Вушы ў яго на святле пунсавелі.
– Вы былі на моры?
– На жаль, не. – І дадаў. – Не меў матэрыяльнай магчымасці. Я сірата.
– Гэта я ўжо ведаю. Аднак вы, ніколі не быўшы на моры, здорава яго апісваеце. І ўсё астатняе. Скажыце, а як вам прыйшоў у галаву сам сюжэт? Адкуль у вас такі вопыт?
Ён дастаў з кішэні смартфон.
– У асноўным з інтэрнэту. Усё ж гэта даступна. Цяпер нават лепш нідзе не бываць. Вастрэй будзе адчуванне.
Падобнае раніцаю казаў яе муж. “Так і ёсць, – падумала яна. – Не свае словы кажа. Навучыў нехта”.
– Скажыце шчыра: нашто вам гэта?
Ён падняў на яе сінія нявінныя вочы.
– Навошта вам быць сцэнарыстам? Вам хочацца перамог, прэмій, фестываляў, славы, лёгкага жыцця? Я таму захацела пазнаёміцца з вамі, каб вызначыць, у вас гэта сур’ёзна, ці так сабе?
– У сэнсе – ці сур’ёзна гэта ў мяне? Так. Сур’ёзна.
Яго няспешная, крыху тармазнутая рэакцыя падабалася ёй. Калі гэта і не ён напісаў (а гэта не ён, канечне), у плюс яму, што даволі ўдала маскіруецца.
– Вы ж разумееце, што ваш сцэнарый наўрад ці можа перамагчы на конкурсе.
– Разумею.
– І вы так лёгка з гэтым згаджаецеся? Не збіраецеся змагацца?
– Я не чакаў, што будзе так складана.
– А чаго вы чакалі?
– Не ведаю.
– А вы не спяшайцеся так адразу здавацца. – Ёй нават неяк прыкра стала. – Чаму вы не хочаце спрачацца, адстойваць? Яшчэ раз паўтару: у вас харошы сцэнарый! Цікавая прырода! Жывыя дыялогі. Можна сёе-тое абдумаць, падправіць, пагаварыць. Не будзьце такім кісялём!
Ён маўчаў. Яна змяніла тон і нечакана для сябе спытала зусім не тое, што хацела:
– Раскажыце пра сябе. Я з Фэйсбука ведаю, вы з Акцябрскага родам? Я прыязджала ў вашыя мясціны. Мы не маглі бачыцца?
– Маглі. Я здымаўся ў эпізодзе.
– Цяпер зразумела, адкуль у вас любоў да кіно. Такая рэч, што ўцягвае. Альбо любоў на ўсё жыццё, альбо нянавісць.
Яна казала ўсё гэта і адначасова прыслухоўвалася да сябе. З ёю, як толькі яна яго ўбачыла, пачало адбывацца тое самае, што і пры чытанні яго сцэнарыя, і пры паездцы яе ў інтэрнат – нібы працягваўся той дзіўны настрой лёгкага суму, развітання, настальгіі па нечым далёкім, даўно – так даўно, што яна думала, назаўсёды – страчаным. Ён усё больш падабаўся ёй менавіта сваёй закамплексаванасцю, сарамлівасцю, старамоднасцю, нібы не з гэтага веку ўзяўся, а з мінулага; падабалася яго ўменне чырванець, яго ветлівасць, несапсаванасць, наіўнасць; было ва ўсім гэтым нешта звычайнае, чалавечае, і ад таго надзвычай сімпатычнае, якое так не вязалася з кіношнай атмасферай, дзе не было нічога натуральнага, сапраўднага, а была адна гульня, акцёрства, бутафорыя, панавалі падхалімства, нахабства і барацьба за выжыванне. Гледзячы на гэтага хлопчыка, размаўляючы з ім, Інга з сорамам разумела: яна не тое што адвыкла – яна ўжо нават забыла, калі апошні раз сутыкалася з такім. Ёй нават не хацелася з ім развітвацца. Акрамя таго яна бачыла, што ён не надта верыць ёй і не збіраецца нічога даказваць і адстойваць.
– Дайце мне слова, што вы не расчаруецеся.
Інга да гэтага сядзела нага на нагу, прасачыла за яго вачыма і прыбрала ногі пад стол.
– Заўтра… не, лепш паслязаўтра я вам пазваню. Дамовіліся?
Лагун выйшаў з кабінета бокам, з апушчанай галавой. Але паспеў уважліва разгледзець яе. І ў сваю чаргу падумаў: “Дык вось ты якая, палюбоўніца бацькі! Але як жа яна так здорава трымаецца! Ну і вытрымка ў яе. Нібы нічога не ведае. Яна ж ні рысачкай сябе не выдае”. Мог бацька ў такую закахацца? Здраджваць з такой? Мог. Магла такая пазваніць і тым самым забіць? Магла. Ці… не магла?
Гэта быў зусім новы паварот яго думак.
Цяпер, пасля сустрэчы і размовы з Інгай, яго ўпэўненасць у яе віне пахіснулася. Можа, выпадкова? Мо яна не хацела? Мо яна ўвогуле не вінаватая? І не ведае да гэтага часу нічога? “Нават таго, што бацькі ўжо няма на свеце”, – падумаў ён. І потым: бацьку ж зусім неабавязкова было расказваць ёй сваю біяграфію ці нават называць сваё прозвішча – ён мог назвацца кім заўгодна. І яна проста не здагадваецца, што я яго сын. Было і яшчэ сёе-тое. Падалося яму, што заўважыў ён у яе вачах той самы, такі знаёмы яму, агеньчык. Няўжо і яна? Як усе?