Да Купалавага Селішча, якое здавалася мне раней дзесьці за трыдзевяць зямель, аказалася рукой падаць ад Мінска. Мы ехалі кіламетраў дваццаць па Лагойскай дарозе, потым прыкладна столькі ж па гравійцы на Дзяніскі, і вот за вёскай Вялікія Бясяды, праз хвілін дзесяць гоцання па каменцы, Эдуард Іва навін скамандаваў мне прыпыніць мой «бранявік».
Дарога-каменка, на якой мы паставілі збоку ма шыну, была як прасека ў лісцвяным лесе. Бязлюддзе. Цішыня. Прайшлі па жардзяным мастку налева, і адразу ж за прыдарожнай паласой бярозава-асінава-альховага зарасніку перад намі адкрылася поле. Гэта было пераворанае нядаўна бульбянішча, на якім адразу кінуліся ў вочы даўгія капцы бульбы, закрытыя на зіму зямлёй, акуратна прыплясканыя лапатамі. За полем цягнулася пярэстая — жоўтае з зялёным — стужка лесу, якая апаясвала яго з усіх бакоў. Поле было няроўнае, з характэрнымі для Лагойшчыны ўзгоркамі, багатае на камяні.
— Гэта і ёсць Селішча, — сказаў Эдуард Іванавіч. — Вунь там быў двор Луцэвічаў...
Эдуард Іванавіч паказаў на маленькі — велічынёй з танцпляцоўку — астравок, зарослы лазняком ды асіннікам, з галінастым мацаком-дубам пасярэдзіне — ці не гэты дуб і ўбярог Купалава печышча ад канчатковага заворвання?
Грузнучы ў мяккай свежай раллі, мы пакіравалі да астраўка. Двое мужчын каля бліжэйшага бурта — адзін пажылы, другі падгалісты малады дзяцюк — павярнулі на нас галовы і доўга глядзелі, як быццам пытаючыся: «Што гэта яны шукаюць тут, на голай раллі?»
Ад колішняга жылля заўважылі на астраўку толькі зарослае травою ўзвышэнне і слабыя сляды падмуроўкі. Даўнейшае селішча Луцэвічаў стала цяпер месцам, куды бульдозеры ссоўвалі з поля каменне — тут яно валялася цэлымі грудамі. Добра патупаўшы тут, мы знайшлі ўсё ж такі адну «жывую» памятку жытла — невялічкую жалязяку з узорамі: ці то частку дзверцаў ад грубкі, ці то кавалачак юшкі ад коміна. І ўсё.
Праўда, бліжэй к дарозе, каля лесу Эдуард Іванавіч паказаў мне некалькі карабатых, падсохлых яблынь — тут быў сад. Яблыні, канечне ж, былі ўжо не Луцэвічаў, а хутчэй за ўсё пазнейшых гаспада роў. Але ж пасаджаны, ці, лепш сказаць, падсаджаны, яны былі, вядома, на ранейшым месцы. Значыць, у Селішчы — гэта мы можам з поўным правам сказаць — захаваліся яшчэ рэшткі Луцэвічавага саду — жывы помнік паэту.
Адчуванне ў мяне было незвычайнае: гэта ж мы на той самай зямлі, якую араў, паліваў некалі потам, якую схадзіў удоўж і ўпоперак малады Янка Купала, на зямлі, дзе душу юнака «акрылялі прыгажосці свету», дзе «цяністыя бітага шляху прысады і ў вырай лятучыя гусяў шнуры гармонію ўводзілі ў песенным складу, сачылі нязгоднай зваротак ігры», «дзе зялёнае поле рунеючым збожжам, цвітучая ў сонечны цвет сенажаць» яму «песню квяцілі ўзорам прыгожым, вучылі, як словы ў вянок завіваць», дзе «ад шопату спелых пшанічных калоссяў, ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш музычнае водгулле ў песню лілося, злівалася з жальбамі скрыўджаных душ», дзе паэту «каса і сякера і цэп малацьбіты магутную волатаў сілу далі; марозы і спёкі далі гарт нязбытны» і песню «як звон, як пярун, адлілі».
Радкі купалаўскай паэзіі гучалі тут неяк зусім па-новаму — як быццам я прысутнічаў пры іх нараджэнні. Радкі пра бясконцую — ад цямна да цямна — працу мужыка-беларуса, пра спрадвечную абяздоленасць таго, хто «свет хлебам корміць, а сам мякіначку есць», пра гэту во ціхую, вораную-перавораную паэтам «матку-зямлю».
Так, мы не ўбачылі ўжо хаты Луцэвічаў, іх гумна, нават рэштак двара, дзе гаспадарыў малады Ясь. Затое ж нікуды не знікла, засталася — во яна, перад нашымі вачыма — зямля, дзе ўсё гэта было, з тымі ж узгоркамі і лагчынамі, з тымі ж, хай і абноўленымі, змененымі, лясамі і пералескамі, раўкамі і крыніцамі, зямля, з якой вылецела ў шырокі свет наша самая звонкая, самая шчырая песня. Але — як гэта ні дзіўна, як ні крыўдна — мы не знайшлі тут і знаку, хаця б маленькай памяткі, якая б расказала людзям, нагадала б усім нам, што якраз на гэтай зямлі з нясмелага вясковага хлапчука вырас вялікі народны пясняр, слава і гонар Беларусі.
Мы моўчкі падышлі да машыны, яшчэ раз акінулі вокам узгорысты палетак маладога Луцэвіча і, развярнуўшыся, пагоцалі па той жа каменцы назад. У нашых планах было зазірнуць яшчэ ў адну, не менш важную купалаўскую мясціну — у Акопы.
Сюды пераехалі Луцэвічы (маці паэта з дзецьмі) у 1909 годзе, пабыўшы перад гэтым некалькі гадоў на арэндзе ў Бараўцах, і сядзелі тут дзесьці каля двух дзесяткаў гадоў (арандаваны кавалак зямлі і сядзіба памешчыка Жэлігоўскага пасля рэвалюцыі перайшлі ў іх рукі), пакуль састарэлая Бянігна Іванаўна не перабралася да сына ў Мінск.
Акопы... Гэту геаграфічную назву трэба б было ўпісаць у гісторыю нашай літаратуры залатымі літарамі. Ім, Акопам, абавязана беларуская літаратура — і гэта трэба сказаць без аніякага перабольшання — самымі яркімі сваімі старонкамі. Якраз тут, у Акопах, гэтым зацішным куточку беларускай зямлі, куды ў любую вольную хвіліну на працягу двух дзесяткаў гадоў ірваўся з усіх дарог Янка Купала, куточку, дзе было яму ўсё блізкае і мілае, дзе ён адчуваў сябе як нідзе лепш, з-пад пяра паэта вылецеў у свет цэлы вырай твораў, якія сталі гонарам і славай беларускай літаратуры, зрабіліся нашай вечна жывой класікай. «Акопы» — гэту паметку мы сустракаем пад вялікай колькасцю твораў Янкі Купалы перадрэвалюцыйнага і паслярэвалюцыйнага часу. Сярод іх такія перлы нашай паэзіі, як вершы «Гэй, наперад!», «Як у лесе зацвіталі....», «З недацветаў», «У купальскую ноч», «Не прасі», «Грайце, песні», «Жняя», «З летніх малюнкаў», «Блізкім і далёкім», «За свабоду сваю...», «Каб я князем быў», «Заручыны», «Дзве таполі», «Ты прыйдзі...», «Над ракою ў спакою», «На жалейцы», «Братка і Сястрыца», «Навука», «Тутэйшы», «На смерць Сцяпана Булата», «А зязюлька кукавала», «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «Аб дзяўчыне», «Дзе стаяў двор панскі» і многія, многія іншыя. У Акопах былі напісаны народным паэтам і такія выдатныя творы нашай літаратуры, як паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», п'есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», а таксама зроблены вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Трэба думаць, у Акопах нарадзіліся і многія з тых твораў Янкі Купалы, пад якімі няма паметкі аўтара — як дарэвалюцыйныя, так і паслярэвалюцыйныя. Пацверджаннем гэтага можа паслужыць, напрыклад, паведамленне, якое было змешчана ў 1926 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 5) у «Хроніцы беларускай культуры», дзе гаворыцца, што «Янка Купала, які знаходзіцца ў сябе дома, у Акопах (заўважце, дома. — К. Ц.), напісаў цэлы знізак новых вершаў эпічнага характару...»
Каб трапіць у Акопы, мы з Эдуардам Іванавічам зноў вярнуліся да вёскі Вялікія Бясяды, скіравалі ў яе вуліцу. Праз калгасны двор выехалі на пясчаны прасёлак. Праз які кіламетр паказаліся прысады вёскі Харужанцы. За Харужанцамі, перад лесам, у цяні вясёлага дубка, што здалёк маячыў на сонечным узгорку, паставілі машыну.
— Акопы — за гэтым лесам, — сказаў Эдуард Іванавіч. — Можна прайсці пеша...
Да Акопаў ішла праз лес калдобістая, з грыўкамі травы між машынных і калёсных каляін дарога. Мы паволі, без спешкі — хацелася адпачыць тут душой — патупалі па ёй, узіраючыся ў прыдарожны сівец ды верас: ці не выпнецца дзе які грыб. І праўда: неўзабаве Эдуард Іванавіч прыкленчыў каля прыземістай хвойкі; калі ён выпрастаўся, у руках бліснула смуглявая галоўка баравіка.
Падахвочаныя знаходкай, мы збочылі з дарогі і ішлі паўз яе, па выбітых каровамі і датаваных, відаць, аматарамі «ціхага палявання», пакручастых сцежачках між хвой і куп'я, пільна гледзячы перад сабой: абодва мы аказаліся заядлымі грыбовікамі і, вядома ж, не маглі прапусціць моманту. Але, як выявілася, мы не былі тут сёння першапраходцамі: то там, то сям бялелі ў траве парэзаныя кімсьці «карэньчыкі» — кольцы баравікоў, валяліся збітыя мухаморы ды — пры елках — стаўбунаватыя макрухі, якіх, як відаць, і тут не было ахвотнікаў браць: усіх адпужвае ахоўная слізістая плёнка гэтых, калі верыць кнігам, свойскіх грыбоў, падобных зверху на маслякоў. Зрэдку трапляліся нам цэлыя касякі чорных груздоў, ці хрушчоў, як завуць іх на Міншчыне, — праўда, больш старых, з парыжэлымі спадыспаду пласцінкамі. Але мы каля іх не сунімаліся — гэтак можна было і засесці на паўдарозе да мэты.
Выглядвалі больш баравікоў ды рыжкоў, асабліва Рыжкоў — яны ж надта любяць такія во сіўцы ды каровіны капыты. Шукаючы так грыбы, падумалася, што гэта ж якраз тут кружыў некалі з кошыкам і нажом Янка Купала, што мы ходзім яго грыбнымі мясцінамі...
Неўпрыкметку дарога прывяла нас на светлую паляну, перасечаную ў некалькіх месцах роўнымі і вузкімі паскамі ясных пералескаў.
Гэта пачыналіся ўжо Акопы.
Эдуард Іванавіч, калдыбаючы па ўцвярдзелых за лета грудах раллі, шоргаючы чаравікамі па пруткім яшчэ ржэўніку, падвёў мяне пад адзін з пералескаў. Там, сярод хмызу, мне здалёк ужо кінуўся ў вочы вялізны камень-валун, цёмны, з седлаватымі вы емкамі. Гэта, сказаў Эдуард Іванавіч, камень Янкі Купалы. Тут ён любіў адпачываць, пісаў на ім, як на стале, вершы і паэмы. Мы на вока змералі валун — быў ён прыкладна чатыры метры ўдаўжыню, тры — ушырыню і каля паўтара метра вышынёй. Як бы там ні было, а гэты камень не мог не звярнуць на сябе ўвагу Янкі Купалы, не мог не будзіць яго багатай фантазіі. Інакш кажучы, камень-валун у Акопах — яшчэ адзін, пастаўлены самой прыродай помнік паэту, вечны сведка яго натхнення.
Трошкі далей за каменем, між камлёў пачарнелых альшын і напалову сухіх вербалозін, цягнуўся, перасякаючы нам дарогу, глыбакаваты роў, на дне якога бялелі пясчаныя наносы — след ручая, які яшчэ нядаўна шыўся тут між кругляцу ды асочкі. Каля рова Эдуард Іванавіч паказаў мне і зарослую цяпер сажалку Луцэвічаў, на беразе якой стаяла іх лазня.
А во і сама хата Бянігны Іванаўны, мацеры паэта.
Хата, пра якую, праўда, трэба гаварыць ужо ў мінулым часе. Бо ад яе застаўся толькі падмурак і выкладзеныя каменем два скляпы. Адзін, пад былой кухняй — для бульбы, гародніны; другі, пад кладоўкай — для малака, сала, садавіны, называўся ён — спіжарня. Радавала трошкі тое, што і падмурак і скляпы вельмі добра захаваліся. Сценкі скляпоў як быццам сёння былі выкладзены камянямі, нідзе не аб'ехалі, захаваліся нават лазы ў іх.
Эдуард Іванавіч паказаў мне, дзе былі «пакоі», спальня, калідор, лесвіца на вышкі, дзверы і, нарэшце, пакой, дзе звычайна спыняўся Янка Купала. Два акны Купалавага пакоя — ён быў вуглавы — выходзілі ў сад: адно, здаецца, на поўдзень, другое — на захад. Перад самымі вокнамі цвілі на клумбах кветкі, раскашавалі кусты руж. З акон відаць былі дубы, клёны, ясені, хвоі недалёкага лесу, прасвечвалася шырокімі прагаламі поле. Не дзіва, што так добра пісалася тут паэту.
Цяпер пасярэдзіне пакоя Янкі Купалы гаманіла з ветрам выгоністая бяроза. На месцы ж кветнікаў разрасліся суцэльнай сцяной здзічэлыя кусты руж — тыя самыя, што бачыліся з акна паэту. Вакол хаты былі яшчэ кусты бэзу, шыпшыны, а таксама рэшткі саду — састарэлыя яблыні, ігрушы.
Недалёка ад хаты мы знайшлі рэшткі калодзежа, які даўно аб'ехаў — цяпер гэта была неглыбокая яміна, з камянямі. З яміны цягнуліся ўвысь два тонкія маладыя дубкі. Эдуард Іванавіч падводзіў мяне туды, дзе былі раней гаспадарчыя пабудовы — ад іх заставаліся цяпер толькі камяні падмуркаў ці невысокія, амаль зроўненыя з зямлёй травяністыя валкі. Во тут стаяла «высакаватая будачка» — капцільня («раней яна называлася вяндлярня»). Тут — хлявы («і коні ў адным стаялі»). Тут — пуня. Тут — гумно, у якім была конная малацілка. Тут стаялі два свірны: у адным — «ссыпалі дабро», у другім, добра помніцца Эдуарду Іванавічу, віселі хамуты, сядзёлкі і ўсякія іншыя рэчы («нейкі склад быў»).
Мы абышлі ўсю, яшчэ даволі вялікую паляну. Якая разнастайнасць парод дрэў у Акопах, вакол былога двара Бянігны Іванаўны! Тут і светлыя беразняку і задуменныя хвойнікі, і пахмурныя рады елак, і — уперамешку з іншымі дрэвамі — клёны, дубы, ясені, арабіны, вербы, ліпы, дзікія яблыні і ігрушы... І ўсё гэта ў вясёлым асеннім убранні. Чароўны, поўны цішыні і сонца куточак!
Мы доўга тупалі па свежаапалым лісці, па сіўцовым куп'і, сачылі, як над лесам, высока ў небе плаваў, амаль не махаючы крыламі, нейкі ястрабок, і нам проста не хацелася вяртацца назад, пакідаць гэты першародны спакой, гэту амаль што некранутую красу ціхай прыроды.
Водзячы мяне па сцежках паэта, Эдуард Іванавіч расказваў аб колішнім тут жыцці, аб сваіх сустрэчах з Янкам Купалам. Праўда, пра першыя гады, калі АўлачынсКія жылі разам з Бянігнай Іванаўнай у Акопах, а потым — самастойна — на суседнім хутары Айчызна, Эдуард Іванавіч нічога не помніць, бо тады яшчэ быў зусім малы. Затое добра запомніўся яму «дзядзька Янка», калі Аўлачынскія сядзелі на недалёкім хутары Ляўшова, які сёння зліўся з вёскай Харужанцы. Янка Купала, прыязджаючы ў Акопы, не мінаў хаты сваёй сястры ў Ляўшове — Марыі Дамінікаўны Аўлачынскай. Тым больш што з яе чалавекам — Янкам Аўлачынскім, бацькам Эдуарда Іванавіча, ён шчыра сябраваў, яшчэ з юнацтва вучыўся з ім у Беларуцкім вучылішчы, хадзіў разам на паляванне. Помніцца Эдуарду Іванавічу, як паляўнічыя падсмейваліся з Янкі Купалы, які прыходзіў з лесу з пустымі рукамі: у яго рука не падымалася стрэліць у звера, асабліва ў такога прыгожага і бяскрыўднага звярка, як вавёрка. «Хай жыве сабе ды дзяцей пацяшае», — казаў Янка Купала. Не раз сустракаўся з паэтам Эдуард Іванавіч і ў саміх Акопах, куды бегаў з Ляўшова да сваёй «бабкі» — Бянігны Іванаўны.