Мухіна. Ну, гэта вы ўжо зусім панікуеце, Мікалай Сяргеевіч.
Сямёнаў. Відаць, з гэтае прычыны, Зінаіда Тарасаўна, мне і не спадабаўся ваш бадзёранькі даклад у Жэневе.
Мухіна. Ну, гэта ўжо справа густу.
Сямёнаў. Даруйце, аб густах можна спрачацца, абмяркоўваючы, скажам, вартасці капялюшыка ці нечага ў гэтым сэнсе…
Мухіна (гулліва). Вы мяне крыўдзіце…
Сямёнаў. Толькі таму, што экалагічная праблема — гэта сусветная праблема. Калі дрымота зацягнецца — нам ніхто не дапаможа.
Мухіна (паўжартам). Мікалай Сяргеевіч, вы ўжо зусім губляеце класавыя пазіцыі.
Сямёнаў. Класавыя, кажаце?.. Калі мы, паважаная, будзем па-сапраўднаму змагацца за чысціню на зямлі і ў небе, у сябе дома, і ў Жэневах, наша пазіцыя заўсёды будзе класавай. Небяспека, і рэальная, у тым, каб паветра, якім дыхаюць усе класы, не знікла раней за класы. Фёдар Максімавіч, вы ведаеце, што хімічныя і іншыя «брудныя» прадпрыемствы больш ці менш раўнамерна пакрылі ўсю тэрыторыю нашага краю. І гэта не небяспечна. Ачышчальныя збудаванні не ідэальныя. Нярэдка яны прымітыўныя. Да таго ж у гэтай справе многа недагляду і безадказнасці.
Фёдар. Ты каму жалішся?! На каго скардзішся?!
Сямёнаў. Я не скарджуся. Я канстатую сітуацыю…
Фёдар. Ах, канстатуеш!..
Сямёнаў. І толькі таму, што яна небяспечная…
Фёдар. Ты мяне яшчэ і палохаеш?..
Сямёнаў. Я не палохаю, я сам баюся…
Фёдар. Вось гэта ўжо прасвятляе становішча.
Сямёнаў. Справа ў тым, што прадпрыемствы расшыраюцца. Расшыраюцца і парасоны шкодных выкідаў над імі. Калі гэтыя парасоны злучацца між сабой, нам усім будзе дрэнна ў пераносным і літаральным сэнсе.
Фёдар. Ну і што ты прапануеш у гэтай сітуацыі?
Сямёнаў. Я не магу прапанаваць сёння нічога радыкальнага.
Фёдар. Адзін слабы, другі не можа…
Сямёнаў. Губяць прыроду і атручваюць атмасферу, як правіла, буйныя прадпрыемствы. І мы нічога не можам зрабіць. Іх кіраўнікі паводзяць сябе, як удзельныя князі. Яны незалежныя. Яны проста ігнаруюць санітарную службу ці, у лепшым выпадку, плоцяць штрафы з дзяржаўнай кішэні.
Фёдар. Што яшчэ?
Сямёнаў. Яшчэ, Фёдар Максімавіч, прамысловасць так хутка павялічвае колькасць элементаў, што трапляюць у адыходы, што мы не паспяваем разлічваць адпаведных гранічна дапушчальных канцэнтрацый. Нашы разлікі заўсёды былі заснаваны на прамым уздзеянні якога-небудзь аднаго шкоднага рэчыва на арганізм чалавека. Сёння ж такіх рэчываў выкідаецца дзесяткі. Яны ўступаюць у рэакцыю адзін з другім і ўтвараюць новыя злучэнні, якія трапляюць у арганізм чалавека ў канцэнтрацыях, што перавышаюць гранічна дапушчальныя ў дзесяткі разоў.
Фёдар. Цяпер зразумела, што пры такіх лічбах ты нават не ўпамінаеш пра тое, што ў паветры нашага горада фенол перавышае дапушчальную норму больш, чым у сорак разоў. А трэба было б у званы ўдарыць. Сірэну ўключыць!
Сямёнаў. Не б’ю ў званы толькі таму, што з’явілася небяспека больш сур’ёзная. Сёння з усёй вастрынёй у свеце і, натуральна, у нас паўстае пытанне аб захаванні і зберажэнні генетычнага фонду насельніцтва. Не раслін, не жывёл — хоць гэта праблема не меншая, — а чалавека. Гэты фонд пад пагрозай змянення, і не ў лепшы бок. Справа ў тым, што многія вытворчыя нечыстоты, здольныя выклікаць мутагенны эфект, паражаюць генетычны апарат не толькі сучаснага пакалення людзей. Яшчэ большая небяспека ў тым, што «нябачныя» сёння мутагенныя змены, што адбываюцца ў палавых клетках, праявяцца ў наступных пакаленнях у выглядзе спадчынных хвароб.
Фёдар. І ты рашыў паведаміць мне гэта па сакрэту? А я хачу, каб пра гэта ведалі ўсе! А яшчэ я не хачу, каб нашы з табой унукі і праўнукі нараджаліся калекамі! Мікалай, дарагі, я разумею, што гэта сур’ёзна, але чаму ты скардзішся, а не дзейнічаеш? Усе імкнуцца паскардзіцца, пажаліцца, паплакацца, зваліць з хворай галавы на абставіны. Адказныя людзі ператварыліся ў сорак тысяч кур’ераў, што пастаўляюць інфармацыю! А хто ж будзе справу рабіць, дзейнічаць, рашаць пытанні, а не толькі ставіць іх? Мікалай Сяргеевіч, ты ж намеснік міністра. Ты адказны за здароўе цэлага народа. Дык пратэстуй! Патрабуй! Змагайся! У кроў разбіся, калі абставіны таго патрабуюць, але свайго дамажыся, справу зрабі. Дымяць, капцяць, шкодзяць прыродзе і людзям — дык спыні, забарані, закрый, апячатай! Прыцягні да адказнасці не гледзячы, князь ён ці дробны паскуднік. У нас жа цудоўныя законы! А ты член урада! Дык дзейнічай ад яго імя! Прымай меры! І запомні: ці дзеянне ў большым і малым, ці ўсё пойдзе да чортавай матары!
Мухіна. Я вельмі і вельмі згодна з вамі, Фёдар Максімавіч.
Фёдар. Дзякую, што хоць не пярэчыце… (Сямёнаву.) А зараз канкрэтна: хто, што і ў якіх канцэнтрацыях перавышае ў Любаградзе?..
Сямёнаў. Пра Любаград, Фёдар Максімавіч, размова асобая. Сёння толькі скажу, што там жартуюць з амінамі і іншымі рэагентамі. Для доктара Арыны Крывіч гэтыя жарты скончыліся сумна…
Мухіна (у жаху). Арыны Крывіч?!
Мухіна, Фёдар і Балоцін адначасова ўстаюць з-за стала.