О, чаму ніхто не клаў у мае драўляныя вусны Слова! Колькі маглі б яны распавесці вам, шаноўныя дбайцы аб роднай гісторыі! Свая адмысловая показка знайшлася б і дзеля кожнага, хто прыходзіць сюды проста падзівіцца.
Вось гэтым дваім, што даўно ўжо не слухаюць Алены, а шэпчуць адно аднаму пяшчотныя словы, якіх у сэрцах іхніх болей, чым у нашай царкве святых, я распавёў бы, як на гарадскім пляцы палілі чараўніцу.
А была яна, скажу вам, шаноўныя, такой самай чараўніцаю, як я — царом Саламонам. Адзінае, што было ў дачкі клепнара Лявона з Ціхай вуліцы чароўным, дык гэта яе хараство. Пабачылі б вы Хрысцініну паставу — князёўна! А белы, як парцаляна, твар з танюткімі чорнымі бровамі, а гарэхавыя, жывыя, нібы міркіль, вочы, а вейкі, быццам мяккія крыльцы баечных мятлушак... Кажуць, калі Хрысціна прыносіла ў бацькаву майстэрню полудзень, малаточкі маладых чаляднікаў самі сабой выбівалі ў яе гонар сонечную мелодыю. А калі ў нядзелю яна ў сваім зялёным фаляндышавым саяне з кшталтам чорнага аксаміту прыходзіла разам са старым Лявонам на імшу, далібог, у касцёле ставала святлей, і, палохаючы пацеры, па-над галовамі вернікаў луналі чароды грахоўных падумак.
Але яна, гэтая красуня з дзвюма цяжкімі смалянымі косамі, была незачэпаю.
Сам княскі медыкус, бялявы станісты прыгажунчык, што штудыяваў на ўлохскіх універсітэтах лекарскія і грахаводныя навукі, той самы медыкус, па якім сохла безліч жаночых сэрцаў у замку і месце, гэтым разам толькі аблізнуўся.
Не ведала, ой не ведала Хрысціна, што душа ў пана лекара чарнейшая за найчарнейшы атрамант, якім змацоўваюць дамову з д'яблам. І калі захварэла ўлюбёная князева дачка і не адпрэчылі ліхаманку заморскія пігулкі, абвясціў медыкус, што гэта наслала чары на высакародную кроў Лявонава Хрысціна...
Толькі для аднаго чалавека на ўсім белым свеце не была яна незачэпаю, і чалавек гэты стаяў у натоўпе і неўразуменнымі вачыма глядзеў, як чырвоныя языкі, перабягаючы з палена на палена, лісліва падкрадаюцца да босых Хрысцініных ног.
Божа, маліўся я, ты нагадаваў пяццю хлябамі пяць тысяч галодных! Ад твайго слова засохла смакоўніца. Ад дотыку тваёй рукі ў невідушчых расплюшчваліся вочы! Злітуйся над не вінаватаю ні ў чым, апрача свае прыгажосці, дзяўчынаю! Уратуй яе ад ненажэрнага полымя! Ты чуеш, Божа?
А мо ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкротна варты смерці!
Новыя роспачныя малітвы вырываліся з маёй душы, але ён не чуў, а мяне ўжо дапінала гарачае дыханне вогнішча. І тады я пачаў блюзнерыць і ў думках сваіх даходзіў да грахоў, адпусціць якія не можа нават самая дарагая прошча*. Але ён застаўся глухі, і тады я ў адчаі звярнуўся да яго астатні раз. Божа, папрасіў я, калі ты ёсць, спапялі мяне.
* Індульгенцыя.
І ён зноў не пачуў.
А дым ужо ахінуў Хрысцініну постаць, і па-над пляцам разлёгся вусцішны крык звар'яцелага старога Лявона, і ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скінулі па перку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымі вачыма. І быў гэты чалавек мой бацька Антось...
Ачуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмі настаўніцу і чую штосьці пра цёмных продкаў і рэлігійную ачмару.
Як вы мяркуеце, шаноўныя, ці ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўні ўжо дзень, калі на цвінтары загарэлася вогнішча з абразоў і старадрукаў нашае друкарні, і на самым яго версе, быццам ерэтыкі, ляжалі мы з Паўлам і братамі Янам, Мацвеем, Маркам і Лукашом? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешліва гартае кнігі, ператвараючы словы ў тло, а калі агонь падышоў усутыч, я стаў развітвацца з сінім, нібы бацькавы вочы, небам, і апошняе, што ўбачыў, перш чым нізрынуцца ў нябыт, была кніга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
Мяне выцягнуў з агню стары настаўнік, і па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-які ўчынак. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве ў левіяфана. Праўда, вылячэнню чыхаўкі новы прытулак не спрыяў, ды затое майму ратаўніку ўдалося пераканаць усіх, што яму проста трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымі вусамі зрабіў бы на месцы настаўніка тое самае. Ён яшчэ не наблізіўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым і цёплым струмком яго думак. А думкі ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалі гэтыя дзівосныя абразы, пра зямлю, якая іх нарадзіла. (Ты маніў у сваім пасланні, мой аднайменнік святы Пётра, калі пісаў, што ўсякая плоць, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, і квет яе апаў. Ты маніў.)
О не, шаноўныя, я не абмовіўся, што ведаю, аб чым думае гэты юнак.
За столькі гадоў кожны на маім месцы навучыўся б чуць думкі людзей не горш за іхнія словы. А ці трэба здзіўляцца таму, што я магу зазірнуць у кнігу чалавечага лёсу? Бачу ў ёй, што хлопец гэты — мастак і свечка яго душы будзе гарэць моцна і роўна і не пагасне, пакуль ён не збярэцца ў сваю астатнюю дарогу.
Чаму пячатка маўчання ляжыць на маіх вуснах?! Я распавёў бы яму пра мастакоў, што размалёўвалі мой старадаўні прыстанак фрэскамі.
Іх было двох — бацька і сын, і яны гаварылі між сабою той моваю, што і Антось.
Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынку — сам пан Бог не здолеў бы дапамагчы рэстаўратарам пасля таго, як на фрэскі гадамі любаваліся вецер і дажджы. А тады...
Гэтыя двое, што пачыналі свой дзень з пацераў святому Лукашу*, былі праўдзівыя цудатворцы. Здавалася, іхнім пэндзлям аддалі барвы самыя зыркія і зіхатлівыя з вясёлак, што ад стварэння свету запальвала над гэтай зямлёю сонца. Здавалася, з вуснаў намаляваных імі сівабародых прарокаў вось-вось зляціць вешчае слова, а кветка ў руках у царыцы Саўскай была гэткай жывою, што на яе аднойчы ўсцешана апусцілася заляцелая ў храм пчала-медавіца...
* У сярэднявеччы апостал Лука лічыўся апекуном мастакоў.
Князь па-каралеўску адарыў мастакоў золатам з бяздонных сваіх скарбніц ды, мала гэтага, абвясціў наваколлю, што дае ў гонар слынных майстроў баль. Кажуць, болей чым сотню суседзяў і васалаў сабрала ў замку тая бяседа, і на пачэсным месцы сядзелі мастакі ў дараваных князем адамашкавых, з залатым тканнём каптанах, і слугаваў ім на знак асаблівае міласці адмысловы стольчы — накладаў на ўзорыстыя срэбныя споды дзічыну, падліваў у звонкія венецыянскія келіхі французскае віно. А ў глухім замкавым сутарэнні, куды знадворку не даляціць нават гарматнага стрэлу, ужо чакаў кат з гострым, бы асінае джала, кордам.
Ноч навылёт вірыла застоліца, а на світанні, у няпэўным святле аплытых свечак трохі цверазейшыя з бяседнікаў змецілі, як бацька і сын заснулі ў высокіх, аздобленых разьбою крэслах, звесіўшы русявыя галовы на грудзі, і княскія людзі асцярожліва паднялі крэслы і панеслі некуды па заблытаных пераходах.
Напоеныя падступным зеллем мастакі ціха ўсміхаліся ў сне і не ведалі, што больш нідзе і ніколі не паўтораць яны свайго дзіва, бо з гэтае раніцы іх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру...
Зірніце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова і бурштынава ўспыхнулі вітражы ў заходніх вакенцах! Гэта значыць, Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыі на гістарычным факультэце і хутка я застануся сам-насам з марудлівай паўнаватаю прыбіральшчыцай цёткай Ядвісяй.
Узнятыя ёю пылінкі будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промні, і, выбачайце, не будзе ўжо ніякае змогі ўтаймоўваць чыхаўку... Паглядзелі б вы, як пасля майго чыху цётка Ядвіся няўцямна-палахліва азіраецца на бакі і хапатліва жагнаецца на мяне і чамусьці на жалезнага рыцара, які вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву.
Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмінова трэба майстар, каб змураваць на летніку камін... Цікава, якая нітачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, ці каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкі, на якіх амаль нічога не відаць і якія ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнціць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкі?