— А вы ведаеце, мама, яму крыху болын гадоў, чым мне. А вырас — гляньце, які дылда!
— Вы ўжо і гадкамі памераліся! Дурное і ёсьць дурное, тое і яно, дзіця горкае. Ды толькі гэта табе не гульня! Ох, яшчэ пакажуць яны сябе, чуе маё сэрца!
I паказаў… У тую ж ноч.
Бадай, ніводная дзяўчына не падабалася так Францу, як раптам гэтая кінулася ў вочы — з бандыцкае вёскі. Ды калі папраўдзе, нічога сур’ёзнага і не было яшчэ ў яго з жаночым племем. Хаця сярод аднагодкаў, асабліва калі быў у маладзёвым лягеры «Сіла праз радасьць», ня горш за іншых выстаўляўся вопытным лавеласам, абаяльным самцом, які не з чужых словаў ведае, што і як. А сам нават да прастытутак не хадзіў, куды ў маладзёнаў зь лягеру сьцежка была пратаптаная. Ня толькі боязь заразіцца, адгукалася і хатняе выхаваньне ў сям’і пастара.
I вось перад ім тая, якую, яшчэ крыху, і ён пакахае па-сапраўднаму. Але часу на гэта ня будзе: неўзабаве дзяўчыну застрэляць. (Хто? — стараўся не дадумваць.) Ён жа так і не спазнае таго, пра што гэтулькі гаворкі, пішуць у кнігах, у кіно паказваюць — прытым не з распуснай, а вось з такой чыстай, прывабнай. У гэтым халодным нібыта разьліку: не ўпусьціць! — нейк прысутнічала пачуцьцё закаханасьці. Яно, гэтае пачуцьцё, нават завастрылася ад драпежных намераў, думак, што ўсё мацней бралі над ім уладу. Ад безабароннасьці яе і асуджанасьці яе плоць станавілася ўсё болып жаданаю. На трэцюю ноч толькі пра гэта і думаў, вячэралі, нікому ў вочы ня мог паглядзець. Дзяўчына разумела гэта па-свойму і дражніла яго яшчэ болын: падсочваючы, ловячы яго позірк. Так і дурное шчаня начынае гуляць перад пашчаю воўка.
Што яшчэ жыло ў яго, Франца, сьвядомасьці, як ні дзіўна — пратэст. Жорсткасьць, эгаізм жаданьня супраць жорсткасьці догмы, ідэалёгіі.
Расавы закон аднак яму гэтага не дазваляе. Забіць дазваляе і нават абавязвае. А вось падобным пралюбадзействам прынізіць сваю расу — тое самае што скаталожніцтва. I таго горш, болын небясьпечна: скаціна табе сваю ідэалёгію не перадасьць.
ІПто пра гэта кажа закон, які вызнае ягоны бацька, пратэстанцкі сьвятар, Франц, калі трэба, можа прыгадаць, але кіравацца ім немец не абавязаны. Фюрэр вызваліў ад гэтага абавязку, даў свой запавет, закон. Але цяпер менавіта з законам расы спрачаўся эгаізм маладога немца, не вяртаючыся, аднак, да бацькавага наказу. Новыя скрыжалі ўзнагароджзаюць ягоную вернасьць толькі трупам. I адбіраюць радасьць уладаньня жывым. Дзе ж сіла праз радасьць? Нешта тут ня так, мой фюрэр, гэта прывабіць хіба што Ота — яму важней за ўсё сабраць смачную пасылку і паслаць яе сваёй жонцы…
Што адбылося ў тую ноч на кухні, на шырокай лаве ля акна, дзе клалася спаць Паліна, цемра не дала разглядзець ні Кучарысе, ні старому Ота (яна спала на печцы, ён — у другім пакоі).
Я ж гэтую сцэну нібы бачу (з боку Франца), выразна яе ўяўляю: сам перажыў нешта падобнае.
Гадоў за пяць да вайны да нас у госьці прыехала цётка з мужам і іх пляменьніца. Быў я яшчэ пяціклясьнікам-шкаляром. Дужа запала мне ў вока пляменьніца, дзень у дзень мы зь ёю лёталі па двары і ў хаце, абліваліся вадою, шчыпаліся, яна на мяне скардзілася, і нас абаіх прысаромлівалі, сварылі, мая мама мяне, цётка яе. А калі згасілі сьвятло, леглі спаць (госьці ў сталоўцы), я ў цемры папоўз, каб напалохаць іх. Дапоўз да стала — далей іх ложак і канапа — і крыкнуў па-дурному: «А-а-а!» Нешта гучна фыркнула, зашыпела, як клубок зьмеяў, і па маёй фізіяноміі, па шыі прайшліся чыесьці кіпцюры. Ды такія вострыя, шалёныя. Мне б у час успомніць, што ў нашай кошкі нарадзіліся кацяняты, і карабок, іх пасьцель, пад тым сталом. Нічога ня цямячы, залямантаваў, як зарэзаны. Спалох быў усеагульны. Пакуль не запалілі сьвятло і не пабачылі мяне, з расьпісанай фізіяноміяй, і ня скемілі, што адбылося. Мяне тут жа расфарбавалі яшчэ ёдам, доўга не маглі супакоіцца — потым ужо ад сьмеху.
У хаце Кучарыхі рагатаў толькі Ота Залеўскі. Астатнім было не да таго. Франц выбег за дзьверы, на вуліцу. Паліна кінулася на печ, да маці пад крыльца. I стаіліся абедзьве.
Раніцой жанчыны ўсталі, як звычайна, раненька, асьцярожна корпаліся ля печы, даілі карову, кармілі кабанчыка, курэй — усё, як заўсёды. Выйшаў да іх Ота, выспаны, дужа задаволены мінулай ноччу. Яны яго абслужылі цёплай вадзічкай: падрэзаў свае вусы, пагаліў змаршчакаватыя шчокі і шыю, часьцей звычайнага паўтараючы: «Данке, гут, гут!» Франц выйшаў са спальні, як выбег, звонячы зброяй і мэталічнымі карабкамі на поясе, адварочваючы падрапаную, з барвовымі шнарамі, фізіяномію. Не павітаўшыся, пабег на вуліцу. Кучарыха правяла яго спалоханымі вачыма, нават Паліна, зусім ціхая, зьбялелая, стаяла ля шафы, вінавата маўчала. Ота ж проста сьвяціўся ўвесь, як новы пятак.
— Лыбіцца, быццам подмазку зьеў! — не стрывала Паліна. Здаецца, яна пакрыўдзілася за Франца. Старая Кучарыха на яе накінулася:
— Ты хоць гэтага не чапай! Хопіць, ужо дагулялася.
Паліна ціхутка шмыганула за дзьверы. Вярнуліся яны абое, зьміраныя, задобраныя (што яна яму там казала, чым суцешыла?), хоць ты іх з іконай бласлаўляй.
— Мама, у нас лой быў, гусіны тлушч. Памазаць — і пройдзе. Выбегла ў кладоўку, а Франц стаіць і зьбянтэжана пасьміхаецца, пагладжваючы шчокі, лоб, шыю.
— Война, матка, крыг! — спрабуе жартаваць.
— Вы ўжо на яе ня гневайцеся, маладое-дурное, што зь яе ўзяць?
Дзякуй Богу, хоць стары немец пайшоў у прыбіральню, ня хутка вернецца. Паліна ўжо нясе шклянку, беланапоўненую, калупнула пальцам.
— У нас так лечаць, — растлумачыла Францу, — калі хто незнарок падрапаецца. Я змажу ранкі, гут? Не балюча, крышачку.
Франц пакорліва схіліўся. Паліна, водзячы пальчыкам, замаўляе:
— Па саломе, па мякіне, няхай пабаліць і пакіне. Пакуль жаніцца — загаіцца. Зажыве да вясельля.
3
Дзень расправы набліжаўся вывераным ваенным крокам. А вяскоўцам як вушы заклала, вочы заляпіла: так ім не хацелася ў гэта паверыць. За ўсе крыўды Германіі, пасьлявярсальскія пакуты нямецкага насельніцтва павінна была расплаціцца беларуская вёска Петухі. Аб тым ведала адна частка людзей (пастаяльцы), другая ж частка (самі жыхары) з кожным спакойна пражытым днём усё болып верыла: пранесла, на іх бяда не абрынулася, хаця б гэты раз.
Апошнюю ноч, калі ўжо быў аддадзены загад ажыцьцявіць на сьвітаньні (а 8.00) акцыю, Франц амаль ня спаў. Ота Залеўскі паведаміў яму агульнае распараджэньне: больш нікога зь вёскі не выпускаць (але тым, хто зь лесу вяртаецца, не перашкаджаць), па магчымасьці трымаць сваіх гаспадароў у хаце, папярэджваючы, што вось-вось можа пачацца бой з партызанамі, яны, маўляў, падыходзяць, акружаюць. Ота спаў адным вокам, некалькі разоў ноччу прачынаўся і курыў на кухні, бегаў вады папіць ці на двор па патрэбе. Франц ліхаманкава думаў, уяўляў, як гэта адбудзецца. Ота ў яго спытаў, ухмыляючыся: ты, вядома, маладую выбраў? Што ж, падабаецца, бітэ, калі ласка, а я па-старэчы прыгрэю старую каргу.
I ўсё-ткі задрамаў Франц, а калі прачнуўся і пачуў на кухні мірныя галасы старой і Ота, што ўсё спрабавалі растлумачыць адно аднаму, якая гэта ліхая штука вайна, яго раптам працяў холад, узялі дрыжыкі. Гэтага яшчэ не ставала! Як жа ён выйдзе да іх, як паглядзіць на Паліну, вачыма сустрэнецца зь яе позіркам? О Божа, лепш бы не прачынацца наогул! Ня жыць, ня ведаць нічога гэтага. Бацька, ты любіў паўтараць словы пра чашу, якую Сыну Божаму назначана было выпіць да дна. За нас, каб і мы свае выпрабаваньні прайшлі з гонарам. Ну а сыну твайму — вось такое выпала. Ня я выбіраю, за мяне Фатэрлянд, фюрэр вызначылі маю ношу. Як зь ёю быць, што рабіць мне? У мяне засталася гадзіна часу, хто, хто падкажа?
Чуў, як з двара зайшла Паліна, грымнула дровамі ля печкі. Перад гэтым у пакой да Франца забег ашалелы стары: ты што, забыў, твая пабегла некуды, за яе ты адказваеш! О Божа, няхай бы яна і’сапраўды ўцякла, ня зьелі б за гэта Франца, ну няхай бы пакаралі як сьлед. Ці няхай, калі ўжо на тое пайшло, Ота ўсё гэта зробіць, яму гэта не навіна.
Чутно, як Паліна мые даёнку, пойдзе карову даіць, а сюды ізноў уляціць гэты ашалелы падганяць Франца. Вось ён, аж задыхнуўся ад гневу, словы ў глотцы заселі.
Франц адно махнуў рукой, навешваючы на плячо аўтамат і кіруючы на кухню. Павітаўся з гаспадыняй, яна паабяцала: