. Мяне вельмі цікавіць тое мейсца, дзе Ахіл амаль нагнаў чарапаху, дзе яны рухаюцца, лічы, упоравень, але і дзе Ахіл ужо канчаткова зразумеў, што як бы ён ні ўпінаўся, ён ніколі не пераадолее чарапаху. Інакш кажучы, мяне вельмі цікавіць тое мейсца, дзе энэргія агрэсіі супраціву зьнясільваецца ў найбліжэйшым зазоры ад таго, чаму ён супраціўляецца і дзе супраціў з сваім супраціўнікам апынаюцца ў стане нейкай раўнавагі. Гэтае мейсца і гэты стан не бяз пэўнай меры выкліку нашай наскрозь запалітызаванай сытуацыі я паспрабую пазначыць словам з палітычнай тэрміналёгіі, а менавіта словам канфармізм.
Канфармізм — гэта зьнясілены супраціў, гэта супраціў, які ўсьвядоміў немагчымасьць сваёй перамогі.
У сытуацыі канфармізму супраціў нікуды не зьнікае, ён толькі пераходзіць у лятэнтны, утоены стан. Гэта ў адной праекцыі. А ў другой, праз сваю максымальную блізіню да супраціўніка ў стане зьняможанасьці агрэсіі і маўклівага дэкляраваньня зьмірэньня зь лёсам пераможанага, супраціў як бы атрымлівае магчымасьць легалізацыі сябе як супраціву ў якасьці несупраціву…
І, магчыма, сытуацыя канфармізму — гэта тое адзінае мейсца, дзе супраціў і тое, чаму ён супраціўляецца, напоўніцу выяўляюць сваю сапраўдную сутнасьць.
Ахіл прайграў чарапасе яшчэ да таго, як кінуўся навыперадкі.
Але каб зразумець гэта, яму трэба было яе дагнаць. Амаль дагнаць…
замест пасьляслоўя