Можа, будзе абрэзка зямлі? Можа, прыйдзецца заплаціць нейкі асаблівы падатак?
I, каб напужаць сябе, каб загадзя прывучыць сябе да страшнай магчымасці, ён бярэ найбольшае:
— Няўжо цэлую тысячу?
Ён шырока расплюшчвае вочы і стараецца самога сябе падманіць, што сапраўды яму страшна, што горшага ўжо быць не можа. Але дармо! Нейкі ліхамысны нутраны голас падказвае, што гэта не страх, а ўцеха, што ідзе нешта куды вялікшае і страшнейшае. I ў тым, што цёмнае яно, невядомае, — самая турбота Цімафею Міронавічу Гвардыяну.
Па мястэчку — Гвардыян ведае — часта памінаюць ягонае імя. У Малаха, дзе кватаруе таварыш рабочы з горада, — Паўлюк казаў — маюць яго ўжо за першага ворага. А тут яшчэ круціцца — сыскаўся са свету — гэты зладзюга Шыбянок. Што ён мае да яго? Чаго ён гару верне на бязвіннага чалавека? За што ён меціцца яму?
Гвардыян, праўда, ведае добра, за што меціцца яму «зладзюга Шыбянок», ён не забыўся яшчэ, што гэта з яго лёгкай рукі пайшоў той — голы як бізун — у невядомы свет шукаць невядомае долі. Дый баіцца ён гэтага чорнага чалавека горш, як агню, але ніколі сам сабе не прызнаецца ў гэтым і свой страх хавае за ўтульную заслону фармальнае законнасці.
— Я нічога супроць законаў Савецкае ўлады не рабіў. Я ні ў кога не ўкраў і нікога не абрабаваў. Я сам жыў і дзяржаве даваў. А што наймаў, дык на гэта таксама быў закон ад дзяржавы. Дзе ж мне, век служачаму чалавеку, ды яшчэ, будучы, сямейна-бяздзетнаму, з усёй гаспадаркай самому ўправіцца!
I ў Гвардыянаву свядомасць адзін па адным плывуць самыя пэўныя, самыя рашучыя аргументы, якія даводзяць поўную ягоную лаяльнасць. Ён паступова смялее, і непакой яго змяняецца на абурэнне.
— Што я мяшаў яму катораму абжывацца? Што я яму катораму свет завязаў? Гэтак не то што Шыбянок, а і родны брат гатоў сказаць, што я разарыў яго, гаспадаркі рашыў?
Праўда, братава Паўлюкова гаспадарка, як і таго, Шыбянка, таксама ў ягоныя рукі перайшла, але ж ён сплаціў яму ў добрай згодзе па закону і мае права цяпер з шляхетным абурэннем сустрэць усякую з яго боку прэтэнзію.
Што яны да яго маюць? Што яны ладзяць там на ягоную галаву?
У Гвардыяна гэтае «там» ужо канчаткова лакалізавалася ў Сівалапах — адтуль, безумоўна, ідзе ўвесь чмур, а першыя паджыгайлы супроць яго — чорны Шыбянок ды гэты, з горада. Яшчэ Віктар-камсамолец памагае ім, блазнюк паганы. Але што яны прымеюць зрабіць? Нічога не выйдзе з усяе гэтае іхняе турбацыі, дарэмны клопат! Гвардыян знае сівецкіх людзей — звекаваў з імі, можна сказаць, — не пойдуць яны на гэтае ашуканства, не дадуць сябе абкруціць!
Цімафей Міронавіч ужо ўсміхаецца шырокаю, застылаю, як у жабы, усмешкаю. Ён заспакоены ўжо, ён цалкам упэўнены ў добрым канцы. I ён трыумфальна-здаволеным поглядам абводзіць сваю хатнюю маёмасць, нібы ўбіраючы ў сябе грунтоўную моц і станавітасць усяго гэтага багацця.
— Хай-тку панажываюць столькі!
Потым да ягонага вуха далятае гаспадарчы бразгат з чорнае палавіны. Яго свядомасць раптам варочаецца да абыдзёншчыны, і ён перш-наперш успамінае, што сёння — нядзеля. Ён устае з крэсла і, стоячы ля яго ў важна нахіленай наперад паставе, гукае:
— Матрёна!
Уваходзіць жонка — невялічкая молепадобная жанчына з дробнымі і рэдкімі, нібы высеянымі вачмі. Гвардыян, не гледзячы на яе, выгалашае:
— Дай мне той добры пінжак, трэба, будучы, схадзіць да аб'ездчыка.
Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю. Хоць «пінжак» вісіць тут жа, у першай ад Гвардыянавага трона шафе, але бярэ яго канечна «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спіной насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад скачарэжаныя рукі. «Матрёна», зацяўшы дух, напінае на гэтыя рукі неслухмяныя рукавы.
Футра Гвардыян апранае сам і без цырымоніі. Потым, узяўшыся за клямку, ён па неадменнаму свайму звычаю абарочваецца напаўзвароту ад дзвярэй і дае апошні загад жонцы:
— Як прыйдзе Панас — хай ідзе струшанку трэсці.
I тады ўжо здаволены, што ўсё ў яго цалкам па-людску, выходзіць на вуліцу.
Аб'ездчык жыве наводшыбе, гоняў з пяцёра ад Сіўца, на ўзлессі. Гвардыяну трэба прайсці, ідучы да яго, бадай палавіну мястэчка. Сёння праходка гэта чамусьці не цешыць яго, як зазвычай, не дае яму салодкага адчування ягонае сілы і паважнасці. Праўда, кожны, хто стрэнецца па дарозе, выяўляе да яго звычайную далікатнасць, але ў гэтай далікатнасці чуецца цяпер Гвардыяну нейкая прыкрая падкрэсленасць, а іншы раз нават тонка схаваная насмешка. Ліха ведае што гэта сталася з гэтымі людзьмі.
На самым канцы мястэчка кідаецца ў вочы смешная хацёнка Галілея.
Гвардыян пагардліва ўсміхнуўся:
— Электрычнасць!..
I ўжо гатоў быў пранесці далей на сваіх тонкіх вуснах гэтую самадавольна-пагардлівую ўсмешку, аж раптам нейкая нечаканая думка працяла яго галаву, і ён збочыў на вузенькую, у адзін след, сцежачку да Галілеевай хаты.
Дзверы былі завалены з сярэдзіны. Гвардыян паляпаў. Перш загурчаў сабака, потым пабыло троху ціха, і нарэшце дзверы самі па сабе расчыніліся і, упусціўшы Гвардыяна, зноў жа самі па сабе зачыніліся за ім.
У хаце было пуста. Гвардыян асалапела азірнуўся наўкола, шукаючы гаспадара. Нарэшце ён угледзеў клок Галілеевай барадзенкі, які тырчаў з высокіх — ва ўзровень печы — палацяў. Потым над барадзёнкай ён заўважыў яшчэ пранізлівае Галілеева вока, якое, не міргаючы, глядзела на неспадзяванага госця, не паказваючы, аднак, ні асаблівае радасці, ні здзіўлення.
Гвардыян палічыў за патрэбнае засмяяцца.