— Ну вось... ага... глядзець на прыроду... А што гэта, доктар, прырода?
Аптэкар Плакс ані не дзівіцца Галілееваму раптоўнаму нападу. Спакойным, нават у значнай меры флегматычным тонам ён тлумачыць яму:
— Прырода — гзта ўсё, што па-за чалавекам. Прырода — гэта аб'ект. Гэта вялікая магутная стыхія, з якой вылузнулася паганенькая казяўка — чалавек — і ў якую яна хаця-нехаця вернецца.
Галілей гарачыцца.
— Ага... Значыць, трэба — як прырода? Значыць, трэба, як ваўкі, га?..
Плакс усміхаецца глыбакадумна і пагардліва:
— Што там ваўкі? Ат, Галілей, Галілей... Няўжо ты — разумны чалавек — не бачыш, што людзі ўсё роўна жывуць ваўчынымі законамі? Яны толькі прыкідваюцца, што лепшыя ад ваўкоў. Яны хочуць пераступіць цераз прыроду, а яна трымае іх за полы...
Галілей задумляецца і па хвіліне запытвае троху палахлівым тонам:
— Ну, а тэхніка?..
— Ну, а ваўкі? Яны ж таксама прымудраюцца неяк, каб лацвей злавіць авечку? Ну, а ваўчыная тэхніка? Га? Што ты скажаш, Галілей?
Але на тэхніцы ўжо Галілей не здасца. Ён цвёрда верыць, што тэхніка зможа ўсё: і прыроду, і ваўкоў, і ваўчыныя законы. Праўда, ён не ўмее давесці гэтага, у яго слоў такіх выразных няма, і таму ён на Плаксавы блюзнерскія выказы толысі сумна ўздыхае і з дакорам ківае сваёй барадзёнкай:
—Не любіш ты, доктар, чалавека... Зусім не любіш...
I так жа раптоўна, як з'явіўся, кідае размову і знікае з аптэкі. Беручыся зноў за перапыненую работу, ён увесь гарыць неспакойным агнём энергіі, ён захлынаецца проста ў прагным імкненні давесці неяк, паказаць увачавідкі, што тэхніка зможа Прыроду.
Вечарамі Галілей не робіць: ужо цеперся стаіць ціхае, як у вусе, надвор’е, і слаўны ветрачок яго ўпарта не хоча даваць новых запасаў электрычнае энергіі (газы на асвятленне Галілей, з пашаны да тэхнікі, не ўжывае прынцыпова).
Вечарамі Галілей адбывае свае звычайныя лятучыя рэйды. Паляжаўшы з якіх паўгадзіны на печы ці на сваіх механізаваных палацях і, мабыць, склаўшы за гэты час прыблізны план сваіх налётаў, ён раптам, нібы спіхнуты якой нявіднай, але цалкам бесцырымоннай рукой, скочваецца далоў і, гукнуўшы перапалоханага Босага, бяжыць на мястэчка. Як лёгкі непрыметны цень, з'яўляецца ён у розных канцах мястэчка (апошнім часам і Сівалапаў) — няпрошаны, нечаканы — муляецца нейкі час у парозе, тупае, кхэкае, зрэдку ўстаўляе якое дзіўнае, амаль нікому не зразумелае слова і паспешна, каб не спазніцца, бяжыць у другое месца. Чаго ён шукае, чаго вынюхвае скрозь сваім дробненькім рухавым носікам, пра гэта ніхто ве ведае і гэтым ніхто не цікавіцца. Сустракаюць яго без здзіўлення і без асаблівае радасці, але ўсюды ветла запрашаюць сесці, добра ведаючы, што ён усё роўна не сядзе.
Апрача гэткіх маланкавых налётаў, Галілей вечарамі наведваў сходы, да якіх у яго была прагная, амаль хваравітая цікавасць. Яму ўсё роўна было, які там сход, па якіх пытаннях, хто збірае яго, каго на яго запрашаюць. Ён любіў усякі сход, любіў наогул, дзе многа людзей, бо ў людской масе ён умеў бачыць свайго ўлюбёнага «чалавека» з яго сілай і слабасцю, з яго добрымі і дрэннымі бакамі і, самае галоўнае, з яго своеасаблівай, як той Плакс кажа, «ваўчынай» жыццёвай тэхнікай. Седзячы дзе-небудзь у непрыметным куточку, ён арудаваў сваім «чалавекам», як толькі хацеў, бо меў яго цалкам і поўнасцю ў сваім распараджэнні. Ён разбіраў яго да найменшага шрубчыка, разглядаў уважна, чым любаваўся здаволена, а чым засмучаўся, потым спрабаваў складваць яго на ўсе лады — па-новаму, па-свойму — і з творчай цікавасцю глядзеў, што з гэтага выйдзе. Адылі ніколі нічога ў яго не выходзіла путнага, і ён хоць і злаваў, але зусім слушна тлумачыў гэта бракам патрэбнага дасвядчэння і не траціў надзеі, што некалі ён усё-ткі што-якое прымудрыць і ў гэтым кірунку.
Унадзіўся яшчэ стары Галілей хадзіць на бабскія сходы, ды і так, што — хай там хоць якая пільная справа — кіне ўсе, а сходу бабскага не праміне. Зазвычай ён з усяе публікі быў там адзін, хоць і стары, а ўсё-ткі мужчына, і вясёлыя бабы бязлітасна скарыстоўвалі яго для сваіх, часам досыць фрывольных, жартаў. Ён не адбрэхваўся, не смяяўся, але і не саромеўся — глядзеў на іх з дзелавітаю строгасцю і некаторых, не лішне смелых, гэтай строгасцю нават адпужваў.
Смешны стары Галілей! Што яму трэба было на гэтых бабскіх сходах? Што ён меў там здабыць у тлумных, бязладных крыках жанчын, асалапелых ад раптоўнага, яшчэ для саміх іх няўцямнага выйсця ў грамадскасць, разлютаваных позна ўсвядомленымі нягодамі марна страчанага жыцця?
Казаў аднойчы Галілей у інтымнай гутарцы сваёй з аптэкарам Плаксам:
— Калі хочаш ведаць, што думае мужчына, дык пагамані з бабай.
Але наўдачу, каб кіраваўся ён гэтай хоць і слушнай, але зняважлівай для жанчыны ісцінай. Мабыць, больш прыцягвала яго бабская грамада з боку загадкавае жыццёвае «тэхнікі», бо ўбачыў ён тут нешта такое, што без меры здзівіла яго і да чаго доўгі час прызіраўся ён з падазронаю неймавернасцю. Ён убачыў, што жанчыны ў справе перабудовы жыцця, якая цеперся ўжо стукае ў глухія дзверы абымшэлага сівецкага быту, куды перагналі мужчын — перш няўёмна-злосным сваім абурэннем, а тады і здаровай разважлівасцю ды актыўнасцю.
Сапраўды, невялічкі жаночы гурток, які з Зеленюковае прапазіцыі сяк-так збіла была Тацяна і ў які перш увайшлі былі адно «нікчэмныя» з погляду пануючай сівецкай апініі жанчыны, з цягам часу акрыяў, разросся і ад пустога бабскага ляманту перайшоў да станоўчае сістэматычнае працы. І ў той час, як большасць сівецкіх гаспадароў з тупой упартасцю чакала пракламаванага кулацкай хеўрай «загаду», у жаночым гуртку абмяркоўваліся канкрэтныя пытанні калгаснага будаўніцтва і нават вяліся сякія-такія падрыхтоўкі па жаночай лініі да вясновых работ у калгасе, хоць калгаса самога яшчэ не было.
Асяродкам усяго жаночага руху былі тры жанчыны, глыбока розныя адна ад аднае і дзівосна прыдатныя адна да аднае ў рабоце: Тацяна, Марына Паўлаўна і Вера Засуліч. Вясёлая, бязрупатная Тацяна была душой гуртка, яго настроем, яго эмацыянальнай імкнёнасцю, тым часам як Марына Паўлаўна — ціхая, стрыманая — амаль неўзаметку і несвядома праз нявідныя прахоны пералівала ў дружную бабскую грамаду свій здушаны гадамі чорнай самоты боль, паглыбляючы яшчэ няпэўнае рэчышча бабскіх імкненняў. Шчырая, спраўная і палітычна чулая Вера Засуліч заўсёды ўпарỳ і дарэчы давала трапныя палітычныя фармулёўкі, якія акрэслівалі кірунак работы.
У прыватным жыцці Тацяна з Марынай Паўлаўнай былыя неразлучныя сяброўкі, а з Верай Засуліч не мелі нічога супольнага: Марына Паўлаўна праз доўгі час ненавідзела Веру, а Тацяна яе не любіла.
Галілей бачыў, як з кожным днём ажывала Марына Паўлаўна, і гэта давала яму вялікую радасць. Ён чуў, што не па доўгім часе — невядома, якім чынам, але мусіць развязацца яе цяжкая жыццёвая праблема, над якой і ён калісьці марна ламаў галаву.
Цяпер ён не ўтыкаўся ў справу, а моўчкі прыглядаўся і чакаў.
Прачуванне яго спраўдзілася. Яшчэ ў той дзень, як рабіў ён сваю дзівачную экспедыцыю і, застрагшы ў Якуба Лакоты, нават спазніўся на сход жаночага гуртка, чаго з ім ніколі яшчэ не траплялася, Марына Паўлаўна па канцы сходу падышла да яго і сказала:
— Заўтра, дзядзька Ахрэм, я пайду ад Карызны. Зусім ужо... Буду жыць адна... у Тацяны.
Голас у яе быў зусім спакойны, але ў вачах стаяла дзіўнае неўразуменне, нібы яна сама яшчэ не магла даць веры таму, што гаворыць.
Галілей затупаў у радасным здаволенні, але прыгледзеўся ў вочы ў яе i сумеўся — разгублены, шукаў, каб сказаць што, ды не знаходзіў.