Другі клас. Я люблю школу, добра вучуся, бо рана ўмеў чытаць, а гэта — умець чытаць і пісаць — галоўнае, дзеля чаго нас і вучаць. Пасля ўрокаў накідваецца на мяне цэлая банда, лупяць снежкамі, нагамі, рукамі, партфелямі… Нехта абараняе, нехта крычыць: «Утапіць яго, павесіць! Скажам, што сам!»
Нарэшце адступаюцца, я ў крыві, самае жахлівае — гэта ж кожны дзень такое можа быць!
Матцы сказаў, што катаўся на лыжах з трампліна і ўпаў. Назаўтра раніцай з запечанай ў носе крывёю іду ў школу. І ўсё роўна адчуваю, як соладка, вельмі моцна пахне снег. Раптам бачу наперадзе дваіх учарашніх завадатараў, адзін, канечне ж, той самы Адам.
У адчаі, упэўнены, што паўторыцца ўчарашняе, падыходжу.
— Ой, Андрушка, ты такі разумненькі…
— Не кажы настаўніцы, Воль Савелеўне… Не скажаш?
— Ты скажы, што Сцяпан цябе біў. А мы цябе за гэта будзем хваліць, дружыць з табою…
Божа! Бываюць жа дзівы на свеце! Ды я за вас… гатовы… Як жа мне пашэнціла! Сцяпан — мой старэйшы стрыечны брат, але чаго не зробіш дзеля шчасця быць прынятым у камнанію!
Настаўніца, у якой я любімчык, глянула на маю морду і пляснула рукамі.
— Цябе што, білі ўчора? Хто?
— Сцяпан, — мармычу. Сцяпан сядзіць тут жа, пачатковыя класы, і першы і трэці, у адным памяшканні.
У Вольгі Савелеўны ад гневу твар ідзе плямамі. Яна падскоквае і лупіць непавіннага чалавека лінейкаю, рукамі…
Сцяпан плача горкімі слязьмі.
7. Вольнаму — воля, уратаваным — рай
Ну што? Даволі міленькія, сімпатычныя фрэскі. Мазаіка, асколкі… Нават нібыта не схаластычныя, а сістэмныя — адлежаныя ў часе, працэджаныя памяццю… Маючыя права на існаванне.
І гэта ўсё? Як у тым анекдоце, дзе п’яны міліцыянер спыняе п’янага вадзіцеля: «Чаму двое за рулём?» — «Варта з-за гэтага машыну акружаць?»
Варта дзеля гэтага столькі псаваць паперы і забіраць у сябе і ў людзей такі каштоўны, так хутка лятучы час?
Як гэтыя фрагменты скласці ў адно цэлае, каб атрымалася карціна, як знайсці кожнай фрэсцы, кожнаму фрагменту сваё месца?
Як удыхнуць у гэты кавалак гліны жыццё?
Не можа ж быць, каб рана ці позна колькасць не пачала перарастаць ў якасць.
Некаторыя мініяцюры-штучкі-карацелькі пісаліся гадоў 15, нават 20 назад — і так і не пабачылі свет. Іншыя, у т.л. і вялікія апавяданні — друкаваліся, але па сённяшні дзень не выйшлі асобнай кнігаю. І ведаеце, чакаць не збіраюся, калі выйдуць, тым больш ніякіх асаблівых перспектыў на гарызонце не маячыць. Да таго ж, мой матэрыял, як хачу, так ім кручу.
Тады — далей. Прыблізна гэтак, як ёсць, форма збольшага акрэсліваецца. Уступ, падрыхтоўка, кавалачак мастацкага, абагульненне, вынік… І ўсё гэта перасыпана разважаннямі сябе цяперашняга, адступленнямі, тлумачэннямі…
Галоўнае — шырэй, глыбей, свабодней! Вольнаму воля, уратаваным рай. Раман-эсэ, гэта так здорава, нібы плыць па цячэнні на спіне, легці, раскінуць ушыркі стамлёныя рукі… Не, лепш скласці іх на грудзях і — «плыть, плыть, плыть —
Толькі хочацца памяняць на «милых влюблённых глаз».
8. Кнігі
Шэсць-сем гадоў, 1–2 клас.
Кнігі са школьнай бібліятэкі (дзве паліцы ў шафе) выдаюцца нам толькі па суботах. Адна кніжачка ў рукі — на ўвесь тыдзень. Не будзем забываць, што ні тэлевізара, ні кампутара, ні мабільніка; кнігі — адзіная забава і ўцеха, а дзіцячы розум яшчэ такі чысты, нечапаны і так гатовы ўбіраць у сябе, насычацца, напітвацца добрым, карысным, новым…
Аднак мазгі нашы пільна ахоўваюцца. Няма чаго іх чыткаю засмечваць, «усе беды ад філалогіі» (Іянеску).
Кніжачка тоненькая, зазвычай там усяго адна казачка ці апавяданне з камарыны нос — прачытваецца на хаду, пакуль ідзеш ад школы да хаты, і да наступнай суботы літаральна вывучваецца на памяць.
У суботу, перш чым атрымаць новую брашурку, трэба расказаць змест прачытанай. Выходзім па чарзе да стала, кладзем кніжку, яна абглядваецца, ці не ставілі патэльню, ці ўсе старонкі на месцы.