- Дарую, калі следам за намі Костку на той свет адправіш!
Махнуў Саўка астатні раз сякерай, а тады нас да паляў павялі...
Гэй, Васіль Вецер! Гэй, Стэсь Бочка! Гэй, Навум Буян! Адляцелі і ад іх душы, люты мароз хутчэй за палю забіваў. Усе мае пабрацімцы адышлі, адзін я яшчэ за жыццё чапляўся, бо спраўдзіў князь абяцанне - пасадзілі мяне на палю, каб мучыўся даўжэй, у кажуху ды ў валёнках. Але і мне мала заставалася, мароз пад апранаху лез, і ад холаду боль гэты нясцерпны, што мае вантробы рваў і вочы раз-пораз цемраю асланяў, ужо адпускаў пакрысе, толькі думка не адпускала: ці пераважыць кроў наша Косткаву хлусню? Ці не забудуцца ўнукі, якія мы пакуты за волю прымалі?
А Саўку Маўчуну і гіцлям ягоным усё спачыну не было. З людзьмі ўправіліся - узяліся звон з Параскевы Пятніцы смерцю караць за тое, што званіў, калі мы на замак прыступам ішлі. Язык звону вырвалі, шчокі алябардамі пасеклі і да палонкі пацягнулі, каб давеку безгалосы на дне ляжаў.
Тым часам людзі па хатах грэцца разышліся. А за імі і казакі, што вакол нас, дзіды скрыжаваўшы, стаялі, у карчму пацягнуліся. Цяпер, хто прыпазніўся, зусім блізка да паляў падысці мог. І падыходзілі, і кожнаму казаў я: глядзі!
Глядзі, баба з рэшатам кнышоў! Глядзі, хлопча! І ты, чалавек лёзны ў лапленым кабяняку, таксама глядзі! Не кожны дзень крычаўскіх бурмістраў на палю саджаюць! Глядзіце ўсе! Смейцеся, плачце, ды не забывайце! Глядзі і ты, грубая! Потым сыну раскажаш, як мы памерлі. Можа, і ён захоча некалі гаспадаром на сваёй зямлі быць. А не сын, дык унук. Глядзі, запамінай!
І думаў я скрозь боль свой, што такі, пэўна, на гэтай зямлі няпісаны закон: каб людзі не забыліся, што яны ўсё ж людзі, а не рабакі, мусіць нехта ісці на вогнішча, на вісельню, на палю. І калі тыя, за каго ён смерць прымае, глядзяць на ягоныя пакуты з радасцю, як глядзелі калісьці на Хрыста на Галгофе, усё роўна нельга іх ненавідзець, а трэба верыць, што не за быдла паміраеш, а за людзей. Усё роўна трэба любіць іх - хаця б за тое, што прадоўжаць род чалавечы, і праз дваццаць ці праз сто гадоў будзе на гэтым месцы паміраць перад натоўпам яшчэ нехта.
І тады, калі ўжо болю нізвання не чуў, калі толькі холад застаўся, убачыў я, што ідзе да мяне князь Геранім у гарнастаевым футры, а за ім палкоўнік Пястжэцкі з астатнім почтам. Пад самую палю толькі Радзівіл з палкоўнікам падышлі. Палкоўнік вус на палец накруціў і маўчыць, а князь рагоча:
- Ну што, Карпач, не ўзнёсся яшчэ? Відаць, і на небе дурні не трэба. Ты вось варон палохаеш, а твой сябрук вашу гісторыю перапісвае. Цешыцца, што сябе і яшчэ восем душ ад смерці збавіў. Што глядзіш? Няхай піша. Напіша, тады мы яго сюды і прывядзём. А подпіс твой паставіць. Чуеш, гарматнік? Твой!
Хацеў адказаць яму, што звон крычаўскі ў рацэ ўтапіць можна, а памяць людскую не ўтопіш. Не патоне яна, пакуль хоць адна жывая душа на нашай няшчаснай зямлі волі хоча. Хацеў адказаць так, ды не здолеў, бо мароз ужо ў мяне мову адабраў.
А Радзівіл, нібыта думкі мае прачытаўшы, уніз, на бераг, зірнуў, дзе Саўка Маўчун каля звона завіхаўся, і кажа:
- Глядзі, Карпач! Вашымі ж рукамі ў вас і жыццё, і гонар адбіраем. Было так і будзе давеку!
Павярнуўся і пайшоў. І такая мяне роспач узяла, што пачаў я смерць клікаць, хоць яна і без таго зусім блізка стаяла.
Ужо не мог я нават рукой варухнуць, ужо ад холаду думкі адна за адной заміралі, і ўвесь я быццам у лядовую брылу ўмёрз.
Апошняя думка ў гэтым лёдзе кволілася - пра сына. Чаму Тамаш, нямко мой родны, развітацца не прыйшоў? Няўжо знелюбіў бацьку? Няўжо пракляў за Кацярынку і за безгалосасць сваю? Няўжо на тым усе нашыя пакуты і скончацца, што нас - на палю ды на шыбеніцу, а дзяцей нашых нямымі зробяць і ненавідзець нас навучаць?
Пачула смерць, што клічу яе, і прыйшла. І ў астатнюю хвіліну - не ведаю, што гэта было: ява ці мроя - убачыў я ўнізе свайго Тамаша. «Сынок! - закрычаў яму. - Сынок!» Але не было ўжо ў мяне мовы, адно вусны ледзь-ледзь варухнуліся. І ў яго, у сына, бачу: таксама вусны варушацца, ён, нямко мой, таксама крычыць нешта, а я пачуць не магу.
І тады абняў Тамаш палю, на якой я канаў, упаў на калені і закалаціўся ў сваім бязгучным крыку. І тады лёд, што душыў мяне, а можа, не лёд, а сам купал нябесны раскалоўся, і пачуў я:
- Та-тка-а!!!
Сны імператара
Агні, агні... Шматкалёрна-святочныя, хмельныя, як маладое віно. Цёплы вецер пагойдвае іх і на фіялетавым аксаміце неба, і на цёмна-срэбным люстры завані. А можа, і не вецер, а тысячагалосае «Vive l’empereur!»*.
* Няхай жыве імператар! (фр.)
Портафэраё ззяе ілюмінацыяй. Увесь горад на беразе, а ён стаіць на пірсе. Стаіць, падняўшы ў маўклівым прывітанні руку, і адчувае, як сэрца кожным новым ударам разбурае цэлю, дзе было замураванае нязмерна доўгія дзесяць месяцаў.
Ён толькі што пяшчотна развітаўся з маці і з сястрою. Наперадзе — невядомае, але што б там ні было, гэтыя хвіліны ўжо належаць вечнасці.
На ім трохвуголка і шэры, зашпілены на ўсе гаплікі і гузікі сурдут — поўная паходная форма.
У думках ён кідае позірк на сябе зводдаль, з гарбатых прыморскіх вулачак, застаецца задаволены ўбачаным і адразу ўяўляе гэты малюнак у выглядзе гравюры: залітыя аліўкавым святлом поўні камяні старажытнага пірса, слямга бліжэйшае фялюгі і ягоная постаць на парозе нязведанага.
Войска чакае загаду, але ён марудзіць. Няхай востраў развітаецца з ім, няхай кожны назаўсёды захавае гэтыя імгненні ў памяці, каб апавядаць пра іх дзецям і ўнукам. I ён таксама хоча развітацца з востравам, на які навекі лёг водсвет ягонае славы.
— Vive l’empereur! Vive l’empereur!
Ён прыжмурвае вочы, і з калейдаскапічнаю хуткасцю перад ім мільгаюць пражытыя тут дні, напоўненыя зусім не роспаччу... Не, ён не крывіў душою, калі загадаў выразаць на сцяне ў егіпецкім пакоі свайго дома ў Сан-Марціна словы, якія шмат каму з візітантаў здаваліся няшчырымі — «Я шчаслівы паўсюль».
За дзесяць месяцаў да вострава прыстала тысяча дзвесце караблёў. I кожны падарожнік, кавалеры і дамы, сярод якіх асабліва шмат было ангельцаў, імкнуліся сустрэцца з ім. Яны хацелі пераканацца, што цяпер ягоная імперыя сапраўды абмежаваная маленькім востравам. Яны думалі, што ён ужо ўвесь у мінулым, што ён ператварыўся ў жывы музейны рарытэт. Яны абавязкова куплялі яго бюсты і партрэты, каб мець копіі рарытэта ў сваіх задушлівых салонах і спакойна спаць у цёплых ложках.