Трэці вось год яна прыязджае пад восень сюды, у Міланькі, прыязджае з хваляваннем, з сумам па працы і з трывогаю за гэтую працу, а сёлета яшчэ ёй трэба не толькі адвыкнуць ад роднай вёскі і прывыкнуць тут, працаваць, а трэба перажыць і яшчэ адно — сустрэчу з Паўлам, з якім сёлета... Яна аж заплюшчыла ад хвалявання вочы, што будзе хутка ў іх з Паўлам, з чалавекам, якога яна так моцна пакахала, даверыла яму сваё жыццё і шчасце... Як пра сон, падумала пра сваю гамонку ў аўтобусе, калі яна была блізка ля Ліліі Іосіфаўны, а астатнія стаялі далекавата, спытала нібы жартам у той: "Ну, як табе мой Павел Мікалаевіч?"
«Спадабаўся»,— адказала Лілія Іосіфаўна, якая шмат чула ад яе пра Паўла, але дасюль не бачыла.
«Мяне надта не цешыць, што ён вам усім спадабаўся...— зноў як жартам сказала Ларыса, стараючыся зусім уведаць тое, што яе трывожыла.— Адбіваеце тут яго без мяне...» — і, затаіўшы дыханне, чакала адказу.
«Не хвалюйся, ён не падманіць. Сур'ёзны і сталы хлопец»,— адказала Лілія Іосіфаўна, якая, будучы старэйшай за яе, відаць, разгадала яе гэтыя трывогі.
«Я жанчынам надта не веру...— тады ўжо наўмысна пажартавала Ларыса, бо пачула патрэбны суцяшальны адказ, супакоілася зусім, але пастаралася перавесці ўсю гэтую гутарку на жарт.— Жанчыны на ўсё здольныя, ды калі яшчэ бачаць талковага хлопца...»
Цяпер, калі ішла да сваёй леташняй гаспадыні, ёй стала крыху сорамна ад сваіх нядаўніх роспытаў, але затое было і спакойна, уцешна на душы, яшчэ больш радавала гэтая блізкая сустрэча.
Падыходзячы да гаспадынінага гарода, Ларыса ўбачыла, што ад лішняй спякоты звяў і парыжэў бульбянік, звялі і асыпаліся кветкі, шмат ужо накідала жоўтага лісця высокая бяроза, якая ўзвышалася над вялікаю — на дзве палавіны і з шасцю вокнамі, з жалезным дахам — смолкаю хатаю. Двор, вясною і восенню гразкаваты, цяпер быў тупкі, што камень. На кухонным падаконніку чырванелі памідоры, ляжала некалькі доўгіх жоўтых гуркоў-насеннікаў.
Цёця Валя капала на гародзе бульбу. Як пачула, што рыпнула брамка, падняла галаву, зірнула, убачыла яе, сваю кватарантку, апусціла рыдлёўку і падалася разораю сюды, у двор. За лета яна зусім збегалася — збірала, канечне, па ахапку сена карове, гойсала ў ягады — то зусім высахла, была худая, загарэлая, але ўсё яшчэ вельмі вёрткая для сваіх шасьцідзесяці чатырох гадоў.
— Я, дзіця маё, думала, што ты ўжо ў другую школу перабралася, болей да нас не прыедзеш...— падыходзіла і гаварыла яна, свецячыся радасцю на старым, маршчыністым твары.— Я ж тады, вясною, у календары пазначыла той дзень, калі прыедзеш. Чатыры лісткі вырвала ўжо, а цябе ўсё няма...
— Добры дзень, цёця,— усміхнулася Ларыса, падышла і пацалавала гаспадыню ў шорсткую шчаку.— Загуляла крыху, то і спазнілася. А вы як жылі лета, што ў вас новага?
— Што ў мяне можа быць новага! — махнула рукою цёця Валя.— Тапталася лета пры хаце ды хляве, па полі ды лесе гойсала. Адных і другіх унукаў па тыдню паглядзела... Паехалі — і зноў адна. Цябе вот чакала...
— Дык пусціце яшчэ пакватараваць?
— Жыві, дзіця маё. Хіба нам вады, бульбы ці яшчэ чаго не хопіць? Усяго хопіць... Абы здаровыя былі. Я ж да цябе прывыкла ўжо, як і да сваёй дачкі... А дочкі мае, ні адна, ні другая, не хочуць у вёсцы жыць, сама ж ведаеш... А я ў іх горадзе не хачу, то і будзем з табою тут... Але заходзь у хату, разбірай свой чамадан, а я ўкапаю яшчэ трохі бульбачкі ды і вячэру пастаўлю варыць.
Хоць у хаце не было гаспадара, але цёця Валя здольвала і адна трымаць усюды парадак. Зірнеш на двор, хлеў, плот ды дрывотню — і не скажаш, што яна ўдава, што жыве без мужчыны. Усё ў яе ёсць, усё ў парадку. Што сама не зробіць, зяці ўпарадкуюць ці наймовыя чужыя людзі.
— А я во на днях цялявізар купіла,— ішла следам і гаварыла цёця Валя,— можа, сённі прыйдзе Пятрок і паставіць. Так што будзем глядзець ужо дома кіны ды канцэрты, не будзем па чужых хатах хадзіць.
Калі зайшлі ў хату, Ларыса і ўбачыла, што на стале стаяў вялікі тэлевізар, а пад сталом ляжалі антэна, кабель.
— І фіранкі новыя павесілі,— прыкмеціла Ларыса.
— Надакучылі тыя,— адказала гаспадыня.— Дык новыя ўзяла. Калі купляла, якраз і твой хлопец у магазіне быў... Пазалетась я надта не прыглядалася, а цяпер паглядзела: ладны малец! Высокі, станісты, тварам удалы... Не дзіва, што ўпадабаўся табе! Надта добрая пара будзеце — абое высокія, разумныя ды красівыя, як толькі і падабраліся адно да аднаго... Не тое што ідуць якія малюсенечкія: і ён з пазногаць, і яна ледзь ад зямлі адрасла... Я нічога яму не сказала, бо не ведаю добра, але паглядзела ды падумала сабе: яй-бо, добрая пара будзе...
Ларыса слухала яе і не саромелася, толькі пасміхалася. Яна часта гаварыла гаспадыні пра Паўла, расказвала, які ён добры, не таілася, што яны думаюць сёлета на Кастрычніцкія святы пажаніцца.
Цёця Валя, зноў зірнуўшы на яе, гэтаксама ўсміхнулася, відаць, адчуваючы цяпер радасць і хваляванне на яе душы.
— Ну, ты распакоўвайся, а я яшчэ крыху ўкапаю на вячэру бульбы,— сказала цёця Валя і падалася з усмешкаю на двор.
Ларыса стаяла ў знаёмай лепшай палавіне хаты, глядзела на два ложкі, хораша засланыя і з мноствам падушак, на шафу, на завешаную шырокаю і вялікаю шырмаю печ — і прывыкала, што яна тут ужо, у Міланьках. Паставіла на крэсла чамадан, адчыніла яго і ўзялася выкладаць на ложак свае ўборы, каб пасля што пакласці, а што і павесіць на вешалцы ў шафу.
Зірнула ў акно, якое глядзела на вуліцу, і са сполахам прыціснула да грудзей роўна складзенае ў невялікі чатырохкутнік і толькі што ўзятае з чамадана прасцірадла, захвалявалася, ажно задрыжалі ногі, аслаблі: сюды, у двор, ішоў Павел, яе родны і дарагі Паўлік. Яна пазірала на яго — і пазнавала, і не пазнавала. За гэты год, што яны не бачыліся, ён змяніўся і не адмяніўся. Быў гэтакі ж высокі, знаёмы на прыгожым твары з кірпатым носам і пільнымі вачыма, але на гэтым твары было ўжо і нешта новае — ці не набытая ў арміі сталасць. І сам рух яго быў не такі — не малады, гарэзлівы, як раней, а раздумны, салідны.
Павел, відаць, не бачыў яе з двара праз акно, не затрымаўся, не ўсміхнуўся, ішоў да сянец. А яна ўсё стаяла, прыціснуўшы прасцірадла да грудзей, пазірала ў акно, бачыла ўжо толькі яго спіну — знаёмы чорны пінжак, патыліцу з невялікімі, яшчэ не адрослымі надта чарнаватымі валасамі.
Сэрца яе, здаецца, як адарвалася і імкнулася выскачыць з грудзей. Яна сама здзіўлена падумала, што з ёю, чаму яна так не толькі расхвалявалася, але і разгубілася. Так чакала гэтай сустрэчы, а цяпер вось нават баіцца яе, думае — хай бы яна была крышку пазней, хочацца некуды схавацца, стаіцца і, зажмурыўшы вочы, пастаяць і пахвалявацца, гледзячы, як ён ходзіць паблізу...
Але Павел пачуўся ўжо ў сенцах, зайшоў на кухню. Тады яна як апамяталася, зачыніла чамадан, разгарнула прасцірадла, якое не хацела зусім разгортвацца, і накінула на адзенне, што толькі што выклала. Яна не сказала «можна», калі Павел пастукаў сюды, з хваляваннем чакала, калі ён зойдзе, пакажацца, не думала нават, а толькі адчувала, што будзе многае значыць ад таго, як ён усміхнецца...
Ён прачыніў дзверы, зірнуў — і знаёма ўсміхнуўся, і ад таго, што ён усміхаўся, болей, шчаслівей, крышку знаёма шырыўся ў ноздрах яго кірпаты нос. Але яна не ступіла насустрач, разгубленая, відаць, пабялелая, чакала, калі падыдзе. Ён ішоў, акідаў яе позіркам з ног да галавы (ад чаго яна крыху сціскалася), ні то гарэзліва, ні то сарамліва ўсміхаўся, і яна пазнавала яго ранейшага, якога ведала ўжо даўно, з якім кахалася пазалетась, па якім сумавала гэты год.
І ўсё ж адчувала: яна такая, як і была, а вось у ім з'явілася і нешта новае, чаго яна яшчэ не можа разгадаць, і што яна хацела сустрэць яго такім, якім ведала летась вясною, больш за год таму. Але і ўявіць сабе не магла, што за гэтую пару можа неяк характарам, у паводзінах і адмяніцца чалавек, як відаць, для яго адмянілася і яна. І для іх цяпер самае важнае іх мінулае, якое павінна памагчы ім пазнаць адно аднаго, сённяшніх...
— Ну, здарова! — шапнуў ён, і яна зусім аслабла ад яго гэтага пяшчотнага позірку, слаба ўсміхнулася, гледзячы яму ў вочы, і падала руку.
Павел паціснуў яе руку, даючы адчуць сваю цёплую ладонь з цвердаватымі мазалямі ля пальцаў, а пасля крыху нагнуўся, наблізіўся і прыпаў да яе вуснаў, адціскаючы яе руку ўніз, а сваёй левай рукой абхопліваючы яе за спіну.