Цар і вялікі князь Іван Васілевіч стаяў тыя дні паблізу Спасаўскага манастыра, цвярдыні багатай і аздобнай, а фундаванай найпадобнейшаю Еўфрасінняю, прапрапраўнучкаю святога князя Ўладзіміра Хрысціцеля. Вёз гасудар у скарбе сваім крыж, той ігуменняю Еўфрасінняй некалі ў манастырскім саборы пакладзены, а пазней смаленскімі князямі ўзяты і ад іх у Маскву вывезены. І загадаў ён, просячы ў неба перамогі, на належнае месца святыню вярнуць. Быў то чын дагодны Богу, ды хутка, як бы купіўшы сабе тым крыжам адпушчэнне грахоў будучых, узяў цар на душу новыя злачынствы крывавыя. Набліжаўся гасудар наш да веку Хрыстовага, але нават імя яго на пісьме побач з імем Збавіцеля ставіць мне боязна.
Лютага ў 14 дзень даў Іван Васілевіч загад князю Васілю Сярэбранаму з таварышамі біць па замках полацкіх з верхніх гарматаў вогненных, і Божаю міласцю з-за бліжніх тураў за пяць гадзін да святла Полацак каля вялікае брамы, а потым і ў іншых месцах мы запалілі. Дым палачанаў душыў, і прыпасу вялікага яны не мелі, і спадзяванні на падмогу Радзівілаву таксама дымам пайшлі, і пасля сёмага прыступу ваявода Давойна і ваяводзіч віленскі Ян Глябовіч, і ўладыка полацкі Арсеній з крыжам, а таксама лепшыя ад шляхты выйшлі з места і пачалі цару чалом біць, каб болей з гарматаў страляць не наказваў. Праўда, шляхта полацкая і пяць соцень кароннага рыцарства, Давойну не паслухаўшы, пасля таго яшчэ дзень і ноч адбіваліся.
Гасудар Іван Васілевіч палачанаў прыняў літасціва і дакляраваў кожнаму вольнасць і багацце захаваць, ды, як у нас, у Масковіі, зазвычаена, слова дзяржаўнага не стрымаў. А ваявода Давойна, царскаму абяцанню паверыўшы, выступіў з замка з усім войскам і з артылерыяй, паміж двума шыхтамі нашых воінаў прайшоў і на ўказанае месца стаў. Тут гасудар над вераю іхняю і пасмяяўся: загадаў трымаць непрыяцеля на гары пад моцнаю аховаю і пяць дзён ніякага харчу не даваць. А скарб дзяржаўны і ўласнасць людзей багатых, і купцоў, і шляхты, цар забраў і прыўлашчыў. Таксама і месцічаў наказаў ён выгнаць на поле і пад вартаю трымаць. А праз пяць дзён учынілі агляд гэтым людзям і войску варожаму і ўсіх пайменна перапісалі.
Даў цар волю абяцаную толькі пяці сотням рыцараў польскіх, адарыўшы кожнага футрам і залатымі манетамі дзеля таго, каб яны на радзіму ад'ехалі і спавясцілі, што з Каронаю цар вайны не хоча, адно пра сваю вотчыну дбае і вярнуць яе рупіцца - і Валынь, і Галіччыну, і Вільню, на якую ад Полацка наша дваранская конніца пайшла. І цешыўся гасудар вельмі, што места Полацкае ён без папа і без сабакі Аляксея ўзяў - так ён духоўніка колішняга Сільвестра і дарадцу свайго, а майго настаўніка Аляксея Фёдаравіча Адашава называў. Цешыўся цар, ды новых перамогаў яму Бог не даў, але пра тое пасля распавяду.
Месяца лютага ў 18 дзень уехаў Іван Васілевіч у цвярдыню варожую над Дзвіною, прыняў тытул князя Полацкага і пісаў мітрапаліту Макарыю: «Се нынче исполнилось пророчество, что вознесет Москва руки свои на плеща врагов ея. Господь наш Иисус Христос истинный Бог наш излиял на нас недостойных великого дара несказанную свою милость, вотчину нашу град Полтеск нам в руки дал». Ваяводу ж Давойну з жонкаю яго Пятроніяй, уроджанаю Радзівілаўнай, і з дзецьмі, і епіскапа полацкага Арсенія, і шляхту, і мяшчанаў, і чорных людзей, што ў месце хаваліся, загадаў цар вязаць і да нас у Масковію весці. Было гэтага палону, кажуць, да пяці дзесяткаў тысяч, і пагналі яго, як юдэяў да Вавілона, не па-хрысціянску: і кабет, і дзяцей абы-як апранутых і вяроўкамі злыганых вялі, і пяць дзён ніякага харчовага прыпасу не давалі, так што людзі, як вераб'і, на лютым марозе падалі. Ваявода Давойна і цяпер у палоне ў Маскве ў кайданах сядзіць, жонка ж ягоная Пятронія недзе там і сканала. І ваяводзіча віленскага Яна Глябовіча дагэтуль у царскай вязніцы трымаюць; гасудар яго да нас, на службу маскоўскую, ісці схіляе, за гэта і Полацак, і Інфлянты, і польскую карону дакляруючы, ды ваяводзіч моцна на сваім стаіць.
Наракаю я, грэшны, матухна, на вас, што ўзгадавалі мяне з сэрцам мяккім, якое, хоць і агрубела за гады гэтыя, але на пакуты чалавечыя адгукацца не развучылася. Прызнаю я, што жорсткасць і цвёрдасць сардэчная на вайне патрэбныя, ды паўстае душа мая, калі людзей мірных і бязвінных жывата пазбаўляюць. Губіў Іван Васілевіч у Полацку людзей кожны дзень сотнямі і ўсё ніяк смагу крывавую наталіць не мог. Прашу вас, бацюхна, або ты, брат мой Глеб, не чытаць матухне тое, што я зараз напішу, і надалей такое прапускаць, бо хочацца мне душу аблегчыць, а матухніна сэрца можа таго не стрываць.
Стогны і плач несціханы стаялі ў Полацку. Кабет паважных і дзяўчатак маладзенькіх у дамах і пад плотам, на снезе проста, стральцы гвалцілі ў мужоў і ў бацькоў на вачах, а хто бараніць кідаўся, таму галаву бердышом сціналі. Баярскі сын адзін спярша ўдаву злотніка, што ў аблогу галаву склаў, ссільнічаў, а потым і дачку яе, і абедзвюх, на двор выгнаўшы, стральцам аддаў, а тыя па-ўсялякаму, і па двое, і па трое, горш за звяроў якіх, з адною і з другою цешыліся, пакуль не кінулася ўдава ў студню, а дачка таго не ўчыніла, бо пад стральцамі з душою развіталася.
Жыло ў месце Полацкім багата гэбраяў-юдэяў, і хоць хацелі многія з іх прыйсці да цалавання на вернасць цару, загадаў Іван Васілевіч усіх чыста ў вадзе ўтапіць. Выганялі іх і са старымі, і з малалеткамі на Дзвіну ды на Валовую азярыну, лёд абсякалі і ў палонкі скідвалі. Памятаю, адна гэбраячка маленькая ля самай ужо вады лялечку гліняную да сябе прыціскала і плакала, што холадна ў той вадзе ейнай лялечцы будзе.
Татары ж нехрысці, што ў нашым войску былі, загадам царовым пасеклі насмерць шаблямі полацкіх манахаў-бернардзінаў, а храм іхні спалілі. Наказаў гасудар Іван Васілевіч і манахаў-дамініканаў жывата пазбавіць, і ўсіх, хто не па-нашаму, па-праваслаўнаму, моліцца. А іншаземцаў з палону полацкага клікаў цар на службу, і каторыя не захацелі яго гасударом прызнаць, таксама не вельмі літаваў. Найміту Андрэю Гесэ, што з дваццаццю стралкамі ў аблогу прыпас вайсковы ахоўваў, загадаў гасудар абедзве рукі па локаць з рушніцы адстрэліць, адно вока выкалаць і палову барады выпаліць, а потым з жонкаю і з дзецьмі ў Маскву адвезці, каб там яго да смерці трымаць.
Зноў пачала ў цара на руках кроў выступаць, і зноў ён рукі ў кішэні футраў сваіх сабаліных глыбока хаваў, а калі трэба было да граматы пячатку прыкласці, выганяў усіх прэч, каб не ўгледзеў хто страху таго, але казалі, што потым з пячаткі ўсё адно кроў тачылася. Летапісец жа царскі так запісаў: «Божиим же неизреченным великим милосердием и государьскою теплою верою к Богу и его государьским умыслом в Полотцску в городе и в остроге ротмистров и королевских дворян и всяких воинских людей и черных из наряду много бесчисленно побили. И мы благодарим Бога и приснодевую Богородицу, заступницу христианскую о даре их великом и будем молить их и святых великих чудотворцев за государя царя и великого князя Ивана и за его царицу великую княгиню, Марью и за детей его царевичей Иоанна и царевича Федора, дабы и впредь даровал нам победу над всеми врагами зримыми и незримыми и давал мир и тишину со всеми странами и на пользу всему православному христианству».
Ваяводы нашыя тым часам ішлі ў Самагіцію*, і да Мсціслава, і да іншых гарадоў, воласць Полацкую і сумежныя з ёю землі плюндруючы, бо гетман Радзівіл з войскам назад у Менск адышоў. І прыслалі вяльможы каралеўскія да гасудара цара Івана Васілевіча чалавека з лістом, просячы, каб кроў хрысціянскую болей не ліў і міру ды спакою з каралём іхнім Жыгімонтам хацеў, а кароль паслоў сваіх прышле да Ўспення святой Багародзіцы. Цар на тое адказаў, што пасла ні бізунамі не б'юць, ні сякераю не сякуць, і загадаў іншыя землі Вялікага Княства Літоўскага не ваяваць і, меч свой адклаўшы, даў ворагу замірэнне на паўгода.
* Жамойць.
Пасля таго гасудар у суботні дзень на Фёдаравым тыдні ў святой Сафіі памаліўся і да Вялікіх Лукаў пайшоў, дзе войска распусціў, а сам у Маскву ад'ехаў.
Полацак пакідаючы, наказаў цар равы паправіць, старыя пачысціць і новыя пакапаць, каб былі стромыя ды глыбокія; у астрозе за Палатаю наказаў паглядзець і якое месца выгарала, тое да ладу прывесці, сцяны тры або чатыры зрабіўшы, і зямлёю засыпаць, і стральніцы ды вежы дзеля сценнага бою парабіць. Есці ў сухмень цар наказаў усім за местам у полі варыць, апрача адных толькі ваяводаў. А літоўскіх людзей прыезджых і тутэйшых, і шляхту, і баяраў, і чорных людзей адналічна ў замак не пускаць, а калі ў які дзень урачысты на вялікае свята папросяцца да Сафіі прамудрасці Божай, тады іх пусціць, ды не разам усіх, а купкамі малымі, але асцярогу ў месце ўчыніць і паўсюль стральцоў дабавіць.
А ведаць загадаў баярыну князю Пятру Іванавічу Шуйскаму браму Усціцкую, а баярыну князю Васілю Сямёнавічу Сярэбранаму браму Вялікую, а Пятру Сямёнавічу Сярэбранаму - Сафійскую, а баярыну Івану Васілевічу Шарамецьеву - Багародзіцкую. Гараднічым жа Васілю Галавіну і Васілю Замыцкаму наказаў хадзіць па начах з ліхтаром, мяняючыся, па ўсіх вартах і места замыкаць, а ключы да баярына князя Шуйскага адносіць. Пры гэтым князі, слаўным заваёўніку Юр'ева, і я дзеля розных запісаў і іншых патрэбаў застаўся.
Цяпер скажу вам пра места Полацкае і пра людзей, сярод якіх мне Госпадам Богам ужо трэцяе лета жыць наканавана і якія хоць і не ганаруюць мяне, але ўсё ж не за звера ўважаюць і гаварыць са мною не баяцца.
Векам сваім і славаю места гэтае раўня Кіеву і Ноўгараду, і Сафія прамудрасці Божай у тыя самыя часы, што і кіеўская, тут над Дзвіною пастаўленая. Здавён Полацак, як пра тое летапісы кажуць, чужой улады не прымаў і то з Ноўгарадам, то з Кіевам ваяваў. Пяць таму стагоддзяў вялікі князь полацкі Усяслаў Чарадзей з ноўгарадскае Сафіі званы зняў, а потым у Кіеве ў порубе сядзеў, ды з той вязніцы земляной выйшаў і на кіеўскі пасад сеў. Пісана ў старых граматах і пра тое, што з Яраславам Мудрым і з Уладзімірам Манамахам полацкія князі ваявалі і вольнасць адстаялі. Пад татарынам зямля гэтая ніколі не была, а да Літвы сама адышла, вялікія прывілеі сабе пакінуўшы.
Завецца ж гэтая дзяржава, нам варожая, Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, а людзі тутэйшыя, што і ў Полацку, і ў Менску, і ў Вільні, скрозь да самае Самагіціі жывуць, называюцца па дзяржаве сваёй літоўцамі, гавораць жа на мове, што да нашае падобная, хоць, бывае, і нялёгка яе разабраць. Вось, да прыкладу, нашае слова «блага» ў іх зусім супраціўнае значыць. Памятаю, калі мы места забралі, пачалі да цара на цалаванне людзей вайсковых прыводзіць, і загадаў Іван Васілевіч непакорлівых на месцы жыцця пазбаўляць; аднаму рыцару літоўскаму вантробы выпусцілі, а ён, ля ног царовых канаючы і вантробы свае назад у чэрава запіхнуць намагаючыся, усё крычаў: «Ой блага мне, Божа, ой блага», а мы дзівіліся, думаючы, чаму ён так перад смерцю крычыць, няўжо сады райскія ўбачыў?
А яшчэ, што нам нязвычна, гады яны ад нараджэння Божага лічаць, як і ў Нямеччыне, і ў Чэхах, і ў Францыі, і ва ўсіх іншых краінах, а не ад стварэння свету, як мы, і з нас пасміхаюцца і наракаюць, што мы імя Хрыстовага не шануем.
Да вайны мела места гэтае шэсць пасадаў, з якіх адзін на выспе пасярод Дзвіны. Дворышчаў мяшчанскіх было ў пасадах паўтары тысячы, але болей тысячы ў аблогу выгарала. Замак жа полацкі галоўны на высокай гары самароднай паміж Дзвіной і Палатою стаіць, з хваёвага дрэва рублены і дзевяць вежаў перад аблогаю меў.
Ёсць у месце манастыроў паўтара дзесятка і шмат храмаў мураваных. І дзіўна нашаму чалавеку чуць, што маліліся тут праваслаўныя мірна побач з лацінцамі. Няможна такое ў нашай Айчыне, у Масковіі, і ў сне прысніць, каб побач з нашымі лацінскія цэрквы стаялі і дамы, дзе гэбраі свайму Богу моляцца; а вядома мне, што ёсць у гэтай зямлі яшчэ і мірныя татары-магаметане, што свайму Алаху паклоны кладуць, і ўсе між сабою неяк ужываюцца. Па радзе айца свайго і багамольца Макарыя, мітрапаліта ўсяе Русі і багамольцаў ягоных архіепіскапаў і епіскапаў і ўсяго сабора ўчыніў гасудар Іван Васілевіч у Полацку ў Сафіі прамудрасці Божай архіепіскапію, каб былі людзі полацкія маскоўскаму мітрапаліту падлеглыя, і пастаўлены быў на яе архіепіскап Трыфан, аднак месцічы царскага ўладыку не любяць і ў храм, дзе ён служыць, не ходзяць.
Дзіўлюся я і з таго, што не забыліся людзі полацкія на купаллі ды русаллі і вясну гукаюць ды іншыя старадаўнія святы памятаюць, якія ў нас у Масковіі і ўспамінаць баяцца, бо можаш за чарадзейства на дыбе павіснуць ды ў роспытнай хаце чырвонае жалеза сваім белым целам пачаставаць.
Вераць таксама полацкія месцічы ў розныя прыкметы і шмат тайніц ведаюць. Некалі вы, матухна, з нянькаю маёй Мікітаўнай, няхай будзе ёй зямля пухам, усё ўвечары пра ведзьмаў ды ведзьмакоў баялі, як і дзе іх распазнаць можна, а я пасля тых размоў засынаць баяўся. Дык тутэйшыя людзі кажуць, што, калі сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй жур, неадменна ўсе ведзьмакі прасіць таго журу прыбягуць. І так яшчэ ведзьмака распазнаць можна: схаваць кавалачак сыру, што ядуць на загавінах перад вялікім постам, і насіць той сыр увесь час у мяшэчку пад пахаю. А на ютрані велікоднае, калі святар абвяшчаць будзе: «Хрыстос уваскрос!», трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмы і ведзьмакі сыру прасіць будуць.
Некаторыя людзі тут кажуць, што разумеюць мову звярыную і птушыную і кожны яе спасцігнуць можа, калі адмысловае стравы з вужовага мяса пад'есць. А як у каго дом загарэўся, дык у суседзяў, каб туды полымя не перакінулася, голая дзеўка ці маладзіца з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча аббягае і той гарлач у агонь кідае. Бачыў я колькі пажараў на свае вочы і сведчу: сродак гэты надзейны, нават калі заместа малака вады наліць, так што, калі ў вас там, крый Божа, загарыцца нешта, няхай Палушка ці Варварка, не баючыся сораму, тое ўчыняць.
Вераць тут і ў вадзяніка. Жыве ён у рацэ Палаце па вірах і крадзе людзей: мужчыны самі вадзянікамі робяцца, а жанчыны - русалкамі. Але гэты нячысцік не заўсёды ў вадзе сядзіць, бо яго Бог ганяе. Пасля Вадохрышча мусіць ён з вады ў лазу пераходзіць, адтуль у травы прыбярэжныя, а пасля Спаса дазволена яму бывае зноў у раку нырцануць.
Пра чорта кажуць, што лёгка яго ўбачыць, калі не баішся, - трэба адно ў віхуру плюнуць тры разы і прамовіць: «Чорт, чорт, пакажы хвост», бо калі па зямлі віхура ідзе - гэта чортава вяселле коціцца. У навальніцу чэрці нібыта ў крыжах на цэрквах хаваюцца, каб туды пярун біў, але я ў гэта не веру, бо нячысцікі крыжа больш за ўсё на свеце баяцца.
Асабліва ж вераць тут у ваўкалакаў-пярэваратняў. Гаварыў я, крыж на сябе паклаўшы, з адным чалавекам, які быццам бы сам пяць летаў ваўком быў. Павадзіўся неяк з суседкаю, а тая яму сваімі чарамі і адпомсціла. Павёз з кумам у Дзісну тавар бандарскі прадаваць, распрэглі ў дарозе коней і пусцілі пасвіцца. І так таму чалавеку млосна зрабілася, і нудзіла яго і круціла, і прымроілася яму, што адзіны паратунак ад наслання - праз хамут пралезці. А як пралез - ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і леты адзінцом бегаў, а на чацвёртае лета прынялі яго ваўкі ў гайню. На колькі ваўкалаку чараўнік загаворыць, столькі ён у звярыным абліччы і хадзіць мусіць. Так той гаротнік з ваўкамі і жыў, пакуль яго аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух дванаццаць разоў пугаю не перахрысціў, а пасля гэтага ваўчыная шкура адразу і злезла. Цяжка яму ў лесе жылося ды яшчэ забыць баяўся, што не звер ён, а чалавек, а таму кожнае раніцы мыўся, пысаю па роснай траве водзячы і ўвесну лапамі зямлю разграбаў, бо такой парою людзі аруць і сеюць. І казаў мне той ваўкалака былы, што, як ні жудліва сярод ваўкоў жыць, а цяпер, калі цар наш Іван Васілевіч Полацак пад сваю ўладу забраў, ён, чалавек гэты, каб прымеў, зноўку ў лес вярнуўся б.
Месцічы полацкія ў розных рамёствах умелыя і абазнаныя, працаваць любяць, а пра лайдака ды чалавека няўмелага кажуць - перапрашаю, матухна, - што ў яго рукі ў срацы, і такіх яны за апошніх людзей маюць. І смяяўся адзін збройнік мне знаёмы, пра якога пасля скажу, з казкі нашай маскоўскай пра Ямелю, і дзівіўся, што мы гэтага Ямелю, які на печцы рукі склаўшы сядзіць, не ганім, а нібыта і любім. Працуюць жа майстры полацкія цяпер мала што не задарма на цара і вялікага князя Івана Васілевіча, а шмат якіх людзей рамесных у Маскву жывасілам павялі.
Народ гэты чысціню шануе, і вясёлы, і не злапомны, і гасцінны. Калі да каго госці прыйдуць, гаспадар кажа: «Госць у хаце, Бог у хаце» і ўсё лепшае на стол ставіць. Але занепадаюць іхнія звычаі адвечныя пад нашаю ўладаю, бо стральцы завядзёнку завялі, у чужыя дамы, як у свае, заходзіць, і не толькі маетнасць чужую за сваю маюць, але і жонак чужых таксама. Дзіва што нас людзі полацкія, хоць і адной з намі веры, не ганаруюць і ўсё ўспамінаюць, як гасудар кроў ліў і гэбраяў у Дзвіне падлёдным хрышчэннем хрысціў, бо яны з гэбраямі зжыліся і не варагавалі.
Было ў месце Полацкім багата людзей у мовах замежных, і ў навуках багаслоўскіх, і граматычных, і рытарычных, і іншых абазнаных, і іх гасудар наказаў у Маскву адпраўляць, але і цяпер тут па манастырах такіх людзей даволі.