– О! Тут не толькі жаніцьба. Мой начальнік ніколі не жыў спакойна… Трыццаць гадоў у Афрыцы… Клімат, вечныя трывогі, сабачая работа… Начальнік мой – чалавек высокай годнасці… Дзесяць гадоў назад, як ён прыехаў сюды, зусім яшчэ дзікія плямёны насялялі гэтыя бяскрайнія джунглі. Яны паміралі з голаду. Іхнія ведзьмары падбухторвалі іх да ўзаемнага знішчэння, да выкрадання жанчын і дзяцей, прымушалі прыносіць ідалам чалавечыя ахвяры. Губернатар уціхамірыў плямёны, падзяліў іх на групы, прывучыў іх вырошчваць какаву. Гэта не так лёгка, магу вас запэўніць, пераканаць людзей, што жывуць сённяшнім днём, шэсць гадоў цярпліва чакаць, пакуль на саджанцах з'явяцца плады.
– А яны не мараць аб сваёй незалежнасці, не рвуцца на волю? Як яны адносяцца да губернатара?
– Любяць, я сказаў бы нават, глядзяць, як на бога. Неяк раз я суправаджаў яго ў адно першабытнае племя… Іхні важак, укленчыўшы перад ім, гаварыў наступнае: «Ты выхоўваў мяне, як лянівага сына… Ты добра рабіў… Ты прагнаў мой сон… Цяпер я стаў багаты…» Яны здольныя, вы пабачыце, ахвотна вучацца, абы знайсці падыход… Але трэба быць святым, каб заслужыць іх павагу.
– І што ж, ваш начальнік святы?
Малады лейтэнант зірнуў на мяне з усмешкай і ў сваю чаргу запытаў:
– А што такое святы?
– Я не знаю… Чалавек абсалютна чысты, без плям.
– А! Гэта ёсць. Я не знаходжу ў ім заган, нават празмерных захапленняў, за выключэннем, можа, аднаго… Ён імкнецца да славы, не да якіх-небудзь выпадковых пахвал, а да агульнага прызнання сваіх працоўных заслуг. Яму падабаецца быць адміністратарам, і ён хацеў бы кіраваць тэрыторыямі ў некалькі разоў большымі.
– Як маршал Ліатэй, які казаў: «Марока? Гэта – мястэчка. Мне патрэбен увесь свет».
– Іменна. Мой начальнік быў бы страшэнна задаволены, каб яму даручылі кіраваць нашай маленькай планетай… Ён бы рабіў гэта лепш, чым іншыя.
– Але ж ваш святы быў донжуанам.
– Святы Аўгусцін гэтак жа… Грахі юнацтва… Пасля жаніцьбы ён стаў прыкладам мужчынскай вернасці… Аднаму богу вядома, колькі ў яго становішчы было магчымасцей… Я сам, з'яўляючыся, так сказаць, яго ценем…
– Выкарыстоўвалі магчымасці?
– Я не губернатар, не святы, не жанаты… Стоячы збоку, лаўлю тое, што трапляецца… Пагаворым лепш аб вашым падарожжы, дарагі мэтр. Вы, мабыць, ведаеце, што губернатар надумаўся заўтра суправаджаць вас да вашага бліжэйшага пункта?
– Так, сапраўды ён абяцаў узяць мяне ў свой асабісты самалёт. У яго нейкая інспекцыя на ўзбярэжжы і адкрыццё помніка. Вы з ім паедзеце?
– Не… Апроч губернатара і вас там будуць мадам Бусар, якая не любіць пускаць свайго мужа лётаць над джунглямі без яе, пілот і ваенны камендант падпалкоўнік Анжэліні, таксама ўдзельнік інспекцыі.
– Я з ім сустракаўся?
– Не думаю, але ён вам спадабаецца… Відны, вясёлы… У баявых справах сапраўдны ас… Былы афіцэр разведкі ў Марока, адзін з вучняў вашага Ліатэя… Зусім малады падпалкоўнік, бліскучая будучыня.
– Падарожжа доўгае?
– Ды не! Гадзіна над лесам да самай дэльты, потым кіламетраў сто паўз бераг, і вы на месцы.
Апошні абед у палацы быў цудоўны. Падпалкоўнік Анжэліні быў запрошаны, каб падрыхтаваць вылет. Ён хутчэй меў выгляд капітана. Малады з твару, і гарачае сэрца. Ён гаварыў многа і складна; яго выказванні былі парадаксальныя, часам агрэсіўныя, але сведчылі аб высокай культуры. Пра звычаі туземцаў, іх татэмы і табу ён ведаў больш, чым губернатар, і, на вялікае маё здзіўленне, мадам Бусар зусім кампетэнтна яму адказвала. Губернатар слухаў сваю жонку з яўным захапленнем і час ад часу ўпотай кідаў позірк на мяне, каб праверыць маё ўражанне. Пасля абеду ён павёў Анжэліні і Дзюга ў свой кабінет, каб вырашыць некаторыя неадкладныя пытанні, а я астаўся адзін з «Жызэллю». Яна какетнічала, і ў гэтай гульні я ахвотна прымаў удзел, але, як толькі між намі наладзілася давер'е, мадам Бусар спытала пра падпалкоўніка:
– Якая ў вас аб ім думка? Вам, пісьменніку, ён павінен падабацца. Мы яго вельмі цэнім. У мужа ён з языка не сыходзіць… А мне, хто жыве тут, як у ссылцы, ён прыносіць каплю свецкасці і французскага паветра. Пры зручным выпадку вы папрасіце яго пачытаць вершы… Гэта – жывая анталогія.
– О, цікава будзе паслухаць у палёце.
– Не, прапелер усё заглушыць.
Гадзіне а дзесятай увечары губернатар і падпалкоўнік далучыліся да нас, але ненадоўга, таму што адлёт быў назначаны на чатыры гадзіны раніцы, калі спадае спякота.
Мяне разбудзіў слуга негр. Надвор'е не прадвяшчала нічога добрага. Дзьмуў моцны заходні вецер. За сваё жыццё я правёў у палёце не адну тысячу гадзін і саджуся ў самалёт без страху. Аднак я вельмі не люблю гэтых падарожжаў над джунглямі, дзе немагчыма прызямліцца, альбо, калі цудам і сядзеш на якой-небудзь прагаліне, мала шансаў, што цябе знойдуць і падбяруць. Я спусціўся паснедаць і ўбачыў за сталом Дзюга.
– Метэазводка дрэнная, – заклапочана паведаміў ён. – Пілот прапануе адкласці падарожжа, але начальнік і слухаць не хоча, гаворыць, што яму ў дарозе шанцуе і, апроч таго, метэаролагі заўсёды памыляюцца.
– Будзем спадзявацца, – сказаў я. – Сёння вечарам я павінен зрабіць даклад у Батоцы. Іншага спосабу дабрацца туды ў мяне няма.
– Мне то можна быць храбрым, – пажартаваў Дзюга. – Мне ляцець не трэба. Але я трымаюся думкі начальніка… Катастрофы, прадугледжаныя зараней, не адбываюцца.
Праз некалькі хвілін з'явіліся губернатар і яго жонка. Ён быў у белым мундзіры з ордэнскай планкай.