На бліжэйшых дынных дрэвах заманліва звісалі ўніз жоўтыя араматныя плады, і, гледзячы на іх, Свенсан раптам адчуў, як рот напаўняецца сліной. І не дзіўна: апошнія некалькі дзён ён харчаваўся адным толькі недаспелым кукурузным зернем…
Дзверы зноў расчыніліся і насустрач Свенсану з дому выйшаў мужчына сярэдніх гадоў.
- Ну! – прамычэў ён, неяк з-пад ілба разглядваючы Свенсана. – Што?!
- Добры дзень! – ветліва сказаў Свенсан. – Вы – гаспадар?
- І што?
Фермер раптам пахіснуўся, і Свенсан зразумеў, што ягоны субяседнік моцна п’яны. Не тое, каб зусім у адключцы, але даволі грунтоўна набраўшыся…
-І што? – паўтарыў фермер і раптам, шырока ўсміхнуўшыся, схапіў Свенсана за руку. – Слухай, ідзем!
- Куды? – не зразумеў Свенсан.
-Туды, туды! – фермер неяк неакрэслена махнуў свабоднай рукой кудысьці ўглыб жытла. – У мяне сёння вялікае свята! Сказаць якое?
- Якое? – спытаўся Свенсан.
- Не скажу! Спачатку вып’еш са мной?
Не адказваючы, Свенсан толькі паціснуў плячамі і таксама ўсміхнуўся ў адказ. Выпіць, як выпіць… а паесці Свенсану зусім нават не пашкодзіла б пасля такой працяглай кукурузнай дыеты…
-Ідзем! – п’яна мармытаў фермер, абняўшы Свенсана за плечы і падпіхваючы яго да ўваходу. – За маё здароўе… з намі, з усімі… тут усе свае…табе спадабаецца!
Значэнне перадапошняй фразы Свенсан змог у поўнай меры ацаніць, толькі калі ўслед за гаспадаром увайшоў у пакой, дакладней, у невялікую залу, дзе і адбывалася гулянка.
За доўгім сталом з самымі разнастайнымі стравамі і напоямі сядзела каля дзесятка мужчын. Усе прысутныя былі ў добрым ужо падпітку і п’яна гаманілі аб чымсьці паміж сабой. Убачыўшы Свенсана, усе раптам змоўклі і павярнуліся ў ягоны бок.
- Добры дзень! – павітаўся Свенсан. – Смачна есці!
Мужчыны за сталом працягвалі моўчкі яго разглядваць, а Свенсан пачуў раптам тое, чаго раней не было чуваць з-за п’янай гамонкі. Гэта быламузыка, ціхая, пяшчотная і, адначасова, такая шчымлівая…
Музыка даносілася аднекуль злева і, зірнуўшы ў той бок, Свенсан убачыў жанчын з арфамі. Ён адразу ж зразумеў, што гэта за жанчыны і што яны тут робяць.
Гэта былі жанчыны з, так званага, “вясёлага дому”. Любы жадаючы мог заказаць сабе на дом такіх жанчын, адну альбо некалькі, на той ці іншы тэрмін…граць для клінтаў на арфе было толькі адным, і, прытым, далёка не галоўным з іх абавязкаў…
Вось і зараз Свенсан заўважыў, што два месцы сярод арфістак часова пустуюць, там сіратліва ляжалі пакінутыя арфы. Тым не менш, астатнія восем жанчын працягвалі стараннавыконваць сваю шчымлівую мелодыю…
Усе жанчыны былі маладымі і вельмі прыгожымі. З адзення на іх былі толькі нейкія белыя паўпразрыстыя хітоны, якія зашпільваліся на левым плячы. На галаве ў кожнай з жанчын меўся яшчэ і невялікі вяночак з пунцовых альбо белых кветак.
Пакуль госці з цікаўнасцю разглядвалі Свенсана, а сам Свенсан з не меншай цікаўнасцю разглядваў жанчын з арфамі, у залу з адной з бакавых дзвярэй, не ўвайшоў, а, літаральна, ўваліўся мужчына, хутчэй за ўсё, таксама хтосьці з гасцей. Ён з цяжкасцю трымаўся на нагах, жанчыне, якая йшла ўслед за ім, прыходзілася з усяе сілы падтрымліваць свайго кавалера ў вертыкальным становішчы.
Іх прыход астатнія сустрэлі п’яным смехам, нясціплымі жартамі, нават кпінамі, на якія мужчына, тым не менш, зусім не пакрыўдзіўся.Ён п’яна зарагатаў у адказ і, дайшоўшы, нарэшце, да свайго месца за сталом, з яўнай палёгкай на яго апусціўся. Жанчына ж, паправіўшы хітон, падыйшла да сваіх сябровак і, узяўшы арфу, таксама пачала задумліва перабіраць тонкімі пальцамі струны. Дзіўна, але ніякіх нот перад арфісткамі не ляжала, не было перад імі і ніякага дырыжора…тым не менш, чароўная мелодыя арфаў працягвала гучаць роўна і зладжана, без адзінага нават збою…
На Свенсана ніхто не звяртаў больш аніякай увагі, акрамя гаспадара, які моўчкі паказаў яму на свабоднае месца за сталом насупраць сябе. Свенсан сеў, і адразу ж сусед злева набухаў яму поўны келіх віна, а сусед справа падсунуў бліжэй аж тры талеркі з рознымі мяснымі стравамі. Прыгубіўшы крыху віна, Свенсан з прагнасцю накінуўся на ежу. Толькі зараз, сярод гэтага гастранамічнага багацця, ён зразумеў, якое гэта нясмачнае блюда – пражанае зерне кукурузы, якая ледзь дасягнула яшчэмалочнай спеласці…
. А госці за сталом зноў п’яна і шумна гаманілі, даказваючы штосьці адзін аднаму… і чароўная шчымлівая музыка арфаў амаль згубілася, растварыўшыся ў п’янай гэтай гамонцы. І, тым не менш, Свенсан працягваў яе чуць, калі не слыхам, дык, пэўна ж, душой…ён слухаў гэтую музыку, і цешыўся ёю… і разумеў усю недарэчнасць цудоўнай гэтай музыкі ў закарузлым п’яным пакоі…
Нечакана Свенсан адчуў на сябе ўважлівы позірк аднаго з прысутных. Стараючыся нічым не выдаць сваей занепакоеннасці, ён, тым не менш, непрыкметна зірнуў у той бок…
Чалавек, які толькі што разглядваў Свенсана, абдымаўся ўжо з п’яным суседам і штосьці нават шаптаў яму на вуха, літаральна давячыся пры гэтым ад несупыннага смеху. Ён выглядаў зараз не менш п’яным за астатніх, але Свенсан ведаў, упэўнены быў нават у тым, што яшчэ хвіліну назад чалавек гэты ўважліваразглядваў яго халодным цвярозым позіркам.
Ды і не паходзіў ён на астатніх мужчын за сталом, ні адзеннем, ні сваіміпаводзінамі. Тут, на гулянку, хутчэй за ўсё, сабраліся фермеры-суседзі… а гэты мужчына, ён быў, пэўна,наглядчыкам ад “вясёлага дому”… на Аграполісе такіх называлі чамусьці “канферансье”…
У абавязкі канферансье уваходзіла дастаўкада месца прызначэння жанчын-арфістак і назіранне потым за імі ўвесь той час, пакуль жанчыны будуць знаходзіцца ў гэтым месцы. Канферансье, вядома ж, нёс за жанчын поўную адказнасць…ён жа павінен быў потымдаставіць іх зноў у “вясёлы дом”….
Усе - людзі… так што, выпіць з гаспадарамі наглядчыку-канферансьедазвалялася, але ў меру. Напівацца ўчас службовай камандыроўкі ні адзін з канферансье не мог сабе дазволіць, за гэта можна было і вылецець з работы. Нават калі жанчын гэтых заказалі не на адзін дзень, а на больш працяглы тэрмін… і тады страта кантролю над сваімі паводзінамі хоць на нейкі час з’яўлялася для наглядчыка даволі рызыкоўнай справай…