— Зараз я табе падавунак дам, я табе падавунак пвывезла, — бадзёра, амаль урачыста, сказала Ліда Паўлаўна.
Адышлася да ўслона, адчыніла куфэрак і дастала з яго падарунак: невялікую паркалёвую хусціну з шырокай сіняй каймой і ў такі ж сіні гарошак. Хустка Ніне не спадабалася — не той колер і не тыя ўзоры, яна любіла маміны хусткі — ружовыя ці светла-зялёныя і абавязкова квяцістыя. Ды такой бяды і з тым колерам і з узорам! Проста ёй не хацелася прымаць падарунак ад гэтай чужой незнаёмай жанчыны. Яна падняла вочы на тату і ўбачыла, як ён ёй хораша цёпла ўсміхнуўся. I яна ўзяла падарунак і хацела пайсці з ім да стала, за якім рабіла дамашняе заданне, але Ліда Паўлаўна затрымала.
— Пачакай, давай жа завяжам хустку! Жанчына спрытна завязала Ніне хусціну — ражкамі пад падбародак, і голасна сама сябе пахваліла: — Во як удачна выбрала! Як яна табе падыходзіць!
I Ніна зноў паглядзела на тату: ці праўда?
— Ой якая ты ў мяне прыгажуня! Ну, Ніначка, у такой хустцы на цябе ўсе хлопчыкі ў школе заглядацца будуць!
— Аво табе яшчэ і цукеркі, — сказала Ліда Паўлаўна і падала Ніне ладны кулёк «падушачак».
I Ніна зноў паглядзела на тату, як бы пытаючыся: браць ці не браць?
— Бяры, бяры, ты ж іх любіш, — даў ёй згоду бацька.
Ніна ўзяла і зноў выціснула з сябе «дзякуй», аднак настрой у яе не палепшыўся. Яна выйшла на ганак, села на верхнюю прыступку ўсходцаў і пачала смактаць начыненыя «мёдам» і выкачаныя ў цукры «падушачкі» — самы лепшы тагачасны ласунак вясковай малечы. «Падушачкі» былі смачныя, салодкія, а думкі Нініны — наадварот: горкія, тужлівыя, скрушныя. «Якая яна непрыгожая! Яна ж касавокая! I нос нейкі... выгнуты, яку качкі. Мая мама — у сто разоў прыгажэйшая!.. Мама! Мамачка! Я хачу да цябе! Нашто ты мяне аддала, мамачка! Я хачу быць з табой і з Ліпай! Я не хачу, каб за маму мне была гэтая... гэтая брыдкая чужая цётка!..»
Ніна брала з кулька, як у забыцці, «падушачкі», клала ў рот, смактала, разжоўвала і не чула, як паабапал яе кірпатага носіка коцяцца дробныя слязінкі.
Мачыху Ніна, як гэта кажуць, «непрыняла». Ніяк. Праходзілі дні, тыдні — каб хоць што-небудзь цёпла-светлае прагаварыла ў душы дзяўчынкі пры думках пра мачыху, каб хоць бы раз нешта шчыра-прыязнае адзыўнулася ў ёй на праявы клопату і ўвагі той, што «за маму». I Ліда Паўлаўна гэта таксама адразу ж адчула. «От ваўчанё! Ты бач, якое ваўчанё!» — з непрыязнасцю казала яна іншы раз сама сабе. I не магла ўцяміць, чаму не атрымліваецца лагоднага паразумення і кантактавання. Ніна старалася ні пра што не пытаць, нічога не прасіць і ніяк не звяртацца – ні «цётка Ліда», ні «Ліда Паўлаўна», і ўсё глыбей замыкалася ў сабе. Але калі прыходзіў дадому бацька — радасна кідалася да яго, і абдымала, і лашчылася, і шмат яму шчабятала, расказвала пра ўсе свае прыгоды, і ён уцешна слухаў. I мачыха гэта бачыла і вельмі хутка пачала самым сапраўдным чынам раўнаваць. I ставіцца да дзевяцігадовай падчаркі ўсё горш і горш — прыдзірацца, сувірацца, папракаць, і нават і дражніць ды абзываць нядобрымі словамі. I аднойчы дайшла ў злосці да недазволенага:
— Што гэта за дзіця! — закрычала. — Гэта ж пракляцце нейкае, а не дзіця! Не дзіва, што ад цябе родная маці адраклася!
Ніне — як у самое сэрца ўпілося нябачнае вострае джала. Яна саскочыла з тапчана, які нанач быў яе ложкам, падбегла да мачыхі і, гледзячы ёй наўпрост у твар, выпаліла:
— Гэта няпраўда! Не адраклася! Мама забярэ мяне скора! Забярэ! Вось убачыце!
Выкрыкнула — і спалохалася: «А калі не забярэ? А калі так і будзе?»
— А як жа, забярэ! Чакай!.. Патрэбна ты ёй! — насмешліва перакрывіла падчарку мачыха.
Ніна крутнулася, схапіла з вешалкі каля дзвярэй пальтэчка, ужо на хаду апранула яго і выбегла на вуліцу. А куды далей? У школу? Але ж тата на ўроках. Ды ён і забараніў прыходзіць да яго без пільнай патрэбы. А гэта — хіба надта пільная патрэба? Паскардзіцца тату, што Ліда Паўлаўна так нядобра сказала? А калі яна сказала... праўду?
Ніна спынілася ў нерашучасці: можа, пахадзіць па вуліцы, пачакаць, калі ён будзе ісці са школы і вярнуцца дадому разам з ім? Ці схадзіць да Марылькі — сваёй самай блізкай сяброўкі? I яна пайшла да Марылькі.
Марылька была дома адна і чытала надта ж цікавую кніжку пісьменніка Якімовіча «Незвычайны мядзведзь» — пра ворага-кулака, які ў мядзведжай скуры палохаў на калгасным полі жней. Ніна скінула пальтэчка і падсела чытаць разам — як яны рабілі неаднойчы раней. Неўзабаве адчула, як моцна засвярбела галава; захопленая чытаннем, Ніна сунула пальцы ў сваю густую, ужо даўно не раўняную цёмна-русую чупрынку і пачала часаць. I — што такое? На правую старонку, над якой была нахіліўшыся Ніна, звалілася... маленькае рыжаватае насякомае. Дзяўчынкі яго заўважылі разам.
— Гэта ж вош! — усклікнула ў здзіўленні Марылька. — Ты счасала з валасоў вош!
Яна адарвалася ад кнігі і, машынальна адхіснуўшыся, паглядзела на Ніну. Хоць гэтае малёханькае куслівае стварэнне не было тады ў вёсцы дзівам, Ніна, аднак, ведала, што мець вошы — сорамна і брыдка, — так заўсёды казала мама, яна была вялікай чысцюляй і пільна сачыла, каб, крый Бог, не завялося гэтае насенне ў яе дачок. I цяпер Ніна ад няёмкасці аж пачырванела.
— Пачакай, — сказала Марылька, — дай пагляджу.
Не чакаючы згоды, нахіліла да сябе Нініну галаву і пачала досыць спрытна, як дарослая, перабіраць пальцамі пасмы. Праз хвіліну амаль узрадавана абвясціла:
— Во! Яшчэ адна ёсць! Гэткая самая! Пачакай, я заб'ю яе.
Ніне стала страшнавата, яна як бы штосьці зразумела, можа, тое, што дачцы настаўніка вашывай быць няможна, бо будуць смяяцца людзі.
— Я пайду, Марылька, мне ўжо трэба дадому, — сказала.
Апранула спехам пальтэчка і вышмыгнула за дзверы. На вуліцы прыпынілася: а куды цяпер? Трэба ўсё ж да школы. Трэба сказаць тату.
Іван Рыгоравіч убачыў Ніну праз вакно і, заўважыўшы, у якім яна настроі, зразумеў, што нешта здарылася. Выйшаў у двор, як быў на ўроку — у гарнітуры.
— Што з табою, дачушка? Нехта пакрыўдзіў? Ніна апусціла галаву, адвяла ўбок вочы і скрушна, нібы пра сваю вялікую віну, адказала:
— У мяне вошы...