КАХАНЬНЕ
Танюткая, пяшчотная, мяккая, ідэальная жанчына, прыстойная, рамантычная, пільная, неверагодна чуйная, прыгожая, сьветлая, творчая, таленавітая, магічная, іншаплянэтная, лёгкая, вясёлая, аптымістычная, сяброўская, заўсёды падтрымае, заўсёды дапаможа, выслухае, выцягне, абдыме... Пра В. я такім чынам магу разважаць суткамі. Яна мой сэнс жыцьця, мой пачатак і мой канец, мая альфа й амэга, мой космас, мой творчы настрой, мая атмасфэра сямʼі. Яна адначасова ёсьць са мною паўсюль і вакол мяне, і калі нас ня стане, застанецца той няўлоўны пах, тыя самыя малекулы нашага жыцьця, прадукт каханьня й творчасьці. І па сёньня я ня веру таму факту, што яна стала маёю жонкаю, бо пачыналася ўсё зусім ня так, як большасьць можа падумаць альбо абвыкла верыць, бачыць, ведаць.
Усё пачыналася са сваркі, з шэрага аўтобуса, які, напампаваны маладымі й сырымі дызайнэрамі-студэнтамі, вёз гэтыя целы на мастацкае біенале ў Віцебск. І ў гэтым аўтобусе апынуліся два зусім неадэкватныя чалавекі: мой сябра, творца, паэта Цімур і я, прыблудны ёлупень, які толькі што вярнуўся зь Лёндану ды перажываў маміну хваробу, развод, крызіс каштоўнасьцяў, зьмену жытла... Цімураву выдатную кароткамэтражку высунулі ў асноўны конкурс мастацкага біенале ў разьдзеле мэдыя. Мы абодва былі не ў гуморы, але кожны меў розныя мэты. Усіх агулам, хто ехаў у аўтобусе, мы ненавідзелі, лічылі за бяздарнасьцяў, і, зразумела, калі мы пабачылі, што перад намі сядзяць дзьве дзяўчыны, адна з каторых чытае Грышкаўца, а другая — нейкі "танны" модны часопіс, наша нянавісьць да жыцьця й сьвету сканцэнтравалася на іх. Мы іх абражалі, высьмейвалі, потым абражалі тых, хто за іх заступаўся... Карацей, калі мы прыехалі ў Віцебск, ужо ўвесь аўтобус нас добра ведаў і жадаў нам сьмерці. Але нам было, вядома, похуй! Да пачатку біенале было колькі часу. Мы зь Цімурам напіліся гарэлкі, прыйшлі на адкрыцьцё, сарвалі нейкія пэрформансы, глуміліся з карцін і інсталяцый, абдымаліся, спрабавалі пры людзях цалавацца, пілі — і нас пагналі... Хто мог нават падумаць, што праз колькі гадзін Цімур атрымае галоўны прыз біенале за кароткамэтражку і мы з шумам і вычварэнствам пакінем цырымонію ўзнагароджаньня, а тыя, у каго былі пытаньні наконт вартасьці прысутнасьці на біенале Цімура, пераканаюцца, калі ён, як пераможца, пʼяны, падымецца на сцэну па ўзнагароду за найлепшы фільм кароткага мэтра ў намінацыі візуальнае мастацтва і з гонарам паглядзіць на ўсіх зьверху ўніз.
І далей у аўтобусе зваротна ў Менск мы будзем яшчэ горш сябе паводзіць, адзначаючы перамогу "Чалавекансэрвы". Цімур будзе хваліцца й пець песьні, я — праклінаць пасажыраў і ссаць у праход між сядзеньнямі... Тады ў тым аўтобусе была В. разам зь сяброўкаю, менавіта яна чытала Грышкаўца раніцою па дарозе ў Віцебск, менавіта яна, едучы зваротна, чытала нейкі часопіс і глядзела на нас такімі спалоханымі вачыма, якія па памерах нагадвалі карычневыя міні-талерачкі... І яна яшчэ тады даведалася, хто я такі — недарэчны, злосны, незадаволены сваім жыцьцём чалавек, які спрабуе пісаць прозу...
Мы вярнуліся ў Менск, накіраваліся зь Цімурам працягваць піць, дызайнэры з аўтобуса клялі нас, але ня моцна, усе былі стомленыя і проста радыя, што даехалі й вызваліліся ад нашае кампаніі... З В. пасьля гэтага падарожжа мы ня бачыліся два гады, пакуль аднойчы не сутыкнуліся на Купальлі, акурат у Вязынцы. Я тады таксама быў ня надта ахвочы да стасункаў з грамадзтвам, аточаны Цімурам, Зьмітром і Ігарам. Было вельмі сьпякотна й туманна, у нас быў пяршак і намёт, мы былі пʼяныя ўшчэнт, бегалі па беразе ракі бяз вопраткі, крычалі, мацюкаліся, чыталі вершы, а пад раніцу елі сырыя шашлыкі й да ўсяго згубілі разабраны намёт... В. тады даведалася, што ў нас дзейнічае літабʼяднаньне "Вобла", і паабяцала прыйсьці, і памылкова мне дастаўся вянок зь дзьмухаўцоў зь ейных малочных рук... Урыўкі купальскай ночы размаітыя, але дакладна ведаю — я шкадаваў, праз гэты пʼяны ўгар я шкадаваў, што такая неверагодная дзяўчына (а я нарэшце яе разгледзеў і нават здолеў крыху пагутарыць) другім разам бачыць мяне цалкам неадэкватным, растаўсьцелым дурнем, да ўсяго яшчэ й напаўраспранутым.
В. пачала хадзіць на нашае літаратурнае абʼяднаньне, прыносіла вершы, прыводзіла сябровак, чытала, мы абмяркоўвалі, я чытаў, астатнія чыталі й абмяркоўвалі, пасьля выпівалі... Мне неабходна было наноў завязаць зь ёю знаёмства, зрабіць так, каб яна па-іншаму пачала на мяне глядзець, што было неверагодна цяжка, бо я ўжо быў запісаны ў ейную кнігу ўспрыманьня людзей як адзін з самых злых і гнюсных пачвараў... Але я прыдумаў такую рэч.
Праз колькі месяцаў мусіла выйсьці ў выдавецтве "Галіяфы" ў сэрыі "Другі фронт мастацтваў" мая першая кніга брудных апавяданьняў, кніга-інтэрпрэтацыя таго, што мяне хвалявала, кніга-алюзія на мой унутраны сьвет, кніга-лячэньне, кніга-псыхааналітычная-багна, кніга-экзыстэнцыя... і я запрасіў яе дапамагаць мне з вокладкаю.
На той момант я ўжо меў фотакалаж Юры Кузьняцова, але мне трэба было сумясьціць калаж разам са шрыфтом і памерамі вокладкі... Такім чынам мы захрасьлі на некалькі вечароў з працаю на кватэры сяброўкі В.
Мы пачалі адасабляцца ад агульнай тусоўкі пісьменьнікаў, і гэта было лягічна: мой сьвет пераходзіў у валоданьне В., а таксама я разумеў, што шмат каму проста не даю жыць са сваімі апавяданьнямі, таму не было ахвоты на камунікацыю... Я ня бачыў сэнсу ў сваёй літкампаніі, дзе ўсё падавалася нібыта несапраўдным, чымсьці лжывым, толькі два чалавекі мяне там падтрымлівалі, але й яны кудысьці потым падзеліся... І вось, В. працуе над маёю вокладкаю, а я думаю над тым, як бы так зрабіць, каб акрамя працы ў нас зьявіўся вечар адпачынку, кавярня, можа быць, шпацыр па парку альбо паход на якую выставу. Праз гэтыя хваляваньні й развагі я пакутаваў, праводзіў вольныя вечары за бутэлькамі разам зь Цімурам, і адным вечарам я яму проста сказаў, што закаханы ў В. і трэба, каб ён дапамог вырашыць гэтую праблему. І мы, выпіўшы, набраліся нахабства й патэлефанавалі ёй і дамовіліся на сустрэчу ўвечары, калі было ўжо за дзесяць гадзін.
Я скончыў размову па мабільным тэлефоне і, не стрымаўшыся, закрычаў, заскакаў па парку Адама Міцкевіча, акурат ля ягонай марна сядзячай бронзавай постаці, я радаваўся, як дзіця, і Цімур са мною таксама. Гэта для мяне было вялікім крокам, вырашальным.
І вось вечар, ужо ноч, мы, гуляючы, апынуліся ў кватэры сяброўкі В., сьвятло выключана, усе адпачываюць, я ляжу на падлозе, насупраць ляжыць В., яна ўжо сьпіць, я яе буджу, яна скрозь сон мармыча, што ня сьпіць і чаго я ад яе хачу, а я проста адразу і кажу: "Я цябе кахаю", ціхенька кажу, баючыся гэтых слоў. І раптам В. шырока расплюшчвае вочы й аслупянела глядзіць на мяне, шакаваная. Я яе кахаю, я, чалавек, які яе абразіў, паводзіў сябе, як апошні ёлупень, зь якім у яе чыста працоўныя стасункі. Нейкім невядомым чынам яна сёньня гуляла зь ім у парку — і ён закахаўся!? Яна, спалоханая, падскоквае з падлогі й ляціць падыхаць сьвежым паветрам на гаўбец. Мне сорамна, я ня ведаю, што рабіць, толькі сэрца калоціцца, і вусьцішна ад таго, што яна скажа, калі вернецца ў пакой.
Настала раніца, нічога не зьмянілася. В. зь сяброўкаю сядзела на кухні і паўшэптам пра штосьці распавядала. Мы зь Цімурам пакінулі кватэру і разышліся ў розныя бакі... і разышліся, сапраўды разышліся ўсурʼёз і надоўга. Гэта адбылося празь недаказанасьці, праз тое, што мы зусім па-рознаму займаліся літаратураю, нават нягледзячы на тое, што нас ядналі аднолькавыя літаратурныя густы і мы аднолькава былі за супраціў, аднолькава жадалі змагацца, аднолькава лічылі большасьць сучаснай літаратуры няўклюднай падробкай, аднолькава верылі ў самотнасьць творчага пачатку, верылі ў альтэрнатыву...
А потым мы з В. пабачыліся яшчэ раз, і яшчэ, і нават, нягледзячы на тое, што ў той час да В. заляцаўся нейкі хлопец і пастаянна то спрабаваў ёй пра штосьці намякнуць, то ставіў ёй у слухаўках рамантычныя песьні СПЛІНоў, мы зь ёй пачалі нашае каханьне праз тое, што я выдаткаваў неверагодную колькасьць ідэяў, рэчаў і падставаў, каб сьпярша як мага часьцей бачыцца, а потым нават паехаць у падарожжа ў Нясьвіж, дзе была зорная ноч, кювэт, белы партвэйн зь мінэралкаю, чытаньне ёй услых маіх першых казак і доўгія пацалункі, нечаканыя, гарачыя, і потым была раніца, было крыху няёмка, было ўлюбёна, было шчасьце, адбыўся пачатак, пачатак нашага каханьня.
Кастрычнік 2012
Вэнтспілс
МАРЫ Й СПАДЗЯВАНЬНІ НА БЕРАГОХ КАКТЭБЕЛЯ
1.
Шчыра кажучы, сьпярша мы з В. сумняваліся ў вартасьці паездкі. Нельга сказаць, што нас ня вабіла думка адпачынку ды зьмены краявідаў Менску на кактэбельскія, але сумнеў быў наконт самога фэстывалю, на які нас запрасілі, — VIII Міжнароднага фэстывалю літаратуры і мастацтва імя Валошына.
Калі мы зайшлі ў цягнік Менск-Феадосія, нас адразу зьбіла з ног нейкая старая жанчына, за сьпінай якой дыхаў перагарам стары муж, а ўжо за іхнымі дзьвюма сьпінамі хаваўся сынок з мутна-пʼяным позіркам і фрызурай "пад машынку, але чубчык пакінуць". Я крыху ашалеў, калі гэтая праклятая тройка ашчэрылася на нас, так бы мовіць, мы тут іхныя месцы занялі... І, каб не спрачацца, мы пайшлі са старой жанчынай да правадніцы.
Жанчына ішла бадзёра, прадчуваючы, як яна будзе зганяць са сваіх месцаў недарэчных істот: мастачку з эцюднікам і варʼята-пісьменьніка з трантамі. Але трэба было бачыць расчараваньне на ейным твары, які адлюстраваў усю сусьветную трагедыю пасьля таго, як правадніца сказала, што яны памыліліся вагонамі.
Двое мужчын, рохкаючы, пырскаючы сьлінаю, выцягнулі з-пад месцаў свае торбы і з грукатам зьніклі...
Нашаю суседкаю да Гомеля апынулася вельмі прыемная і сумленная дзяўчынка, якая ўсё падарожжа слухала плэер і набірала смс-кі, не зьвяртаючы на нас ані каліўца ўвагі...
Чыгуначныя калёсы зь мяккім шапаценьнем імчалі нас уніз, на поўдзень...
Пасьля вячэрняга прагляду "Чырвонага" з трылёгіі "Тры колеры" Кшыштафа Кісьлёўскага мы даволі мірна паснулі, і толькі двойчы нас палохалі сваімі завітаньнямі памежнікі, спачатку нашы, потым украінскія. Шчыра кажучы, праз сон яны ўсе мне падаліся шэрымі міліцыянтамі-мытнікамі-памежнікамі, зьлітымі ў адно вялікае пытаньне: "Паглядзіце на мяне, ці ёсьць пра што заявіць у дэклярацыю, пакажыце торбы, міграцыйны ліст, дзякуй".
Ранішняе сьвятло расплюшчыла вочы, а колы цягніка за ноч крыху нападдалі пад бакі, і я, нарэшце, прачнуўся памяты, але жывы, агледзеўся, пабачыў з-пад стала В., якая сядзела насупраць мяне і рабіла графічныя занатоўкі падарожжа. Я адчуў сябе зьдзейсьненай зоркай, якую ўпісваюць у мастацкую прастору чорна-белай графікі... Так мы і ехалі: я, В., графічныя занатоўкі і Павел Гюле ў выглядзе кнігі "Мэрсэдэс-Бэнц".
Калі мы нарэшце спыніліся ў Феадосіі, я ўжо добра быў знаёмы з Багумілам Граблам дзякуючы Паўлу Гюле, які, таленавіта прыгваздаўшы мяне да сваёй кнігі, не адпускаў усю дарогу.
Палова першай ночы. Толькі беларускія цягнікі могуць прыбываць на вакзалы ў чужыя і чымсьці варожыя гарады і краіны НОЧЧУ. Да таго як сысьці на зямлю, мы пасьпелі пазнаёміцца з адной даволі дзіўнай жанчынай.
З паўцемры вагона выпаўзла жаночая постаць і паведаміла нам пра тое, што яна здае пакоі на суткі. Праз трыццаць хвілін будзе прыпынак каля аўтавакзалу, яна там недалёка жыве і можа даць нам да раніцы прытулак. Жанчына падавалася крыху пʼянай, але пах ад яе быў моцны і канцэнтраваны з цыбулі і часныку. Па меры набліжэньня да прыпынку цемра вакол жанчыны згушчалася, мы цалкам ачунялі ад сну і зьбіралі свае рэчы.
Жанчына завяла размову:
— І чаму вы ў Кактэбель?