Цяпер малады чуе. Але ён зусім не здзіўлены, што ў яго, аказваецца, ёсць слухач, ды яшчэ які ўдзячны, які так трапна, па тэме дапаўняе.
— Цалкам вас, дзядуля, разумею, — ветліва адказвае ён, адвярнуўшыся ад шыбы і звяртаючыся да канкрэтнага субяседніка. — І падтрымліваю. Вы маеце на ўвазе адноснасць волі як катэгорыі? Я ваш саюзнік. Увогуле, усе гэтыя тэрміны, калі шчыра, такая штучнасць, размытасць, недакладнасць… Правільна, на першы погляд можа падацца, што тыя, хто на вуліцы, людзі, якіх мы назіраем толькі праз вакно, маюць неабмежаваныя варыянты выбару: хачу да сябра паеду, хачу — дамоў, хачу — да цешчы на бліны… Калі ж капнуць крыху глыбей — выбару ў іх, як такога, няма, маршрут іх загадзя прадвызначаны і звярнуць з яго, змяніць яго зусім не так проста, як ім здаецца. Усе па вялікім рахунку да кагосьці прывязаныя, да чагосьці прыкутыя — як я гэтымі вось трубкамі да гэтага вентыля і да кропельніц. І калі разабрацца…
Пажылая сярдзітая медсястра ўкаціла столік з медыкаментамі, уключыла святло, зашморгнула шторы, і вечар за вакном знік, засталася толькі палата.
Гэтая сястра што ні робіць — ніколі моўчкі; так і цяпер — яшчэ з парога пачала сварыцца, што дыхаць няма чым (а кварцавалі нядаўна), хоць бы фрамугу адкрылі (а хто яе адкрые?), што як ёй абрыдзелі ўжо гэтыя хворыя — «і што мне за доля такая — усё жыццё пазіраць на чужыя задніцы!», а заадно і дактары — «каб яны самі ў гэтыя койкі палеглі!», і бальніца — «не згарыць жа яна!», і што «хутчэй бы на пенсію, ды паслаць усіх к ядрэні фені!»
— Піці хочаш? — пытае яна ў чалавека-лемура, набіраючы ў шпрыц лякарства.
— Хачу, — прывычна, па інерцыі адгукаецца небарака. Нават на слых проста фізічнае адчуванне, як ад смагі зашэрх і ледзь варочаецца яго язык, і, як таму сапсаванаму механізму хочацца даць змазкі, каб перастаў скрыгітаць па нервах, так і гэтаму хочацца хутчэй уліць у рот кубак свежай, сцюдзёнай вады, каб разгусціць застылую кроў.
— А не палучыш ты піці! Губы мокрай ваткаю выцеру — і ўся вада… А ты, — пераходзячы з гатовым шпрыцам да маладога, які пры яе з’яўленні лёг і суцішыўся, — ты зноў уставаў? Зноў гаварыў? Вунь крывянкі нацурболіла! Ты ж на вентыляцыі лёгкага стаіш! Ты ж на адных наркотыках жывеш — у чым душа трымаецца? Табе што было доктарам сказана? Нават рота не разяўляць!
Яна паўтарае амаль тыя ж словы, што і нядаўні доктар, і з тою ж амаль інтанацыяй. Увогуле, усе дактары, і сёстры, і нават санітаркі нечым кланава-, ці клонава-, падобныя, як бы разам з белымі халатамі перадаецца ім адна і тая ж інструкцыя, першы параграф якой — «з хворымі паводзіцца строга, сурова, па магчымасці жорстка».
— Ты дагаворышся! Ты дачакаешся, што табе рот лейкапластырам залепяць, ці ніткамі зашыюць!
— Зашывайце, — панура адказвае малады. Імпэт і бадзёрасць яго куды падзеліся.
— «Зашывайце»! — перадражнівае медсястра. — Табе што, памрэш — і клопату мала! А жонцы як адной жыць? З дзіцяткам малым? Ляжы, маўчы і варушыцца не смей!
— А ён гаворыць, — ябеднічае дзед, каб задобрыць сястру (ён вельмі баіцца ўколаў). — Браце ты мой, і не сціхае, і не змаўкае…
Аднак замест падзякі дастаецца і старому даносчыку:
— А ў вас чаго як стаяла вячэра на тумбачцы, так і стаіць? Чаму вы не ясцё? Выздараўліваць не хочаце? Тут лепш, чым дома?
— Дурны я вашае бальнічнае есці, — крыўдзіцца дзед. — Мне сваё носяць. Я век чужога не еў… Вой! — загадзя ўскрыквае, хоць яшчэ іголка цела не кранулася.
— Таблеткі чаго валяюцца на падлозе?
— Дурны я іх піць.
— І што за хворыя ў гэтай палаце?! Не слухаюцца, не ядзяць, папраўляцца не хочуць… Такі дзень за вакном, а яны тут бокі пралежваюць, жыць тут гатовыя…
Так, сердзячыся, буркаючы, а таму коўдру падаткнула, таму вусны змачыла, за дзедам прыбрала, маладому шклянку памыла, яшчэ і не забыла пажадаць, выходзячы: «Папраўляйцеся».
Ледзь яна выйшла, як паўтараецца тая ж карціна, што і па сыходзе доктара. Малады ўмомант займае ранейшае становішча і пачынае казаць далей, з таго самага месца, нават з таго самага слова, на якім яго перапынілі.
— …І калі разабрацца, воля — бадай, найбольш умоўны з усіх тэрмінаў. Можна быць шчаслівым замураваным у сцяне, і вар’яцець ад няшчасця, валодаючы цэлымі краінамі або ўсім зямным шарам…
— Ох, памаўчаў бы ты, — гучна шэпча, варочаючыся, дзед. — Не замоўкнеш ты хоць на трохі!
Малады слухаецца, замаўкае. Але менавіта «на трохі». І вось зноў:
— Добра. Буду маўчаць. Усё жыццё. Не высоўвацца, не вылучацца… Трэба быць як усе. І тады, магчыма, выжывеш. І, магчыма, будзеш жыць доўга. Магчыма, нават станеш багатым, прыгожым, тоўстым…
— Табе наркату колюць, — ні з таго ні з сяго ўстаўляе дзед і хіхікае. Ён яўна з той мілай пароды людзей, якім добра толькі тады, калі іншым кепска. — Пачакай-но — прывыкнеш і станеш наркотам.
Малады таксама ўсміхаецца, але не зласліва, а сумна.
— Ну, яшчэ б, — згаджаецца ён. — Раз колюць — значыць, прывыкну, раз прывыкну — значыць, стану. Канечне, наркотыкі зло. І звычайная іголка зло. Калі ёю не шыць, а тыркаць у сваё ці ў чужое вока. Дык іголка вінаватая? Ці галава? Здуру можна і хобат слану зламаць.
— Ох, дагаворышся ты…
— Тое і з наркотыкамі. Якая розніца, пры дапамозе чаго здымаецца боль? Няважна, якія лекі, абы памагалі. Мне лёгка, радасна, не балюча — і пляваць, дзякуючы наркотыкам гэта, ці дзякуючы марознаму зімоваму вечару за вакном, ці размове з вамі, дзядуля… А хутчэй за ўсё радасна і лёгка мне ад усведамлення, што мог бы памерці на аперацыйным стале — а я выжыў!
— Не хваліся…