Спачатку я вагаўся, але калі ён сказаў, што ягоны бацька ваяваў пад штандарамі Касцюшкі, я даверыўся яму.
У яго вялікая сям'я, а я меў сто рублёў срэбрам: іх пераслаў нядаўна твой дзядзька Канстанцін (ці не ў якасці кампенсацыі за тое, што быў занадта гаваркі на допытах?). Урэшце мне ўдалося пераканаць свайго дабрадзея, што мне грошы ўжо не прыдадуцца, а павялічваць прыбыткі пана каменданта і ягонай хеўры я не імкнуся.
- Вашы грошы будуць апякаць мае рукі, - сказаў ён.
Я вельмі разлічваю на яго, бо нам з табою шмат аб чым трэба пагутарыць.
На Ўсходзе я чуў ад аднаго мудраца: калі хочаш доўга жыць, як мага часцей глядзі на зялёную траву, на цякучую ваду і на прыгожых жанчын.
Паўтара года я пазбаўлены ўсяго гэтага. Ці не таму я так хутка выпраўлюся ў апошняе падарожжа?
Не, гэта не пра мяне сказана: «Fеlіх орроrtunе mоrtіs - Шчаслівы, хто памірае ў час», але, далібог, сёння я ў добрым гуморы. Я стаў такой важнай птушкай, што мяне баяцца генералы. Аб маім лёсе рупіцца шэф жандараў, галоўнакамандуючы дзейнага войска і нават сам Нерон*, з якім я так няўдала спрабаваў наладзіць ліставанне.
* Так Незабытоўскі называў у сваіх лістах цара Мікалая I.
Тут, у Вільні, ужо атрымаўшы прагонныя, другі тыдзень сядзіць сталічны фельд'егер, каб суправадзіць мяне ў слаўны горад Табольск. Кат павінен зламаць над маёй галавой шпагу, затым мяне чакаюць пазбаўленне маёмасных правоў і сібірскія капальні. Так у нашай імперыі судзяць самых небяспечных дзяржаўных злачынцаў. Ну як, табе яшчэ не захацелася схавацца пад ложак, як у той калядны вечар, калі я апрануўся ў мядзведзя?
Толькі гэтым разам кат, відаць, застанецца без работы (вядома, ненадоўга), а бравага фельд'егера пецярбургскія прыяцелі павіншуюць з хуткім вяртаннем. Суддзі адмералі мне дваццаць гадоў катаргі, аднак і цяпер ім не ўдасца пацерці рукі, бо ў мяне засталося не дваццаць гадоў, а ў лепшым разе дваццаць дзён.
Але для такой размовы мне проста неабходна ўявіць свайго візаві. Мы развіталіся, калі табе было ўсяго дзесяць летаў і зім, і, пакуль я падарожнічаў з Эўропы ў Афрыку, а потым з кута ў кут маёй каморы (восем з паловаю крокаў), ты неўпрыкмет ператварыўся з хлопчыка ў юнака.
У маіх вандраваннях прыгады аб табе былі самым дарагім, што я меў. Вольнаю хвілінай я асцярожна перабіраў іх, як збіральнік бясконца разглядвае каштоўныя камяні са сваёй калекцыі. Вось гэты апал - той Вялікдзень, калі ты гасцяваў у мяне і мы з табой і фурманам Янкам наладзілі наезд на мой маёнтак. Заміж пісталетаў у нас былі петарды і ляскоткі, у цябе адклеіліся вялізныя чорныя вусы, а пан Янушэўскі, высакародна кінуўшы жонку, скочыў у брычку і з перапуду ледзьве не загнаў коней. А вось гэты гранат - дзень, калі мы знайшлі ў архіве пірацкую мапу з пазначаным на ёй скарбам. Апоўначы мы адкапалі каля стайні зусім новы гаршчок з пяццю залатымі. «Вуек Олесь, - шаптаў ты, - а піраты будуць нам помсціць, так?..» Прабач, я раблюся сентыментальным. Напэўна, гэта туга па сыне, якога ў мяне ніколі не будзе.
Паўсюль ты быў маім невідочным спадарожнікам, у любы момант я мог выклікаць з памяці дзесяцігадовага гарэзніка з каштанавымі кудзеркамі і ў запэцканых зелянінаю нагавічках, якога лёкай толькі што зняў з бераста. Такім і яшчэ крыху незадаволеным, што цябе адарвалі ад вывучэння грачыных гнёздаў, ты быў у дзень нашай апошняй сустрэчы, калі ля ганка стаяў мой шасцярык. Але аднойчы я зрабіў не вельмі прыемнае адкрыццё. Я зразумеў, што такога цябе ўжо даўно няма. І вось тут адбылося нешта цікавае...
Неяк у часы студэнцтва я ехаў з Дрэпта праз Пецярбург і ў доме, дзе спыніўся, убачыў некалькі карцін Аляшкевіча*. Мяне вельмі ўзрушыў адзін партрэт - дама ў блакітнай сукенцы з галінкаю лаўра ў руцэ і разам з ёю дзеці: дзве дзяўчыны і два юнакі. Уражанне было моцнае і свежае аднак найглыбей чамусьці запаў у памяць адзін з юнакоў, злёгку кучаравы, амаль круглатвары, з разумнымі вачыма і пячаткаю летуценнасці на ўсім абліччы. Памятаю, я адразу падумаў: з такога ніколі не вырасце нягоднік. І вось праз шмат гадоў, спрабуючы ўявіць цябе, я раптам убачыў не мілае дзіця ў брудных штоніках, а таго летуценнага юнака ў гафтаванай кашулі з вялікім адкладным каўняром. Мо калі-небудзь ты зможаш спраўдзіць, ці нашмат памылілася маё ўяўленне, але для мяне ты застанешся такім да астатняй хвіліны.
* Іосіф Аляшкевіч (1777-1830), вядомы беларускі жывапісец.
А зараз сядай бліжэй, вось сюды, на край майго ложка, і я гатовы адказваць на твае пытанні. Прадбачу, што іх нямала і некаторыя ўжо маглі пачуць твая маці ці дзядзька Канстанцін. Баюся, што іх адказы знаходзяцца ад ісціны прыкладна на такой самай адлегласці, як мой любы Нясвіж ад Парыжа.
Даруй, Ежы! Я зусім забыўся на свой партрэт, а ты ж, пэўна, таксама хочаш бачыць свайго вуйка. У мяне барада ў пояс, расчасаныя пяцярнёй брудныя валасы да плячэй, вочы... Не, лепей папрасі ў маці дагератып, які я прыслаў вам з Францыі (маю падазрэнне, што цяпер ён ляжыць у патайным прыскрынку бюро), і паглядзі на паважнага маладога чалавека з прычоскаю а lа Sultan Маhmоud. Ён даволі саманадзейна трымае ў руцэ гусінае пяро, а локцем абапёрся на стосік аркушаў. На драпіроўцы можна разабраць слова «Liberte»* - дагератыпіст быў заўзяты рэспубліканец.
* Свабода (франц.).
Лепей уяўляй мяне такім...
Цяпер я цалкам да паслуг васпана. Чытаю ў тваіх сініх вачах галоўнае пытанне: як я апынуўся ў адзіночнай турэмнай каморы?
О, у абвінавачанні шмат пунктаў, аднак іх пералікам я займуся трошкі пазней.
Адзін разумны чалавек сказаў, што ў Расеі два праваднікі: язык - да Кіева, а пяро - да Шлісельбурга. Гэта адказ на тваё першае пытанне, бо турма ў віленскіх дамініканскіх мурах мала чым розніцца ад шлісельбургскіх казематаў. Прынамсі, выйсці адсюль не менш цяжка.
- Падсудны Незабытоўскі! Вы абвінавачваецеся ў тым, што... Пункт першы: ганьбавалі спосаб кіравання ў імперыі. Пункт другі: дзікімі лаянкамі зневажалі гасудара імператара і іншых асобаў дома Раманавых, як «ныне здравствующих», так і «почивших в Бозе». Пункт трэці: заклікалі да стварэння таемных таварыстваў і паўстання жыхароў усіх плямён, станаў і веравызнанняў. Пункт чацвёрты: выяўлялі зацятую варожасць да манархіі і любоў да рэспублікі. Пункт пяты... Але досыць.
Ну як, нябожа, нагнаў на цябе страху? Відаць, не надта, бо ў тваіх вачах толькі паболела цікавасці. Якім чынам я трапіў у рукі нашых доблесных жандараў? Між іншым, гэта сапраўды вельмі займальная і не менш павучальная гісторыя.
Ты, магчыма, чуў, што я напісаў нейкія крамольныя кнігі. Гэта праўда, твой вуек з разраду людзей, якія адважваюцца давяраць паперы свае сумневы і нават імкнуцца пашыраць іх сярод суайчыннікаў. Я аўтар сямі кніг, яны выходзілі ў Вільні і ў Парыжы.
- Але ніхто не ведае літаратара Аляксандра Незабытоўскага... - зусім слушна зазначаеш ты.
У адказ я мог бы сказаць, што не шукаў славы, а толькі хацеў прынесці хоць каліва карысці нашай пакутнай зямлі. Праўда, тады я быў бы няшчыры. Ноmо sum... Я чалавек... Я марыў аб вядомасці. У тваім узросце за адну бяссонную ноч я напісаў параўнальны жыццяпіс Напалеона і Аляксандра Македонскага.
Усё жыццё я ўтаймоўваў прагу славы. Я пераконваў сябе, што не магу ні дня быць шчаслівы, пакуль няшчасная мая Айчына. І ўсё ж было багата дзён, калі я забываў пра гэта і адчуваў сябе шчаслівым. Я быў малады, Ежы! Але аднойчы, каб адолець свой непамерны гонар, я даў сабе абяцанне, што ні на адной маёй кнізе не будзе стаяць маё імя. І я не парушыў слова.
Мае першыя драмы былі надрукаваныя ў Вільні з дазволу цэнзуры. Зрэшты, Шэкспір спакойны за свае лаўры: вялікага драматурга з мяне не выйшла. Суцяшаюся тым, што мае літаратурныя экзерсісы ўсё ж нечага вартыя. Не кожны літаратар атрымлівае ў якасці ганарару дваццаць гадоў катаргі.
Я стрымаў слова, хоць гэта і далося мне з пакутамі. Колькі сіл адабрала выданне рамана! Спачатку друкары не хацелі набіраць тэкст, потым крывадушная і баязлівая зграя парыжскіх гандляроў кнігамі адмовілася купіць раман, напалохаўшыся ягонай назвы. «Мары пра славу, каханне і свабоду»? Крый Божа!