Падарожжы стануць другой стадыяй...
Прашу вас адкінуць падазрэнні і не шукаць тут ніякіх сімптомаў. Падрыхтуйцеся чытаць далей з большай увагаю, і гэта пераканае вас у поўнай яснасці майго розуму, якую ён захаваў, насуперак усяму, што на яго абрынулася.
Таго дня на праходцы пасля трох ранішніх старонак мне ўспомніўся мой гаспадар. Ужо паўгода ён не ашчасліўліваў мяне новымі падарункамі, не высвятляў, ці люблю я Шапэна, і наогул ніяк не нагадваў пра сябе, за што я быў яму бязмерна ўдзячны, як, дарэчы, і за прайгравальнік, што аздабляў нашыя з Наташаю спатканні.
Вынікам гэтай прыгадкі сталі змены ў маршруце, якія прывялі мяне ў музычную краму.
Я выбраў кружэлку «Led Zерреlіn» з маёй улюбёнаю «Лесвіцай у неба», капрысы для скрыпкі Паганіні і ўжо кіруючыся да выхаду, убачыў на стэлажы рамантычны профіль Шапэна. Памяць была напагатове: «Скажыце... вы любіце... Шапэна?» - «Мне падабаюцца прэлюдыі, але вельмі прашу нічога больш мне не дарыць...» Тады я адказаў праўдзіва, а на дыску ў чорна-зялёным канверце, які трымаў цяпер у руках, былі якраз яны, знакамітыя «Дваццаць чатыры прэлюдыі» - ад радаснага парыву першай да трагічных басовых фігурацыяў заключнай.
Дома я паслухаў «Лесвіцу ў неба» і паставіў Шапэна. Адварот кружэлкі пачынаўся з прэлюдыі № 15, якую Жорж Санд, нягледзячы на пратэсты Фрыдэрыка, называла «прэлюдыяй у кропельках». Гэтая пастаральная п'еса з рысамі накцюрна зноў прывяла мяне за пісьмовы стол, натхніўшы яшчэ на адну старонку чарнавіка.
Ад рукапісу адарваў водар ментолавых цыгарэтаў. Дакладней, я пачуў яго трохі раней, але нейкі час пяро яшчэ бегала па паперы, а прыемны пах існаваў на перыферыі ўспрымання, нараджаючы туманныя вобразы тонкай рукі, няярка падведзеных вуснаў, белай цыгарэты з пакінутым памадаю ружовым колцам... Неўзабаве я адчуў лёгкае здзіўленне і падняў галаву. На тле кніжных паліцаў плыла шызая пасмачка дыму. Крыху заінтрыгавана я падышоў да расчыненага вакна і глянуў долу. Унізе сядзеў на лавачцы былы электрамантажнік Лёня, што зроду не курыў нічога, апрача «Астры». Пасмачка знікла з відавоку, ды пах аказаўся ўстойлівым, нібыта курылі дзесьці зусім блізка, у суседнім пакоі, якога ў мяне не было. Мне падумалася, што Наташы такія водары маглі быць не да густу, і я на ўсялякі выпадак адчыніў дзверы на пляцоўку. З пад'езда звыкла цягнула катамі. Значыцца, вінаватыя былі вакно і тутэйшая мудрагелістая ружа вятроў.
Пачатак вечара не быў адметны нічым, акрамя таго, што мы слухалі новыя кружэлкі, прычым на Шапэна часу не хапіла. Выдатна памятаю, што паставіў прэлюдыі на прайгравальнік, аднак Наташа ўжо прычэсвалася перад нашым вялікім авальным люстрам, і я не стаў апускаць іголку на дыск.
Я вяртаўся ў тым настроі, які Лёня навучыўся вызначаць абсалютна беспамылкова. Удзячны за атрыманую пяцёрку, ён пацягнуўся следам на мой трэці паверх. На пляцоўцы Лёня закурыў, і я аўтаматычна адзначыў, што ў руках у яго пакамечаны пачак «Астры».
У гэты момант мне і здалося, нібыта з-за дзвярэй чуецца музыка. Я напружыў слых і пазнаў «прэлюдыю кропелек». У першыя імгненні - ці то з прычыны бесклапотнага настрою, ці таму, што побач стаяў Лёня - адкрыццё ўспрынялося зусім спакойна. Я крутануў у замку ключ, развітаўся з суседам і апынуўся ў сваім цесным калідорчыку. У кватэры плавала заканчэнне музычнай фразы, і гэта, несумненна, быў прэлюд № 15. Толькі тут да мяне дайшла сутнасць таго, што адбываецца. Чуючы пад сэрцам непрыемны скразнячок, я рыўком адчыніў дзверы ў цёмны пакой і пстрыкнуў выключальнікам.
У пакоі нікога не было, прайгравальнік моўчкі стаяў на месцы, але ў паветры пахла ментолавым цыгарэтным дымам. Я праверыў кухню, ванную і абедзве сценныя шафы, а потым сеў на непрыбраны ложак і засмяяўся.
Не скажу, каб мой смех прагучаў цалкам пераканаўча.
Музыка за дзвярыма, вядома, прымроілася, але што было рабіць з пахам? Дзесьці я чытаў пра спецыфічныя нюхальныя галюцынацыі, аднак адкуль тады ўзялося блакітнае воблачка на асноведзі чорнай шторы, якое цягнулася да прачыненае форткі?.. Ці не зашмат галюцынацыяў?
Я наліў поўную шклянку віна і, выпіўшы яго маленькімі глыткамі, заняўся аналізам сітуацыі.
Самым натуральным адказам на ўсе пытанні была б нядаўняя прысутнасць у гэтых сценах чалавека з цыгарэтаю. Разам з тым такое тлумачэнне выглядала найбольш хісткім. Калі ў кватэры насамрэч хтосьці знаходзіўся, ён меў усяго хвілінаў пятнаццаць паміж нашым з Наташаю адыходам і маім вяртаннем. За гэты час аматар ментолавых цыгарэтаў павінен быў, па-першае, нейкім чынам трапіць у кватэру, а па-другое, паспець сысці да майго прыходу. Але з якой мэтаю? Каб выкурыць цыгарэту і тым самым пакінуць сведчанне свайго незаконнага ўварвання? Версія выглядала досыць сумнеўнай, хоць і пакідала прастору для далейшай распрацоўкі.
Паводле элементарнай логікі, пранікнуць у кватэру, маючы лічаныя хвіліны, найперш мог чалавек з ключамі. Адны ключы ляжалі ў мяне ў кішэні. Другія Наташа трымала ў касметычцы. Трэці камплект я паўгода таму паклаў у верхнюю шуфляду пісьмовага стала.
Па дарозе да стала позірк спыніўся на попелцы, што стаяла на паліцы паміж Шывам і томам Акутагавы. Аднарогі чорт супакоіў адсутнасцю якіх-небудзь слядоў попелу. Верхняя шуфляда таксама не падвяла. Я наліў сабе віна і ўключыў тэлевізар. Ішоў французскі дэтэктыў. Упэўніўшыся, што ахвяра мёртвая, забойца спускаўся па аплеценай дзікім вінаградам сцяне. Я адчыніў куфар. Вераўчаная лесвіца была ў наяўнасці, аднак мне ўсё роўна захацелася пераключыць тэлеканал.
Наташын муж, знаходка ў касметычцы, выраб дублікатаў ключоў еtс... Ад гэтай гіпотэзы я рашуча адмовіўся. Апрача ўсіх астатніх «нацяжак», ні Наташа, ні яе муж не курылі.
Развагі непазбежна скіраваліся на гаспадара кватэры. Я пракручваў у памяці нашу першую і адзіную размову, і яна мне ўсё больш не падабалася. Сцэна з ключамі... У дадатак да трох уручаных мне з такім кранальным клопатам камплектаў, безумоўна, існавалі яшчэ тры або нават трыццаць тры. А пытанне, ці адзін я збіраюся жыць... Плюс асцярожны і, магчыма, тонка прадуманы намёк, што я магу заўважыць нешта такое...
Мною авалодала несамавітае адчуванне таго, што мяне ўцягваюць альбо ў блазенскі розыгрыш, альбо, наадварот, у добра спланаваны эксперымент. У кожным разе становішча выглядала, далікатна кажучы, дыскамфортным, бо сцэнарый ствараўся без майго ўдзелу хаця б у якасці кансультанта. Праўда, дзесьці на ўзбочыне раз-пораз выплывала з туману тое дзіўнавата-спалоханае гаспадарова пытанне пра Шапэна, але які, скажыце, здаровы розум здатны быў звязаць яго ў адзін ланцужок з набытай сёння мною па ўласнай волі кружэлкаю ў чорна-зялёным канверце і, тым больш, з дымам ментолавых цыгарэтаў?
Як паказала надзвычай блізкая, можна сказаць, затоеная за матавымі дзвярыма будучыня, якраз логіка і была тут найменш патрэбная.
Ладзячыся на сон, я ўпершыню зачыніў уваходныя дзверы на ўсе тры замкі. Я яшчэ не ведаў, што ў доўгай чарадзе наступных начэй гэтая акажацца ці не самай ціхамірнаю.
Раніца, як зазвычай, унесла ў вечаровыя ацэнкі свае карэктывы. Зрэшты, іншых высноваў, акрамя відавочнага - непасрэднага ці ўскоснага - удзелу ў гэтай таямнічай гісторыі майго гаспадара я ўчора так і не зрабіў. Дый сама таямнічасць у сонечным святле ўвачавідкі паблякла і атрымала аперэтачны выгляд.
Каля дванаццатай патэлефанавала Наташа. Яна не магла прыйсці, што мяне крыху засмуціла, але я даўно быў у тым узросце, калі адмена спаткання не здольная істотна змяніць яркасць навакольных барваў. Паклаўшы трубку, я ўспомніў, што паслязаўтра пятніца, а значыць, Наташа, як заўсёды перад выхаднымі, затрымаецца ў мяне даўжэй і вынайдзе нешта арыгінальнае не толькі на кухні.
Пасля дзённай прагулянкі, я не напаткаў дома нічога падазронага. Самым выяўным з пахаў быў смачны водар змолатай на ручным млынку кавы. Не скажу, што нервы канчаткова ўгамаваліся, аднак заглыбіцца ў пачаты рукапіс удалося без вялікай цяжкасці.
Павячэраўшы філіжанкаю кавы з лусцікам, я зазбіраўся на шпацыр. Вечар вярнуў учарашняму здарэнню загадкавую значнасць, у выніку чаго зборы адрозніваліся ад звычайных. Найперш я наглуха зачыніў фортку, потым стаў пасярод пакоя і пастараўся запомніць дакладнае размяшчэнне попелкі, масянжовага Шывы, раскладзеных на стале кніг і старонак рукапісу. Дзверы былі, як і, нанач, зачыненыя на ўсе тры замкі, а кішэню джынсаў прыемна адцягваў падараваны Наташай паляўнічы нож у скураной похве.
Маршрут руху таксама быў удакладнены. Былыя могілкі з іх слаба асветленымі ваколіцамі выглядалі для позняга шпацыру месцам даволі спрэчным, затое адтуль я добра бачыў свой дом і вакно ў тарцы на трэцім паверсе, якое пакінуў з паднятаю шторай, каб адразу заўважыць святло.
Такім чынам я бадзяўся па колішніх лютэранскіх кладах, дзе нейкім дзівам ацалеў адзін перакулены і абымшэлы надмагільны камень, і час ад часу са зручных кропак кідаў позірк на дом. Кожны раз у такі момант ува мне торгалася нейкая струна і злёгку пераціналася дыханне. Аднак маё вакно нязменна заставалася адзіным цёмным прастакутнікам у сваёй вертыкалі, і хвілінаў праз сорак, настройваючы сябе на іранічны лад, я рушыў дамоў.
Жнівень лічыў астатнія дні, і пад нагамі ўжо трапляліся першыя кляновыя лісты. Узбегла на памяць мая юначая навела, чый герой пісаў каханай прызнанні на залацістых кляновых лісцях. Ягоным правобразам быў сам аўтар, што пражыў з тых часоў два дзесяцігоддзі і больш ніколі не пісаў такіх лістоў, хоць два ці тры разы яшчэ бываў закаханы і некалі -толькі ў іншым горадзе - вось так блукаў увечары па парку і чакаў, пакуль у суседнім доме загарыцца вакно, святло якога прынясе радасць, што будзе хвалямі нарастаць на лесвічных маршах, каб дасягнуць найвышэйшай адзнакі перад знаёмымі дзвярыма, за якімі гучыць ціхая музыка і чакаюць гарачыя прагныя вусны. Таму закаханаму наканавана было стаць прататыпам чалавека, што сёння глядзеў на іншае вакно і чакаў калі не радасці, дык хоць спакою ад таго, што яно застанецца цёмным, а за дзвярыма сустрэне цішыня.
Музыку я пачуў на пляцоўцы другога паверха. Гэта быў прэлюд № 15, з якога, як я ўжо казаў, пачынаўся другі бок купленай напярэдадні кружэлкі. «Кропелькі» гучалі мацней і выразней, чым учора.