Зойка (паспешліва праглынуўшы цукерку). Таварышы! Я не разумею, за што яго абвінавачваюць? Ён жа цудоўны хлопец. Наш, савецкі. Ну, здарылася з ім гэта бяда. Дык гэта ж проста недарэчнае непаразуменне. Ён жа нікога не зарэзаў, не абрабаваў. Проста пажартаваў. Ён гумарыст. У нас такое цудоўнае жыццё! У нас такі прыгожы горад! Наша фабрыка адна з лепшых! Нам бы толькі жыць ды радавацца. А мы псуём адзін аднаму нервы, сварымся, спрачаемся, шукаем сярод сябе нягоднікаў. Ды няма іх у нас, няма! Усе вывеліся!
Кічкайла. Як я зразумеў, вы за апраўданне Салавейчыка?
Зойка. Так! Я за апраўданне. Нельга нам, таварышы, хлопцаў крыўдзіць. Вы ведаеце, колькі іх, паводле статыстыкі, на дзесяць дзяўчат?
Голас. Ведаем. Дзевяць.
Зойка. Ну вось. А вы хочаце… (Садзіцца і кладзе ў рот цукерку.)
Кічкайла. Таварыш Салавейчык, вам даецца апошняе слова. Ці будзеце вы гаварыць?
Салавейчык. Хто? Я? Абавязкова! (Разгарнуў паперку, чытае.) Паважаныя грамадзяне суддзі! Дарагія таварышы па рабоце! Горка і балюча мне стаяць на гэтым ганебным месцы! Вельмі балюча. Але трэба. Трэба адказваць за свае ўчынкі. А яны, гэтыя ўчынкі, вельмі і вельмі нядобрыя. Брыдкія ўчынкі, якія ганьбяць савецкага чалавека, будаўніка светлай будучыні. І ставіцца да іх ін…
Божашуткава (падказвае шэптам). Індыферэнтна!
Салавейчык. Ага! І ставіцца да іх ін-ды-фе-рэнтна нельга. Гэта можа стварыць у нашым калектыве нездаровую атмасферу дабрадушнасці і ўсёдаравання. А гэтага мы не можам дапусціць, не маем на тое права. Мы з усёй рашучасцю павінны сказаць хуліганам і п’яніцам — не! Не дазволім! Не пацерпім!
Хваляванне сярод клакераў.
Але давайце, таварышы, уважліва паглядзім, а хто ж такі Салавейчык? Хто ён? Закаранелы злачынец ці не такі ўжо благі чалавек?
Моўчан. Які ж ты, Грыша, злачынец?
Салавейчык. Бацька мой — прадстаўнік слаўнага рабочага класа. Маці таксама работніца. Сам я член прафсаюза, член ДТСААФ і таварыства Крыжа і Паўмесяца. Чырвонага Крыжа і Паўмесяца. Я ганаруся тым, што мне выпала шчасце працаваць на прадпрыемстве, якое змагаецца за званне калектыву камуністычнай працы! Я ганаруся, што жыву сярод такіх цудоўных людзей, як таварыш Кічкайла, як таварыш Таратута, як таварыш Гусельнікава, як (паглядзеўшы на Божашуткаву) Рагнеда Іванаўна. Гэта сапраўдныя будаўнікі камунізму.
Кічкайла. Наконт мяне ты крыху перабольшыў!
Салавейчык. І мне вельмі сорамна, што я сваімі паводзінамі кінуў цень на гэтых выдатных людзей. Нядобра я зрабіў, таварышы. Вельмі нядобра. Непрыгожа. Але я, таварышы, усё зразумеў і ўсвядоміў. І тое, што здарылася, будзе мне добрай навукай на ўсё жыццё. (Ідзе да трыбуны.) Напэўна, я не перанёс бы такой ганьбы, калі б не адчуваў, што побач са мной калектыў, які заўсёды дапаможа. (Канчаткова ўвайшоўшы ў ролю прамоўцы.) Таварышы! У нашым цудоўным сацыялістычным грамадстве дзейнічае выдатны закон — усе за аднаго і адзін за ўсіх. Чалавек чалавеку друг, таварыш, брат! Дык няўжо ж вы не працягнеце руку дапамогі свайму другу, таварышу і брату?!
Моўчан (выціраючы хусціначкай вочы). Працягнем, Грыша! Працягнем!
Салавейчык. Няўжо вы адштурхняце мяне, пакінеце ў бядзе? Не, вы гэтага не зробіце! Вам не дазволяць ваша крыштальнае сумленне і залатое сэрца. Вы возьмеце мяне на парукі і не зробіце памылкі! Я скончыў, таварышы. Дзякую за ўвагу.
Салавейчык накіраваўся, каб сесці побач з членамі суда, але, перахапіўшы позірк Божашуткавай, схамянуўся і сціпла вярнуўся на сваё месца. Клакеры апладзіруюць.
Божашуткава. Хто хоча выступіць? (Да Кічкайлы.) Ой, даруйце, Іван Пятровіч!
Кічкайла. Нічога, нічога, Рагнеда Іванаўна. Ці жадае хто выступіць?
Галасы. А што тут гаварыць?
— Усё і так зразумела! Невінаваты!
— Вызваліць! Сёння ж футбол!..
Ізабела (ускочыўшы). Я пратэстую. Гэта не гуманнасць, а патуранне!
Божашуткава. Чаго ж вы хочаце?
Ізабела. Я прашу слова!
Галасы. Не трэба!
— Хопіць прамоў!
— Якія могуць быць прамовы, калі сёння футбол!
Ізабела. Паслухайце! Амністыя, якую вы далі зараз Салавейчыку, — гэта злачынства перад грамадствам.