Ён пра Мінск — «лепш быць першым у правінцыі, чым другім у Рыме», — а мне да салодкай мукі хочацца ў той Мінск, і ў «ёперны», і школьніцы з марожаным!
Ён, ведаючы, што я люблю літаратуру, — «нават думаць забудзь! На што ты ў гэтай краіне разлічваеш, ніколі яны не пасунуцца і не прымуць цябе, і не трэба табе гэта — пісаць пра калгасы і будоўлі!» А ў мяне аж дрыжыкі па скуры: а раптам пасунуцца, і нават возьмуць ды надрукуюць якую-небудзь аповесць пра старшыню калгаса ці брыгадзіра брыгады бетоншчыкаў, я б напісаў такую!..
Ён мне пра армію — «вырваныя гады», «каб там было добра, там бы адны яўрэі служылі», — а мяне і туды, як вяроўкаю, цягнула!
8. Армія
І вось — павестка. Ці, як мяне правяць, позва.
У прынцыпе, увесь той — даармейскі — перыяд жыцця быў чаканнем гэтай павесткі-позвы, арміі: гэта павінна было стаць нейкім пераломам, пробным каменем, можа, самым галоўным у жыцці іспытам. Усё, што да арміі, было як бы несапраўдным. І, як ні дзіўна, адчуванне гэтай часовасці надавала сэнс жыццю. Туды, у войска, ідзеш адзін — адтуль вяртаешся іншы, усе іншымі вяртаюцца, нават гаварыць інакш пачынаюць.
Пра тое, што адтуль можна зусім не вярнуцца, што «армія добрая школа, але лепш скончыць яе завочна», — не думалася, ды і не верылася.
Някепска было б патрапіць у будбат. Там, расказвалі, можна за два гады падзарабіць сякія-такія грошы. На поўным сур’ёзе, з алоўкам у руцэ я вылічваў (калі пашэнціць патрапіць у будбат), колькі ў канцы службы я атрымаю «чыстымі» на рукі, каб потым, калі паступлю ў ВНУ і не дадуць стыпендыі, мець нейкі матэрыяльны запас.
Армія да таго ж давала магчымасць бясплатна пабачыць свет. Яго я нямнога пабачыў: вячэрні цягнік з Брэста, начны Мінск, ранішняя Масква, упершыню ў жыцці — метро, ізноў цягнік — Іванава, Яраслаўль, Мурам… Цэнтральная Расія, у выніку МВА — Маскоўская ваенныя акруга, сувязь («кто е…ся в дождь и в грязь? — наша доблестная связь»)… А запомніўся з усяго гэтага «вялікага свету» толькі Мінск, якога і выгледзеў — начныя агні, кавалачак вакзала ды запляваную, у акурках, платформу.
Самае брыдкае ў арміі — хранічнае невысыпанне. Малады арганізм хацеў расці, і гэтае насілле над ім, ранішнія пад’ёмы даводзілі да нейкага трансу, да фізічнага адчування, што табе вялізнымі нажніцамі адразаюць макаўку галавы разам з валасамі, скураю і кавалачкам чэрапа — роўна столькі, наколькі за ноч падрос. Другое — голад (хоць да яго хутка прывыкаеш) і адсутнасць спіртнога (да чаго прывыкнуць немагчыма). Трэцяе — падаўленне волі. Я раней думаў, што гэта так, выдумкі, перабольшванне. Калі чалавек дастаткова моцны духоўна, паспрабуйце ў яго ўлезці. Нічога падобнага — абсалютна свядома, паступова, няўхільна цябе пазбаўляюць індывідуальнасці, «замбіруюць», і недзе праз паўгода дабіваюцца свайго: твайго атупення, ператварэння з індывідуума ў амаль бяздумную часцінку цэлага. Ідыёцкі, неверагодны «на волі» пастулат: «Приказы не обсуждают, их исполняют» набывае ў войску цалкам рэальнае ўвасабленне. «Приказываю закрыть своим телом амбразуру!» — папаўзеш і закрыеш. Ты са сваімі думкамі, сэрцам, душою — асобна, цела тваё — асобна, яно табе ўжо не належыць.
Разгружаем аднойчы на станцыі шчэбень з спецыяльнай ваганеткі, у якой ніжнія бункеры трэба адчыняць здаравенным малатком на двухметровым дзержаку. Некалькі ўдараў гэтага молата, адкінуліся дзверцы, свіснулі вузкай засаўкай прама па шыі нейкаму чурку, не з нашай часці, які здуру ці з цікавасці стаяў, нагнуўшыся, блізка і не паспеў адскочыць, — толькі адсечаная галава, як у Берліоза, пакацілася з насыпу… Каб на «волі», звар’яцеў бы, мабыць, а тут — ты асобна, цела тваё асобна… «Воз костей и море крови», — толькі і сказаў нехта. Загарнулі ў шынель тулава, побач паклалі галаву, так і ляжала ўсё, пакуль камандзіры некуды бегалі, некуды званілі, а мы памаленьку разгружалі ваганетку.
А тут яшчэ пачалі паміраць генсекі: Чарненка, Андропаў… І кожны раз сярэдначы — трывога, пад’ём, і тырчым, пастроеныя, на плацы да пасінення, чакаючы чорт ведае чаго. Камандзіры казалі: «Вось памрэ (чарговы) генсек — адразу будзе вайна альбо Афганістан».
9. Хахлы
Працэнтаў 70 ва ўзводзе займалі ўкраінцы, астатнія — рускія, беларусы і 4 венгры (закарпацкія).
Чучмекаў не было ніводнага. Замянялі іх, як ні сорамна прызнацца, беларусы. З сямі чалавек два былі поўныя «тормазы», і адзін, Васіль Аксёнаў з Віцебшчыны, непісьменны. Канечне, нейкія крыжыкі пад дакументамі ён ставіў, але чытаць і пісаць не ўмеў. Каравульны статут яму начытвалі ўголас (не за бясплатна), ён запамінаў.
Не скажу, бо не ведаю, як ён патрапіў у МВА. Ведаю толькі, што то быў час Афганістана, у армію пачалі брыць усіх падрад ад 18 да 25 гадоў, з ВНУ, з турмаў, з фізічнымі недахопамі, упершыню пасля вайны — у акулярах… Дарэчы, тады ж, у Маскве, я блізка ўбачыў сапраўднага замежнага шпіёна. Ехалі з хлопцам з нашай роты ў электрычцы, і тут адзін, з фотаапаратам цераз плячо, зырыцца на майго хлопца.
«Они уже что, в очках начали брать?! — са страшэнным акцэнтам і не менш страшэнным зларадствам. — Скоро до женщин доберутся?!»
Украінцы амаль усе патрапілі сюды з універсітэцкіх і інстытуцкіх аўдыторый. Служылі яны не два гады, як мы, смяротныя, а паўтара. Разумныя, спакойныя, упэўненыя ў сваёй «абранасці» хлопцы з вялікіх гарадоў — Кіева, Львова, Харкава, Данецка… Трымаліся ўсе разам. Гэта была каста, эліта, ніякія «дзяды» не падыходзілі да іх блізка. Уладкоўваліся хто пры штабе, хто на кухні, хто на складзе — капцёрам, хто пісарам, хлебарэзам, паштальёнам, хто рэдактарам «Баявога лістка». У нарады і ў каравулы амаль не хадзілі — хапала хадзіць за іх такім, як Аксёнаў.
Пасябраваць з імі было няпроста. Гэта давала вялікія прывілеі: цябе ніхто не чапаў, пасылкі твае не трыбушылі, пісьмы ты атрымліваў цэлымі, непрачытанымі (а не як звычайна — ускрытымі і заклеенымі па новаму), на кухні табе даставаўся не кавалак сала з сінім штемпелем, а мяса, раніцай, калі не паспяваў, тры чалавекі за пару секунд памагалі заслаць табе ложак…
Аднойчы ў курылцы цытую нешта з Чэхава (памятаеце першую частку, кнігу «Чехов о литературе и искусстве»?) — ды не нешта, а:
— Хлусіць можна ў каханні і ў медыцыне, але не ў літаратуры, — вось што я ляпнуў у армейскай курылцы.
Гэтага аказалася дастаткова, каб адзін з хахлоў, Міхалюк, імгненна, як выжал на дзічыну, адрэагаваў:
— Нічога сабе! Адкуль ты ведаеш Чэхава?
— А адкуль ты ведаеш, што гэта Чэхаў?
— Ды мая дзяўчына на ім памешана! І што вы ў ім знаходзіце?
Ну, Чэхаў, падумаеш… Ну, цар, ну, Іаан… На самой справе якога я там ведаў Чэхава? «Хамелеон», «Смерць чыноўніка», вечнага студэнта Трафімава з «Вішнёвага саду» ды прымаўку «х…та по Чехову», якая абазначала штось звышнуднае, нецікавае і незразумелае.
Вось так — праз тое, што цяпер, калі Міхалюк бачыў мяне, я кожны раз звязваўся ў ім з ягонай дзяўчынаю, я быў прыняты ў іхнюю блат-каманду. Тусуючыся між іх, у давесак да Мішавай навукі я даведаўся, што ёсць такая рэч, як культура паводзінаў (іншая справа, як я гэтай навукаю карыстаўся і карыстаюся), што ў размове і ўвогуле ў жыцці можна спакойна абыходзіцца без мацюкоў — ад гэтага нічога не мяняецца, наадварот, ветлівы, ціхі, спакойны і выхаваны чалавек больш сімпатычны за насмешлівага цыніка і хама; што ва ўсе часы найвышэйшай каштоўнасцю ў чалавеку будзе культура, начытанасць, мастацкі густ, а не зухаватае кулянне ў рот чаркі, цыгарэта ў зубах і дэбільныя хіханькі-хаханькі. Усё гэта было для мяне адкрыццём жыццёвай Амерыкі.
Самае ж галоўнае, дзякуючы ўкраінцам, я раз і назаўсёды зняў пытанне аб мовах — на якой гаварыць, на якой думаць… Гэта ўзнікла само сабой, ніякай логікі ў тым не было, проста як чалавек устае адной раніцаю і са здзіўленнем заўважае, што яму не хочацца больш курыць, і лёгка кідае сваю кепскую звычку, не разумеючы, чаму не здагадаўся зрабіць гэтага раней, — так і я ў адно імгненне, без усялякай «сілы волі» пачаў думаць па-беларуску. Крыху пазней (але яшчэ да перабудовы) гэтак жа натуральна я прыйду да Бога, і яшчэ пазней (пасля перабудовы) — да творчасці. Так складзецца няхітры трохкутнік: уверсе Бог, па краях — мова і творчасць. Усё астатняе альбо ўсярэдзіне гэтага трохкутніка — маё лепшае, або па-за яго межамі — горшае.
Напачатку ўкраінцы памаленьку спрабавалі падцягваць мяне да свайго берага. «З такім прозвішчам… Шаўчэнку цытуеш… з такой памяццю… ну, што ў вас, у беларусаў, за мова? Жнівень — гэта ж дзіка, штучна!» — «А як трэба?» — «Серпень, нават август».
О-о, ребята, гэ, хлопцы, не ў каня корм. Жнівень то прыгажэй! — і калі вы гэтага не адчуваеце…