Падышла мажная маці сямейства:
– Андрэй, міленькі! – яна абхапіла мяне, маючы нейкія толькі ёй вядомыя правы на такую фамільярнасць. – Я б цябе пацалавала, ды баюся, задушу ў сваіх абдымках! Я цябе выйграла! Заўтра будзь гатовы. Мой час першы, за гадзіну да апоўдня. Фотасесія. Хлопчык мой, мы з табой зробім гэты горад!
– Прабачце…
– Ах, дарую, я ўсё табе гатова дараваць. Што, мілы?
– Здымацца… для чаго?
– Зайчык, ах… Жаночая бялізна! У нас невялікая фабрыка літаральна штучных вырабаў. Мы не гонім вал. Мы робім рэчы! На жаль, пасля абеду я павінна цябе саступіць… Але я яшчэ пазмагаюся за цябе!
Да канца прыёму я даведаўся аб яшчэ адной фотасесіі – мясцовая трыкатажная фабрыка атрымала правы на лінейку маек з маімі фатаграфіямі. Заўтра я павінен буду здымацца з сапраўдным дуэльным пісталетам у руках, у батфортах і пры шпазе і яшчэ ў нечым…
У гатэль мяне правялі праз чорны ўваход – перад ім сабраўся натоўп, захапленне якога залятала ў мой люкс нават праз зачыненыя вокны ціхім ровам акіянскага шторму. Здалёк я паспеў убачыць шыльду, якая абвяшчала, што ў гэтым гатэлі пражывае… Я пражываю.
Я ўпаў у крэсла, калі ў дзверы ціхенька пастукалі, сіл устаць не было, крыкнуў, што адчынена. Увайшоў мужчына, назваўся: начальнік грамадскай паліцыі, намеснік яшчэ нейкага начальніка. Ветліва і па-мужчынску падміргваючы, пацікавіўся: ці не лічу я магчымым для маладога здаровага і сімпатычнага мужчыны правесці тры-чатыры гадзіны ў адным цікавым месцы?
Я патэлефанаваў Іне, аказалася, яна чакае мяне ў фае. Праз паўгадзіны мы апынуліся ў загараднай хаціне, дакладней, доме ў два паверхі з нечасанага бярвення, што сачылася смалой, дзе на першым паверсе размясцілася ўтульнае па-хатняму казіно. Нам з Інай трохі і пашэнціла: выйгрышу хапіла на выпіўку.
Добры быў дзень, думаў я, засынаючы, зняможаны ад доўгага, на гэты раз нечым вар’яцкага ў сваёй бязмежнасці сэксу побач з такой жа зняможанай Інай. Лёгка варушыліся ў галаве сумныя думкі аб старых бабулях у вёсцы, якія напяваюць самі сабе свае сумныя песні ў надзеі дачакацца хоць некага, хто запіша іх на дыктафон.
А палове адзінаццатай па мяне прыехалі. Я сумняваўся, ці можа мая фізіяномія быць у гэты час фотагенічнай, але запрошаныя майстры з тамтэйшага салона прыгажосці чаравалі нада мной тры чвэрці гадзіны не дарма – я сам з цяжкасцю паверыў у тое, што магу быць такім сімпатычным, брутальным і сэксі адначасова. Фотасесія, мне сказалі, прайшла ўдала.
Першы выраб з маёй адрэтушаванай мордачкай, размешчанай на той частцы трусікаў, якая прыйшлася на правую ягадзіцу, былі тут жа надзеты на адну з работніц, і яна дрыжала ад хвалявання, калі на другой ягадзіцы (на трусіках, вядома) я ставіў свой роспіс чырвоным фламастарам. Усе ззялі ад хвалюючага шчасця. Быў падпісаны кантракт, пасля – абед.
Пакуль мяне перавозілі ў іншы фотасалон, я паспеў убачыць горад.
І паглядзець на сябе. Я быў усюды на плакатах, якія заклікалі: любіць хатніх жывёл, збіраць смецце раздзельна, своечасова плаціць падаткі. Шматлікія расцяжкі запрашалі ўсіх на саму дуэль, якая неўзабаве адбудзецца. Мая першая знаёмая ў гэтым горадзе дзяўчына Іна ззяла на велізарным бігбордзе сваімі блакітнымі валасамі з ружовай пасмай нездарма – на вуліцы мноства дзяўчат былі пафарбаваныя ў два колеры самых розных спалучэнняў.
Нейкі радасны рух ахапіў увесь горад: паўсюль капалася, вешалася, нацягвалася, фарбавалася, усталёўвалася. Цэнтральная плошча ператварылася ў руіны: асфальт быў зняты, усё знесена: тут укладвалі новую плітку, залівалі падмурак пад фантан, манціравалі вялізную сцэну. Мне ахвотна расказалі: на плошчы пройдзе тэатралізаваны пралог дуэлі. Што гэта такое і як яно будзе выглядаць, я не пытаўся. Даведаюся.
Пасля чарговых рэкламных здымкаў мяне перахапілі тэлевізійшчыкі – яны рабілі перадачу для вячэрніх навін. Потым у гатэлі я доўга сядзеў перад сівавалосым мясцовым пісьменнікам – ён будзе пісаць пра мяне кнігу. Пісьменнік запомніўся нечаканай цікавасцю да маіх сексуальных пераваг, а менавіта: якія грудзі ў дзяўчат мне больш падабаюцца? У адказ на маё “невялікія”, ён пачаў нудна, але з гонарам ад сваіх ведаў і вопыту, даказваць, што вялікія грудзі хаваюць асаблівае задавальненне, якое трэба адчуць. І стаў успамінаць аб тым, колькі і якіх грудзей на сваім вяку яму пашчасціла патрымаць, метадычна пры гэтым спусташаючы мой міні-бар, смакуючы як вымаўленыя словы, так і напоі, і атрымліваючы сапраўдную асалоду ад уласнага апаведу. Пісьменнік піў прама з маленькіх бутэлечак, відавочна настальгуючы пры гэтым.
Потым была вячэра з Інай ў прыватным рэстаране. Я быў госцем за кошт буйнога прадпрымальніка, ён трымаў свіную ферму і краму “Сала-мяса”. За год бясплатнага наведвання мной гэтай крамы ён атрымаў ад мяне згоду на размяшчэнне майго фотаздымка на фасадзе крамы на ўсе два паверхі.
Першая палова наступнага дня была афіцыйнай: спачатку я быў запрошаны на закладку першага каменя ў падмурак лядовага палаца і плавальнага басейна. На цырымонію звезлі безліч юных спартсменаў: бегуны, футбалісты з мячамі, хакеісты з клюшкамі, фігурысты на каньках, барцы на татамі, гімнасткі на пераносных брусах, шахматысты з дошкамі ў руках. Было шмат сцягоў і ўзнёслых прамоў. З часовай трыбуны мне было даручана ўзмахнуць нечым белым, я ўзмахнуў – і адразу, схаваныя за пагоркам, зараўлі бульдозеры, выпаўзлі на ўчастак і ўзрылі першыя пласты зямлі. Сюды ж чарадой пацягнуліся экскаватары, самазвалы, міксеры з бетонам, краны, вагоны-бытоўкі…
Дзеянне скончылася фуршэтам у вайсковым намёце, дзе кожны з чыноўнікаў у аранжавай касцы лічыў за гонар са мной выпіць.
Потым была закладка новага Дома культуры. Усё праходзіла амаль па тым жа сцэнарыі, толькі замест юных спартоўцаў пляцоўку атачалі артысты ў касцюмах незразумелых нацыянальнасцей. Фуршэт праходзіў у старым доме культуры, які, дарэчы, прасіўся быць названым стайняй.
Асвячэнне і закладка першага каменя ў падмурак новага гарадскога храма «Усіх Святых заззялых» мне спадабаліся сур’ёзнасцю і трапятлівасцю: тут часцей згадвалі імя Божае, чым маё. Гаварылася шмат, але толькі адным святаром, часта спявалі, а вось пілі куды больш, і замест еўрапейскага фуршэту было звычайнае славянскае разгульнае застолле, на якім «Многая лета» ў мой гонар выконвалася цягам усяго часу з рэдкімі перапынкамі для закусвання.
У гатэлі мне далі адпачыць толькі гадзіну. Пераапрануўшыся ў светлы гарнітур з «матыльком», які немаведама адкуль з’явіўся ў шафе, я адправіўся ў суправаджэнні чарговага чыноўніка спачатку ў дзіцячы сад – там дзеткі пад замілавальнымі позіркамі дарослых гледачоў ставілі дуэльныя сцэнкі на пісталетах, шпагах, шаблях і мячах; потым мы адправіліся ў школу на конкурс чытальнікаў. З хвалюючым прыдыханнем дзяўчаткі чыталі лісты Таццяны да Анегіна, юнакі – Анегіна да Таццяны. Ключавым момантам ішло інсцэнаванае чытанне дуэльнай часткі паэмы.
Далей адбыўся візіт у адну з пахавальных фірмаў, якая выйграла тэндар. Там я павінен быў выбраць сабе труну і надмагілле. Шчыра сказаць, мяне гэта трошкі заказытала, але ветлівы гаспадар фірмы растлумачыў: «Так прынята». Я зрабіў свой выбар на вонкава простай, але элегантнай труне, аздобленай шпонам з моранага дуба, чым выклікаў усеагульнае захапленне. Мяне пераконвалі, што ляжаць у гэтай труне вельмі зручна, прапанавалі настойліва праверыць, ад чаго я не змог адмовіцца. Труна сапраўды была раскошная для ляжання, са зручнай падушкай.
Тут жа з мяне знялі меркі для пашыўкі касцюма для пахавання. Колер я абраць не мог – для дуэлянтаў ён павінен быць толькі незвычайна пунсовага колеру. Адразу прынеслі тканіну, прыклалі да мяне, і ў адзін голас усе запэўнілі, што пунсовы вельмі пасуе да майго твару.
Усе выдаткі на магчымае пахаванне, у тым ліку забеспячэнне жанчын хустачкамі для выцірання слёз, брала на сябе пахавальная кампанія.
Былі моманты, калі мне хацелася крычаць і тупаць нагамі, патрабаваць спынення таго абсурду, што ўжо пеніўся вакол мяне, але я стрымліваў сябе простай згадкай: ты навуковец, прайдзі шлях, атрымай досвед, фактычны матэрыял…
На часопісным століку майго люкса мяне чакала мясцовая газета, дзе мой твар упрыгожваў усю першую старонку. Я бегла прачытаў нумар, прысвечаны мне, і шмат чаго даведаўся пра сябе. Аказваецца, я: не люблю вустрыц і позы ў сэксе “наезніца”; у дзяцінстве выратаваў котку ад хуліганаў; першы верш напісаў у пятым класе, ён быў пра каханне; у маім жыцці было ўжо тры выйграных дуэлі: на рагатках у піянерскім лагеры, на палках там жа і слоўная дуэль ва ўніверсітэце. З мясцовых навін галоўнай была тая, што жыхары адной з вуліц мястэчка на вулічным рэферэндуме вырашылі пераназваць сваю вуліцу ў гонар мяне. Для чатырох гарадскіх школ аб’яўлена спаборніцтва за права насіць маё імя. Былі абвешчаныя гарадскія конкурсы мастакоў на лепшы малюнак мяне, пісьменнікаў на лепшае эсэ пра мяне, паэтаў на лепшы верш, прысвечаны двубоям наогул і майму ў прыватнасці.
Вечарам прыйшла Іна. Яна свяцілася шчасцем. Каля дзвярэй майго люкса стаяў вымуштраваны мужчына спартовага целаскладу. Ён сказаў, што з гэтага вечара ён – мой асабісты целаахоўнік, і зараз за межамі нумара я магу быць толькі ў яго прысутнасці. Я не стаў пярэчыць. Тым больш, што целаахоўнік быў кіроўцам аўтамабіля для нас з Інай.
Целаахоўніка звалі Віктарам. Ён быў вымуштраваны не толькі знешне, але і ўнутрана. На пытанне, дзе б мы маглі пабыць з Інай без назойлівай увагі, прапанаваў адрас.