КАЛОЖСКАЯ ЦАРКВА
Як вядома, на пачатку было Слова. І Слова было ў Бога. І Богам было Слова. У Слове пульсавала жыццё, і Слова з’яўлялася святлом для людзей.
Пасля словы пачалі складвацца ў сказы, сказы – у рознага кшталту аповяды. І паплыло, забурліла, заштарміла слоўнае мора, усё больш адыходзячы ад сваёй першаасновы. А ў моры гэтым пачало тануць тое першаснае і глыбокае, адзінае і магутнае Слова, якое было на пачатку.
І тады, думаецца мне, мудрыя божыя людзі знайшлі варты спосаб захавання Слова. Яны сталі будаваць цэрквы. Дзе можна пачуць справядлівае і гаючае Слова ад Бога. І дзе можна ўзнесці на Вышыні, прашаптаць да Бога сваё слова-маленне, слова-пакаянне, слова-падзяку. Каб не хадзіць поначы, не блукаць у цемры духоўнай, не блудзіць па чужых сцежках, беларусы прагна шукалі сваю дарогу да храма. Ва ўсе часы – спрыяння і нягоды, радасці і смутку, богапакланення і бязбожжа яны захоўвалі павагу да Слова, будавалі храмы і цэрквы. У іх, акрамя ўсяго, увасаблялася агульная культура чалавека, яго духоўны стан, светапогляд грамадства.
Таму і ззяюць сапраўднымі дыяментамі на беларускай зямлі шмат якія даўнія храмы, што ўвасобілі ў сваёй архітэктуры і духоўнай аўры спрадвечныя памкненні беларусаў да дасканаласці, да лепшай долі, да самапазнання.
Адным з такіх несмяротных свяцілішчаў з’яўляецца Барысаглебская царква ў Гродне. Або Каложская, або проста Каложа. Гэта унікальны помнік праваслаўнга дойлідства ХІІ стагоддзя, калі на Гродзеншчыну прыйшло хрысціянства. Каложа – адзіны беларускі храм такога кшталту, арыгінальны і непаўторны. Як сведчаць спецыялісты, Каложская царква не мае сабе падобных ні ў старажытнарускім, ні ў балканскім храмабудаўніцтве. Яна сталася першапачаткам Гарадзенскай архітэктурнай школы, якая выявілася восем стагоддзяў таму. Выдатнымі помнікамі гэтай школы з’яўляліся Ніжняя, Прачысценская цэрквы ў Гародні, княскі палац.
Слынныя гарадзенскія дойліды, як і кожны сапраўдны майстар, мелі свае сакрэты будаўніцтва. Яны кемна выкарыстоўвалі розныя аздобы, узоры з прыродных камянёў, з каляровай паліванай кафлі. Рабілі ўсё, каб будынак меў прывабную выразную архітэктурную форму.
А тое, што будаўніцтву Барысаглебскай царквы спрыялі майстры з Грэцыі, сведчыць пра плённыя сувязі тагачаснай беларускай праваслаўнай культуры з багатым візантыйскім духоўным жыццём. Пераймаючы іншазямельныя традыцыі, беларускія дойліды аднак выштукавалі свой храм, які без суперніцтва займае вартае месца сярод найслынных помнікаў хрысціянскага царкоўнага будаўніцтва.
Пра назву Барысаглебскай царквы існуюць розныя паданні. Адам Кіркор – вядомы гісторык, этнограф і археолаг -- звязвае гэта з часам княжання ў Гародні праўнука Яраслава Мудрага Усевалада Давыдавіча. У 1167 годзе ён ажаніўся з дачкой Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. У іх было двое сыноў: Барыс і Глеб. Пасля несправядлівага забойства яны першымі на ўсходнеславянскіх землях былі ўзведзены царквой у сан святых. Вернікі вельмі шанавалі іх, пакланяліся, будавалі ў іх гонар шматлікія храмы. Лічыцца, што менавіта яны і заклалі на высокім беразе Нёмана самы старажытны праваслаўны храм у Гародні.
Адкуль жа ўзнікла назва Каложа? У 1405 годзе вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт хадзіў паходам на Пскоў. Там ён узяў у палон 11 тысяч жыхароў прыгарада Каложы і пасяліў іх у Гародні, паблізу царквы Барыса і Глеба. Перасяленцы назвалі месца свайго новага побыту Каложай - як памяць пра сваіх продкаў. Пазней і царкву сталі называць Каложскай.
Духоўная моц дойлідаў, іх высокае ўмельства спрыялі з’яўленню выдатнага помніка. Але майстры не здолелі засцерагчы святыню ад розных нягод. Царква зведала разбуральную сілу сярэднявечных сечаў, шведскай вайны. Хуткаплынны Нёман таксама нарабіў шкоды. Яму хацелася так блізенька плысці ля гэтай непрыступнай прыгажуні, што ён і не заўважыў, як бурлівыя хвалі падтачылі бераг. У 1853 і 1899 гадах разам з берагам у нёманскую ваду абрынуліся паўднёвая і ўсходняя сцены, скляпенні. Царкве былі нанесены іншыя страты. Аднак Слова Божае зноў паклікала да сябе людзей. І ў канцы ХІХ стагоддзя царква, аберажоная Духам Святым, была адноўлена – дабудаваны драўляныя сцены, дах.
Узведзеная на рошчыне людской дабрыні і любові да Бога, Барысаглебская царква і да гэтага часу здзіўляе сваёй выразнасцю, кампактнасцю, годнасцю, дасканаласцю формы і практычнага прызначэння. Мураваныя сцены храма ўгары маюць адзіныя на сённяшні дзень у Беларусі галаснікі. Гэтыя керамічныя ўстаўкі нагадваюць высокія збаны з доўгай шыяй, якія ўмураваны ў сцены горлам унутр, што спрыяла акустыцы будынка. Галаснікі надавалі богаслужэнню асаблівую ўрачыстасць, узнёсласць і выразнасць. Кажуць, калі царква ўжо ззяла сваім купалам, гарадзенцы папрасілі дазволу выпрабаваць гэтыя невядомыя галаснікі і пагукаць у храме. Нават самі злякаліся ўласнага голасу – такой уратавальнай моцай і дужасцю, пераканаўчасцю і верай гучаў ён. Даўней сцены царквы былі аздоблены фрэскамі.
Асаблівую цікавасць і непаўторную адметнасць гэтаму старадаўняму помніку хрысціянства надаюць устаўкі ў знадворныя чырвонацагляныя сцены паліраваных рознакаляровых валуноў і маёлікавых плітак зялёнага, карычневага і жоўтага колеру
Згодна з даўно заведзеным правілам, апрацоўка камянёў для храма праводзілася загадзя, далёка ад месца будоўлі. Таму ля царкоўных сцен ніколі не было непатрэбнай мітусні, шуму і грукату. Паважлівасць і пашанотнасць да храма пачыналася на стадыі будаўніцтва.
З каляровых плітак на вонкавых сценах Каложскай царквы выкладзены рознай велічыні крыжы. Гэтыя колеравыя ўстаўкі з’яўляюцца важным элементам архітэктурнай адметнасці храма і яго апазнавальным знакам. Такім чынам даўнія майстры ўвасобілі ў камені ідэю ўсёстваральнай і ўсёпераможнай Божай сілы.
У незвычайных крыжах Каложы сцвердзілася не толькі майстэрства дойлідаў, а і іхняя прадбачлівасць. У іх закладзены глыбокі сімвалічны сэнс, які падкрэсліваецца не толькі колерам, але і бляскам, свячэннем. У сонечны дзень царкоўная сцяна ажно праменіцца таямнічым мігценнем, дыхае магутнай энергіяй. Адпаведна царкоўнай традыцыі, на візантыйскіх мазаіках Хрыста заўсёды атачала залатая прастора, якая валодала цудадзейнай аберагаючай энергіяй. Яно, гэтае таямнічае і моцнае святло, укрыжаванае ў сценах Каложы, ахоўвала і абараняла саму царкву і яе вернікаў-прыхаджан ад злога, нядобрага, дадавала стваральнай сілы і хрысціянскай цярплівасці ў імя дабра роднай зямлі.
Калі над васільковай Беларуссю раннім досвіткам прахопліваецца клапатлівае сонейка, яно ў любую пару года найперш кідае свой ласкавы погляд на Каложу. Дзіўным жыватворным ззяннем успыхваюць яе каляровыя камяні ў сценах, абярэжнай і жыццядайнай сілай свецяцца яе крыжы. І тады здаецца, што гэты шэдэўр беларускага дойлідства, які горда ўзвышаецца на магутных далонях бацькі-Нёмана, не толькі сам поўніцца і праменіцца веліччу і годнасцю, але насычае ёю душы вернікаў, любасцю і дабрынёй гоіць душэўны неспакой, узвялічвае справы і дзеі людзей Белай Русі.
А калі трапяткія нябесныя сузор’і буйнымі арабінавымі гронкамі зачаравана трымцяць у нёманскіх хвалях побач з абрысамі Каложы – гэтай праўдзівай перліны хрысціянскага свету, тады здаецца, што ў нерухомай цішыні пранікліва гучыць сказанае Богам: “І вочы мае і сэрца маё будуць там ва ўсе дні”.
БЯРЭСЦЕ
Кажуць, гарады, крэпасці, замкі, пабудовы, як і людзі – нараджаюцца, атрымліваюць сваё імя, ствараюць сваю біяграфію і свой лёс і… паміраюць. Шмат старадаўнасцяў знікла пад пылам гісторыі і попелам войнаў і на беларускай зямлі. Аднак дзякуючы людской дапытлівасці і настойлівасці час ад часу даецца шанц пабываць у гасцях у вечнасці.
Такую чароўную магчымасць даруе старажытнае Берасцейскае гарадзішча. Тут, на глыбіні сямі метраў, у грунце сівой гісторыі створаны адзіны такі на Беларусі археалагічны музей.
Бярэсце… Хто і калі прыдумаў гэткую мілагучную назву?
Было тое за далёка далёкім, яшчэ паганскім часам, калі людзі пакланяліся камяням, дрэвам, ператвараліся ў звяроў і птушак. Адзін багаты купец вёз на берагі Балтыкі свой тавар. Ды загруз ён у палескім балоце. Каб вызваліцца, зладзіў з беластволых бяроз і бяросты плаціну, замасціў імі балота. Па гэтай гаці і выбраўся знаны госць. На сухім змайстраваў ён капішча і прынёс ахвяру свайму паганскаму богу Вялесу. А месца гэтае назваў Берасцем. Так і з’явіўся на зямлі дрыгавічоў старажытны горад, над якім і дагэтуль кучаравымі воблакамі курацца легенды і паданні.
Давайце і мы праз стагоддзі спусцімся на ягоныя вулачкі, зазірнём у хаціны берасцян.
Чуеце, як па ходніках з тоўстых колатых дошак з кашачаю асцярогай крадзецца сама гісторыя? Адчуваеце, як у звечарэлай цішыні мухавецкія туманы пахнуць рыбай і сенакосам? Чуеце, як па барах з ёкатам разлятаецца паляўнічае рэха? Бачыце, як босыя ганарыстыя бярозы, нібыта берасцянскія прыгажуні, атуліліся зялёнымі наміткамі і сцерагуць спакой старажытнага Бярэсця?..
Прымружце вочы і вы ўявіце, як шчыравалі тут злотнікі і мечнікі, шкларобы і ганчары, кавалі і ігольнікі, шаўцы і краўцы, шапачнікі і ліцейшчыкі. Падзівіцеся, як годна і дагэтуль выглядаюць шматсотгадовыя жаночыя ўпрыгажэнні – бранзалеты, падвескі, металёвыя пярсцёнкі, спражкі, вырабы са скуры, кашалькі, абутак і нават знойдзеная ў раскопе вязаная рукавіца. А дубовае рала, адзінае для таго часу ў Еўропе, здаецца, яшчэ захоўвае мазольнае цяпло берасцянскіх аратых.
Аднак умелі берасцяне і годна адпачываць. Сведчанне таму – шахматныя фігуркі, шашкі, косці для гульні, мастакоўскія прыналежнасці, металічныя пісалы, скураныя мячы. Але, бадай, ці не галоўным клопатам берасцян была абарона роднага горада ад рознай навалачы. Таму з усёй жарствой саплі тут кавальскія гораны, гартуючы наканечнікі стрэлаў, шпоры, кальчугі. А побач працавітым дзятлам стукалі сякеры, даводзячы да ладу вёслы, калёсы, сані, сохі, прасніцы. У гэтым натуральным спалучэнні чыста гарадскіх і традыцыйна сельскіх клопатаў і здабывалі свой хлеб надзённы шмат якія пакаленні берасцян.
А зараз можаце пачуць іншы звон – манетны. Гэта працуе першы і адзіны на тэрыторыі Беларусі манетны двор Рэчы Паспалітай. Ён быў заснаваны ў Бярэсці ў 1659 годзе. Тут чаканілі дробныя медныя манеты соліды. Ад прозвішча арандатара двара Ціта Лівія Бараціні яны называліся яшчэ барацінкамі.
Не раз сур’ёзна і самавіта шумелі ў Бярэсці сеймы і з’езды беларускіх і літоўскіх магнатаў, дзяржаўныя сходы і зборы Рэчы Паспалітай. Таму трошкі ўяўлення – і вы можаце сустрэцца тут з многімі выбітнымі гістарычнымі асобамі, якія ў розныя часы мелі апеку над горадам. Князі тураўскія і кіеўскія, галіцка-валынскія. Польскі князь Баляслаў Храбры, кіеўскі – Яраслаў Мудры. Літоўскі – Скірмунт. Валынскія князі Уладзімір Васількавіч і Мсціслаў Данілавіч. А вунь, бачце, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Гедымін, польскі кароль Казімір ІІІ, вялікалітоўскі Кейстут… Ось колькі іх ваявала і змагалася за Бярэсце…
Паслухалі? Паглядзелі? А цяпер давайце завітаем у госці, спазнаем, як пачуваліся тут нашыя далёкія продкі. Зойдзем у любую з 200 адкапаных пабудоў, якія шчыльненька, у тры-чатыры шарэнгі, выстраіліся між трох паралельных вуліц. Амаль квадратныя хаціны з круглых хваёвых бярвенняў мелі падлогу з тоўстых колатых дошак. У куце ля ўваходу стаяла курная печ. Акенцы былі малюпасенечкія – ну, сапраўдныя шчыліны. Дзверы, каб цяпло дарэмна не марнавалася, мелі каля аднаго метра ўвышкі. Хаваючыся ад цікаўных вачэй, хаты стаялі глухой сцяной да вуліцы. Фундаментамі часта служылі рэшткі ранейшых збудаванняў. Старажытнае Бярэсце цягнулася ўгару на плячах сваіх папярэднікаў, пакуль яго самога не напаткаў гэткі ж лёс.