— Вы калі-небудзь чыталі «Чорную свінню»? — спытаў лейтэнант. — Я вам дастану. Гэта кніга, якая пахіснула маю веру.
— Гэта брыдкая і дурная кніга, — сказаў святар. — Не можа быць, каб яна вам на самай справе спадабалася.
— Вельмі карысная кніга, — сказаў лейтэнант. —Там усё сказана пра святароў. Вам спадабаецца, — сказаў ён мне.
Я ўсміхнуўся святару, і ён усміхнуўся мне ў адказ з-за полымя свечкі.
— Не чытайце гэтага, — сказаў ён.
— Я вам дастану, — сказаў лейтэнант.
— Усе разважлівыя людзі атэісты, — сказаў маёр. — Зрэшты, я і масонства не прызнаю.
— А я прызнаю масонства, — сказаў лейтэнант. — Гэта высакародная арганізацыя.
Нехта ўвайшоў, і ў адчыненыя дзверы я ўбачыў, як падае снег.
— Цяпер ужо наступлення не будзе, калі выпаў снег,—сказаў я.
— Вядома, не, — сказаў маёр. — Пайсці б вам зараз у адпачынак. Паехаць у Рым, у Неапаль, у Сіцылію...
— Няхай ён едзе ў Амальфі, — сказаў лейтэнант. — Я дам вам пісьмо да маіх родзічаў у Амальфі. Яны вас палюбяць,як сына.
— Няхай ён едзе ў Палерма.
— А яшчэ лепей на Капры.
— Мне хацелася б, каб вы пабывалі ў Абруцах і пагасцявалі ў маіх родзічаў у Капракота, — сказаў святар.
— Вельмі яму трэба ехаць у Абруцы. Там снегу больш, чым тут. Яму што, любавацца сялянамі? Няхай едзе ў цэнтр культуры і цывілізацыі.
— Туды, дзе ёсць прыгожыя паненкі. Я дам вам адрасы ў Неапалі. Цудоўнай прыгажосці маладыя дзяўчаты — і ўсе ля мамаў. Ха-ха-ха!
Капітан разагнуў пальцы з кулака, падняў вялікі палец і растапырыў астатнія, як робяць, калі паказваюць кітайскія цені. На сцяне быў цень ад ягонай рукі. Ён зноў пачаў гаварыць на няправільнай мове:
— Вы ад'ехаць вось такі, — ён паказаў на вялікі палец, — а вярнуцца вось такі, — ён дакрануўся да мезенца. Усе засмяяліся.
— Глядзіце, — сказаў капітан. Ён зноў растапырыў пальцы. Зноў полымя свечкі адбіла на сцяну іхні цень.Ён пачаў з вялікага і назваў усе пяць пальцаў: sotto-tenente¹(вялікі), tenente² (указальны), capitano³ (сярэдні), maggjore⁴ (безыменны) і tenente-colonello⁵ (мезенец). — Вы ад'язджаеце sotto-tenente! Вы вяртаецеся tenente-colonello!
Усе засмяяліся. Кітайскія цені капітана мелі вялікі поспех. Ён зірнуў на святара і выгукнуў:
— Святар кожную ноч сам па сабе! — Усе засмяяліся.
— Едзьце ў адпачынак зараз жа, — сказаў маёр.
— Шкада, што я не магу паехаць разам з вамі, усё вам паказаць, — сказаў лейтэнант.
— Калі вы будзеце вяртацца, прывязіце грамафон.
— Прывязіце добрыя оперныя пласцінкі.
— Прывязіце Каруза.
— Каруза не прывозьце. Ён вые.
— Паспрабуйце вы гэтак завыць!
— Ён вые. Кажу вам, ён вые.