— У Індыю? — акругліліся ад здзіўлення яе ліслівыя вочкі.
— Так, у Індыю, — пацвердзіў я і дадаў: — Прапанавалі вакансію пастуха, буду цяпер пасвіць сланоў.
Жанчына выціснула скупую іранічную ўсмешку.
Мы выйшлі на вуліцу. Праз дарогу ля царквы тоўпіліся людзі. Відавочна, сёння было рэлігійнае свята. Білі ў званы.
— Дабравест у мой гонар, — пажартаваў я, і жанчына адарыла мяне здзіўленым позіркам.
9
Што такое нікуды не трэба спяшацца, я адчуў ужо на тралейбусным прыпынку. Ехаць дахаты перахацелася. Рэшткі дня і вечар я правёў у «Эскі-Юрце», недарагім, але някепскім рэстаране. Калі і як вярнуўся дахаты, не памятаю. Прачнуўся на раніцы, у сябе дома. У пакоі іграла ціхая музыка. Мой позірк нечакана затрымаўся на вялікім трумо. У ім адлюстроўвалася акно, у шыбіны якога білася вецце старых таполяў. Вецер гайдаў густыя кроны ў такт музыкі. Я глядзеў на гэтае дзейства як зачараваны і баяўся паварухнуцца. Я адчуваў сябе саўдзельнікам вялікай сусветнай гармоніі, і маё цела перапаўнялася невытлумачальнай радасцю. «Хіба можна не любіць жыццё? — думаў я, узгадваючы нябожчыка пляменніка. — Гэта адзінае і самае лепшае, што нам дадзена звыш. Хіба можна раскідвацца лепшым і адзіным?» Ідылію радасці парушылі нечыя асцярожныя крокі. Я нехаця павярнуўся. Жанчына ўсміхалася мне з вітальні.
— Ты хто? — пацікавіўся я.
— Я Таня, — сарамліва і зусім па-дзіцячы адказала жанчына.
— Таня? — здзівіўся я. — Некалі ў юнацтве я закахаўся ў адну дзяўчыну. Яе таксама звалі Таня.
Жанчына перасмыкнула плячыма і прамаўчала.
— Як ты апынулася тут? — пацікавіўся я, разумеючы абсурднасць такога пытання. Варыянт быў класічным, яна мне падабалася. І ўсё ж мы развіталіся з ёю з перакананнем, што сустрэнемся неўзабаве. На гэты дзень у мяне былі іншыя планы, і ахвяраваць імі, нават дзеля прыгожай жанчыны, якая мне падабаецца, я быў не здольны.
Я даўно цешыў сябе авантурнай ідэяй наведаць святую крыніцу, каб змыць з сябе ўвесь той бруд, які накопліваўся ўва мне гадамі. Не прыміце маё жаданне за рэлігійны фанатызм, за свядомае жыццё я ні разу не быў у царкве. Маімі ўчынкамі рухала прага да ачышчэння: унутранага, глыбіннага. Дзеля гэтага я быў здольны на ўсё, бо ўпершыню паверыў у сябе, адчуў упэўненасць, але не ведаў, што з ёю рабіць. Я чапляўся за любую магчымасць, каб выжыць. Я вельмі хацеў жыць.
Крыніца знаходзілася далёка за горадам, аднак дабірацца да гэтага месца я вырашыў пехатою. Ужо праз хвілін пятнаццаць я крочыў палявой дарогай уздоўж рэчкі да бязлеснага кургана, які вырысоўваўся далёка на даляглядзе. Стаяў пагодлівы восеньскі дзень. Такія залатыя дні бываюць у нашых мясцінах толькі ў канцы верасня. Мяне абміналі машыны, пакідаючы за сабою клубы шэрага пылу. Я збочваў і чакаў, пакуль ён развеецца, і крочыў далей. Некаторыя добразычліўцы спыняліся і прапаноўвалі мне свае паслугі. Я ўдзячна ўсміхаўся ім і ветліва адмаўляўся. Адразу ж за згібам дарога паварочвала ўправа, у абыход кургана. Я не пайшоў ёю, а звярнуў на сцежку, што вілася праз пожню вузенькай нітачкай. Поле было ўсеяна несабранымі ў сцірту валкамі саломы. Вецер даносіў пахі блізкага жытла. Я прагна ўдыхаў іх, і маё сэрца перапаўнялася пачуццём невытлумачальнай радасці. Як ніколі я адчуваў сваю значнасць у гэтым свеце. Я радаваўся, нібы немаўля, гэтай навакольнай прыгажосці, часцінкай якой зяўляўся. Я дасягаў для сябе новыя глыбіні, пра якія яшчэ некалькі дзён таму мог толькі марыць. Я радваўся, што мне выпала нарадзіцца ў гэты час і ў гэтых мясцінах. Я адчуваў сябе шчаслівым чалавекам.
Праз пэўны час сцежка прывяла мяне на вяршыню кургана. Перада мною адкрыліся новыя краявіды. У нізіне віднелася невялічкая вёска, двароў гэтак у пяцьдзесят, яе акружала бязлесная прастора. І толькі далёка, з паўночнага боку, была бачна шэрая палоска лесу. Напэўна там, калі верыць аповядам знаёмых, і знаходзілася тое месца, якое яны параілі мне наведаць. Непадалёк, ля скрыжавання дарог, месцілася невялічкая старая каплічка. Будавалі яе некалі для таго, каб мінакам было дзе адпачыць і памаліцца Богу. Я рушыў да яе. На падыходзе мяне сустрэў сівы, няпэўнага ўзросту дзядок. Ён падаўся мне дзіўным, і я спачатку нават палічыў, што ў гэтага чалавека праблемы з галавой. Ён сыпаў неўпапад незразумелымі не толькі мне, але і яму самому цытатамі з Евангелля. Сэнс іх не заўжды адпавядаў тэмам нашай размовы. З бяседы з ім высветлілася, што ў дарозе ён шмат год ужо, што пехатою прамерыў у амаль усю краіну, пабываў у розных святых мясцінах, што канчатковая мэта яго вандроўкі — памерці ў дарозе. Яго прызнанне зблізіла мяне з ім, і я таксама расказаў яму гісторыю свайго жыцця, на што ён адрэагаваў выказваннем Іаана Багаслова:
— Калі кажам, што не маем граху, — ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі вызнаём грахі нашыя, дык Ён — верны і справядлівы, каб дарваць нам грахі нашыя і ачысціць нас ад усякае няпраўды. Калі кажам, што мы не грашылі, дык робім ілжывым Яго, і няма ў нас cлова Яго.
Далей мы рушылі разам. З яго слоў я даведаўся, што побач з крыніцай, на гары, з-пад якой б’е святы струмень, знаходзіцца камень з адбіткам ступні Божай Маці. Знайшлі яго даўно, шмат вякоў таму. Пакланіцца гэтай святыні і ёсць мэта яго вандроўкі.
Мы абмінулі вёску і выйшлі да закінутага хутара. На падыходзе да яго нас сустрэла старэнькая бабулька. Яна блаславіла нас і паказала сцежку, якая, па яе словах, павінна была прывесці нас да крыніцы. Праз хвілін дзесяць мы былі на месцы. Брукаваная сцежка вывела нас да невялічкай альтанкі. Перад уваходам у яе я заўважыў абраз Святога Архангела Міхаіла і перахрысціўся. Потым накіраваўся да ручая. Зачарпнуў у кубачак вады і прысеў на лаўку. Вада была халоднай і гаючай. Праз некалькі хвілін вярнуўся стары і прысеў са мной побач. Сядзелі моўчкі.
— Дрэнь я, сынок! — нечакана парушыў маўчанне стары. — Ты вось, гляджу, мне паверыў, палічыў мяне за правільнага чалавека, а мне верыць нельга.
— Вы гэта пра што, дзед? — зірнуў я на яго неўразумела.
— Скажы, сынок, ты мне паверыў? — назойліва дапытваўся стары.
— Паверыў, — нехаця прамямліў я.
— Выходзіціь, што ты першы, хто мне паверыў? І хто я, па-твойму?
— Скуль мне, дзед, ведаць, хто ты? Я ж цябе ўпершыню бачу.
— Дрэнь я, — адказаў стары.
— Не ведаю.
— І я сябе, сынок, не ведаю. Бадзяюся па свеце, шукаю ўчарашні дзень… Паміраць мне час прыйшоў, а Ён мяне не прыймае. Шмат людскога гора на мне. Эх, памяняць бы ўсё, пачаць спачатку. Ды позна ўжо нешта мяняць.
Я прамаўчаў. Заглыбляцца з ім у такія размовы мне не хацелася. Я ўстаў і накіраваўся да ручайка. Разуўся і намачыў ногі. Ступні апякло холадам.
— Сынок! — пачуў я за плячыма сцішаны голас старога і ўздрыгнуў ад нечаканасці. Я настолькі зжыўся са сваімі думкамі, што паспеў забыць пра яго. Стары апусціўся перада мною на калені і крануўся шурпатай даланёй маёй лыткі.
— Што вы робіце? — збянтэжана зіркнуў на яго я і паспрабаваў прыняць нагу. Стары не адпусціў яе.