— Андрэй, ну хто вінаваты, што яны лёгкія, а ты цяжкі? Не ўсе ж такія цярплівыя. Проста табе не пашэнціла!
3.?
Значыць, выпадак? Усё залежыць ад выпадку?
Добра. Але ж нават у межах амплітуды гайдання гэтага маятніка: пашэнціла — не пашэнціла, варта і трэба жыць. А як на войнах, а колькі людзей пераносяць яшчэ не такое гора — і жывуць!
Не важна, колькі разоў ты ўпаў, важна, колькі падняўся.
Парадуйся Парыжу, перацярпі бальніцу і займайся тым, чым і да гэтага займаўся: пішы. Рабі тое, да чаго ляжыць душа, што ў цябе, як ты лічыш, лепш за іншае атрымліваецца, у чым ты бачыш сваё прызванне — а там як карта ляжа, там аддацца на волю закону: пашэнціла — не пашэнціла.
Тым больш мне тады было пад сорак, некаторыя празаікі толькі пачынаюць у такім узросце. У мяне ўсё ж быў вопыт, вера ў літаратуру як у доктара, веданне, як яна можа лячыць, даючы гэтае чароўнае забыццё — любы выпадак, любую падзею: смерць, нараджэнне, жаніцьбу, развод, радасць, гора, хваробу, старасць, беднасць і занядбанасць, славу і багацце — усё можна раскласці па палічках, растлумачыць, пераплавіць у мастацкія вобразы і супакоіцца.
Аднак нешта зламалася ва мне. Па інерцыі я яшчэ дацягваў пачатае старое, але ўжо неахвотна, без энтузіязму. Літаратура раптам згубіла ранейшыя фарбы і гукі. Я не бачыў стымулу пісаць далей. Не ведаў, пра што, для каго і навошта?
Але як жа так?
На літаратуру было пастаўлена ўсё. Яна была чымсьці вечным, непарушным, адзіным, што мела сэнс у жыцці, больш таго — яна была вышэй за жыццё, бо была самадастатковай, значыць, не магла быць пераможана нічым, і ў сваю чаргу, з’яўляючыся своеасаблівым «страхавым полісам», павінна была аберагаць ад любога выпадку, любой нечаканасці.
І вось гэтая страхоўшчыца, ратавальшчыца, самадастаткоўшчыца адыходзіць з першага плану на невядома які. Перастае памагаць. І да яе з’яўляюцца апатыя і агіда.
Трэба было тэрмінова разабрацца з гэтым. Інакш усё губляла сэнс. Інакш я проста не змагу пісаць далей, адпаведна, і жыць.
Пра тое, каб знайсці літаратуры замену, я не дапускаў і думкі. Я адчуваў, што нічога ў свеце больш не паможа — толькі магчымасць выбіцца зноў на знаёмыя каляіны.
І я ліхаманкава пачаў ўспамінаць, дзеля чаго я рабіў гэта раней. Чаму мне так падабалася выдумляць мастацкія творы? Што вадзіла рукою столькі гадоў? Пісаў ад няма чаго рабіць? Для стварэння «галерэі нацыянальных тыпаў»? Шукаў «станоўчага героя»? Ці хацеў стаць «прарокам», якімсьці «народным», ці нейкім лаўрэатам?
А можа, гэта быў звычайны пісьменніцкі стандартны набор? Чытачы? Слава? Грошы?
4. Грошы
Я не ханжа. І часам вельмі шкадую, што Бог не даў мне такога «нумізматычнага» таленту, і зайздрошчу беражлівым людзям.
Мэта капіць грошы — далёка не самая горшая ў жыцці. Капіць не ў алігархавым значэнні (тым усё само плыве ў рукі, сыплецца зверху), а ў мяшчанскім, у сялянскім — капіць і не траціць, піхаць у панчоху, класці ў банк, ператварыць гэта ў рэфлекс, у самамэту: кожны вечар паперка да паперкі, вось і дзень прайшоў, і заўтрашні бачыцца не пустым…
Канечне, у адносінах да беларускага пісьменніка гэта гучыць смешна і не рэальна. Ды і для любога пісьменніка. Бяру смеласць сцвярджаць, што ніводзін, ні адзін чалавек не ўступае ў літаратуру з мэтай разбагацець. Калі ж такія ілюзіі па слабасці розуму ці па наіўнасці прысутнічаюць, дык вельмі хутка яны развейваюцца. І чалавек настаўляе нос па ветры, арыентуецца і для абагачэння выбірае іншую прафесію, магчыма, і звязаную з літаратураю, толькі не маючую з ёю нічога агульнага.
Праўда, я яшчэ застаў пакаленне пісьменнікаў, якім адносна няблага аплачвалася іх праца. Яны шчыра верылі, што гэтае выпадковае супадзенне — творчасць і нармальныя грошы за яе — вечнае, справядлівае і ў матэматычным плане бяспройгрышнае: чым больш я буду друкавацца, тым больш будзе расці мой дабрабыт. Час жорстка пасмяяўся з іх. Старасць іх была змрочная. Цяжка чытаць іхнія дзённікі і мемуары, напоўненыя стогнамі і енкамі: «Усё, усё, што нажыў непасільнай працай!.. пальцы ад машынкі пухлі, так пісаў!.. усё на зберкніжках згарэла, прапала!..» — не разумеючы, што гэта не адны грошы — гэта творчасць прапала, абясцэнілася, з’елася інфляцыяй.
У нашых цяперашніх варунках, зрэшты, ёсць яшчэ варыянт: зрабіцца пісьменнікам рускамоўным, які пад сваім ці пад чужым імем гоніць вал; ён не піша — яго ванітуе штодзень словамі, сказамі, абзацамі. Маю на ўвазе гаротнікаў, якія пастаўляюць бульваршчыну і «мыла» для расейскіх або галівудскіх серыялаў («нашыя» ўжо і там). Маю права казаць так, бо нейкі час сам быў у іх скуры. Калі перасталі плаціць зарплату і трэба было выжываць, я штампаваў кожную раніцу па 8 — 10 старонак («Токарев резко обернулся и, вздрогнув, сжал в кармане рукоятку пистолета»), мне плацілі па 5–6 даляраў за старонку; за паўдня атрымоўвалася ў сярэднім 50 даляраў. Але як толькі на працы пачалі плаціць 50 даляраў у месяц, я ўмомант гэтую сарамоту скончыў і забыўся на яе — як і не было яе ў жыцці.
Самае ж галоўнае, што нават калі ператварыць сябе ў пісьмовы аўтамат, у машыну, якая «адрыгвае» тэкст, адшукаць і гарантаваць сабе месца ў гэтым вар’яцкім канвееры — ўсё роўна і тады грошай будзе пастаянна мала, іх ледзь хопіць, каб акупаць расходы, а ў пісьменніцкім выпадку ўсё гэта будзе элементарна і, у прынцыпе, бесталкова з’ядаць, адбіраць такі каштоўны, хуткаплынны час. Бо ніколі ж не ўгадаеш мяжы, калі трэба спыніцца і сказаць сабе: усё, сёння з дванаццаці трыццаці кідаю глупства і пачынаю тварыць для душы.
Літаратурная дзейнасць таму і лічылася (можа, і цяпер кімсьці лічыцца) самай лепшай у свеце, што для яе функцыянавання дастатковы мінімум: стол, папера, камп’ютэр, кава, цыгарэты… Дык усё гэта магчыма і без асаблівых выдаткаў-накапленняў.
5. Чытачы
Я не ведаю свайго чытача, не надта веру, што ён — сапраўдны — існуе, а калі існуе, дык прызнаюся, што пазбягаю і пабойваюся яго. Найперш за непастаянства і ўсяеднасць. Як пісаў мне некалі сябар у час свайго мядовага месяца: «Бачу, адчуваю, што рана ці позна яна мне абавязкова здрадзіць…» Так і мой чытач — абавязкова ж на якім-небудзь 58-м апавяданні адвернецца і плюне: «18-е было лепшае! Выпісаўся!»
І таму, калі ідуць у тэксце, асабліва ў першай частцы, патэтычныя заклікі-звароты «да чытача», вядзецца нейкі «даверлівы ўяўны дыялог з ім», дык гэта хутчэй даніна архаічнаму стылю, для звязкі слоў, інакш — для адчэпу; прымітыўная, няўмелая спроба пусціць пыл у вочы і тым нямногім добрым людзям, хто па службовым абавязку гэта яшчэ вымушаны чытаць, — каб пад шумок, пакуль вочы праціраюцца, кантрабандаю правезці свой, аднаму мне вядомы груз. Тое самае, дарэчы, і з дыдактычнымі разборкамі: «адкуль што бярэцца», ды «чым канчаецца», «ды што ёсць мастацтва»… Я не настолькі наіўны, каб прымяняць законы логікі да законаў творчасці, разумеючы, што апошняя хутчэй прывілея медыцыны. І не так важна, канечне, дасталося гэта табе ў спадчыну, ці было «падчэплена» на якім-небудзь зігзагу біяграфіі.
Яшчэ ў дэбюце я прайшоў такую загартоўку чытацкай увагай, якая надоўга, калі не назаўсёды, адвучыла мяне ўспрымаць гэтую катэгорыю — «чытач» — усур’ёз, адбіла ахвоту аперыраваць ёю, як нечым вартым увагі.
Аднойчы я быў у вёсцы на летніх канікулах. І не ведаў, пра што пісаць. І, успомніўшы Дастаеўскага, звярнуўся да газетнай крымінальнай хронікі. А так як газета была адна, раённая брахалаўка, адтуль я і вывудзіў сваё «злачынства і пакаранне».
Нататка, падпісаная інспектарам камісіі па справах непаўналетніх, называлася «Забавы падлеткаў». Гарадскія хлопцы ўкралі (цяпер пішуць — скралі, «во ўжо дзе ненавіджу!» — Сыс бы сказаў) са стайні калгаснага каня, каталіся, мучылі яго ўсю ноч, а раніцай адпусцілі. «Бацькі павінны больш пільна сачыць за тым, чым забаўляюцца ў вольны час іх дзеці», — мякка заключае ў канцы інспектар. Я ж так жыва ўявіў таго каня, як ён цэлы дзень працаваў, уночы марыў паесці, адпачыць…
І напісалася апавяданне. Такое прыкранька-сентыментальнае. Як і ўсе яны, калі нароўні з людзьмі дзейнічаюць жывёлы.