Як складзецца жыццё за акіянам? Хто яго ведае… Твары строгія, задуменныя. Не дзіва: пакідалі абжытыя мясціны, якія яны заўсёды лічылі цэнтрам свету, і цяпер вось адпраўляліся некуды на самы яго канец. Усе недзе ў глыбіні душы адчувалі смутны страх перад той невядомасцю, якая іх чакала.
Накрапваў дождж, але вакол ад'язджаючых назбіралася шмат прускаўцаў. Побач стаялі бацькі — Дармідонт, Алена і Апраска з Пятром. З'явіўся аднекуль Трахімка, зухавата ссунуў на патыліцу фуражку з бліскучым казырком і, скалячы зубы, агледзеў падарожнікаў, абняў іх за плечы — аднаго, другога, трэцяга.
— Ну што, мацакі? — Адкапыліў тоўстую ніжнюю губу і спыніўся на Піліпковых ботах: — Ну, Піліпко, і боты ў цябе! Ці не ў Марка Замагільнага пазычыў?
Прысутныя стрымана зарагаталі. Марка Замагільны жыў непадалёку на хутары. Ногі ў яго былі невядома якога памеру, у шаўца для Марка мелася спецыяльная, вялікая, як пень, калодка. Трахімка дастаў з-за пазухі прыпасены дзеля гэтага выпадку кручок гарэлкі, выняў з кішэні зеленаваты шкляны кілішак, наліў і даў выпіць усім тром.
У натоўпе, у купцы дзяўчат, стаяла Ганна ў палатняным каптаніку. Побач з ёю Гэлька Відэркава. «Там такой танцоркі не будзе», — падумаў пра яе Лявонка. Тут жа сярод жанчын знаходзілася цётка Васіліха — Ганніна маці. Жаласліва выцірала ражком хусткі слёзы. Ад Лявонкі не адыходзілі Марыля і Тоня з Фядоркай. Кірыла запрагаў Цыганчыка. На вуснах ува ўсіх была Амерыка. «Марыканцы, марыканцы», — гучала ў натоўпе.
— Якія ж мы марыканцы? — жартавалі хлопцы. — Мы пакуль што прускаўцы.
З процілеглага боку вуліцы, праз плот, пазіраў Ясё. Масей Галёнка ўгледзеў яго, махнуў рукой, той падышоў бліжэй.
Як звычайна, найбольш навін у Масея:
— Ці чулі, Галеня ў Выгнанцы байстручка нарадзіла — у хляве, дзе карова стаіць!
— Не можа быць! — не паверыў Гамон.
— Заглянулі пад раніцу, а яна яму цыцку ў роцік дае. Змардаваная ўся, сплаканая…
— Бацька з хаты выгнаў,— патлумачыла Груша Чапёрка, — не трэба мне, кажа, байструкі, самім хлеба не хапае.
У натоўпе спачувалі, здзіўлена матлялі галовамі. Чаго на свеце не здараецца…
Мітусіўся худзенькі Піліпко, тупаў ботамі, узбуджаны вялікай дарогай, якая чакала наперадзе.
Прыйшоў прускаўскі каваль Пракоп, павітаўся з мужчынамі за руку, абняў «марыканцаў»:
— Прыглядайцеся да жыцця — як там наш брат, просты чалавек жыве. Я б і сам, але кузня трымае…
Пад'ехаў Кірыла з возам. «Марыканцы» кінулі туды свае куфэркі. Пачалі развітвацца. Лявонка мацаваўся да апошняй мінуты, стрымліваючы слёзы, але, калі абняў маці, сясцёр, не стрымаўся, заплакаў Тыя таксама плакалі наўзрыд. Слёзы мяшаліся з кроплямі дажджу. Ён не думаў, што яму будзе так балюча расставацца з роднымі, з вёскай. Услед за Цімошам і Піліпком, падышоў да купкі дзяўчат і кожнай падаў руку, да кожнай прыхінуўся. Вяскоўцы ўважліва сачылі за яго паводзінамі і рухамі: да Ганны ён прыхінуўся мацней і пяшчотней, чым да астатніх. Большага прылюдна ён зрабіць не мог, але ўсе ведалі, што ўчора далёка за поўнач яны былі разам.
— Ну, на развітанне! — сказаў Трахімка і, шырока расставіўшы рукі, абняў Лявонку за плечы.
Хлапчына адказаў яму шчырым абдымкам.
— Ты што — Ганну пакідаеш? — Трахімка, смеючыся, кіўнуў галавой туды, дзе яна стаяла.
— Чакацьме — налета вярнуся! — у Лявонкавым голасе прагучала ўпэўненасць.
Ганна, адчуваючы, што размова ідзе пра яе, яшчэ больш заплакала, часта міргаючы вачыма і выціраючы іх вышытай кветкамі хусцінкай. Тады ён не вытрымаў, падышоў і пры ўсіх яшчэ раз абняў і пацалаваў — у вуха ці ў шыю. Невыказна шкада было пакідаць яе і ўсё, з чым даводзілася расставацца.
— Не забывай, пішы, — напамінала Марыля.
— Ну, хлопцы, каб па мяшку грошай прывезлі! — падтрымліваў настрой Трахімка.
— Дзіва што! — як звычайна, сказаў Гамон.
Кірыла ўзлез на воз, умасціўся ў кельні з саломай і цмокнуў на каня. «Марыканцы» дагналі яго за вёскай. Пераехаўшы грэблю, павярнулі на Ратайчыцы, і за карчамі алешын схавалася родная Пруска.
К вечару былі ўжо ў Берасці, дзе Кірыла пасадзіў хлопцаў на цягнік, а сам, дачакаўшыся раніцы, вярнуўся дадому.
Частка чацвёртая
І
Брэст-Літоўск — павятовы горад і, разам з тым, чыгуначная станцыя. Білеты ўзялі да Лібавы. Іх, хто адважыўся на гэтае падарожжа да Амерыкі, трое: Лявонка і Цімоша з Піліпком. Засталася ззаду ціхая Пруска, жыццё ўступала ў паласу невядомасці, несла новыя адчуванні, мяняла рытм.