Даўмонт затаіў смяротную крыўду i стаў чакаць магчымасці адпомсціць за свой зняважаны гонар. Ён выкарыстаў імкненне пляменніка Міндоўга князя Тройната захапіць прастол i ўступіў з ім у змову. Помста адбылася ў 1263 годзе, калі Міндоўг накіраваў усё сваё войска за Днепр супраць бранскага князя Рамана. Даўмонт таксама пайшоў у паход, але, выбраўшы зручны час, вярнуўся назад, кажучы: «Варажба паказвае, што мне не трэба ісці разам з вамі». Пасля гэтага ён са сваім атрадам шпарка паскакаў наўздагон Міндоўгу. Нагнаў ён свайго ворага ў той час, калі Міндоўг адпачываў, раскінуўшы шатры. Атрад Даўмонта з ходу атакаваў. У час бойкі Даўмонт уласнаручна забіў Міндоўга i двух яго сыноў.
Застацца пасля гэтага на раздзіраемай міжусобіцамі i барацьбой за ўладу радзіме ён не мог, таму ў 1266 годзе разам з усім сваім дваром i трыма сотнямі баяр «ад'ехаў» у Пскоў. Тут ён прыняў праваслаўе, атрымаў імя Цімафей i пасаду служылага князя. Пскавічы спачатку аднесліся да яго даволі насцярожана i толькі з цягам часу прызналі сваім. Гэтаму спрыялі поспехі, якіх дабілася пскоўскае войска пад кіраўніцтвам новага князя ў барацьбе з ix галоўным ворагам — крыжаносцамі. У бітвах з «бязбожнымі немцамі» цалкам раскрыліся палкаводчыя здольнасці Даўмонта. Яго становішча стала яшчэ больш моцным пасля шлюбу з дачкой наўгародскага князя Марыяй (дарэчы, яна была ўнучкай Аляксандра Неўскага).
Хлопчык Давыд, які з'явіўся ў хуткім часе ў ix сям'і, з маленства выхоўваўся як воін. Яго вучылі стральбе з лука, верхавой яздзе. Ён выдатна валодаў мячом, кап'ём, шэстапёрам. Жыццё «ля стрэмя бацькі» прывучыла яго да шматдзённых паходаў, да начоўкі ў любы час года, у любое надвор'е пад адкрытым небам. Цімафей-Даўмонт з нейкім трывожным прадчуваннем спяшаўся перадаць сыну ўсе свае веды, усё майстэрства. Ён быццам адчуваў, што Давыд хутка застанецца адзін.
У 1299 годзе па паўночнарускіх землях пранеслася эпідэмія чумы. Мор літаральна выкасіў насельніцтва гэтай тэрыторыі. Сярод тысяч памёршых былі i бацькі Давыда. Даўмонт, паміраючы, наказаў сыну ехаць на радзіму, i той выканаў запавет бацькі.
Давыд апынуўся ў Літве. Князь Гедымін, цудоўна разбіраючыся ў людзях, дальнабачны i мудры палітык, хутка звярнуў увагу на розум i незвычайныя ваенныя здольнасці юнака i даручыў яму пасаду каштэляна (каменданта) Гародні. Больш таго, крыху пазней ён выдае замуж за Давыда сваю дачку Бірутэ.
Той-сёй з даследчыкаў лічыць, што гэты шлюб быў заснаваны на ўзаемным разліку: быццам бы Давыд імкнуўся такім чынам заручыцца падтрымкай Гедыміна, а той, у сваю чаргу, пазбаўляўся ад небяспекі, што Давыд пачне барацьбу за Нальшанскія землі, якія належалі яго бацьку, ды да таго ж яшчэ хацеў наблізіць да сябе чалавека, за плячыма якога стаяў Пскоў. На наш погляд, усе гэтыя разважанні памылковыя. Па-першае, Давыд меў падтрымку Гедыміна яшчэ да шлюбу з Бірутэ. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, прызначэнне яго каштэлянам Гародні. Па-другое, у тыя (як, дарэчы, i ў шматлікія іншыя) часы i на Pyci, i ў Заходняй Еўропе, i на Усходзе пры барацьбе за ўладу нават з кроўным сваяцтвам лічыліся вельмі мала. Аналы, хронікі i летапісы напоўнены паведамленнямі аб тым, як брат забіваў брата, сын бацвку, пляменнік дзядзьку.
Хутчэй за ўсё галоўнай прычынай гэтага шлюбу было каханне. Мабыць, Гедымін убачыў пачуцці двух маладых людзей i вырашыў не перашкаджаць закаханым. Так гэта было ці не, але i ў далейшым Гедымін аказваў Давыду перавагу нават перад сваімі братамі i сынамі.
Мудры палітык Гедымін не памыліўся ў выбары каштэляна. Гародня i гарадзенскія землі атрымалі надзейнага абаронцу. Крыжаносцы ўпершыню адчулі гэта ў 1305 годзе. Зімой таго года шматтысячнае рыцарскае войска пад кіраўніцтвам славутага комтура Конрада Ліхтэнхагена напала на Гародню, але неаднаразовыя ix спробы захапіць яе не ўвянчаліся поспехам. Праз два дні на дапамогу абложаным падышлі войскі Гедыміна (якога апавясціў Давыд), i крыжакі былi разбіты. На наступны год спробу захапіць Гародню распавёў другі комтур — Эберхард фон Вірненбург з Кёнігсберга. Ён прывёў з сабою пад сцены Гародні сотню рыцараў i шэсць тысяч лёгкаўзброеных вершнікаў. Яны захапілі пасад — неўмацаваную рамесную частку горада. Узяць жа замак. (гэта, фактычна, сам горад) так i не змаглі. Гарадзенцы, запёршыся за яго сценамі, мужна адбілі ўсе штурмы.
Не дабіліся поспехаў крыжакі i ў 1311 годзе. Можа скласціся ўражанне, што Давыд толькі адседжваўся за сценамі, адбіваючы раз-пораз напады рыцараў, але гэта не так. Былі ў Гарадзенскага каштэляна i паходы. Ён нават дапамагаў жыхарам іншых гарадоў. Напрыклад, менавіта да яго паслалі з просьбай аб дапамозе жыхары Наваградка, калі восенню 1314 года ix горад спрабавалі захапіць крыжакі пад кіраўніцтвам Генрыха фон Плоцке.
Невялічкі атрад Давыда, які складаўся з дружыннікаў i купкі гарадзенскіх апалчэнцаў, падышоў да горада ў той час, калі рыцары, зняўшы цяжкія даспехі i спешыўшыся, у чарговы раз караскаліся па схілах узвышша да муроў Наваградскага замка. Абаронцы замка засыпалі ворагаў коп'ямі, стрэламі з лукаў i арбалетаў, закідвалі камянямі, спускалі па схілах «каткі» — таўшчэзныя, усаджаныя цвікамі, бярвёны. Уся ўвага крыжаносцаў была сканцэнтравана на замку, таму яны не адразу заўважылі i зразумелі, што адбываецца ў ix лагеры.
А Давыд не стаў увязвацца ў адкрыты бой, a перабіў ахову i захапіў лагер. У яго рукі трапіла велізарная здабыча — 1500 баявых коней, правіянт, абоз, даспехі. Гарадзенцы знішчылі ўсё, што не змаглі захапіць з сабою, і… зніклі. Што ж заставалася рабіць крыжаносцам? Кінуўшы параненых i аслабленых паплечнікаў, яны накіраваліся дадому. Але ў дарозе ix чакалі новыя выпрабаванні. Атрад Давыда знішчыў усе склады з правіянтам, пакінутыя рыцарамі на стаянках (каб харчавацца пры звяртанні). Спробы ж рыцараў здабыць ежу i фураж для коней, якія засталіся, скончваліся няўдачамі. Марадзёраў знішчалі лятучыя атрады гарадзенцаў, што назіралі за адступленнем ворагаў. Давялося крыжаносцам з'есці апошніх коней, a потым перайсці на лісце ды карэньчыкі. Доўгі шасцітыднёвы шлях дамоў адолелі толькі нешматлікія рэшткі былога магутнага войска.
Ведаючы, што лепшая абарона — нападзенне, Давыд нярэдка сам наносіў крыжаносцам моцныя ўдары. Так, вясной 1319 года, выкарыстаўшы разліў рэчак, ён з 800 вершнікамі пераадолеў адлегласць па бязлюдных мясцінах i ўварваўся ў адну з багацейшых абласцей Прусіі Вагендорф, прайшоўшы па ёй «з агнём i мячом». Яго войска з багацейшымі трафеямі i вялікай колькасцю палонных вярнулася ў Гародню.
Давыд разумеў, што барацьба з крыжаносцамі патрабуе аб'яднання сіл. Таму ён аказваў дапамогу любому суседу, каму пагражалі псы-рыцары. Калі ў 1322 годзе крыжаносцы напалі на Пскоў, яго жыхары «послаша гонцы до князя Давыдка». З яго дапамогай напад рыцараў быў адбіты.
Але на наступны год дацкія рыцары (не зважаючы на мірны дагавор) зноў пайшлі на пскавічоў, захапілі Гдоў, дзе забілі рускіх купцоў i ўзялі ў палон пскоўскіх рыбакоў, якія лавілі рыбу ў Нарве. Пскавічы i на гэты раз былі вымушаны звярнуцца па дапамогу да Давыда. Яго войска разам з пскоўскім адбіла націск датчан, выгнаўшы ix з захопленай зямлі, а затым зрабіла набег на паўночную Эстонію, дайшоўшы амаль да Рэвеля. Апісваючы ix дзеянні, нямецкі храніст занёс на старонкі сваёй кнігі: «Рускія з Пскова з дапамогай літоўцаў (ён меў на ўвазе войска Давыда. — М. Б.) спустошылі зямлю караля Даніі i забілі каля 5 тысяч чалавек».
У маі таго ж года нямецкія рыцары аблажылі Пскоў, але праз тры дні знялі аблогу i адышлі. Праз два месяцы ix войска зноў апынулася пад сценамі гэтага горада. Прычым, як пісаў летапісец, яны «со всем умыслом», «в силе тяжце», «приехаша в кораблях и в лодках и на конях, с пороки и городы (аблажныя вежы. — М.Б.)». Пскавічы зноў паслалі ганцоў у Гародню.
Імкнучыся што б там ні было захапіць Пскоў, рыцары пакінулі за сваёй спінай Ізборск. «Сядзеўшы» ў ім служылы пскоўскі князь Астафій, сабраўшы ізборцаў, напаў на немцаў з тылу i «ово (адных. — М.Б.) избиша, а инши в реце истопиша». У гэты час «приспе князь Давыд из Литвы с людьми своими». Гэта вырашыла вынік аблогі. Рыцары былі разгромлены i «ўбежаша со стыдом и срамом».
Каб зразумець, з якой хуткасцю Давыд сабраў i прывёў праз лясы i балоты войска, удакладняю: аблога Пскова працягвалася 18 дзён.
Крыжаносцы не без падставы бачылі ў Давыдзе Гарадзенскім свайго найбольш небяспечнага ворага i, не маючы моцы знішчыць яго, вырашылі адпомсціць інакш. У сакавіку 1324 года тры нямецкія рыцары, маючы пры сабе больш за шэсцьсот воінаў, таемна прабраліся да маёнтка Давыда i спалілі яго. Яны забілі звыш трох дзесяткаў жыхароў, захапілі коней i жывёлу. Сярод загінуўшых была i жонка гарадзенскага каштэляна. У адплату за гэта Давыд абрушыўся, як смерч, на Мазовію, дзе напалову разбіў рыцарскія войскі, a ў 1326 годзе ён з небывалай да таго колькасцю войска (1200 вершнікаў i атрад саюзнага польскага войска) распачынае паход на Брандэнбург.
Летапісец расказвае, што яны рабілі ў нямецкай зямлі тое ж, што крыжакі ў нас. Шлях саюзнага войска вызначаўся дымам палаючых рыцарскіх замкаў. Давыд ca сваімі воямі дайшоў да Франкфурта-на-Одэры, пранікнуўшы, нібы востры кінжал, у самы цэнтр Германіі. Здавалася, яшчэ некалькі дзён, яшчэ адзін удар, i Брандэнбург — сталіца драпежнага Тэўтонскага ордэна — будзе ўзяты. Саюзнікі захапілі б яго, але… Давыд быў забіты ў сваім шатры. Яго забойца — польскі рыцар Анджэй Гост, які ўдарыў кінжалам у спіну князя. Дакладна невядома, што схіліла яго да гэтага. Хутчэй за ўсё ён быў падкуплены крыжаносцамі.
Князь Давыд загінуў у самым росквіце сваёй дзейнасці. Магчыма, каб не было гэтага здрадніцкага ўдару, ён скончыў бы з ненавісным ордэнам… Хто ведае?
Але як бы там ні было, а на працягу чвэрці стагоддзя ён умела абараняў беларускую зямлю. Людзі былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Яны смела сеялі хлеб, не баючыся, што ўраджай дастанецца ворагу; нараджалі дзяцей, не баючыся, што тыя, не паспеўшы вырасці, памруць ад варожага мяча.
Князь Давыд загінуў непераможным. За сваё жыццё ён не прайграў ніводнай бітвы. Яго лёс у гэтым падобны на лес яго прадзеда — Аляксандра Неўскага. Той таксама ўсё жыццё змагаўся з крыжаносцамі, не прайграўшы ніводнай бітвы, i быў па-здрадніцку забіты (атручаны).
Князь-ратаборац
Ці то з прычыны геаграфічнага становішча Беларусі, ці з-за наканавання лёсу насельніцтва нашай зямлі вымушана было год за годам, стагоддзе за стагоддзем адбіваць няспынныя напады ворагаў. Гісторыя беларускага народа ведае i велізарныя перамогі i не менш буйныя паражэнні. Да нядаўняга часу нас вучылі, што нібыта галоўную ролю ў гісторыі адыгрываюць народныя масы, а не асобы. Але ці так гэта? Сапраўды, вывучка, узбраенне i колькасць войска іграюць вялікую ролю, аднак не меншае, а, на наш погляд, нават большае значэнне мае той, хто ўзначальвае гэта войска, яго майстэрства, веды i талент.
Адным з палкаводцаў, якім мог бы ганарыцца любы народ без сумнення, быў гетман Вялікага княства Літоўскага князь Канстанцін Астрожскі.
Паходзіў Канстанцін ca знатнага роду. Яго продкі былі пінскімі i тураўскімі ўдзельнымі князямі. Прозвішча яны атрымалі па назве мясцовага горада Астрога, якім валодаў прапрапрадзед Канстанціна. Дарэчы, i сам гетман меў шмат зямель у тых мясцінах. Але не толькі на Валыні, a i на Беларусі. Адны маёнткі ён атрымаў у якасці пасагу за жонкай, слуцкай князёўнай Аляксандрай, другія — як узнагароду за ратную службу.
Нарадзіўся Канстанцін прыблізна каля 1460 года (дакладная дата яго нараджэння невядома). Гетманам стаў у 1497 годзе. Атрымаў жа ён гетманскую пасаду па рэкамендацыі свайго папярэдніка. Польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі так апісаў гэтую падзею: «…Гетман літоўскі, Пётр Белы, старац, паважаемы дваром i любімы народам, лежачы на смяротным ложы, сказаў журботнаму Аляксандру (тагачаснаму вялікаму князю літоўскаму): «Князь Астрожскі, Канстанцін, можа замяніць мяне айчыне, будучы ўпрыгожаны вартасцямі рэдкімі». Аналізуючы гэту сітуацыю, можна сцвярджаць, што Канстанцін ужо тады быў добра вядомы, бо пасада, на якую яго прызначылі, з'яўлялася адной з важнейшых у княстве. Пацвердзіў праз некалькі стагоддзяў вышэйпрыведзеную характарыстыку рускі гісторык Карамзін: «…Сей муж имел весьма скромную наружность, малый рост, но великую душу…» Ідэалагічны вораг Астрожскага папскі легат Пізон (якога нельга западозрыць у перабольшванні) у адным з пісьмаў да папы рымскага прыгадваў Канстанціна: «Дома — добразычлівы Нума, у сражэннях — Рамул».
У 1499 годзе войскі Маскоўскага княства парушылі перамір'е i ў чарговы раз абрынуліся на землі Вялікага княства Літоўскага. Аўтар «Хронікі літоўскай i жамойцкай» запісаў: «…Великий князь Московский большого разширения панства (дзяржавы. — М.Б.) своего прагнучи, не стерегучи перемиря, нашол причину таковую на Литву, иж Александер, великий князь литовский, дочцы его, Елены, которая была с ним, не збудовал церкви, русской на Виленском замку… Царь московский о церковь с Литвою разорвал примире… змовился с Мецликером, царем перекопским, и з швагером своим Стэфаном, воеводою волоским, и поднес войну против литовским паном». Былі ў Івана III i іншыя зачэпкі — нежаданне Аляксандра называць яго царом (Іван пачаў лічыць сябе ім пасля жаніцьбы на дачцэ візантыйскага імператара Зоі (Соф'і) Палеолаг) i непрызнанне дыпламатамі Аляксандра тытула маскоўскага князя «Государь всея Руси».
Войскі Маскоўскага княства захапілі Сяргейск, Мшчэнск, Бранск, Пуціўль, i толькі пасля гэтага Іван III афіцыйна аб'явіў вайну. Паведамленне пра гэта ўразіла Аляксандра i яго акружэнне. Пачаліся спрэчкі, соймы. Войска збіралася аж да вясны, i толькі ў канцы яе Астрожскі хутка рушыў на Дарагабуж, дзе спыніліся ў гэты час галоўныя сілы рускіх пад кіраўніцтвам баярына Данііла Шэні.
Рашучая бітва адбылася 7 ліпеня на Міцькіным полі ля невялічкай, але бурнай i глыбокай рэчкі Ведраша. Нягледзячы на тое што сілы былі няроўныя (Астрожскі прыйшоў з трыццаціпяцітысячным войскам, a маскоўскае налічвала толькі конніцы 40 тысяч ды яшчэ пяхоту), аўтар «Хронікі літоўскай…» пісаў: «…Константин… хотячи с Москвою звести битву, тягнул з войскам своим двѣ милѣ тѣсным лѣсом и дорогою болотного, а гды вышли на поле ровное, хорошее, ушиковшися (стаміўшыся. — М.Б.), поткалися з Москвою, где много люду з абодвух сторон пало. А Москва, уступивши назад и пераправшися чрез рѣку Ведрошу к своему великому войску, мало вси зараз тылу не подали, бо надѣялися боли люду литовского з лѣсу до Литвы прибыты. А гды Литва до реки Ведроши прискочила, обачивши Москва, же войско литовское малое, за раз скочила до Литвы, а оскочивши около, поразили их наполовину».