— Будзе яшчэ больш здорава, калі Клара двойку мне ўпякла, — як заўсёды, марудна адказаў той.
— Ты ж спісваў, здаецца?
— А хіба за спісаныя сачыненні пяцёркі ставяць? Яна хітрая…
— Нічога не хітрая, — запярэчыў Вяргейчык.
Смолер прамаўчаў і праз момант загаварыў пра другое:
— Ты, я гляджу, не баішся, — заўважыў ён.
— Яшчэ чаго, — абыякава махнуў рукой Вяргейчык. — Я ў школе ведаеш як сачыненні гэтыя пісаў? Ніколі тройкі нават не было.
— Дык то ў школе.
— А тут што? Мяне нават наш дырэктар, ну, з нашай школы, адгаворваў, каб не паступаў сюды, каб перш дзесяць класаў скончыў. Ты ж літаратар, кажа, — пахваліўся Вяргейчык.
— Ого, — здзівіўся Смоляр. — Чаго ж ты паступаў?
— Папытай ў мяне, — кісла ўсміхнуўся Вяргейчык. — Дзядзька мой, нават не дзядзька, а я і сам толкам не ведаю, хто ён нам, дык вось гэты родзіч паспрыяў, у двукоссі. Ідзі, кажа, паступай. Кватэра потым, кажа, у першую чаргу, грошы добрыя…
(Пры ўсім наіве, нецікавасці, слабасці — які дакумент часу. Хаця б тыя ж самыя бланкі. Калі б я іх яшчэ згадаў?..)
— А свая галава нашто?
— Каб на тую галаву ды цяперашні розум, — разважліва адказаў Вяргейчык, чым вельмі развесяліў свайго таварыша.
— Як жа ты вучыцца будзеш, галава? — смеючыся, запытаў Смоляр. — Я ж заўважаю, ты дуб у матэматыцы.
— А я і не буду. Я ўжо вырашыў…
Ён не дагаварыў, бо ў аўдыторыю хуткім энергічным крокам увайшла выкладчыца літаратуры Клара Іванаўна.
Гэта была высокая, дзябёлая жанчына, якая вельмі глядзела за сабой: падмалёўвала губы, павекі, пудрылася. Апраналася яна вельмі па-сучаснаму, што зусім ёй не йшло, бо Клара Іванаўна была ў гадах.
(А ўсё ж партрэты і апісанні прыроды цярпімыя, як для самага першага ў жыцці апавядання.)
Яна спынілася пасярод аўдыторыі, цярпліва чакаючы, пакуль сціхне шум і ўсе падымуцца.
— Добры дзень, сядайце, — павіталася ціхім, стомленым голасам. Прайшла да стала, але не села, толькі абаперлася аб яго рукой, другой асцярожна паправіла валасы і, застыўшы, пачала доўга, задуменна глядзець у акно. Яна стаяла так кожны раз — нібы настройваючыся перад урокам, і заўсёды гэтая задумёная постаць так падабалася Вяргейчыку.
«Як правільна! — усхвалявана думаў ён. — Толькі так павінен пачынаць урок сапраўдны выкладчык…»
Пастаяўшы крыху, Клара Іванаўна села за стол.
— Дзяжурны, раздайце, калі ласка.
Яна падсунула на край стала стос сшыткаў, разгарнула журнал і схілілася над ім.
Дзяжурны быў якраз Смолер. Калі ён разнёс сачыненні па партах і разгарнуў сваё, твар яго спахмурнеў. Ён штурхнуў Вяргейчыка локцем у бок — глядзі! Сапраўды, як Смолер і баяўся, стаяла двойка і ўнізе — «Спісана!»
— Усё, праляцела стыпендыя, — шэптам падвёў ён вынік. — А-а, хай старыя прысылаюць — я што, грошы зарабляць сюды прыехаў?.. Давай лепш тваё паглядзім, — прашаптаў ён ужо зусім спакойна.
Але Вяргейчык не спяшаўся і толькі пагладжваў пальцамі па вокладцы сшытка, адчуваючы незразумела чаму хваляванне.
— Давай, не бойся, літаратар, — падбадзёрыў Смолер.
— Была не была…