- І я ўсё вывучыла, — прызналася Света Мялешка. — Набралася цярпення і вывучыла.
— Пусціла нам Баба Яга туман у вочы! — усхапілася Іра Кавалевіч. — Нам са Светай на абласным конкурсе трэба выступаць. Нам трэба песню з Андрэем Сямёнавічам парэпеціраваць. Што рабіць? Засыплемся.
— Вы толькі пра сябе думаеце, — накінуўся на яе Дзіма Клімовіч. — Рэпеціраваць, рэпеціраваць… У артысткі захацелася! Не думаеце, што ў Андрэя Сямёнавіча сын у інстытуце вучыцца. Хто яму дапаможа?
— А хіба я адна вінавата, што ён заснуў? — заплакала Іра Кавалевіч.
Я сядзеў і скроб патыліцу. Нядобра выйшла. Такога і ў самым горшым фільме не прыдумаеш. І навошта мы згадзіліся адзнакі наадварот атрымліваць? Вось Іра марыць удала на конкурсе выступіць. І ў мяне ёсць мара. Я хачу стаць паэтам. Мае вершы Іна Аляксандраўна ў раённую газету насіла. Праўда, не прынялі. Сказалі, што рыфма сырая. Дык Іна Аляксандраўна паабяцала мне, што дапаможа выправіць рыфму. А цяпер?…
— Хлопчыкі! Дзяўчынкі! — усклікнула Света. — Наш Ігар і наша Іна праз тыдзень павінны ў сельсавеце распісвацца. Ігараў бацька дзядзька Аляксей усяго на вяселле панакупляў. А мой брат шаферам у іх. Што будзе! Што будзе!
Света нават рукамі ўспляснула.
— Жаніцца, жаніцца… Пляцеш глупства, — не вытрымаў Андрэй Налівайка. — А вось што з нашай школай будзе? Яе яшчэ ў мінулым годзе збіраліся закрыць, бо вучняў мала. Цяпер абавязкова закрыюць. Няма настаўнікаў. Спяць. Другіх да нас не прышлюць. Мая мама казала, што ў другі раён пераедзем, калі школу закрыюць. А я не хачу ў другі раён. Я армію адслужу і назад вярнуся. Я тут прывык жыць.
Нарэшце да мяне дайшло, чаму Баба Яга зрабіла так, каб настаўнікі паснулі. Чула яна, седзячы ў печцы, што школу збіраюцца закрыць. Вось і вырашыла падліць масла ў агонь. Тонка яна разлічыла. Мабыць, закрыюць сёлета школу. Што тады? У райцэнтр аўтобусам ездзіць? Мы, старшакласнікі, можам ездзіць, вытрымаем. А як брат Міколка? Што, калі зімою дарогу замяце? Па гурбах палезе? Дый навошта ездзіць у горад? У нас прыгажэй. І рэчка, і лес адразу за школаю. Тут, каля лесу, калгас новую вуліцу будуе. Людзі прыедуць. Зусім весела стане… А калі школу закрыюць? Ці паедуць тады? Не. Вунь і Андрэева маці збіраецца ўцякаць.
— У горад нас пашлюць вучыцца, — выказаў уголас сваю думку.
— Не хачу ў горад. Не хачу да чужых настаўнікаў, — заенчыў Сяргей Мазоль. — У горадзе я ніколі з шостага класа не вылезу. Мяне і ў армію не возьмуць. Я пасля арміі ў міліцыю пайду. Участковым у сваёй вёсцы стану.
— Возьмуць цябе ў міліцыю! — са здзекам прамовіла Аня. — Гультай. Калі двойкі выправіш?
— Возьмуць. Я яшчэ выпраўлю.
У гэты момант адчыніліся дзверы. Мы ўбачылі Бабу Ягу.
— Ой! — войкнулі Света і Іра.
— За дзвярамі стаяла. Падслухоўвала, — прамовіў Андрэй.
— Падслухоўвала. Хочаце сваім розумам жыць? Супраць мяне бунтаваць? Зараз пакажу вам яшчэ адзін фокус-мокус.
Баба Яга падскочыла да Пеці Тарасевіча і дзьмухнула на яго са ўсяе сілы:
— Фу-у-у-у…
Пецева галава кіўнулася і быццам сама сабою ўпала на парту. Мы пачулі ў цішы, як ён мерна засоп у нос.
— Спіць! — усклікнула Іра.
А Баба Яга дзьмухнула другі раз, на Свету Мялешка. І Света Мялешка нахілілася да парты і засапла ў нос.
— Хай не хваляцца, што ўсе ўрокі вывучылі, — прамовіла Баба Яга.
А потым… Потым усё адбылося імгненна. Дзіма Клімовіч падбег да класнай дошкі, схапіў мокрую анучку і з крыкам «Бі нячыстую сілу!» шпурнуў у Бабу Ягу.
— Ну, зараз… — працадзіла праз зубы Баба Яга, чамусьці нагінаючыся каля маёй парты.
Я, не доўга думаючы, рэзнуў ёй лінейкаю па ілбе. Баба Яга адскочыла, наставіла рукі, як бы рыхтуючыся кінуцца на мяне.
— Толькі падыдзі! — са страху закрычаў я.
Баба Яга ступіла крок наперад, і тут Дзіма Клімовіч, размахнуўшыся, кінуў у яе футбольным мячом. У самую галаву трапіў. Пругкі мяч адскочыў ад галавы, стукнуўся ў шыбіну. Шыбіна звонка дзынкнула і разляцелася на кавалкі.
— Без нажа зарэзалі! — галёкнула Баба Яга.
— Не давайце ёй ачухацца! Не давайце! — заверашчэў Сяргей Мазоль, кідаючыся на Бабу Ягу з цыркулем.