- Я меў... у вас... прытулак і хлеб, - задыхаючыся, гаварыў студэнт. - Я любіў вас за мужнасць, за тое, што вашы грошы былі грашыма паўстання. Я да апошняга верыў, што вы... А вы аказаліся нягоднікам, пане Міткевіч... Я магу плюнуць вам у вочы. Грамадзянін Тапор, загадайце арыштаваць вашага ад'ютанта!
- У чым вы яго абвінавачваеце? - з непраніклівым тварам спытаў камандзір.
- У тым, што ён адпусціў на волю свайго даўняга прыяцеля капітана Крыніцкага.
- Як?! - ускінуўся паранены.
- Я быў прыняты ў ягоным доме, - студэнт з пагардаю кіўнуў на Міткевіча, - і няраз сустракаў там Крыніцкага, чуў яго імя. Я адчуваў, адчуваў, але я спадзяваўся да апошняй хвіліны... Толькі таму я змаўчаў і дазволіў ісці яму. Якая наіўнасць!..
- Грамадзянін Міткевіч, гэта праўда? - звонкім голасам запытаў паранены.
- Так, мы былі знаёмыя, - вытрымаўшы ягоны позірк, адказаў ад'ютант.
- Вы чуеце? Чуеце? - павярнуўся Антановіч да камандзіра.
- Я ведаў гэта.
- Вы хочаце сказаць, што здагадаліся?
- Не, я ведаў гэта з самага пачатку.
- Значыцца, вы... таксама спадзяваліся, што... - у голасе ў юнака жыла надзея.
Тапор пахітаў галавой.
- Тады чаму вы загадалі ісці яму?
- Дазвольце мне не адказваць на ваша пытанне. Калі-небудзь вы зразумееце самі.
- Гэта здрада! - закрычаў Антановіч. - Здрада! Здрада! - Ён быў страшны. Радзімая пляма на шчацэ зрабілася попельнай.
- Апамятайся, Восіп, - загаварыў Сокалаў. - Гэта абсурд.
Студэнт павёў вакол няўцямнымі, амаль вар'яцкімі вачыма, бяссіла апусціўся на лаўку і, абхапіўшы голаў рукамі, заплакаў.
- Ён страляў у нас... Ён забіў Дамарацкага... - вырывалася ў яго скрозь усхліпы. - Мы разам раслі... Яны не шкадуюць нас, а мы... Я павінен быў забіць яго... Хоць аднаго ворага... Хоць аднаго...
- Удзел у паўстанні вымяраецца не колькасцю забітых, - прамовіў Тапор. Ён глядзеў на юнака са спагадаю.
Плечы ў Антановіча трэсліся. Гэтае відовішча было для параненага невыносным, і ён не вытрымаў:
- Восіп! Панне Гелене было б сорамна за цябе.
Нягучныя словы падзейнічалі адразу.
- Што ты сказаў? Якое права ты маеш згадваць тут гэтае імя?
- Яно дарагое і мне, - мякка адказаў Сокалаў.
- Што?! - Студэнт ускінуўся на ногі. Ён ужо не плакаў.
- Утаймуй сваю недарэчную рэўнасць, - з лёгкім сумам адазваўся паранены.
- Я хачу, каб ты выказаўся ясней!
- Восіп, мы не адны.
- Я патрабую!