Адольф сам разгубіўся. Ён чакаў скандалу, а атрымался рамантыка. Акварэлькі, да якіх ён ніколі не ставіўся ўсур’ёз, цяпер так выручалі яго. Ён адклаў гармонік і падняўся на зацёклыя ногі.
— З чаго ты ўзяла, што… развітанне? — блытаючыся языком, сказаў ён.
— А хіба не?! Я падумала…
Яна, няшчасна-шчаслівая, аддана, з падзякаю на яго пазірала. Апранаючыся, каб ісці ў супермаркет па дабаўку, ён не строга, а хутчэй паблажліва не забыў нагадаць:
— Я — Адольф! Чалавек вольны. Калі што не па мне — зборы кароткія. Мальберт, гармонік і — маё шанаванне.
Ён спусціўся ўніз. Ад алкаголю, ад свабоды, ад таго, што ўбачыў, як яго кахаюць, на душы ў яго было ясна, лёгка, зразумела. Што ж, калі так — гэта мяняе справу. Можна пакуль… яшчэ і тут пажыць. Шанцуе — карыстайся, не будзь дурнем. Нічога! У Адолі шчаслівая доля! Я вам не проста так! Во як я ўмею! — урывацца ў чужыя лёсы, тасаваць іх, як карты, быць прычынай чужых слёз і чужой радасці… А да Ірыны Бацькаўны паспею вярнуцца… Яна даруе. Прыме, зразумее… Папрашу прабачэння… Раз сказала «пахудзеў», значыць, па-ранейшаму кахае. Хай толькі скончацца гэтыя разборкі… А то сын, дачка, азер цягаецца… Пачакаць, пакуль утрасецца там…
На першым паверсе каля ліфта цярпліва чакала маленькая, з дзвюма цаглінамі пад пахаю, бабулька, худзенькая, як дзесяцігадовы падлетак.
Адольф выйшаў бокам, ветліва даючы ёй зайсці. Потым пастаяў, паглядзеў — пацягне ліфт ці не? Зачыніліся дзверы, ліфт паехаў.
— Усё не так цікава, як здавалася ў пачатку, — прамармытаў Адольф і засмяяўся. Ён ціха зацягнуў:
— Чобаты, чобаты вы мае!..
Цяпер, п’янаму, яму было мора па калена.
— Нарабілі клопату яны мне!..
VІ
З самай раніцы на далёкім, за 300 кіламетраў адсюль, Хутары Талян пачаў збірацца да маці ў бальніцу.
Яна папрасіла прынесці зялёнай свежай цыбулі з салам і чорнага хлеба — больш нічога.
Ён падагрэў на пліце ўчарашні суп, сагнуў лыжку, як чарпак, пасёрбаў трохі з каструлькі. Паеў трохі, а ўзмакрэў, як паўлуга выкасіў.
Гадзіннік на сцяне спыніўся. Талян засвяціў мабільнік, у якім западалі кнопкі, паглядзеў, колькі часу, перавёў стрэлкі і падцягнуў гіры. Паспрабаваў пальцам суп, ці астыў, панёс, выліў Жуку ў міску. На агародзе вырваў некалькі корчыкаў цыбулі, каля калодзежа, нахілячы вядро, абмыў вадою, акуратна паабшчыкваў пазногцямі белыя ніткі-карэньчыкі. У каморы адрэзаў кусман сала, разам з хлебам закруціў усё ў газету. Адвязаў Жука, узяў палку і пасунуўся ў Старушкі.
Ішоў не дарогай, а напрасткі — як яны з Лёнікам у школу хадзілі. Некалі тут былі дзікія мясціны… Раптам ён спыніўся, як укапаны. З лаўжа наперадзе тырчэў вялікі кавалак пачарнелай слюды, і падобна было, што там, пад слюдой, чалавек! Сэрца затрэслася ў грудзях, запульсавала ў скронях. Талян падбег, паварушыў палкаю. Сатлелая ватоўка… Чайнік іржавы, пластыкавая бутэлька. Цэлафанавы каляровы пакет… Нейкія сурвэткі, размотаныя бінты… А здалёк, накрытае слюдою, так яўна прымала абрысы чалавека! Талян спачатку так і падумаў — Лёнік.
Паказаліся Старушкі, вялікая станцыя, з поштай, школай, бібліятэкай, трыма крамамі. Людзі, якія сустракаліся на вуліцы, ведалі маладога, задыханага, спацелага, з палкаю хлопца. Шкадавалі яго. Трэба ж, які лёс! Вось ужо сапраўды — дзе тонка, там і рвецца. Мала таго, што радыяцыі хапануў, з жонкаю нелады, брат прапаў — дык яшчэ з маці на кляшчоў умудрыліся наляцець! — а цяперашнія кляшчы не тыя, што раней, ад цяперашніх ногі адымаюцца, а то і здзяцінець можа чалавек.
— Куды йдзеш, Талян?
— У бальніцу да мамкі Нінкі! Перадачу нясу. Сала з цыбуляю захацела. Вы ж ведаеце, калі хворы чаго захоча — гвалт!
— Лёніка знайшлі?
— А хто яго шукаў?
— І што гэта з вашай сям’ёю такое здарылася? — спачувалі яму. — Столькі бяды ў адначас…
— Пазайздросцілі! — тлумачыў Талян. — Нехта добра вока паклаў!
— Дык ты адзін цяпер?
— Чаму адзін?! А дзядзя? Вы хіба не ведаеце майго дзядзю — Адольфа? Гэта ж такая душа… Не перадаць! Чалавек з вялікай літары! З бальніцы пайду на пошту, яму званіць. Ён заўсёды паможа. Не, мой дзядзька Адольф (Талян падымаў вялікі палец) во такі!
Апавяданні
Імгненні жыцця
Нядаўна перадавалі па радыё амаль неверагодную гісторыю: чалавек, хворы на рак, сам, без лекаў і аперацый змог цалкам вылечыцца!