* * *
Не спрабуй лекаваць сябра ад зайздрасцi, пагадзiся з думкаю, што сябра няма.
* * *
Найлепшы сябра любiць сябе болей, чым цябе.
* * *
Сяброўства — гэта адсутнасць патрабаванняў.
* * *
Не сябруй з тымi, хто табе не роўны, i не бойся выпраўляць уласныя памылкi... Чуеш параду Канфуцыя. Колькi разоў i я мусiў разрываць дачыненнi з добра знаёмымi людзьмi. Складана сказаць праўду пра тое, што не будзеш сябраваць. "Калi ласка, не турбуй мяне i маю сям’ю", — словы простыя, а вымавiць iх цяжка.
* * *
Сяброўства — перадусiм шчырасць.
* * *
Калi твае сябры сышлi з абранага разам шляху, калi здрадзiлi агульным iдэалам, якая тады рознiца — жывуць яны цi iх няма на свеце?
* * *
З былымi сябрамi пазбягай сустрэчаў, а пры выпадковых сутыкненнях не вiтайся, нават калi яны першыя пададуць руку.
* * *
Не кажы пра сяброў кепскае — гэта, найхутчэй, праўда.
* * *
Аднавiць страчанае сяброўства немагчыма: яно, як хваля аб скалу, разбiваецца на дробныя пырскi аб зайздрасць.
* * *
Сабака-жывёла брэша на зладзеяў i кусае ворагаў, а сабака-фiлосаф кiдаецца i выскаляецца на сяброў i суайчыннiкаў дзеля выратавання iх душаў.
* * *
"О сябры мае, няма болей нiводнага сябра!" — любiў паўтараць Арыстоцель. Такое можна вымавiць толькi ў пэўным узросце; асабiста я паўтарыў Арыстоцелеву думку ў 37 гадоў.
* * *
Сапраўднае сяброўства прыдумалi ў XVII стагоддзi маралiсты кшталту Ларошфуко.
* * *
Сяброўства ўмацоўваюць не прызнаннi ў любовi i павазе, а разгадванне патаемных учынкаў, якiя сябра намерваўся схаваць ад цябе.
* * *
Два разы пачынаць сяброўства з адным чалавекам — глупства. Але, па тваiх асабiстых назiраннях, робiцца гэта менавiта два разы. Каб пераканацца ў непатрэбнасцi вашага сяброўства, адной сваркi з сябрам недастаткова.
* * *
З большасцю знаёмых ты перастаў бы вiтацца, каб толькi пачуў, што яны гавораць пра цябе за вочы. Ды каб яны даведалiся, што ты пра iх думаеш. Што зробiш... Патаемныя словы i думкi — найцiкавейшыя.