— Ён і маё разбурыць... ага... ён разбурыць... Ён глядзеў у акно... ён смяяўся... ага... смяяўся...
I стары раптам кінуўся да дзвярэй, нібы і папраўдзе баяўся, што там, у мізэрнай яго хацёнцы, страшны Пацяроб у гэту хвіліну бязлітасна разбурае ўсю яго таемную цудоўную пабудову.
Якуб памкнуўся суняць яго:
— Куды вы, дзядзька Ахрэм? Чакайце, пагамонім яшчэ...
Галілей на хвіліну суняўся ў дзвярах, але гэта ўжо быў звычайны штодзённы Галілей — ціхі, маўклівы, стрыманы. Бурнае ўзрушэнне яго зноў схавалася ў спадзейную шкарупу яго звычайнае замкнёнасці.
— Кхе... Кхе... позна ўжо... Спаць ужо трэба...
I, каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў.
Якуб Лакота правёў Галілея на вуліцу і доўга з глухой няўцямнасцю слухаў, як пялёсткамі лёгкага хрусту знікалі ў цемры дробныя, паспепшыя крокі старога.
«Што ён мае да гэтага Пацяроба? Не можа быць, каб ён папраўдзе баяўся яго».
I Якуб Лакота, безумоўна, меў рацыю — Галілей не баяўся Пацяроба. Галілей пагарджаў Пацяробам таксама, як Пацяроб Галілеем, і таксама не лічыў яго за вартага сур'ёзнае ўвагі чалавека. Калі і стараўся ён менш трапляць на вочы суроваму начальству, калі і ўнікаў усякага з ім дачынення, дык рабіў гэта больш з арганічнае свае антыпатыі да яго, чымся са страху. I тое, што ў акно глядзеў Пацяроб, што смяяўся з ягонага творчага гломазду, тож, кажучы шчыра, турбавала яго не больш, як леташні снег.
Але чаму ж так спяшаўся ён да свае самотнае мярлогі, нібы бег ратаваць сваё дзівачнае, нікому не патрэбнае начынне ад грознае стыхійнае навалы?
Можа, быў гэты інстынктыўны страх перад той самай сілай разбурэння, аб якой жартам казаў Якуб Лакота і якую ён, Галілей, ва ўласцівай яму хваравітай экзальтацыі мог уявіць як нешта матэрыяльнае і трывожна блізкае?
А мо проста дзівачыў стары мудрагель, ашукваючы людзей і самога сябе?
Бывае часам у сне такое страшнае адчуванне няпэўнасці, адчуванне вострага крутога рубяжа паміж жыццём і смерцю, якое страсае нутро чалавека магутаым звярыным жахам і нават па сне пакідае ў ім след свой — дрыготны цень невыразнай трывогі. Сніш зазвычай тады, што зыходзіш на нейкую высокую строму, куды непераможна штурхае салодка п'янючае пачуццё надзвычайнага, ніколі не зазнанага ў сапраўдным жыцці ўздыму. Ідзеш на гэтую строму шпарка і легка, нібы нясе цябе нявіднае крылле. I толькі на самай гары, дзе ўжо асталося ступіць адзін яшчэ крок, каб дасягнуць жаданае высакосці, раптам апаноўвае гэтае жудаснае адчуванне няпэўнасці, і застываеш на момант у цудоўным здранцвенні, баючыся зрабіць найменшы рух, каб не пахіснуцца назад у страшную цяпер таемную прорву. Тады чалавек хваравіта, страшна чуе ўсю сваю існасць, напружана стоўпленую ў ім, як у кроплі вады, што во-во гатова капнуць, сарваўшыся з берагоў пасудзіны.
Прыблізна такі настрой — толькі не ў сне, а ў сапраўднасці — перажываў цяпер Сымон Карызна.
Уцякаючы ад сваіх непазбыўных трывог і страху, ад свайго нязноснага душэўнага мітушэння, Сымон Карызна рынма рынуўся быў у абнімкі адчайнае пацяробаўшчыны, бо, апроч гэтага безадказна-напорнага замарачнага гону, не бачыў больш спосабу вырвацца з вязьма супярэчнасцей, што з кожным днём усё шчытней і шчытней заціскала яго.
Гэта была астатняя стаўка Сымона Карызны.
I вось лёгкае нявіднае крылле нясло яго на стромкую верхавіну раптоўных, ніколі ім не чаканых удач. Усе перашкоды, якія сустракаліся цяпер на дарозе, адляталі пустым лушпавіннем — смешныя, мізэрныя ў сваім бяссіллі. Тое, што паўставала даўней перад свядомасцю глыбокімі неразвязнымі праблемамі, цяпер абярнулася ў глупасныя непаразуменні, якія зусім проста і лёгка было абмінуць, не чапаючы іх. I з кожвай хвілінай набліжалася жаданая высакосць, да якой аставалася яшчэ ступіць усяго некалькі крокаў.
Сымон Карызна адчуваў надзвычайны, ніколі дасюль не зазнаны ўздым.
Сапраўды, усё ішло як мае быць. Калектывізацыя Сіўца, праведзеная слаўным Пацяробам з маланкавай, дзіву вартай быстрынёй і рашучасцю, хоць і выклікала была з першай пары глухое нездаволенне жыхарства, але ашаломленыя раптоўнасцю падзей дабрамысныя сівецкія грамадзяне нават не ўправіліся былі і выявіць гэтага свайго нездаволення і, агледзеўшыся, маўкліва згадзіліся з тым ад іх незалежным фактам, што яны з гаспадароў-аднаасобнікаў абярнуліся ў найзаконнейшых сяброў калгаса «Гром рэвалюцыі». Следам за Сіўцом пайшла ў калгасы і большасць вёсак Сівецкага сельсавета, у якіх верныя паплечнікі Пацяроба, якіх раптам аказалася больш нават, чым трэба, строга і няўхільна гнулі лінію правадыра.
Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнае калектывізацыі, поўнае завяршэнне якой было ўжо справаю бадай што некалькіх дзён.
I вось тут акурат, як астаўся адзін толькі крок да канчатковага дасягнення пастаўленае мэты, як ужо зачынаў узнімацца першымі хвалямі хмельны прыліў блізкага трыумфу,— тут апанавала Сымона Карызну жудаснае адчуванне няпэўнасці, і тут ён суняўся, баючыся ступіць яшчэ апошні рашучы крок, каб не пахіснуцца назад, не рынуць у страшную таемную прорву.
Увесь сэнс гэтага новага настойна-турботнага пачуцця азначаўся ў Карызнавай свядомасці адным катэгарычным запытаннем:
— Што будзе далей?
Гэта не была цвярозая дзелавая рупата працаўніка аб спраўленай ім рабоце — Сымон Карызна ў сваіх сутаргавых кіданнях неўзаметку страціў увесь свой арганічны зрост з агульным магутна-дзейным поступам эпохі — гэта быў звярыны жах чалавека, што напружана адчуў свой востры фатальна-немінучы рубеж.
Сымон Карызна не быў гэткі дурны, каб скрозь п'яны чмур пацяробаўшчыы не заўважыў нарэшце злачыннай тандэтнасці ўсяго, што яны з маху нагарадзілі ў Сіўцы і ў Сівецкім сельсавеце. Няўмольныя факты жыцця злосна разрывалі ўтульную пялёнку самаспадману, якой ён здолеў быў да часу адгарадзіць сябе ад пробліскаў уласнай свядомасці, і ён мусіў убачыць тое, чаго мо не хацеў ці чаго баяўся бачыць.
Праца новаўтворанага сівецкага калектыву з нязграбна-гучнаю, у пацяробаўскім смаку, назваю «Гром рэвалюцыі» пачалася ды і скончылася на тым, што, згодна загаду старшыні калгаса Андрэя Шыбянкова, былі перавезены з Сівалапаў і чамусьці складзены ля будынка сямігодкі, мала не пад вокнамі Карызнавае кватэры, тыя бярвенні, што ўправіліся былі панавозіць сівалапаўскія калгаснікі за кароткі час існавання свайго дружнага калектыву. Калі Карызна запытаў быў у Шыбянкова, навошта ён гэта зрабіў, той самадавольна ўсміхнуўся і растлумачыў:
— Хай ведаюць, што гэта не хаханькі...
Такім глыбока вычарпальным тлумачэннем Карызна мусіў задаволіцца, бо па выразу прыгожага старшынёвага твару відаць было, што далейшыя роспыты выклікаюць з ягонага боку адно пагардлівае здзіўленне.
Карызна бачыў, што той энергічны і ў значнай меры бесцырымонны штуршок, які далі яны соннаму, неўвароткаму Сіўцу, павіс у паветры. Сівец не крануўся з месца, а яшчэ больш зацяўся ў сваёй нязрушнай упартасці, гатовы ў першы зручны момант, паддаўшыся злоснаму ўплыву варожых сіл, выбухнуць рэзкім пратэстам, які ўраз зруйнуе ўсё дасягнутае да гэтага часу. Адсутнасць хоць якіх-небудзь відочных праяў новага зруху, новае дзейнасці працінала Карызну страхам і роспаччу, а няшчаснае тое бярвенне сваім недарэчным выглядам даводзіла яго да шалу. Канцом раз'юшаны, клікаў ён да сябе Андрэя Шыбянкова, каб спагнаць на ім сваё абурэнне і хоць троху разварушыць яго, узбудзіць у ім сякую-такую актыўнасць.