— Закапаюць! — усклікнуў Дзіма. — А там будзе цэлая машына металалому.
Я ўспомніў, як мы збіралі гэты металалом. Дзе толькі не выпорвалі розныя жалязякі! І на трактарным двары знаходзілі, і на полі, і па дварах хадзілі, пыталі ў людзей. А цяпер усё закапаюць.
— Дзіма, — кажу, — што хочаш рабі, а затрымай мужчын. Хоць на дзесяць хвілін. Я ў школу пабягу, каго-небудзь з настаўнікаў паклічу.
— Не дам закопваць, — прагаварыў Дзіма. — Я ў гэтага пузатага Ката Спірыдонавіча рыдлёўку ўкраду.
Дзіма накіраваўся туды, дзе гаманілі мужчыны, а я з усіх сіл у вёску. Хоць цяпер і не бег за мной Дзімаў баран, але я ляцеў так, што мяне, мабыць, і на веласіпедзе не дагналі б. Нават па баках не азіраўся. Вось і вёска. Зусім нямнога да школы засталося.
— Міхась, куды ты? — чую.
Азірнуўся — Ігар Аляксеевіч, наш настаўнік фізкультуры, з хаты выходзіць.
- Ігар Аляксеевіч… Там… У… Трэба…
Дыханне ў мяне перарывалася, а так хацелася хутчэй расказаць Ігару Аляксеевічу, што мужчыны збіраюцца металалом закопваць.
Напалохаў я Ігара Аляксеевіча. Збялеў ён, нібы палатно. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў.
— Міхась, што здарылася? Што?
— Металалом хочуць закопваць. Кот Спірыдонавіч з рыдлёўкаю. Дзімаў баран вядро на галаву надзеў.
Ігар Аляксеевіч паціснуў плячамі:
— Не разумею. Які кот? Чый баран? Навошта яму вядро?
— Ды Дзімаў. А вядро незнарок надзеў.
— Міхась, супакойся. І ўсё па парадку раскажы.
Нарэшце, аддыхаўшыся, я расказаў Ігару Аляксеевічу, як мы з Дзімам былі на вуліцы, як прыбег Міколка, як потым лавілі барана, як раззлаваліся мужчыны, як павёў іх Фама Спірыдонавіч металалом закопваць.
Уважліва выслухаў мяне Ігар Аляксеевіч і засмяяўся:
— А каб цябе качкі затапталі! Я немаведама што падумаў. — А потым дадаў: — Усё-ткі вінаваты мы. Сабралі металалом, а ён зеллем зарастае. Я цяпер у школу пайду. Пазвонім, каб машыну з раёна прыслалі. А ты назад бяжы. Скажаш людзям, што сёння ж забярэм.
І зноў я панёсся на выган. За гэты дзень набегаўся не менш чым за цэлы тыдзень.
Яшчэ здалёку заўважыў, што на выгане, акрамя Дзімы і Фамы Спірыдонавіча, нікога не было. Дзіма стаяў каля металалому, а Фама Спірыдонавіч, заклаўшы рукі за спіну, хадзіў непадалёку.
Я падбег да Дзімы і радасна паведаміў:
— Хутка машына прыедзе. Ігар Аляксеевіч у раён пазвоніць.
— Тры тоны нагрузім, не меней, — паказаў Дзіма на металалом.
— А мужчыны дзе?
— Мужчыны пакрычалі ды разышліся. Толькі Кот Спірыдонавіч, як бусел, ходзіць. Рыдлёўку шукае. Я яе так схаваў, што і са свечкаю не знойдзе.
Задаволены, Дзіма засмяяўся. Фама Спірыдонавіч накіраваўся да нас. Спыніўшыся насупраць, ён паківаў галавою:
— Э-э-эх вы, школьнікі! Не сорамна вам? Рыдлёўку ўкралі і яшчэ зубы скаляць. Я вашаму дырэктару паскарджуся.
— А вы бачылі, што мы рыдлёўку ўкралі? — з націскам на «мы» прамовіў Дзіма. — За руку нас злавілі?
Фама Спірыдонавіч скрывіўся: