ПОЛАЦКІ САФІЙСКІ САБОР
Велічнай белакрылай чайкай лунае над рачнымі хвалямі, купаецца ў іх, глядзіцца, як у люстэрка, Полацкі Сафійскі сабор. Здаецца, знарок выпырхнуў на дамінуючы пагорак, каб сваім святым блаславеннем атуляць беларускую зямлю. Каб адусюль бачыцца спаконвечным сімвалам мудрасці і шчырасці нашых продкаў, поклічным арыенцірам на шляху да духоўнасці і самапавагі.
А яшчэ высока ўзнесла Сафійка галаву дзеля таго, каб перагуквацца са сваімі адзінавернымі сёстрамі – Сафіяй Кіеўскай і Сафіяй Наўгародскай. Так, відаць, задумана было творцамі гэтых перлін архітэктурнай дасканаласці, каб тры славянскія народы мелі адзін духоўны накірунак, каб не збочылі ў невядомасць, не зніклі, не растварыліся ў сусвеце. Але было і суперніцтва – за сваю самаіснасць, за велічнасць кожнай зямлі, за права быць самастойным і дужым княствам, якое можа не толькі фізічна абараняць сябе, але духоўна загартоўвае свой народ.
Мо лёсу было так заўгодна, што першая згадка пра Сафійскі сабор звязана з Еўфрасінняй Полацкай, якая стала патронкай зямлі беларускай. У Жыціі прападобнай можна знайсці словы пра беларускую Сафійку. Мяркуецца, што храм створаны ў другой палове ХІ стагоддзя. У той час князем Полацкай зямлі быў Усяслаў Брачыславіч – адзін з самых славутых і знакамітых яе ўладароў, які стаў і героем “Слова пра паход Ігаравы”.
Магутны Рагвалод – заснавальнік полацкай княскай дынастыі, быў прадзедам Усяслава. Знаная далёка за межамі беларускай зямлі Рагнеда – ягоная прабабка. У летапісах засведчана легенда, нібыта Усяслаў нарадзіўся ў сарочцы, таму ў жыцці яму ва ўсім было спрыянне. Ён набыў неверагодна шырокую ваенную славу, стаў вядомы многімі карыснымі дзеямі дзеля дабра княства. Народ назваў яго Чарадзеем, або Ваўкалакам.
У сярэдзіне ХІ стагоддзя Усяслаў загадаў узнесці над рачным люстэркам храм, які быў бы не менш велічны за Кіеўскі і Наўгародскі, а заадно сведчыў бы пра незалежнасць Полацкай дзяржавы і магутнасць самога князя. Храм Святой Сафіі ў Кіеве ўзвялі пры Яраславе Мудрым, які з’яўляўся сынам полацкай Рагнеды, унукам полацкага Рагвалода, дзядзькам Брачыслава Полацкага – бацькі Усяслава.
Усяслаў не толькі прыгожую Сафійку пакінуў на памяць пра сябе, але і даказаў сваё верхавенства над вялікай колькасцю славянскіх зямель. Нават далёкая чарнаморская Тмутаракань падпарадкоўвалася Полацкаму княству. Аўтар “Слова пра паход Ігаравы” засведчыў значнасць створанага Усяславам, згадаўшы Сафійскі сабор: “Тому в Полотске позвониша заутренюю рано у Святыя Софеи в колоколы: а он в Кыеве звон слыша”.
Відавочна, правобразам для стварэння Полацкай Сафійкі, як і для Кіеўскай і Наўгародскай, стала Сафія Канстанцінопальская. Полацкі храм удала ўвабраў галоўныя іхнія адметнасці – гарманічнае спалучэнне архітэктурнай выразнасці і велічы. Але ён меў і асаблівасці, звязаныя з умелым выкарыстаннем мясцовых прыродных умоў, з полацкай архітэктурнай школай. Натуральныя камяні ў ягонай аснове нагадваюць, што сабор вырастае непасрэдна з роднай зямлі, змацаваны яе жыццядайнымі сокамі. На адным з іх нават захаваліся імёны муляраў: Давыд, Таўма, Мікула, Капес.
Сваёй саборнасцю святая Сафія, якую называлі Прамудрасцю Божай і ў гонар якой ўзводзілі храмы, імпанавала Усяславу Чарадзею, бо для яго саборнасць мела важнейшае значэнне. У Прытчах Саламонавых пра тое сказана: “Не премудрость ли взывает? И не разум ли возвышает голос свой? Она становится на возвышенных местах, при дороге, на распутиях; она взывает у ворот при входе в город, при входе в двери: «к вам, люди, взываю я, и к сынам человеческим голос мой! Научитесь, неразумные, благоразумию, и глупые – разуму… Примите учение мое… потому что мудрость лучше жемчуга, и ничто из желаемого не сравнится с нею”.
У гэтых словах ключ да разумення памкненняў Усяслава, ягонага жадання ўзвысіць Полацкую зямлю праз збудаванне Сафійскага сабора. Як сонца сваім дабрадзейным святлом і цяплом сагравае зямлю і дае ёй жыццё, так купалы Сафійкі нагадвалі сонейка, якое паўстае з-за гарызонта цемры і неразумення, каб моцай ісціны сваёй дужасць веры ўзвысіць і ўмацаваць чалавека, асвятліўшы яго фізічнае жыццё духоўным высакародствам.
Цягам доўгай гісторыі Сафійскі сабор мяняў сваё прызначэнне ў адпаведнасці са зменай рэлігійных накірункаў. “Святая Софаа каменна, о седма версех” не здолела захаваць свае золатагаловыя купалы, ранейшы архітэктурны воблік. Перанесла шмат перастварэнняў. Апошняя архітэктурная перабудова адбылася ў 1738 – 1750 гадах. Сёння храм дэманструе сваю першасную веліч толькі праз апсіды, фундаменты, рэшткі сцен у лёхах, што беражліва захоўваюцца з таго летапіснага часу.
І мо нездарма спачывае побач з велічнай Сафійкай не менш знаxная гістарычная памятка – адзін з Барысавых камянёў, які ў народзе назвалі Барыс-Хлебнік. Як своеасаблівы сімвал-напамінак пра сувязь часоў і падзей, пра імкненне нашых продкаў не толькі да хлеба надзённага, але і хлеба духоўнага.
Побач з Полацкім Сафійскім саборам варта прымружыць вочы, каб прымроіць летапіснага Усяслава Чарадзея, пачуць звон ягонага пераможнага мяча. Да сэрца дойдуць прарочыя словы Сафіі – Прамудрасці Божай. Разам з велічнай і легкакрылай Сафійкай можна ўзляцець у паднябессе -- да вышынь духу і духоўнасці, якія спавядалі нашы далёкія продкі і як самае найдарагое багацце перадалі нам: каб помнілі, каб аберагалі, каб верылі і шанавалі як самы галоўны запавет і сэнс жыцця.
РАДЗІВІЛЫ
Сёння радзівілаўскі Нясвіж -- ціхі і разважны гарадок. Аж не верыцца, што зусім нядаўна ён быў беларускім Парыжам, цэнтрам вірлівага культурнага і палітычнага жыцця Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Пыхлівым магнатам імпанавала, што пра іх казалі: кароль каралём у Варшаве, а ў Нясвіжы – Радзівіл. Палітычная ўлада Радзівілаў падмацоўвалася ваеннай і эканамічнай магутнасцю, культурнай выкшталцонасцю. Усё адно да аднаго годна клалася ў чароўны куфэрак здабыткаў, упляталася ў агульны сувой знатнасці роду. Што ж да паходжання прозвішча Радзівілаў, то адзінага меркавання на гэты конт не існуе. Адны даводзяць, што нехта з іх радзіў Гедыміну, дзе і як заснаваць Вільню, за што і быў уганараваны знакамітым на дзве дзяржавы польскім прозвішчам. Іншыя выводзяць яго з літоўскіх каранёў.
У 1512 годзе Ганна з Кішкаў у якасці пасагу прынясла Нясвіж Янушу Радзівілу Барадачу -- маршалку гаспадарскаму, сябру польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. Януш збудаваў тут крэпасць, горад абкружыў земляным валам. Мікалай Радзівіл Сіротка, які здзейсніў паломніцтва ў Святую зямлю, наведаў Італію і “захварэў” там на італьянскія манеры, у 1583 годзе запрасіў у Нясвіж знакамітага архітэктара Яна Марыю Бернардоні. Пачалося будаўніцтва велічнага мураванага замка-палаца, а непадалёку ад яго першага на нашай зямлі барочнага шэдэўра -- езуіцкага касцёла з пазнейшымі непаўторнымі размалёўкамі на біблейскія тэмы.
Дарэчы, Радзівілам шанцавала на трапныя мянушкі, якія замацаваліся так трывала, што многіх уладароў замка інакш і не называлі, як Мікалай Стары, Юрый Геркулес, Мікалай Руды, Мікалай Чорны, Мікалай Сіротка, Крыштоф Пярун, Міхал Казімір Рыбанька, Пане Каханку.
Сваім набыткам і скарбам князі таксама любілі даваць экзатычныя назвы. Згадайма хоць 12 вялікіх і дагледжаных залаў замка: Мармуровая, Залатая, Блакітная, Каралеўская з партрэтамі польскіх каралёў, Гетманская з выявамі польскіх і літоўскіх гетманаў, Сенатарская, Пасольская і г.д. У Альбе, што непадалёк ад Нясвіжа, знаходзіліся летні палац “Суцяшэнне”, дом для асабліва набожных вернікаў “Пустэльніцтва”.
Некалі лічылася, што Нясвіжскі замак быў першым па сваіх ваяўнічых магчымасцях у Вялікім княстве Літоўскім. А шмат хто з ягоных гаспадароў праславіўся выдатнымі вайсковымі здольнасцямі, смела і адчайна абараняў свае землі. У радзівілаўскім Нясвіжы знаходзіліся магутныя гарматы ХVІ стагоддзя, якія трапілі пасля ў многія гарады Еўропы. Гэтыя даўнія помнікі ліцейнага рамяства з адмысловымі ўпрыгожаннямі Радзівілы назвалі гучна і мудрагеліста: Сава, Саламандра, Гідра, Кракадзіл, Цэрбер, Цырцэя, Папугай.
Першымі ў Вялікім княстве Літоўскім па сваіх багаццях таксама былі Радзівілы. Каля дваццаці тысяч унікальных тамоў, у тым ліку старадрукаў і рукапісных кніг, налічвала Нясвіжская бібліятэка. У грунтоўным архіве захоўваліся каштоўныя дакументы з гісторыі Вялікага княства і Польшчы.
Густоўна падабраныя зборы партрэтаў, абразоў, скульптуры, калекцыі саксонскага фарфору, зброі, вырабы мануфактур, палацавыя каміны, размалёўкі, інкруставаная мэбля, скураныя і палатняныя шпалеры, пазалочаны шкляны посуд і шмат што іншае ўпрыгожвала замак, мусіла сведчыць пра магутнасць і значнасць Радзівілаўскага роду. Радзівілы стварылі балетную і музычную школы, драматычны і балетны тэатры, прыдворны аркестр, кадэцкую акадэмію. З імі звязаны выраб знакамітых Слуцкіх паясоў, дзейнасць Смаргонскай мядзведжай акадэміі, друкарняў у Бярэсці і Нясвіжы.
Радзівілы любілі выдзеліцца сярод роўных, падкрэсліць сваю адметнасць і значнасць. Як сапраўдныя гаспадары дзяржавы, яны мелі загарадную рэзідэнцыю – збудавалі ў Альбе шыкоўны палац, разбілі парк, выкапалі сажалкі і каналы, стварылі нават марскую флатылію, якая ўдзельнічала ў паказе гасцям узяцця Гібралтара. Калі ў 1785 годзе Нясвіж наведаў польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Караль Станіслаў Радзівіл, званы Пане Каханку, сустрэў караля ў старым выцвілым уборы. Здзіўленаму высокаму госцю хітра патлумачыў: “Пане Каханку! Лёгка Вашай вялікасці ўбірацца ва ўсё новенькае, калі вы і сам новенькі. А я, каб ушанаваць вас, апрануў свой старэйшы кунтуш, які цэлыя стагоддзі служыў маім продкам!”
А што да легенд, паданняў і небыліц, то яны незлічонымі маністамі атуляюць замак і яго гаспадароў. Пра “гарбаты” саркафаг, у якім нібыта пахавана князёўна, якая зімовым вечарам уцякла ад нарачонага замежнага прынца да каханага хлопца з просталюдзінаў. У чаканні яго прысела на лаўку і замерзла, не ведаючы, што яе абранніка схапілі княскія слугі.
Пра вялізны камень, названы Пярсцёнкам Марысі, і вадаспад “Слёзы Марысі”. Легенда таксама звязвае іх з трагічным каханнем людзей, не роўных па багаццю. А ў гонар Марысі заснаваны знакаміты і адзін з багацейшых у Беларусі Нясвіжскі парк.
Пра Чорную даму Барбару Радзівіл – польскую каралеву, жонку Жыгімонта ІІ Аўгуста. Гэта яе не зацела бачыць побач са сваім сынам ягоная маці – ганарыстая і ўладная Бона Сфорца. Аднак моцнае каханне Барбары і Жыгімонта прабілася праз усе перашкоды. Не справілася яно толькі з няўдзячнай помслівасцю. Атручаная па загаду капрызлівыай каралевы, Барбара увасобілася ў прывід Чорнай дамы. З таго часу яна пасялілася ў Нясвіжскім замку і штоночы абыходзіць пакой за пакоем у пошуках свайго каханага. Ды нідзе не можа знайсці. Тады яна хаваецца ў глыбокія падзямеллі-лёхі, каб наступнай поўначчу зноў выправіцца ў безвыніковыя пошукі. Так доўжыцца ўжо больш за чатыры з паловай стагоддзі.
ВОЗЕРА НАРАЧ
Азёры Беларусі. Гэтымі чыстымі вачамі даверліва ўзіраецца мая Радзіма ў далёкі і недасяжны сусвет, нібыта шукае там паразумення, спадзяецца на ўзаемны давер і спагадлівасць.
З незапамятных часоў вабіла беларуская зямля сваёй прыгажосцю, непаўторнай прыродай, чароўнымі пейзажамі. Цэлымі стагоддзямі і тысячагоддзямі неаднаразова прасавалі яе магутныя ледавікі, каб былі тут пагоркі з нізінамі, лясы з балотамі, рэкі з азёрамі.
Пазіраючы ў чыстыя вочы азёр, вышэйшыя нябесныя сілы пранікаліся да тутэйшай прыгажосці такой павагай, што не маглі псаваць яе. Нават суровы сівабароды Пярун пакідаў свае ўладныя і памаўзлівыя звычкі, калі праязджаў на грымотнай калясніцы над азёрнымі люстэркамі Беларусі. Бо хіба ж станеш рабіць крыўду людзям і прыродзе, калі пазіраеш у даверлівыя вочы-азёры, у люстраную рачную роўнядзь? А гэткіх чароўных люстэркаў на Беларусі – лічыць-не злічыць. Сярод іх сапраўды першай перлінай стала возера Нарач. Легенда пра яго паходжанне таксама звязана з люстэркам.