Паспрабуем паставіць у прапанаванай сынтаксычнай фігуры на мейсца Мінска што заўгодна: Полацак, Горадню, Магілёў, Смаленск, Вільню...
Да прыкладу:
Горадня — сталіца Беларусі.
“Няпраўда”, — першае, што прыйдзе да галавы і выгукнецца сэрцам. — “Няпраўда. Так быць ня можа, бо так ня можа быць”. Мы гэта, як зьвяры бяду, адчуваем нутром. Занадта шмат на гэтай прасторы ладзілася канструктыўных хімэраў, якія неўзабаве асыпаліся, здавалася б, бяз дай прычыны, калі гэткай не лічыць адсутнасьць повязяў з сакральным прызначэньнем.
Мінск — падстава як гарманізацыі, так і легалізацыі этнічнай прасторы. У гэтай якасьці ён застанецца і будзе — да таго часу, пакуль нацыя і дзяржава будуць хоць нешта значыць для чалавека. А як толькі гэтае значэньне страціць сваю актуальнасьць, Мінск зноў перакінецца ў Менск, змарнее, сьцішыцца, атухне ў марудзе штодзённых турботаў... Зрэшты, гэтую сумную пэрспэктыву цяпер нават марна вы-глядаць — залішне яна адцягненая і паэтычная. Лепей абернемся да яшчэ блізкай мінуўшчыны і зьвернем увагу на міграцыю 50-70-х гадоў, калі ў насьцеж расчыненыя брамы места пацягнулася беларуская вёска і яе коштам Мінск упершыню за апошнія колькі там стагодзьдзяў стаўся горадам, дзе жывуць пераважна беларусы. Згаданы факт надзвычай важкі ў нашым аповедзе, бо бяз гэтага “сена на асфальце” і ў аб’яўленым значэньні сакральная роля Мінска заставалася б толькі дэклярацыяй, і невядома, калі і як з гэтага дэкляраваньня атрымалася б нешта вартае...
Мы перабіраліся ў Мінск зь вёсак і мястэчак зусім ня дзеля таго, каб тут гартаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася ў “шолаху моўкнасьці” гэтай прасторы... Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцоў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад сьпех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобным да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі і, па сутнасьці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Коўзунах, Сьвіслачы, Тураве... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля ўзьнікла запатрабаванае лёгікай пытаньне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое — Мінск? У пошуках тлумачэньня не магла не зьявіцца думка: а можа Мінска як Мінска няма, можа, ёсьць толькі пэўная каардыната, пазначаная межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасьць горада, якая была пакліканай сюды, каб вымкнуць з кантынууму ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе зьбегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасьці?
Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексаваньня, з эмбрыёну “Мы” мусіла паўстаць самотнае “Я” ў якасьці апазыцыі ідэальнай унівэрсаліі і адначасна гораду, што некалі будзе...
Мінск — места адзінокіх самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач — усяго толькі прыкрая недарэчнасьць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала вярэдзіцца думцы: навошта я сам сабе патрэбны?
Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць упэўненым, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані мітаў, прывіды ідэалягемаў, сьляды сьлядоў... Цені ірацыянальнага будуць гуснуць, цяжэць, усё цяжэй класьціся на покрыва каардынаты, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца нечым, што некалі стане тым другім, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялёг, і такім чынам спакваля з горада, якога няма, зробіцца горадам, які ёсьць.
Мне кажуць (сёньня я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасьць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават за самога пана Бога.
Ня ведаю, можа, які іншы чалавек і зьяўляецца такой значнай цацай, толькі ня я. Я ня бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасьці арганікі, выдзеленай з агульнага кантэксту “жывога рэчыва” даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным свэдрам.
Я — гэта семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасьці чырвонага колеру, зьмешчаных у колькі там квадратных мэтраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нэрваў, два-тры хаценьні, некалькі запазычаных думак... Вось і ўсё.
А мне і згэтуль і адтуль: ты цэнтар сусьвету, апірышча быцьця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.
Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і як той андэрсанаўскі хлопчык, толькі ня весела, а з сумам, пярэчу: “Чалавек голы”.
Я ганарлівы, як засьцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе ня ведаю? Зь якой-такой ласкі — найвялікшая каштоўнасьць, за што такая пашана?
Магчыма, іншых гэта не цікавіць, а мяне дык надта: як раб божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі чалавек спрычыніўся да сэнсу быцьця, чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?
А было нават так: “І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх сказаў: вось маці Мая і браты Мае: бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат і сястра, і маці”.
Гэта нават больш за адмаўленьне ад сябе — адмаўленьне ад маці дзеля прыналежнасьці да ідэі.
Ідэя, сэнс і сутнасьць быцьця знаходзіліся па-за асобай да той пары, пакуль ня ўзьнікла пытаньне: ці вольны чалавек у сваім зямным выбары, ці пан ён над сваімі немудрагелістымі ўчынкамі?
З гэтага пытаньня спакваля высьпеў гуманізм.
Гуманізм — гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарупіны субстанцыі Бога.
Ува ўлоньні гуманізму канчаткова сфармаваўся эгаізм.
Рэнэсанс, справакаваны ідэяй гуманізму (ці наадварот?), паспрыяў разьняволеньню эгаізму, надаў яму імпульс для выяўленьня раней прытоенага патэнцыялу.
Сэнс чалавека — чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам і абсалютна завершаны. Найвялікшая каштоўнасьць.
Наймагутную духоўную крызу не змаглі стрымаць ні контррэфармацыя XVI-XVII стагодзьдзяў, ні камунізм XX. Зрэшты, чаму крыза?
Напэўна, ужо сёньня мы можам разглядаць гісторыю чалавецтва як эвалюцыю эгаізму. Ад інстынкту самазахаваньня да пабытовага эгаізму і далей праз гуманізм да татальнай самадастатковасьці.
Гуманізм паступова выціскае хрысьціянства, як і ўсе іншыя не-эгаістычныя канцэпцыі прысутнасьці чалавека ў сьвеце. Апошняй яго ахвярай стаўся калектывізм.
На зыходзе XX стагодзьдзя эгаізм няўмольна датрушчвае тыя ідэі, якія яшчэ месьцяцца па-за асобай. Чалавек перакуліў сьвет на сябе, і эгаізм заняў мейсца пануючай духоўнай ідэі.
Ёсьць тое, што ёсьць, і калі эгаізм перамог усе іншыя магчымасьці быцьця, то, значыць, сапраўды няма ў прасторы і часе нічога, што было б больш значным за чалавека. Значыць, і сапраўды няма нічога больш важнага за гэтыя семдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасьці чырвонага колеру, зьмешчаных у колькі там мэтраў бляклай скуры.
Але, але... Рэч у тым, што асабіста я не хачу быць месьцішчам абсалютнага сэнсу, бо ня бачу ў сабе, зь якога боку ні глядзеў, адпаведнага абсалюту зьместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робіцца выразьнейшым разуменьне канчатковай бессэнсоўнасьці асобнага чалавека, якая вынікае зь яго не-абавязковай прысутнасьці ў жыцьці.