«Лепей з Цмокам страчацца, чым з гэтымі пароцікамі», — падумаў я.
Пад’ехаў тата да калгаснага рынку. Вылезлі Дзяніс і Ірына, сваіх пароцікаў забралі і пайшлі.
— Куды яны? — пытаюся ў таты.
— Хочуць кветак купіць, — сказаў тата.
— Купі букет руж. Я таксама хачу бабку Верку павіншаваць.
Ні слова тата не сказаў. Вылез з машыны і пайшоў у магазін «Кветкі».
Усё-ткі добры ён у мяне. А калі б байкот не аб’яўляў, то яшчэ лепшы быў бы.
Сяджу, гэтак разважаю, а тата, Дзяніс, Ірына і пароцікі ўжо назад ідуць. У Ірыніных руках букет руж, і ў татавых руках букет руж. Гараць ружы ў руках, нібы чырвоныя агні святлафора. Людзі пазіраюць, усміхаюцца. Шчаслівыя ўсе, радасныя.
— Трымай, — падаў тата букет, абгорнуты цэлафанам.
Прыціснуў я яго да грудзей. Так і трымаў усю дарогу, пакуль да хаты бабкі Веркі не прыехалі. Тата, Дзяніс, Ірына, пароцікі ў хату пайшлі, а я на двары застаўся. Не хацелася з Фамой Спірыдонавічам сустракацца. Стаю на двары, а ў хаце крыкі, хтосьці заплакаў нават. Пра мяне зусім забыліся. Неяк крыўдна стала. Тэлеграму пасылаў, кветкі вёз, а яны забыліся. Хацеў букет пакінуць і дамоў уцячы, але тут бабка Верка выйшла.
Я ёй букет у рукі:
— Віншую вас, бабка Верка. Гэта ад мяне і ад Дзімы.
Хацела мяне бабка Верка абняць і ў шчаку плюснуць, але я трымаў вуха востра, бо ўжо ведаў гэтую жаночую звычку: цалавацца без дай прычыны. Яна наперад, а я назад адступіў.
— А мой ты саколік! — праслязілася бабка Верка. — Парадаваў мяне. А што пад гарачы язык накрычала — не крыўдуйце.
— Бабка Верка, а дзе Фама Спірыдонавіч? — цікаўлюся.
— Сабраў чамадан і пайшоў кудысьці. Я і не спыняла яго. Паміж намі кажучы, надакучыў ён мне як горкая рэдзька. Макам перад ім рассыпалася, як дагадзіць, не ведала. А ён: то перасолена, то недасолена, то недагрэта, то перагрэта. А ты чаму ў хату не заходзіш? Я табе цэлы карабок цукерак дам.
— Потым, — крыкнуў я і пабег.
Трэба было хутчэй паведаміць Дзіму, што знік Фама Спірыдонавіч.
ГУЛЬНЯ Ў ШКОЛУ
Дзіма ўжо і сам пра гэта ведаў.
— Кот Спірыдонавіч да дзядзькі Тамаша на кватэру перабраўся, — стаў расказваць мне. — Ён хацеў, каб бабка Верка ў міліцыю на нас заявіла, а яна не згадзілася. Ну і пасварыліся.
— Не веру я, што Кот Спірыдонавіч проста так у вёску прыехаў, — сказаў я. — Давай папільнуем яго сёння.
Дзіма падумаў і адказаў:
— Трэба папільнаваць.
Мы крыху пагулялі, а потым пайшлі вучыць урокі. Па літаратуры верш на памяць задалі, а па матэматыцы дык ураўненне і задачу адразу. Яшчэ ў раскладзе на заўтра і мова, і геаграфія.
Сеў я за стол, падручнік матэматыкі адкрыў. Ураўненне адразу рашыў, а вось задача доўга не выходзіла. Тры лісты скрэсліў, пакуль атрымалася.
— Міхась, — зазірнула ў пакой мама, — мы да бабкі Веркі на дзень нараджэння пойдзем.
- Ідзіце, — кажу, цяжка ўздыхнуўшы.
Стаў верш вучыць. Паўгадзіны прасядзеў, не меней. Надакучыла, шчыра скажу. Вырашыў да Дзімы пазваніць.
Набіраю нумар Дзімавага тэлефона, званю.