Міхась Рыгоравіч слухаў дырэктара, які даўно ўжо тое-сёе падказвае, а сёння вось так смела і павучае, слухаў і адчуваў вялікую трывогу: ён, некалі завочна скончыўшы настаўніцкі інстытут, працаваў як умеў. Усе гаварылі, што настаўнікам быў неблагім, нават добрым. А вось завучам... Ён і сам адчуваў, што не можа ўзняцца вышэй за ўсіх, ведаць усё пра ўсіх і кожнаму паасобку падказваць нешта вельмі важнае, што было б на карысць усёй школе. Як і не мог смела сказаць калегу горкую праўду. Ну, не мог, і ўсё.
Вяртун адчуў, як у яго з-пад ног уцякае зямля: ён не зможа не тое што заўтра, а нават і праз месяц перайначыць сваю працу, тое, што склалася за гады... Толькі пакаяўся, што астатнія гады не зважаў на гэта, не падвучваўся сам, мала чытаў, думаў: неяк усё абыдзецца, нешта будзе. Парою адчуваў, што не так, як трэба, працуе, крышку з сорамам браў плату, якая ў яго як у сталага педагога з вялікім стажам, немалая — ля дзвюхсот рублёў. Цяпер ён адчуў пагрозу сваёй завучаўскай пасадзе, плаце. А ў яго пяць дзяцей... Каб столькі мець, працуючы настаўнікам, трэба даваць у тыдзень не дванаццаць гадзін, а намнога больш, слухацца нейкага Васільца — амаль сына па гадах, не толькі слухацца, але і больш рабіць, бо той — малады, разумны, апантаны да розных пошукаў — будзе спрабаваць і тое і сее, падахвочваць да працы, папракаць...
— На тое, дружа, і шчупачкі, каб карасі не драмалі...— як угадаўшы яго невясёлыя думкі, усміхнуўся Іван Сямёнавіч.— Трэба, дружа, трэба і нам з табою маладзіцца... Калі не маладзіцца хоць і душою, то ўмець зладжваць з нашымі маладымі і ісці з імі ў нагу... Вось так...— ён зноў усміхнуўся, але гэтая яго ўсмешка сёння не радавала.— Думай... Я-то пратрымаюся да пенсіі на сваёй пасадзе, а табе яшчэ шмат працаваць. Можа, і саступай ужо маладзейшаму... усё роўна ж рана ці позна прыйдзецца... Такое жыццё...
...Паўла на дварэ чакаў Сліж.
Сёння ім было ў адну дарогу: Павел хацеў падысці на блізкую свінаферму, сустрэцца там з загадчыцай і ўзяць «матэрыял» для баявога лістка, які ён там выпускаў раз у тыдзень, дамовіцца, калі яму прыйсці да рабочых фермы з дакладам — яго, як і пазалетась, сёлета гэтаксама «нагрузілі грамадскай работай». Бо ён яшчэ быў членам камітэта камсамола, старшынёй савета дзіцячага пакоя пры тутэйшым сельсавеце, членам рэдкалегіі камсамольскага пражэктара. За гэтай працай нават не было часу пачытаць кнігі ці свежага часопіса...
На халодным, ветраным і дажджлівым дварэ было ўжо цёмна.
Ларыса, ведаючы, што Павел пойдзе яшчэ на ферму, падалася дахаты, канечне, будзе чакаць яго вечарам, каб і разам пабыць, і пагаварыць пра сённяшні педсавет. Павел выйшаў на цёмны ганак, і тут яго сустрэў Сліж, і яны падаліся да брамкі: ферма была на вішнёўскай дарозе.
— Закончылася нарэшце гэтая гаварыльня!..— уздыхнуў Сліж.— Аж галава забалела, пакуль выседзеў столькі і ўсіх выслухаў.
— Чаму — гаварыльня? — незалюбіў Павел, сказаў рэзка і зласнавата.— Хіба абмяркоўваліся не важныя пытанні ці мала было што сказана карыснага?
— Што было, тое і будзе...— усміхнуўся Сліж.— Што можа змяніцца? Рагатка стаміўся, а Вяртун не ўмее... А Ларыса дарэмна так... Нічога ад гэтага не зменіцца, але непрыемнасцей ёй будзе цяпер...
— Па-першае, яна не любіць хітрыць, маўчаць пра тое, што блага...— заступіўся за Ларысу і за сябе Павел.— А па-другое, чаго ёй баяцца? Што — яна не ўмее ці лянуецца працаваць?
— Я не пра гэта...— усміхнуўся Сліж, але ўжо яго твару не было відаць: яны выйшлі на вішнёўскую цёмную дарогу.— Мы вось ломім галовы, гадаем, не спім, адзін з адным грызёмся, як працаваць, каб дзеці мелі добрыя веды, мелі добрыя ацэнкі... А яны, дзеці, спакойна спяць, як і іх бацькі. І правільна. Ну скажы, хто прапаў у жыцці, калі вучыўся ў нас ці і ў сярэдняй школе на тройкі, меў і двойкі? Ніхто. Калі не наступіў у інстытут ці тэхнікум, то стаў рабочым. Жыве, працуе, не мае, можа, нашых інтэлектаў, але не менш за нас з табою падучае... А мы ломім галовы, бядуем, адзін аднаго ледзь не за грудкі бяром, спрачаючыся, як яго лепш навучыць. Усё будзе добра, чаго так хвалявацца?..
— Ну і з бракам працаваць — ніякай радасці няма,— адказаў Павел,— тады сам сябе не любіш...
— Не зважай надта на гэта,— усміхнуўся Сліж,— беражы здароўе. Абы сала было... Яны, і дрэнна ў нас вучачыся, не прападуць, а ты вось жаніцца ніяк не можаш, бо няма дзе жыць, работы ў цябе многа (вот вечар, заатэхнік з вышэйшай адукацыяй тэлевізар недзе глядзіць, а ты ідзі на яго фермы і пішы пра яго і пра яго работнікаў). Табе ўсё-ўсё на свеце нада, а яму не нада... Заўтра пойдзеш па вёсках, з бацькамі гутарыць, прасіць, сварыцца з імі, каб іхнія дзеці добра вучыліся... Куды, я табе скажу, прыемней зайсці і кілішак перакуліць, пасмяяцца, яшчэ пахваліць, што і дзеці вучацца, і бацькі — мілыя людзі...
— Такая ўжо наша доля... Мы павінны вучыць. Гучна кажучы, высока трымаць сцяг навукі ды асветы.
— Доля, доля!.. А падзяка якая? Чуў, як толькі што Рагатка цябе?..
— Давай не будзем пра гэта...— папрасіў Павел, ведаючы, што спрачацца надта і не варта: Сліжу ўсё роўна нічога не дакажаш, а абражаць яго, хоць і папраўдзе, гэтаксама не выпадае: усё ж ім працаваць разам, кожны дзень спатыкацца. І, можа, не адзін год... А са школы дзеля яго ўцякаць не будзеш...
— Ладна, маўчу. Маўчу, калі нада,— пацвельваўся Сліж.— Ну, будзь здароў! Свет вялікі — усе памесцімся...
— Усяго добрага! — адказаў Павел.
Уладзімір Пятровіч, пасвістваючы, праз хвіліну знік у цемнаце, а Павел пацягнуўся па гразкай дарозе да недалёкай ужо фермы, што не вельмі ярка — праз імжу і вецер — свяцілася непадалёку вузкімі вокнамі.
7...
...У дзверы пастукала цёця Валя.
— Звінеце,— сказала яна, выціраючы фартухом рукі, са спачуваннем пазірала на іх,— не хацела падслухоўваць, але самі вушы пачулі... Як вам дзе шукаць прытулку, жыць у чужых людзей, то купляйце вы маю хату. Усё будзе вам на месцы: дом, гумно, хлеў, сад і гарод, на работу блізка хадзіць...
— У нас, цёця, столькі грошай няма, колькі вы просіце...— адказала Ларыса.— А вашу хату мы, канечне, маглі б купіць. Раз у вёсцы думаем працаваць, то маглі б і ў Міланьках павек застацца...
— Я з вас, дзеці, меней вазьму...
— Меней вы возьмеце на сотню-другую, але дзе нам тыя тысячы ўзяць? — нявесела ўсміхнулася Ларыса.— У бацькоў нашых яшчэ сем'і вялікія, самі яны нядаўна абудаваліся... Ды і не хочацца век іх абіраць...
— Шкода вас...— усхліпнула цёця Валя, скрыжавала рукі на грудзях, а пасля выцерла слёзы,— Чым цягацца па чужых кутках, дагаджаць гаспадарам, жылі б во на ўсім гатовым, самі сабе былі б гаспадары... Усё роўна, кажаце, у вёсцы жыць. І я часцей прыехала б сюды, зірнула б на сваю дамоўку... А то гэты вусач-купец, якога я папытала, усё разверне, перавязе... Селішча праз пару гадоў травою зарасце...— цёця Валя не вытрымала і заплакала ўголас.— Можа, і не трэба было мне зрывацца адгэтуль на старасць, але во населі дзеці...
— У горадзе на старасці пажывяце...— усміхнулася Ларыса, каб падбадзёрыць добрую старую жанчыну,— Без працы цяжкой... А мы знойдзем недзе кватэру, пажывём, а некалі, як будуць ставіць новую школу, то і кватэры для настаўнікаў будуць. Так што не Маркотна Мы глядзім у сваю будучыню...
— Абы здароўе было, астатняе ўсё будзе...— згадзілася цёця Валя.— Але ж лепей, калі яно ўсё адразу ёсць...— А мне — нашто той горад? Як я ў ім буду жыць? Не хачу, але во паеду... Ну, ізвянеце...— прамовіла цёця Валя і палезла на печ.
Павел і Ларыса пайшлі на сваё вечаровае месца — на кухню. Вечарам яны заўсёды, каб не замінаць гаспадыні, не надакучаць ёй ды — што таіцца — каб пабыць адзін на адзін, ідуць на кухню і сядзяць там позна-позна ў цемнаце...