Галоўная кніга хрысціян – Біблія. Вернікі розных канфесій лічаць, што гэта кніга святая, дадзеная чалавеку самім Богам. Сёння Біблія – самая вядомая ў свеце кніга. Яе перавыдавалі мільёны разоў ва ўсіх краінах.
А ў Беларусі ўпершыню Біблія з’явілася ў Брэсцкай друкарні, заснаванай пратэстантам Мікалаем Радзівілам Чорным. Ён тады кіраваў усім нашым краем, быў берасцейскім старостам.
1563 год. У друкарні адказная праца. Дзень і ноч працуюць друкары. Сёння пад станок роўна кладуцца не проста кніжныя лісты. Сёння, здаецца, фарбы самыя яркія, літары самыя прыгожыя. Ствараецца Біблія. Рыпіць, гудзе друкарскі станок, кладуцца паперы роўным радком. Ні ў кузні праца, ні з молатам. Адказнасць вялікая – Біблія ствараецца…
Выцер майстар кулаком пот. Яго памочнікі развесілі ў пакоі свежыя лісты. Сушацца яны, быццам бялізна.
Біблія складаецца з двух частак: Старога і Новага запаветаў. У ёй больш за семсот старонак, шмат малюнкаў, вокладка зроблена з дарагой скуры. Але не ў прыгажосці і велічыне сапраўдная сіла святой кнігі. Сіла яе ў праўдзе, у слове. Таму і сказана ў ёй: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова... У Ім жыццё было, і жыццё было святлом для людзей”.
Увечары ў друкарню завітаў Чорны Радзівіл. Паглядзеў на працу. Узяў у рукі ліст, прачытаў: “І сказаў Бог: няхай будзе святло. І сталася святло. І ўбачыў Бог, што гэта добра, і аддзяліў Бог святло ад цемры”.
Паклікаў Радзівіл да сябе друкара, дастаў з вялікай каліты залаты, працягнуў майстравому чалавеку.
– Вашая светласць мне ўжо заплаціў, – сумеўся друкар.
– Але ж ты зрабіў лепей, чым дамаўляліся!
– Нельга было Святую кнігу сапсаваць, княжа. Бо калі людзі нешта наблытаюць – Бог паправіць. Прыйдзе час і пратэстант не будзе болей сварыцца з каталіком. Каталік памірыцца з праваслаўным. А праваслаўны не стане трымаць зла на уніята. Ізноў, як у часы Хрыста, будуць хрысціяне адзіныя. Ад гэтага мацнейшая стане Зямля… Ад гэтага Зямля стане прыгажэйшая!
1. Намалюй “Дрэва хрысціянства”. Колькі на ім галінак? Назаві кожную.
2. Пра што марыў Іпацій Пацей?
3. Што было агульнага ў лёсе Афанасія Філіповіча і Андрэя Баболі?
4. У якім горадзе і калі была надрукавана першая на беларускай зямлі Біблія?
5. Як ты лічыш, ці патрэбна, каб памірыліся “галіны” хрысціянскага дрэва?
ЧАСТКА ІІ
13. ВЯЛІКІЯ ВЫПРАБАВАННІ
Гэты час стаў бядой для нашага краю.
Ішло ХVІІ стагоддзе. Стагоддзе – гэта сто гадоў. З іх толькі сем – мірныя! Астатнія – бясконцая вайна. Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Еўропы. А што можа балець больш за сэрца?
... Ужо амаль дваццаць гадоў ідзе вайна. Няма селяніну часу сеяць і збіраць ураджай. У сейбіта рукі да працы цягнуцца. Але поле загінула, збожжа пабіта не ліўнем, выгарэла не ад сонца. Рамеснікі замест мірных прылад працы куюць даспехі, точаць шаблі. Неспакойна ў Беларусі. Адусюль сунуцца захопнікі. Топчуць цяжкія салдацкія боты нашыя палі. Ізноў, як у час Грунвальда, ляцяць вершнікі з лазовымі вянкамі:
– Да зброі! Маскоўцы ідуць з усходу!
– З поўначы шведскі кароль вядзе войска!
– На поўдні – украінскія казакі атрады сабралі. Да зброі!
“Затапілі” заваёўнікі наш край. І не вадзіцаю, а крывёю! Дваццаць гадоў – вайна! І няма ёй канца...
Ляцяць вершнікі да пана Савіцкага. Ён сядзіць у сваім Савіцку (сёння гэта вёска Залуззе Жабінкаўскага раёна). На Берасце маскоўскія ваяводы вядуць незлічоныя палкі. Трэба ўжо ворага пагнаць прэч. Кліча да сябе Савіцкі ўсіх, хто зброю насіць можа:
– Годзе, панове, на печы сядзець! Ужо мячы нашыя ржа паела. Сядлайце коней. Пойдзем Берасце вызваляць!
Пораху мала, куляў мала, але Радзіма ў небяспецы. Рушыў пан Савіцкі са сваім палком на ратунак берасцейцам. Толькі вораг мацнейшы. Разбіты Савіцкі, адступае. Аднак нядоўга радаваліся маскоўскія ваяводы перамозе. Прыйшла берасцейцам новая падмога. Вымушаныя пакінуць Берасце заваёўнікі.
А ліхалецце яшчэ дзесяць гадоў не спыняецца.
Цяжкі след пакінула вайна. Кожны другі беларус у ёй склаў галаву... Горкая даніна!
Людзі пачалі прызвычайвацца, што ніву не трэба засяваць, бо ўраджай захопіць вораг. І дзяцей не трэба гадаваць, бо іх забярэ вайна.