І мы спявалі, Ежы. Магчыма, гэта былі найлепшыя хвіліны майго жыцця, хвіліны, за якія не шкода аддаць гады.
Я не заўважыў, як італьянцы абступілі нас.
- Grаzіа, - падзякаваў гаспадар таверны. - Мне невядома, якога народа гэта песня, але вы спявалі душой.
Сэрца так часта апярэджвае наш розум... Менавіта тады я ўпершыню засумняваўся: хто я?
Пасля я шмат думаў пра гэта. Я прыгадваў, як у варшаўскім пансіёне сябры кпілі з майго працяжнага вымаўлення, успамінаў, як выкладчык гісторыі заўсёды казаў пра вялікую Польшчу, быццам нашай зямлі проста не існавала. Я ўжо не мог заставацца спакойным, калі на нас глядзелі звысаку, калі гэтыя пыхлівыя паны велягурыста разважалі аб сваёй гістарычнай місіі. У такіх выпадках я пытаўся, а што рабіў бы пад Грунвальдам кароль Ягайла, калі б наш Вітаўт не прывёў свае сорак палкоў?
Мы называем сябе ліцьвінамі, але з вуснаў аднаго чалавека я чуў іншае слова - беларусы. Ты не ўяўляеш, як бы я хацеў пагутарыць з ім цяпер. Калі не памыляюся, яго прозвішча было Марцінкевіч. Тады ён служыў у Менску, а я ў канцылярыі ігуменскага маршалка. Памятаю, на губернскім з'ездзе з пана Марцінкевіча пасміхаліся, што світка яму бліжэй да душы, чым сурдут. Ён пісаў вершы на сялянскай гаворцы. Чамусьці я пэўны, што, калі ён не пакінуў свайго занятку, ты пра гэтага чалавека яшчэ пачуеш.
Памятаю, за сталом ён сказаў тост папросту і была бура рогату.
Следчы Явецкі рабіў мне вочныя стаўкі з фурманам Янкам і слугамі з маёнтка. Якімі вачыма глядзелі яны на мяне, калі я таксама загаварыў на іхняй мове! Відаць, падумалі, што пан крануўся з розуму. А пан проста зразумеў, што ён адной з імі крыві, што ў яго ёсць свой народ, без якога чалавек падобны на матылька, якога нясе вецер...
Ежы, хлопчык мой, свечка дагарае, а дацягнуцца да новай сам я не змагу.
Я хачу, каб ты запомніў: нельга служыць чалавецтву, не служачы свайму народу...
Свечка пагасла. Пішу гэтыя словы ў цемры. Можа, заўтра мы яшчэ сустрэнемся, але я баюся пайсці, не развітаўшыся.
Дай мне тваю руку, Ежы!..
Пяць мужчын у леснічоўцы
Апавяданне
* Слава пераможаным! (лац.)
Травеньская навальніца нацешылася маладой сілай і пакацілася над пушчаю далей, але дождж па-ранейшаму шамацеў так заўзята, што ў ягоным шуме дазвання раставала таканне старых ходзікаў. У цеснаватай леснічоўцы было сутонна і плаваў слабы пах мяты і яшчэ нейкіх сухіх зёлак, што пучкамі віселі на шастку ў цёмным надпеччы. Падраная падушка з натрушаным на прыпеку пер'ем і луснуты гаршчок-спарыш у прыдзверным куце казалі воку, што гаспадары чамусьці пакінулі сваё жытло і калі вернуцца - невядома.
Аднак цяпер людзі тут былі. Двух зусім маладых і двух старэйшых мужчын у аднолькавых шэрых світках без шнуроў і ў высокіх, да каленяў, ботах з першага погляду можна было прыняць за паляўнічых. Здавалася, яны ад раніцы гойсалі па лесе, і цяпер пушча падаравала ім гэтую схоўню ад залевы.
Але гэта былі не паляўнічыя.
Каля халоднай печы стаялі ў пірамідзе чатыры штуцэры вайсковага ўзору, з якімі не ходзяць на лесавую зверыну, а за поясам кожны з чацвярых меў рэвальвер або пісталет.
Трое мужчын прымайстрыліся збоч вокнаў, куды раз-пораз кідалі насцярожаныя позіркі; чацвёрты дагары ляжаў на бурносе, пасланым на палку каля глухой сцяны. Яго правая рука была на тальмаху.
Апроч таго, у леснічоўцы быў пяты, і ён ужо ні на каліва не выдаваў на паляўнічага, бо на ім ладна сядзеў цёмна-зялёны мундзір з чырвонымі пагонамі капітана імператарскай арміі.
Пяты быў палонны.
Мужчыны маўчалі, і, хоць кожны з іх маўчаў на свой лад, можна было з пэўнасцю сказаць, што думаюць яны цяпер пра адно.
Нейкую пару гадзін назад шырокі ўтравелы падворак леснічоўкі быў повен чалавечых галасоў і конскага гігатання. Потым гоман аціх, і перад калодзежным зрубам замёр шыхт узброеных людзей. На абымшэлым зрубе вісеў на кароткай дзідзе, апускаючыся краем да самага долу, абцёрханы бела-чырвоны сцяг. Людзі па чарзе выходзілі, цалавалі яго - хто стоячы, хто на каленях - і знікалі за стаўбурамі змрачнаватых вячыстых ялін, што цесна абсталі галявіну. Адны, перш чым ступіць пад шаты лесу, яшчэ прыпыняліся і крычалі на адвітанне нейкія астатнія словы, другія не азіраліся і толькі наддавалі кроку або паганялі коней...
Тыдзень таму атрад інсургентаў цёмнаю ноччу ўвайшоў у павятовы гарадок Горы-Горкі на ўсходзе Беларусі. На пляцы ўжо чакалі колькі дзесяткаў студэнтаў тамтэйшага земляробчага інстытута. Тыя, у каго не было зброі, атрымалі стрэльбы і штуцэры.
Знячэўленая каманда ўнутранай варты супраціўлялася адчайна, але нядоўга. Паўстанцы ўзялі цэйхгаўз, казармы і скарбоўню і без ніводнага стрэлу занялі інстытут. Даўжэй за ўсіх адстрэльваўся з вокнаў кватэры начальнік варты, але на досвітку, які прыспешвала паланіца пажараў, страляніна заціхла і ўвесь горад апынуўся ў руках у інсургентаў.
Камандаваў паўстанцамі высакалобы цёмна-русы чалавек у канфедэратцы, з навіслымі над вузкімі вачыма бровамі і прычасанымі данізу вусамі. Ён меў блізу сарака гадоў, адно плячо трымаў вышэй другога і адзываўся на мяно Тапор. Пад хмурным ранішнім небам ён сказаў прамову перад рэдкім натоўпам сабраных на пляц перапалоханых месцічаў. Пяць-шэсць чалавек у адзенні службоўцаў марна спрабавалі наладзіць авацыю. Тапор перасмыкнуў плячыма, саскочыў з параконкі, на якой стаяў, і аддаў атраду загад рыхтавацца да выступу.
Неўзабаве мяшчане, што сядзелі па хатах, цікуючы на вуліцу праз фіранкавыя візэрункі і шчыліны неадшчэпленых ваканіцаў, зноў пачулі стрэлы. Паўстанцы аддавалі вайсковую пашану сваім забітым. Іх хавалі пад маладымі бярэзінамі на высокім рачным беразе. Часу збіваць труны не ставала, і сяброў па зброі аддалі зямлі загорнутымі ў рэквізаваныя персідскія дываны.
Надвечар, пакінуўшы цяжкапараненых у інстытуцкім дуртуары, інсургенты на лёгкіх фурманках і забраных на конскім заводзе рысаках вырушылі з горада па дарозе на Крычаў. Тапор вёў свае сто пяцьдзесят шабляў і стрэльбаў на злучэнне з атрадам Касы. Паўстанцы мелі загад захапіць магілеўскі артылерыйскі парк і прабівацца на захад.