– Вядома, не веру… Упэўнены, што тут былі тры забойствы… Але цікава, якім спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкі туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкі, падобны на смяротны ўкол тарэадора, які канцом сваёй шпагі дасягае сэрца праз нервовы цэнтр… Вы, можа, чыталі ў Фабра апісанне такіх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, і паралізуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы і пункты, што кіруюць дыханнем… Як да іх дабрацца? Мабыць, іголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатоміі. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне інстынктыўнае, як і ў насякомых… Паспрабуй разбярыся!..
– Але ж іголка пакідае сляды?
– Не адразу іх пазнаеш, калі іголка вельмі тонкая. І хто іх тады асабліва шукаў?.. Вас не ўразіла тая акалічнасць, што абедзве жонкі Дзюрука прычэсваліся перад смерцю? Тут міжвольна напрошваецца вывад, што ён сам узяўся прычасаць іх нанач і выкарыстаў момант, калі яны, седзячы да яго спіной, прыгнулі галаву.
– Магчыма, але ж і ён памёр.
– Старэючы, яшчэ больш закаханы ў Далорэс, ён мог забыцца і адкрыць ёй свой сакрэт. Ведаючы спосаб і баючыся, што ён калі-небудзь яе заб'е, альбо ўзненавідзеўшы мужа фізічна, яна яго нарэшце прыкончыла.
– Гісторыя выключная, але паверыць можна, – сказаў Бертран Шміт.
Памаўчаўшы, ён запытаў:
– Ну, а як сябе адчувае маркіз дэ Буаньі?
– Жыве і сёння ў добрым здароўі, – паведаміў доктар.
Кар'ера
У майстэрні жывапісца Бельтара кожную трэцюю суботу збіраліся: дэпутат Ламбер-Леклерк (цяпер ужо намеснік міністра фінансаў), раманіст Сіўрак і Фабер, аўтар п'есы «Кароль Калібан», з поспехам пастаўленай у тэатры Жымназ.
Аднойчы вечарам Бельтара пазнаёміў сяброў з маладым правінцыялам, сваім дваюрадным братам, якому вельмі хацелася стаць літаратарам.
– Гэты хлопец, – сказаў ён ім, – напісаў раман, па-мойму не горшы, чым у іншых. Прашу цябе, Сіўрак, прачытай, калі ласка. Мой брат нікога не ведае ў Парыжы, ён інжынер і жыве ў Баё.
– Шчаслівы чалавек! – прамовіў Фабер. – Вы напісалі кнігу, вы жывяце ў правінцыі і вы нікога не ведаеце? Лічыце, што вам пашанцавала, пане мой. Пачнуць спрачацца, хто першы выявіў скрыты талент, – і, калі вы зможаце ўдала стварыць вакол сябе легенду, праз год вы станеце больш славутым, чым сам Сіўрак, наш друг. Адно я вам, галубчык, параю: не высоўвайцеся… Баё! Гэта так добра – Баё… І зусім не таму, што ў вас няма асабістага абаяння, пане мой, а проста – чалавечая прырода церпіць геніяў толькі на адлегласці.
– Прыкіньцеся хворым, – аўтарытэтна параіў Ламбер-Леклерк. – На хваробе многія зрабілі бліскучую кар'еру.
– І чым бы ты ні займаўся, – дадаў Бельтара, – не кідай сваёй спецыяльнасці. Спецыяльнасць – найлепшы назіральны пункт для творчасці. Калі ты замкнешся ў сценах кабінета, ты будзеш пісаць кнігі на прафесійным узроўні, складзеныя як мае быць і нудныя да немагчымасці.
– Дурань! – пачуўся рэзкі голас Сіўрака. – «Спецыяльнасць – найлепшы назіральны пункт…» Як можаш ты, разумны чалавек, паўтараць падобныя штампы? Калі пісьменнік не знаходзіць матэрыялу ў сабе, ніякі «пункт» яму не паможа. Хіба Пруст выходзіў з дому? А Талстой выязджаў з Яснай Паляны? Калі ў яго пыталіся, хто такая Наташа, ён адказваў: «Наташа – гэта я». А Флабер…
– Выбачай, – не згадзіўся Бельтара. – Талстога акружала вялізная сям'я, і ў гэтым адна з крыніц яго сілы. Пруст наведваў рэстаран «Рыц», меў шмат сяброў, у якіх заўсёды мог пачарпнуць патрэбную інфармацыю. Што датычыцца Флабера…
– Ніхто не спрачаецца, – перабіў Сіўрак, – але ўяві сабе Пруста без велікасвецкіх тэм… У яго б знайшлося, што сказаць… Ён аднолькава цікава гаворыць і пра сваю хваробу, і пра сваю спальню, і пра сваю старую служанку. Між іншым, я магу прывесці прыклад, які цябе цалкам пераканае, што нават самага дасціпнага розуму, пастаўленага ў найлепшыя ўмовы для назірання, мала, каб стварыць мастацкую рэч. Наш друг Шалон… У каго было больш часу і магчымасцей назіраць за рознымі пластамі грамадства? Шалон бачыў, і вельмі блізка, пісьменнікаў, мастакоў, камерсантаў, акцёраў, палітычных дзеячаў, дыпламатаў, быў сведкам самых патаемных сцэн чалавечай камедыі. А якія вынікі? На жаль, мы гэта ведаем!
– Шалон! – умяшаўся Ламбер-Леклерк. – А што з ім здарылася? Хіба ў каго з вас ёсць весткі пра Шалона?
– Мы заходзім у адну і тую ж кнігарню, – растлумачыў Сіўрак, – і я там зрэдку яго сустракаю, але ён робіць выгляд, што мяне не бачыць.
Малады правінцыял нахіліўся да гаспадара і ціха запытаў, хто такі Шалон.
– Сіўрак, – папрасіў Бельтара, – раскажы гэтаму хлопцу пра кар'еру Шалона. Для юнакоў прыклад павучальны.
Сіўрак выпрастаўся, сеў на край канапы і загаварыў. Голас у яго быў скрыпучы, кожны склад ён нібы адкусваў зубамі. Апавяданне ён пачаў так:
– Не ведаю, малады чалавек, ці чулі вы пра клас рыторыкі ў ліцэі Генрыха Чацвёртага, выпуск 1893 года. Гэты ліцэй, што суседзіць з Пантэонам, даў не менш выдатных выхаванцаў, чым Эколь Нармаль, адкуль выйшлі – Тэн, Прэво-Парадоль, Сарсэ і Эдмон Абу. Клас рыторыкі быў, як мне гаворыць кожны раз пры сустрэчы адзін з нашых былых настаўнікаў, «аранжарэяй славутых людзей», паколькі там вучыліся адначасова Бельтара, Ламбер-Леклерк, Фабер і я. Ламбер-Леклерк, як і тады ўжо, рыхтаваўся да грамадскай дзейнасці: разам з Фаберам пасля заняткаў любіў ацірацца на скачках…
– Ты хоць чын мой паважай! – нахмурыўся намеснік міністра.
– Тваё правасхадзіцельства быў адзіным сярод нас, хто з юнацкім запалам прадчуваў сваю будучыню. Бельтара схільнасці да малявання не выяўляў, Фабер і не марыў прабівацца ў драматургі. Наш выкладчык літаратуры стары Гамелен казаў яму: «Мой бедны Фабер, вы не адолееце французскай мовы да канца дзён сваіх». Думка слушная, але цяперашняя некультурная публіка з ёю не згаджаецца. Што датычыцца мяне, то найбольшай маёй эстэтычнай асалодай было маляваць Венеру на палях сшыткаў. Шалон дапаўняў нашу групу.
Гэта быў бялявы хлопец з тонкімі, прыгожымі рысамі твару. Працаваў ён мала, чытаў многа, умеў цудоўна выбіраць паэтаў і гальштукі і, дзякуючы свайму бездакорнаму густу, набыў між намі вялікі аўтарытэт. У той час, прачытаўшы «Гісторыю трынаццаці» Бальзака, мы вырашылі заснаваць, чацвёра нас і Шалон, «Саюз пяці». Кожны з «пяці» павінен быў падтрымліваць чатырох астатніх ва ўсім і заўсёды. Мы дамовіліся, што грошы, прызнанне, сувязі, усё, што мог прыдбаць адзін з «пяці», павінна было служыць нашым агульным інтэрасам. Гэта быў цудоўны праект, але ён так праектам і застаўся, бо, скончыўшы ліцэй, мы разышліся. Яго правасхадзіцельства і я падаліся ў юрысты, Фабер, якому трэба было зарабляць на жыццё, уладкаваўся да свайго дзядзькі ў банк. Бельтара пачаў займацца медыцынай. Ваенная служба разлучыла нас яшчэ больш, а потым перашкаджалі розныя акалічнасці. Шэсць гадоў мы амаль нічога не ведалі адзін пра аднаго.
На выстаўцы 1900 года я ўпершыню ўбачыў карціну Бельтара. Мяне вельмі здзівіла, што ён стаў мастаком, а яшчэ больш тое, што ў яго быў талент. Нас заўседы глыбока хвалюе, калі мы адкрываем нешта выдатнае ў чалавеку, з якім сябравалі з дзяцінства. Тое, што ў генія былі таварышы, уявіць лёгка, але цяжэй паверыць, што сярод тваіх таварышаў быў геній. Я яму напісаў. Ён запрасіў мяне да сябе. Яго майстэрня мне спадабалася, я пабываў там некалькі разоў і, пасля доўгага абмену пісьмамі і тэлеграмамі, арганізаваў абед «пяці». За абедам кожны расказаў, чым ён займаўся, скончыўшы ліцэй.
Шэраг даволі цікавых абставін прымусіў трох з нашай кампаніі адмовіцца ад кар'еры, выбранай для нас бацькамі. Каханкай Бельтара стала адна натуршчыца, з якой ён зрабіў для ўласнай забавы некалькі ўдалых эскізаў. Гэта жанчына зблізіла яго з мастакамі. Ён працаваў, меў поспех і, праз некалькі месяцаў, зусім адвярнуўся ад медыцыны.